Пралог
На чалавека палююць часцей, чым на звера. Іншыя гома сапіенсы, вядома.
Прынамсі, ягоны анёл-ахоўнік схаваўся, мусіць, вунь за тую аблачынку і роспачна захінае светлы твар лёгкімі рукамі, каб не бачыць перапэцканага гразёю і крывёю падапечнага. Той ушчаміўся спінай у зарослую кісліцай яміну пад вывернутым карэннем сасны і дрыжыць ад стомы і адчаю, і дыхае хрыпла і хутка, як і належыць зацкаванаму зверу. І ўжо, мабыць, нічога чалавечага не засталося ў ягоных запалых вачох… Хіба той самы сіні колер, за які сябры называлі яго Валошкаю… Чалавек, нібыта спрабуючы пазнаць самога сябе навобмацак, праводзіць па зблажэлым твары рукой з тонкімі доўгімі пальцамі. Рагі гразі і крыві размазваюцца па скуры. Вось цяпер ён цалкам выклікаў бы адабрэнне ў сваіх улюбёных старагрэчаскіх кінікаў. Зліўся з прыродай. Шкада, запозна… Ён нават усміхаецца куточкамі пакусаных вуснаў. Над галавой праляцеў авадзень. Чалавека скаланае — зумканне здаецца па-здрадніцку гучным. Нібыта на гэты гук прыйдзе пагоня… Заплюшчвае вочы і прыслухоўваецца. Ціха… Ніколі не думаў, што ягоная магіла будзе такой зялёнай, прагрэтай летнім сонцам… Што ж, родная зямля, дзякуй табе хаця б за гэта. Ці я не змог даць табе волі, ці ты не схацела такога дарагога дарунка… Як у «Фрынасе» Сматрыцкага: «Разявілі на мяне свае пашчы, як варожыя пашчы, напоўненыя здрадлівымі і фальшывымі словамі. Узялі ў свае рукі сякеры і шукаюць маю душу для таго, каб яе загубіць. З усіх бакоў сеці, усюды ямы, з усіх бакоў ядавітыя джалы…»
Чаму яны з сябрамі заўсёды ўяўлялі радзіму ў абліччы Чароўнай Дамы, няшчаснай і адначасова жорсткай, за якую варта памерці і ад якой нельга чакаць удзячнасці?
Рамантыкі…
Ці то здаецца, ці сапраўды да птушынага аркестра далучаецца медзь далёкага сабачага брэху. Уся істота чалавека зусім па-жывёльнаму ўздрыгвае і намагаецца ўцякаць… Але цела ўжо зрабілася часткай зямлі. Пагоня спозніцца. Што ж, зацкаваны звер назаўсёды застанецца ў зялёнай яміне. Скрозь густыя шаты дрэваў сеюцца сляпучыя сонечныя прамяні, яны ўтвараюць лесвіцу, ніжняя прыступка — на самых грудзях чалавека, а верхнія губляюцца ў зялёна-блакітнай вышыні. Яшчэ адно, што трэба аддаць зямлі… Чалавек дастае з-пад лахманоў скрываўлены скрутак і апошнім намаганнем непаслухмяных цягліцаў хавае яго глыбей пад выварачанае карэнне сасны…
Сінія-сінія вочы чалавека на звярыным, у крыві і гразі, абліччы спыняюцца на краі маленькай аблачынкі, бачнай праз акенца ў зялёных шатах. З аблачынкі светла-светла ўсміхаецца анёл.
Маскоўскія камуналкі
Выбар быў невялікі. Або невыносная нуда палітзаняткаў, або спартыўныя секцыя, або дабрачынная дапамога самотным старым.
Магдаліна выбрала апошняе.
— Ну ты неахайніца! — жахалася аднакурсніца, паўнаватая ружовашчокая Светка-сібірачка. — Побач з табою няёмка прызнавацца, што вучымся ў Літінстытуце. Хоць бы куртку на плячы зацыравала…
— Клопаты пра знешнасць перашкодзяць майму ўнутранаму самавыяўленню! — рагатала невыносная Магдаліна, рассякаючы чарговую лужыну замшавымі чаравікамі, захляпанымі маскоўскай гразёю. — А пра Літінстытут я ўвогуле змаўчала б. Падумаеш, гонар — грамадскае даручэнне… Думала, хоць тут, у «элітарнай» установе, няма такога маразму. Будзем казаць старэчам, што мы з ЖЭСа, і кропка.
— Ну што ў табе жаноцкага, — абурылася Светка. — Я ўяўляла, што беларуская дзяўчына мусіць быць блакітнавокая, светлавалосая, лагодная…
— А я нетыповая! — Магда «прычасала» непаслухмяныя валасы рукой, ведаючы, як гэты жэст не падабаецца акуратнай сяброўцы. — І ўвогуле, я — шляхцянка па паходжанні, можа, ува мне генетычна закладзена, што без прыслугі нічога рабіць не ўмею…
Магдаліна Дарбут нагаворвала на сябе. І рукі ў яе былі ўмелыя, і сама яна — стройная, гнуткая, валасы цёмнай капой — вабіла вока, нават у самай нязграбнай вопратцы. Прыгажосць, якая не ведае сама сябе… Бровы ўзлятаюць гарэзна і крыху здзіўлена. І ў тонкіх рысах твару — чаканне шчасця і палёту і неўсвядомленая трывога — як на карцінах Батычэлі. Вось толькі сустрэнецца з паглядам зялёных вачэй выпадковы залётнік — і свой пагляд адвядзе, і пашыбуе далей, да лагодных і зразумелых.
А веснавыя сонечныя зайчыкі скакалі па лужынах, па мокрым каменні брукаванкі, зазіралі ў сляпыя вокны двухпавярховых прысадзістых дамоў, нібыта адтуль маглі выглянуць шчаслівыя абліччы.
Але гэта быў раён камуналак. Некалі жылі тут шаноўныя купцы, ружавелі круглыя твары іхніх жонак, грэліся на вокнах таўсматыя коткі… Магчыма, што з цікавасцю паглядалі тыя жонкі, як вядуць у кайданах па вузкай брукаванай вулцы ўдзельнікаў разгромленага ў Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі паўстання…
Але Магда пра гэта думала роўна столькі ж, як і вераб»і, што купаліся ў лужынках перад бруднымі пад» ездамі.
Задача дзяўчат была нескладаная. У дэканаце ім выдалі спіс адзінокіх старых. Належала наведацца па кожным адрасе і распытаць іх пра надзённыя патрэбы. Вядома, гэта не азначала, што ўсе патрэбы будуць задаволеныя. Разумелі гэта і старыя… Галоўнае, што да іх нехта прыйшоў, пагаварыў пра набалелае, выслухаў…
— Гатовыя сюжэты для апавяданняў,— бурчэла Светка, калі яны прабіраліся доўгім цёмным калідорам да чарговага пакойчыка. А там — прапахлы лекамі апошні прыпынак чалавечае дарогі, якая са скрыжавання юнацтва бачыцца бясконцай і прывабна таямнічай, і нельга нават падумаць, што калісьці давядзецца апынуцца на такім жа сумным прыпынку.
Кожны візіт — паўгадзіны. Надта ўжо радаваліся гаспадары маладзенькім гасцям. І Магдаліна, да засмучэння сяброўкі, не магла не затрымацца. Ды і самой было цікава паслухаць, параспытваць.
Азызлая, нізкагалосая старая з іранічнай усмешкай на тонкіх вуснах распавядала пра Маскву трыццатых гадоў, паказвала выцвілыя афішкі і праграмкі канцэртаў. Нават дала пакруціць у руках чорны карункавы веер з ручкай са слановай косці і перламутравы тэатральны бінокль у футарале са змяінай скуры.
Старэча, сухі і светлы, як букет мінулагодняга быльнягу, у незвычайна прасторным пакоі з паўкруглымі вокнамі, відаць, колішняй гасцёўні, натхнёна распавядаў пра выступ Маякоўскага ў клубе іхняга завода.
Былі і не вельмі цікавыя візіты, са скаргамі на падступных суседзяў. У кватэры Сары Майсееўны Міхельсон, якая паводле жэсаўскіх спісаў лічылася адзінокай, выявілася цэлая куча сваякоў рознага ўзросту.
Чарнавокія малечы ганялі па калідоры на самакаце і гарлалі:
— Бабця! Да цябе прыйшлі!
Кватэра нумар шэсць была гэткай жа вялікай і няўтульнай, з доўгім цёмным калідорам, як тунель у цаглянай скале. Іван Канстанцінавіч Хмель, самотны пенсіянер, жыў у самым далёкім ад увахода пакоі.
Добразычлівая суседка падвяла дзяўчат да дзвярэй, але папярэдзіла ціхім шэптам:
— Ён, наш Канстанцінавіч, дзівак… Добры чалавек, дворнікам працаваў… Але не любіць размоў. Так што не крыўдуйце, калі і з вамі размаўляць не захоча.
І знікла ў адным з пакояў.
Ціха. Недзе капае з крана вада. На жоўтай сцяне партрэт Гагарына ў авальнай рамцы.
Гагарын бадзёра падміргваў: «Паехалі!» Але Светка і Магда чамусьці нервова пасмейваліся і не наважваліся пастукацца да дзівакаватага брамніка.
Нарэшце сібірачка выпхнула наперад, як заўсёды, сяброўку:
— Ты ў нас эмансіпіраваная… Ты і стукайся… Асцярожныя крокі сціхлі па той бок дзвярэй. Нехта стаяў, аддзелены ад дзяўчат тонкай фанерай, і хрыпла дыхаў.
— Пайшлі адсюль… — мармытнула Светка, але з таго боку пачулася рыпучае:
— Хто там?
Пасля доўгіх тлумачэнняў і ўдакладненняў дзверы расчыніліся. Хударлявы старэча з кульбачкай пазіраў на нечаканых гасцей сінімі, як веснавы лёд, вачыма. Нібыта рэнтгенам прасвечваў… Не, ніякіх скаргаў… Усяго яму хапае, таварышы юныя цімураўцы. Усяго яму адваліла жыццё, нават звыш нормы. І паветра, і прасторы, і волі. І добрых людзей.
Іранізуе яшчэ… Дзяўчаты ветліва развіталіся і рушылі прэч. Стары глядзеў ім услед сінімі вачыма.
— Вось табе і маеш… Быццам жывуць, як у Бога за плячыма, толькі смажанага лёду не стае, — ціха прагаварыла сама сабе трохі пакрыўджаная Магда.
Стары, відаць, меў надзвычай востры слых, таму што адразу пачуўся ягоны рэзкі, нават уладны вокліч:
— Паненкі, зайдзіце!
Вузкі, як саркафаг, пакойчык завешаны паліцамі і фота-здымкамі ў рамках. А кнігі! Магдаліна так і прыліпла да іх — старыя, у скураных, парэпаных вокладках, на карашках — назвы з «яццю». Блок, Цютчаў, Лермантаў… Нейкія польскія кніжкі… Побач з мастацкай літаратурай — тамы па хіміі, фізіцы, біялогіі… Велізарны том у чорнай вокладцы — «Алхі-мія». На падлозе, на падшыўцы часопіса «Химия и жизнь» стаяла скрынка, у шчыліне між накрыўкай і кантам паблісквалі шкляныя прылады. Логавішча чарадзея…
Светка паказала вачыма на фотаздымак: стройны малады чалавек з іранічнымі вачыма ў нейкай дзіўнай вайсковай форме, відаць, афіцэр… Няўжо гэты старэча? Гаспадар цярпліва чакаў, пакуль госці задаволяць сваю цікаўнасць. І раптам з высачэзнай шафы пачуўся шоргат і страшны, хрыплы крык… Чорная істота з вялізнымі крыламі скокнула ўніз, на падлогу, — быццам ажыла каменная гаргулья.
Светка завішчэла, як злоўленая русалка. І Магда ледзь стрымала крык… А па паркеце тупатаў крумкач. Чорнае вочка ў колцы белаватых пёркаў-вейкаў паглядала цалкам разумна і зусім не добразычліва.
Гаспадар пакоя пагладзіў птушку па прыгорбленай спіне.
— Ты што ж гэта, Карл Карлавіч, гасцей палохаеш? Сядайце, паненкі.
Светка і Магда паслухмяна селі на цвёрдую скураную канапу, не зводзячы позіркаў з крумкача, які, здаецца, так і цэліў шэрай моцнай дзюбай у гасцей.
— Вы не служыце ў ЖЭСе.
Быццам вінаваціць у чым! Магда не дазволіла сабе раздражніцца — гэта ж самотны, хворы чалавек. Дастала з сумкі студэнцкі білет. Старэча нават акуляры на нос уздзеў, каб злічыць фотакартку з тварам госці.
І зноў — як у палонку. Упёрся вачыма ў Магду і:
— Вы не масквічка. І не руская. Мне падалося, што я чуў ад вас тую мову, якой ужо не спадзяваўся тут пачуць. Адкуль вы?
— З Беларусі…
Крумкач прагарлаў нешта, але не падобнае на бяскрыўднае «кар». Камяк хрыплых гукаў…
На Магду абрынуўся вадаспад пытанняў на беларускай мове, з нейкім дзіўным вымаўленнем — такога яна яшчэ не чула, гукі ліліся лагодна і спеўна. Адкуль род па бацьку, адкуль род па маці, на якой мове піша артыкулы, чаму не па-беларуску? Ці не ў сваяцтве яна са старавежскімі Дарбутамі?
— Ну што ж, юная прынцэса, — завяршыў допыт стары. — Відаць, гэта лёс. Я не самы лепшы чалавек у гэтым свеце і не самы моцны. Але дарунак мне сапраўды вялікі. Тое, што вы прыйшлі.
— Дык якія ў вас пажаданні? Скаргі? — Магда сумелася: так дзіўна глядзеў на яе суразмоўца, з нейкай незразумелай тугою. Відаць, блытае з кімсьці?
— Можа, якія лекі вам трэба купіць? Ці прадуктаў? Мы збегаем…
Стары зноў падцяў вусны, сентыментальны агеньчык у вачах згас.
— Не, дзякуй, мілая прынцэса. А пажаданні свае скажу наступным разам… Прыходзьце праз тыдзень, зямлячка. У наступны аўторак, добра? У любы час.
Крумкач цяжка адштурхнуў крыламі паветра і ўзляцеў на шафу. Пасыпалася дробнае папяровае смецце.
Стары доўга не зачыняў дзверы. Магдаліна адчувала спінай ягоны пільны позірк…
Які дзіўны стары… Трымаецца, быццам апошні салдат разбітага войска.
— Ты як сабе хочаш, а я сюды больш не прыйду, — дрыжачым голасам прагаварыла Светка.
Дым Айчыны…
Магдаліну Дарбут паклікалі да рэктара першы раз. І яна з цікавасцю разглядала загрувашчаны кніжнымі шафамі кабінет. Гіпсавы Максім Горкі пільна пазіраў на крышталёвую попельніцу, мусіць, прымерваючыся, каб распаліць там маленькае вогнішча, як любіў пры жыцці. Але сённяшні гаспадар кабінета быў прыхільнікам здаровага ладу жыцця, і некранутая цыгарэтай попельніца блішчэла ўсімі гранямі.
— Вы ведаеце чалавека, якога завуць Іван Канстанцінавіч Хмель?
Пытанне прагучала не з вуснаў рэктара, які сядзеў за сталом, чытаючы нейкія паперы, а з левага кута. Магда аж сцепанулася. У крэсле сядзеў прыемны чалавек у бездакорным сінім, у тонкую шэрую палоску касцюме. І аблічча ў яго было прыемнае, усмешлівае… Вось толькі Магдаліне ад гэтае белазубай усмешкі чамусьці зрабілася непамысна. Немагчыма было нават уявіць — адказаць усмешкай.
— Ну дык ведаеце вы Івана Канстанцінавіча Хмеля? Магда разгубілася.
— Здаецца, не…
— Гэтага не можа быць. Падумайце. Іван Канстанцінавіч Хмель, тысяча дзевяцьсот трынаццатага года нараджэння, жыў па адрасе: Крывакаленны завулак, дом чатырнаццаць, кватэра шэсць.
Стары з крумкачом! Ну трэба ж! Магда, блытаючыся, распавяла пра грамадскае даручэнне. Рэктар упарта маўчаў. А незнаёмец у сінім касцюме нахіліўся наперад, нібы рыбак, што назірае за кругамі вакол паплаўка.
— Значыць, выпадак… А як вы патлумачыце, што ваш падапечны, які памёр тры дні таму, зрабіў вас сваёй адзінай спадчынніцай?
Магдаліна агаломшана глядзела на суразмоўцу. Рэктар нарэшце прыўзняў сівую галаву і кінуў з-пад акуляраў на Магдаліну дзіўны востры погляд. Нібы папярэджваў аб нечым.
— Вы камсамолка? — прагучала злева нібыта недарэчнае пытанне. А за ім — іншыя. Зусім як у таго старога… Пра сям'ю, пра бабуль і дзядуль, кім былі, дзе жылі… Ізноў — пра візіт да старога дзівака. Што гаварыў, няўжо нават не намякаў пра будучы запавет?
Нарэшце пытанні скончыліся, чалавек у сінім касцюме падняўся, кіўнуў на развітанне рэктару і выйшаў. Запанавала цішыня.
— Мне можна ісці? — знервавана запыталася Магда. Рэктар сядзеў не гледзячы на яе — неблагі чалавек і неблагі пісьменнік, навучаны выжываць. Як ні старайся — ніякіх эмоцый нельга было прачытаць ні на ягоным твары, ні ў голасе.
— У вас ёсць здольнасці, Магдаліна… Вы ведаеце, які сур'ёзны конкурс у нашу ўстанову. Мы прынялі вас, і гэта адзнака і… вялікі аванс. Да нашых студэнтаў прад'яўляюцца вельмі сур'ёзныя патрабаванні, на іх ускладзеная вялікая адказнасць…
Магдаліна напружана ўслухоўвалася ў плынь гладкіх фраз, якія закалыхвалі свядомасць сваёй плаўнасцю, акругласцю, нявызначанасцю. Пакуль, нарэшце, да яе не дайшоў сэнс, які хаваўся пад гэтай плыткасцю і акругласцю, — ёй прапаноўвалася пайсці з інстытута! У які яна паступала тры гады запар! Дзеля паступлення «адтрубіла» два гады ў завадской бібліятэцы, каб назапасіць належны працоўны стаж! Чаму?!!
Рэктар гаварыў пра філалагічны факультэт у родным горадзе Магдаліны, варта толькі даздаць пару прадметаў, каб туды перавесціся… Зірнуў на твар сваёй студэнткі і змоўк. Цень чалавечага пачуцця мільгануў за акулярамі ў металічнай аправе. Рэктар чамусьці расчыніў акно — кабінет адразу напоўніўся гулам машын і вясёлымі галасамі, рукой паклікаў да сябе Магдаліну. Загаварыў ціха, так што яго голас амаль губляўся ў вулічным шуме.
— Не трэба так адчайвацца. Павер, дзяўчынка, тваё жыццё на гэтым не канчаецца. З другімі бывала горш.
— Але…
Рэктар жэстам спыніў рэплікі Магдаліны.
— Я правяраў тыя спісы, што вам давалі з ЖЭСа… Там нічога не ведалі… Разумееш, тут такі шэраг супадзенняў, у які цяжка паверыць. Але я бачыў усякае. Веру, што ты ўблыталася выпадкова. Ён… вораг савецкай улады. Калісьці ўваходзіў у партыю беларускіх нацыянал-дэмакратаў. Так што з ягонай спадчынай… будзь асцярожная. Я раіў бы адмовіцца ад яе. Тым больш там нічога каштоўнага. Кнігі, паперы. Магдаліна прагаварыла:
— А калі я адмоўлюся… Мне можна будзе застацца ў інстытуце?
— Ну, баюся, нічога выправіць нельга… У любым іншым інстытуце абышлося б. А тут… Вядома, я б мог нічога не гаварыць, проста на сесіі ты б атрымала нездавальняючыя адзнакі. А нашто гэта табе, выдатніцы? А ад спадчыны адмоўся. У будучым будзе лягчэй. Цябе перастануць звязваць з гэтай небяспечнай асобай. Дзед што-небудзь абяцаў? Тлумачыў?
Востры пагляд з-пад акуляраў. Магдаліна моўчкі пакруціла галавой.
— Ну, ідзі… Падумай…
Крыўда працяла Магдаліну… Крыўда, якая знясільвае слабых. Магдаліна дасюль не ведала, слабая яна ці моцная. Самым лагічным было б для яе зараз узненавідзець старога, які ні за што сапсаваў яе жыццё… Напісаць заяву, адмовіцца ад спадчыны. Але… Нездарма Магдалініна маці ўздыхала, што ў дачкі бацькаў характар. Бацька загінуў тры гады таму з-за, як лічыла маці, сваёй упартасці. Ведаў жа, што лёд тонкі… І добра, каб чалавека палез ратаваць, а то нейкі дварняк, які і патрапіў у палонку, відаць, не без чалавечае дапамогі… А бацька і сабак не вельмі любіў… І вось цяпер Магдаліна таксама заўпарцілася. Усе максімалісцкія ідэалы патрабавалі ад яе — не здавацца. «Гэта дарога вельмі цяжкая. — Значыць, гэта мая дарога…» і ўсё такое падобнае. Сябра Марк быў бы уражаны. Выхаваў дзяўчыну на рыцарскіх прынцыпах з невялікай памылачкай: замест Чароўнай Дамы — рыцар у спадніцы…
Наступныя дні прайшлі як у тумане. Вакол Магдаліны ўтварылася нібыта кола пустэчы. Большасць аднакурснікаў пачуваліся, як блізкія пры безнадзейна хворым. Светка вінавата адводзіла позірк. Магдаліна зразумела, што распытвалі і яе. Магду не пазнавалі — уся напятая, з падцятымі вуснамі, яна нагадвала стралу, ускладзеную на тугую цеціву. І кожны стараўся сысці з ейнага шляху. Толькі Сашка Тарасаў, вечна п'яны Сашка з разбойніцкай фізіяноміяй стэпавага хана, аўтар аповесці пра тэатр ліліпутаў, дырэктарам якога насамрэч неяк пабыў — Сашкава біяграфія была надзвычай бурлівая, — перастрэў апальную аднакурсніцу на калідоры.
— Ты, дзеванька, плюнь на іх. Яны тут толькі мазгі прамываюць. А пісаць калі сама не навучышся, добры дзядзька не навучыць. Я ж таксама адсюль сыходжу. На фіг мне гэта… У іх Андрэй Платонаў двор мёў, пакуль яны лекцыі чыталі. Хочаш вінца? Не? Ну, трымай хвост пісталетам.
Былі хаджэнні па нейкіх кабінетах, зноў празрыстыя намёкі на тое, што раіў рэктар…
Урэшце — зноў кватэра нумар шэсць. Пакойчык за шчыльнымі дзвярыма. Стосы кніжак, перавязаныя шпагатам. Фотаздымкі ў каробках з-пад абутку. Ашчадная кніжка — дзвесце шэсцьдзесят рублёў зберажэнняў. І — клетка з крумкачом.
Мажны дзядзечка з партфелем — напэўна, з жыллёвай службы, — папярэдзіў Магдаліну, што ўсе рэчы належыць вывезці з дзяржаўнай кватэры ў бліжэйшыя пару дзён. І то для яе робяць палёгку з увагі на жыццёвую нявопытнасць. І Магда засталася адна.
Дзяўчына апусцілася на цвёрдую скураную канапу і нарэшце паспрабавала асэнсаваць усё, што з ёй адбылося. Аж галаву абхапіла і застагнала — ад немагчымасці ўсё вытлумачыць. Нават уласныя ўчынкі. Адчайны запал, які падтрымліваў Магдаліну гэтыя дні, згас. І яна засталася сам-насам з такой пустэчай вакол, якую раней адчуваць не даводзілася. Нашто стары ўлез у яе жыццё?! Навошта яна ўвязалася ў важданіну з непатрэбнымі паперамі і паламанай мэбляй? І яшчэ гэты крумкач…
Карл Карлавіч, нібыта адчуў ейны настрой, таксама захрыпеў-застагнаў, заварушыў крыламі… Магда схамянулася — ён жа, мабыць, галодны… І ў гэтай цеснай клетцы… Крумкач нязграбна ступіў на падлогу. Магда аддала яму палову булкі, наліла ў кубак свежай вады і зноў бяссіла апусцілася на канапу.
— Што ж нам з табой рабіць, Карл Карлавіч?
Карл Карлавіч яшчэ раз стукнуў моцнай дзюбай з наліплымі хлебнымі акрушынкамі ў падлогу і таксама натапырыўся, скурчыўся, нібы чорны мніх ад смяротнага грэху. Вяртацца дадому… Напэўна, каб бацька быў жывы, зразумеў бы… А цяпер трэба нешта тлумачыць маці, Марку…
Магдаліна зноў застагнала, згадаўшы свайго жаніха. Марк Ялецкі, станоўчы, надзейны, іранічны Марк, проста не паверыць у выпадак. Абавязкова вырашыць, што яна, горкае несвядомае дзіця, утварыла чарговае глупства.
Марк прыкмеціў Магду, калі яна неяк зайшла ў ягоную рэдакцыю. Правіў ейныя літаратурныя спробы. Забяспечваў кнігамі. Вадзіў на «тусоўкі». І ў рэшце рэшт само па сабе вырашылася, што Магдаліна стане ягонай жонкай. Марк быў на дзесяць гадоў старэйшы, пяць год таму развёўся. Былая жонка, вядомая артыстка, дамаглася «волі творчага самавыяўлення». І Ялецкі абвясціў, што сам «выхавае» сабе нявесту, бездакорную дзяўчыну. Магда аказалася для гэтага ўдзячным «матэрыялам» і шчыра імкнулася адпавядаць ідэалам Марка, прымаючы яго беражлівае апякунства. Ад часу недарэчнай гібелі бацькі дзяўчына ўпершыню адчувала такую абароненасць.
Марк доўга абдумваў мару Магдаліны пра Літінстытут. Урэшце вырашыў, што нядрэнна «навесці лоск» на будучую жонку. Ажаніцца са сціплай бібліятэкаркай і ажаніцца са студэнткай прэстыжнага ВНУ — розніца… Ён пераканаў Магду больш не пасылаць на творчы конкурс вершы, а сабраць артыкулы і падацца на літаратурную крытыку. Творчыя магчымасці Магды Марк ацэньваў досыць рэалістычна, таму адразу сказаў, што года ў Маскве з яе будзе досыць. Да таго ж, уздыхаў ён з затоенай скрухай, гэта будзе ім выпрабаваннем. Яны абодва — вольныя творчыя людзі, і іх лучнасць мусіць быць добраахвотнай. У цноту нявесты ён верыць непахісна.
Небарака Марк сам не падазраваў, як глыбока зачапіла ягонае сэрца юная бібліятэкарка з зялёнымі вачыма, з характарам свавольным, як веснавая ручаіна…
У дзверы пакоя нясмела пастукалі. Крумкач узляцеў на шафу. Знаёмая па першым наведванні кватэры суседка працягнула Магдзе невялікі скрутак.
— Вось… Іван Канстанцінавіч незадоўга да смерці прасіў мяне схаваць, і калі што — перадаць вам. Асабіста ў рукі і без сведкаў.
Магда няўважна ўзяла пакунак. Але суседка не спяшалася сыходзіць. Абвяла позіркам пакой.
— Каго цяпер паселяць? Не дай Бог, якіх алкашоў… Прасілі ў начальства, каб каму з нас пакой адпісалі. Дык не, не выходзіць па плошчы. Бюракраты. Будуць падсяляць. З Іванам Канстанцінавічам добра было. Ціха. Часам які цвік забіць дапаможа. А куды ж вы гэтую мэблю падзенеце? Забераце? Магда паціснула плячыма.
— Навошта яна мне?
— Ну чаму, шафа вунь якая зручная… Змястоўная… У мяне б у пакоі якраз стала…
Магдаліна ўнутрана ўсміхнулася гэткай наіўнай хітрасці.
— Ну дык забірайце яе сабе… І канапу таксама. І ўвогуле… Я толькі кнігі і дакументы забяру. А астатняе — самі глядзіце…
Суседка ўзрадавалася, пачала нешта шчабятаць пра тое, як любіла нябожчыка і якім ён добрым чалавекам быў. Таму і памёр так хутка, не мучыўся. Лёг і не прачнуўся.
З шафы пачуўся хрыплы роспачны крык. Магдаліна ажно пачырванела ад сораму — як яна магла забыцца пра птушку? Можа, раздобраная суседка і Карла Карлавіча прытуліць? Але кабета грэбліва скрывілася ў бок крумкача:
— Цьху… Сіла нячыстая… напалохала… І вось жыве ж такая поскудзь, і чалавека перажыве!
І Магдаліна нічога не сказала ёй. І засталася ў чужым пакоі, з чужымі рэчамі і сам-насам са сваёй бядой…
Пераглядаць рэчы не было моцы. Ісці ў інтэрнат настолькі не хацелася, што Магда вырашыла заначаваць на гэтай чорнай цвёрдай канапе, у кампаніі крумкача. Скразняк варушыў на акне занавескі, і можна было ўявіць, што вось-вось з'явіцца прывід былога гаспадара.
Але пасля перажытага магчымае з'яўленне прывіда Магду не ўзрушвала.
…і пыл гісторыі
Сімвал святога Марка-евангеліста — леў. Звычайна на іконах гэты леў зусім не страшны — кучаравы, залацісты, з закручанымі ў кольцы вусамі і вялікімі рахманымі вачыма.
Як баранчык.
Марк Ялецкі нічым не нагадваў залацістага кучаравага льва. Хіба што таксама быў дужы, шыракаплечы. Ды яшчэ ў разважаннях меў ільвіную ўчэпістасць. Жалезная логіка і энцыклапедычная эрудыцыя — так паўжартоўна рэкамендаваў сам сябе Марк. Нездарма атрымаў незвычайнае імя па жаданні дзівакаватага дзеда-прафесара. І журналістам Марк быў добрым. З уласцівымі сапраўднаму журналісту цікавасцю і скептыцызмам. Таму зараз Марк, які, як належала сапраўднаму рыцару, прыляцеў па першым жа званку зарумзанай Магды, сядзеў побач з ёю на падлозе пакоя кватэры нумар шэсць, перабіраў раскладзеныя лісты, фотаздымкі і кнігі. Ды касавурыўся час ад часу на крумкача, які зноў узляцеў на шафу і шаргатаў там, як патрывожаны дамавік.
— Так я і ведаў, што нельга цябе адпускаць… Цябе толькі лянівы не пакрыўдзіць. О, якое рэдкае выданне! — Марк узважваў на руцэ кнігу ў зялёнай вокладцы. — Я нават не ведаў, што такое ёсць — «Старый литовский статут 1529 года». Тут, у Маскве выдадзены… 1854 год. Ты сама хоць чула пра літоўскі статут, канстытуцыю Вялікага княства Літоўскага? Ведаеш, што яна напісаная на старабеларускай мове? Невук ты маленькі…
— І што, гэтая кніжка дарагая? — насцярожана спыталася Магда.
— Рублёў за пяцьдзесят і я набыў бы. Але б не прадалі.
— Дык мы павінны адшукаць сваякоў старога! — захвалявалася дзяўчына. — Гэта павінна належаць ім!
— Дурненькая! — азваўся Марк. — Стары быў рэпрэсіраваны, калі якія сваякі і ёсць — даўно ад яго адракліся.
— А што гэта за нацыянал-дэмакратычная партыя? Рэктар казаў, Іван Канстанцінавіч быў у ёй.
— Разумееш… — Марк абдумваў словы. — Тады шукалі ворагаў. Прыдумлялі розныя антысавецкія рухі, партыі. Каб было зразумела — за што арыштоўваюць, судзяць, расстрэльваюць. На Беларусі таксама знайшлі антысавецкую партыю — нацыянал-дэмакратычную. А ці была яна? Пастралялі і пассылалі тысячы. Навукоўцаў, творчую інтэлігенцыю. Дзеда майго, прафесара, таксама папацягалі. Але чалавек ён учэпісты, здольнасці да прыстасавання фенаменальныя. Таму і цяпер жыве. А ты думала, чаму ён, перш чым дзверы адчыніць, наведніка папараспытвае ледзь не пра сваякоў за мяжой. У дваццатых гадах у Саюзе беларускіх пісьменнікаў было чатырыста чалавек. А перад Вялікай Айчыннай засталося дзевяць. З іх, здаецца, толькі чатыры беларусы. Гэты Хмель, напэўна, быў пісьменнікам. Таму цябе з інстытута і папрасілі.
Марк рассунуў па падлозе фотаздымкі.
— Гэта ён?
Магдаліна паглядзела на партрэт стройнага афіцэра.
— Ён, няйначай. А ў якой форме?
— Войска Польскага. Эх, тут бы спецыялісту паглядзець! Ёсць у мяне адзін знаёмы… Энтузіяст… Цікавіцца такімі дакументамі. Ну што, усё перагледзела?
— Усё нібыта. Нічога цікавага.
— Калі нешта цікавае было — не хвалюйся, табе не аддалі…
— Кр-рр! — пацвердзіў з шафы Карл Карлавіч, і Марк сплюнуў з перапуду. — Гэта, трэба сказаць, не найлепшая частка тваёй спадчыны.
А пасля яны гулялі па могілках Данскога манастыра, і першыя зялёныя дзюбкі травы паказваліся на чорнай глебе магіл, нібыта нябожчыкі імкнуліся павітаць новае жыццё, далучыцца да яго хоць травінкай, хоць пяшчотным дыханнем першацвету. І Марк сказаў Магдаліне:
— Ты малая і дурненькая. Але павер мне — усё будзе добра. Вернемся дадому, перавядзешся на філфак. Справім вяселле — у нашай улюбёнай кавярні, там, дзе падаюць дзічыну, запечаную ў фальзе, пад галасы птушак. Народзіш дзіця… Працаваць пачнеш у маёй газеце. І ўсё будзе добра.
І чаму ў Магдаліны скрухай варухнулася сэрца? Мусіць, ад здрадлівай чалавечай натуры, якой аднаго добрага, вырашанага, самавітага мала, а хочацца яшчэ чагосьці…
Ну ды што ўзяць з дзіцяці (праўда, дзіцяці паўналетняга), але якое ўсё яшчэ можа сарваць пралеску са старое магілы і зусім пра гэта не задумацца, не пацягнуць за кволым бледна-зялёным сцяблом ланцуг метафар, алюзій, сімвалаў і філасофскіх разважанняў.
Магда і пра скрутак, перададзены суседкай старога, успомніла толькі ў цягніку, калі Карлуша зашаргатаўся ў сваёй клетцы, засунутай на самы верх, на месца матрацаў.
Марк спаў насупраць, на верхняй паліцы. Магда ціхенька выйшла з купэ. Не таму, што не давярала жаніху. А проста… Ён ужо забраў за яе дакументы з інстытута, пазваніў за яе маці, уладзіў справы са спадчынай… Колькі можна быць пад апекай!
У няроўным святле тамбура Магдаліна разгарнула таямнічы скрутак. Кніжка памерам з далонь, з цёмна-зялёнай выцертай вокладкай без назвы. На польскай мове… Магда з цяжкасцю разбірала асобныя словы, здагадваючыся пра сэнс астатніх.»Зборнік паэзіі польскіх паэтаў з дадаткам заўваг, аб сутнасці быцця, духа і цела сапраўднай паэзіі з прадмовай Адама Пянкевіча Першы выпуск. Вільна, друкарня Ёзэфа Завадскага, 1835 год».
Раней Магдаліна ніколі не трымала ў руках такіх старых кніжак. У бібліятэцы, дзе яна працавала, самай старой кніжкай было асобнае выданне паэмы Мікалая Асеева «Будзённы» 1922 года. Магда нават выставіла яе на стэндзе пад шклом як надзвычайную рэдкасць. А тут… Чаго варты адзін змест — Адам Міцкевіч, палкоўнік Цыпрыян Гадэбскі, палкоўнік Антоні Гарэцкі (чаго б гэта палкоўнікі цугам ішлі ў паэты?), Францішак Карпінскі, Алёйза Фелінскі… Ці дзед клапаціўся пра ейнае духоўнае выхаванне?
Дзяўчына перагарнула апошнюю старонку і ўбачыла некалькі чыстых лістоў, як значылася, «Для зацемак». Лісты былі скарыстаныя па прызначэнні — як макам, нехта сыпануў такім дробным почыркам.
«Мілая прынцэса!»
Так называў яе стары… У Магды закалацілася сэрца. Як добра, што яна не паказала скрутак Марку! Уся таямніца дарэшты дастанецца ёй.
«Мілая прынцэса!
Часу ў мяне мала. А старэчае шматмоўе перашкаджае лаканізму. Хаця што значаць час і прастора для Усявышняга, які знітоўвае і разрывае лёсы? Шлях, які прывёў вас да маіх дзвярэй, пачаўся пяцьсот год таму… І вы, мілая, чыстая дзяўчынка, не ўяўляеце, колькі бруду, крыві і здрады было на гэтым шляху… Але і — высакародства, мужнасці, любові! Проста ўявіце, што я расказваю вам казку…»
Два крыжы
Святло араматычнай свечкі адбівалася на барвовым шоўку прасціны, быццам яны ляжалі ў агні. «У пякельным агні», — з пакорлівым адчаем асуджанага падумала дзяўчына.
Насамрэч прасціна была ружовай. Але цьмянае святло ператварала цнатлівы ружовы колер у трывожную барву.
Запальваць святло было небяспечна. Магла заўважыць гарадская варта або прыслуга ў доме… Але ён хацеў наглядзецца на яе — у апошні раз. На цёмны шоўк валасоў, белую скуру… Вочы — цёмна-зялёныя, вялізныя і такія праніклівыя — у яго спынялася сэрца кожны раз, калі ён зазіраў у іх глыбіні. Як на візантыйскіх абразах…
«Цікава, ці будзе ў мяне яшчэ калі-небудзь гэтак жа спыняцца сэрца пры поглядзе ў чыесьці вочы?» — падумаў ён і аж застагнаў ад нясцерпнай тугі. Гэтак балюча не было нават тады, калі яго параніў той турак, а дзіда патрапіла якраз пад рэбры, прабіўшы хвалёную венецыянскую карацэну. Тады бацька і адаслаў сына ў Еўропу, падалей ад бясконцых боек. Ён не павін ен быў ісці ў бойку, як просты ваяр. Але ён заўсёды хацеў сам вырашаць свой лёс. Цяпер не атрымаецца… І так адцягваў свой ад'езд з гэтага мястэчка як мог. За незразумелае маруджанне бацька ўгневаны. Лёс краіны, якую з усіх бакоў раздзіраюць ворагі, залежыць ад ягонага шлюбу.
Кажуць, нявеста таксама маладая і прыгожая. Сапраўдная прынцэса. Але не ёй цараваць у ягоным сэрцы.
— Агнешка… Агна… Агонь, у якім я згараю… — шаптаў ён, цалуючы вочы дзяўчыны.
— Мы абое загубілі, спалілі свае душы.
Дзяўчына добра гаварыла па-грэчаску. Праўда, на латыні яна размаўляла яшчэ лепш. Але ён не любіў латынь.
Няўжо ўсе дзяўчаты ў гэтай краіне такія вучоныя?
Мусіць жа, не. Проста яму дасталася яна, дзіўная і непаўторная.
— Што мы нарабілі? Ты — чужы жаніх, я — чужая нявеста. Можа, нас хтось апаіў, як Трышчана і Іжоту?
— Я вазьму твой грэх на сябе, — шаптаў ён, цалуючы яе тонкія пальцы. Кожны пальчык…
Калі б ён мог надзець на вось гэты кволы пальчык свой пярсцёнак… Цяжкі пярсцёнак з вядомым усяму свету гербам ягонага роду ўладароў…
— Ты будзеш памятаць мяне? — дзяўчына глядзела амаль строга на яго мужнае аблічча, светлыя доўгія валасы, якія завіваліся ў локаны, блакітныя вочы, у куточках якіх ужо ляглі зморшчынкі — ад звычкі прыжмурвацца, углядаючыся ўдалеч ці наносячы смяротны ўдар.
Замест адказу ён пацягнуўся да крэсла, на якім ляжала яго вопратка, узяў стылет, дастаў з похваў. Клінок бліснуў, як месячная вада ў бяздонным віры. Хлопец прыставіў вастрыё стылета да сваіх аголеных грудзей, там, дзе сэрца. Па скуры павольна працягнулася глыбокая драпіна, яе перакрэсліла другая. На барвовы шоўк капнула барва.
— Бачыш? Гэты крыж заўсёды будзе са мной. Да самае смерці. Як памяць пра цябе.
Агна асцярожна дакранулася да раны на грудзях хлопца.
— Што ты скажаш той жанчыне, якая калісьці будзе лашчыць гэты шнар?
— Што пад гэтым крыжам пахаванае самае дарагое для мяне. Але нікому не патлумачу — там, у сэрцы, нашае каханне.
Дзяўчына ўзяла тонкай рукой стылет, пакладзены на барвовы шоўк, і хуткім рухам — хлопец не паспеў яе спыніць — двойчы правяла вастрыём па сваіх грудзях. Там, дзе сэрца.
— Я таксама буду помніць цябе.
Ён з невымоўным жалем абняў каханую. Іх раны прыціснуліся адна да адной.
— У нас цяпер адна кроў,— шаптала яна. — Помні гэта, калі раптам будзеш забіваць кагосьці з майго народу.
Ён схаваў твар у яе цёмных валасах.
— Абяцай, калі народзіцца сын, прышлеш яго да мяне. Я зраблю яго князем.
— Не, любы. Ён будзе служыць свайму народу. У тым званні, у якім будзе народжаны. Не крыўдуй.
За дзвярыма пачуліся хуткія крокі і лёгкі стук у дзверы — тры разы. Гэта было папярэджанне аб небяспецы. Дзяўчына дапамагла хлопцу зашнураваць камзол, надзець перавязь мяча. Падала плашч. Перад адчыненым акном яны абняліся апошні раз.
Перш чым сысці ў травеньскую бэзавую ноч, ён паклаў на падаконне просты жалезны пярсцёнак з выгравіраваным роўнаканцовым крыжам.
— Гэта не заручальны пярсцёнак… — горка сказаў хлопец. — Але, можа быць, яго калі-небудзь будзе насіць мой нашчадак.
Што ён мог яшчэ? Сыпануць на развітанне грошай, каб спыніць непатрэбныя размовы, яшчэ раз злоўжыць той павагай, ледзь не пакланеннем, якія выклікаў ён, дакладней, ягонае званне, у гэтым мястэчку. Яшчэ раз не зважыць на тую нянавісць, якую сустракаў ён і ягонае званне ў гэтым жа мястэчку.
Старэйшы сын падкаморага Юрася Дарбута нарадзіўся праз сем месяцаў пасля ягонага вяселля з прыўкраснай паненкай Агнай Чагноўскай.
Вядома, людзі пляткарылі. Але пані Агна была ціхмянай, набожнай і такой гожай, што мала хто даваў веры плёткам.
Тым больш, праз год па нараджэнні сына Канстанціна пані Агна памерла. Лекары сказалі, ад сардэчнай хваробы.
Праз трыццаць гадоў пасля гэтага, у спякотны травеньскі дзень, на самым парозе лета, апошні візантыйскі імператар загінуў на сценах сваёй сталіцы. Яна адна і заставалася ад былой магутнай імперыі. Але апошні з Палеалогаў быў варты сваіх продкаў. Ён не абавязаны быў біцца, як просты рыцар, наперадзе войска. Але ён заўсёды хацеў сам вырашаць свой лёс.
Яго забіў светлавалосы, блакітнавокі янычар.
Ворагі не былі ўпэўненыя, што гэты рыцар той, чыёй смерці яны чакалі доўгія гады. Да таго ж трэба было пераканацца, ці гэта чалавек, а не іфрыт, які з нечалавечай сілай і мужнасцю біўся супраць іх.
Калі з мёртвага цела сцягнулі латы, забойца з нянавісцю закрычаў:
— О Аллах! Гэтаму нявернаму сабаку мала было насіць знак свайго паганага бога на ланцугу! Ён яшчэ выразаў яго на грудзях!
Светлавалосы янычар схапіў дзіду і з сілай усадзіў у грудзі забітага, у самую сярэдзіну крыжа, выразанага над сэрцам.
Кальварыйскія вароны
На мінскіх Кальварыйскіх могілках заўсёды царавалі вароны. І тады, калі пасаджаныя тут дрэўцы былі зусім маладзенькімі. І тады, калі дрэвы падраслі, зашумелі густой лістотай — надзейным сховішчам ад людскіх вачэй.
Магчыма, гэта былі не толькі вароны, а і гракі. Але Антось не надта ўмеў іх адрозніваць. Лётаюць, гарлаюць, на фоне неба — аднолькава чорныя.
Вось крумкачы тут дакладна не сяліліся. Крумкач — птушка гордая, самотная.
Антось азірнуўся на сябрукоў, што ішлі за ім па засыпанай жоўтай лістотай дарожцы між каменных помнікаў, быццам па асушаным марскім дне з рэшткамі разбітых караблёў. У чарнявага, худога, як біч, Цыпрыяна адзін нос тырчыць з-пад расколатага напалам казырка дарэвалюцыйнай студэнцкай фуражкі; за ім уразвалку, нячутнай хадой паляўнічага ступае каржакаваты Міхась у бравэрцы з паднятым каўняром. Міхась — самы паважны з іх, бо амаль скончыў універсітэт і нават там жа, на першых курсах, выкладае. Нізенькі шчуплы Рыгорка з вечнай рахманай усмешкай і іранічны прыгажун Янук, як і ён, пачынаючыя паэты, разжыліся аднолькавымі шарачковымі пінжакамі — у педтэхнікуме давалі дапамогу дзецям беднаты. Прычым Рыгоркавы рукі хаваюцца ў рукавах цалкам, а Януковы вызіраюць ледзь не да локцяў. Нарэшце, ён сам у бацькавай куртачцы, зацыраванай на локцях… А які фантастычны абутак ва ўсіх! Адразу пазнаеш ваяроў, што замахваюцца вырашаць лёс краіны. Але хіба фландрскія гёзы ці чэшскія гусіты апраналіся больш самавіта і былі меншымі рамантыкамі, паўстаючы супраць магутных імперыі?
Адна Марыля Гудзевіч, зеленавокая прыгажуня Марылька, якая ўжо скончыла педтэхнікум, бо была на два гады за яго, Антося, старэйшая, у сваім плюшавым пінжачку выглядае па-сапраўднаму элегантна. Вось толькі дарэмна яна ўвязалася за імі…
— Сядайма тут, — скамандаваў Цыпрыян і першым апусціўся на каменную лаўку пад маладой таполяй.
Ля яго сеў Міхал. Астатнія прымасціліся, хто як мог. Антось падумаў быў сагнаць Цыпрыяна, каб пасадзіць Марылю. Але ж яна пакрыўдзіцца — знайшоў карункавую паненку! Вунь, калючая і прыўкрасная, як шыпшына, незалежна прысела на масіўны чорны ланцуг, што звісае між слупкамі па краях нечае магілы, і пагойдваецца, адштурхоўваючыся ножкамі ў старэнькіх чаравіках ад прэлай могілкавай зямлі… Каркаюць вароны… Пазвоньвае ланцуг… Развяваюцца русыя пасмачкі валасоў на скроні… Поўны дэкаданс! А злева з дзяўчыны не зводзіць сініх, напэўна, яшчэ сінейшых, чым у яго, Антося, вачэй прыгажун Янук. Куды ўжо Антосю з ягонай правінцыйнай нехлямяжасцю…
Лірычныя думкі перарваў Рыгорка:
— Чулі, што Дзям'ян Стасевіч больш не рэктар універсітэта?
— А яго за што? — недаўменна паціснуў плячыма Янук. — Крышталёва чысты перад савецкай уладай чалавек. За палякамі сядзеў як рэвалюцынер.
— А цяпер — беларускі нацыяналіст, — зазначыў Рыгорка без заўсёднай усмешкі.— Як Шпадарук, як Антось Злыкун… Як Севачка…
— Як усе мы, — падрахаваў Антось.
— Я не нацыяналіст, я патрыёт! — ускочыў з месца Цыпрыян і смешна замахаў доўгімі рукамі.— Калі я каго пакрыўдзіў з іншага народу пагардай да чагось ягонага? Навучыліся паняцці падмяняць! Люблю рускае — патрыёт-інтэрнацыяналіст. А калі сваё — не даказваю, заўважце, што яно, маё, лепшае або адзіна вартае, не… Толькі паважаю за не горшае, вартае любові і права на жыццё… Тады я — нацыяналіст! Вораг!
— Сядзь! — тузануў прамоўцу за крысо Міхась. — Пра гэта мы ўсе неаднойчы выказаліся. Таму і прыйшлі сюды.
Ён нетаропка дастаў з глыбокай кішэні паперы, акуратна загорнутыя ў хустачку. Павярнуўся да Антося, пільна паглядзеў у ягоныя сінія вочы, памаўчаў. Усе стаіліся.
Нарэшце загаварыў — важка і цвёрда:
— Я праверыў. Да якіх крыніц толькі змог дабрацца. Нават з'ездзіў у твой Старавежск. Перагартаў гару дакументаў. На жаль, я не так добра ведаю старажытнагрэчаскую, як латынь. Але асабліва складаныя мясціны мне дапамог перакласці сам Сахнут-Бічэўскі. Вядома, я не тлумачыў, для чаго. Да таго ж прафесар лічыць мяне як бы магчымым пераемнікам у навуцы. Так што я ў ягонай хатняй бібліятэцы — як у сваёй. Вось і скарыстаўся напоўніцу, да нахабства. І цяпер магу сказаць… Вельмі верагодна — заўважце, я не сцвярджаю адназначна, — але вельмі, вельмі верагодна, што ты, Антось, з'яўляешся нашчадкам візантыйскіх імператараў Палеалогаў, дакладней, апошняга з іх, Канстанціна ХІ Палеалога.
— Жыве Каралеўства Беларусь! — ускочыў Цыпрыян са сваёй лаўкі.
Астатнія падхапілі яго вокліч, і вароны з абураным карканнем паўзляталі з таполяў, абрынуўшы на магільныя камяні і сцяжынкі залаты дождж лістоты.
Антося кінула ў жар.
— Ты ўпэўнены? Няўжо сямейныя паданні — праўда?
— Глядзі! — Міхась сагнаў з лаўкі Цыпрыяна і на вольным месцы расклаў паперы. Усе згрувасціліся вакол — галава да галавы. — Вось… Гэта нават неспецыяліст зразумее. Малюнак твайго пярсцёнка. А тут — павялічаны фрагмент партрэта візантыйскага імператара другой паловы ХІІІ стагоддзя Міхаіла VІІІ, заснавальніка дынастыі. Бачыце? Такі самы пярсцёнак! Роўнаканцовы крыж, па краях — грэчаскія літары… Ніякіх камянёў, просты метал. А гэта выпіска з тэстамента падкаморага Юрася Дарбута, складзенага ў 1453 годзе. Адразу пасля таго, як у Еўропу дайшлі весткі пра смерць апошняга візантыйскага імператара — загінуў у бойцы з туркамі, абраняючы свой горад. Падкаморы меў траіх дзяцей. Старэйшага сына, Канстанціна, — ад нядоўгага шлюбу з Агнай Чагноўскай, дачкой старавежскага ваяводы, і яшчэ дзвюх дачок ад другога шлюбу. Вось ад гэтага Канстанціна (звярніце ўвагу на імя — радавое імя Палеалогаў!) і пачынаецца твой радавод. У пятнаццатым стагоддзі ў Княстве Літоўскім пры падзеле спадчыны карысталіся правілам, замацаваным потым ва ўсіх статутах: пры наяўнасці сыноў дочкі не наследавалі нерухомых маёнткаў бацькі, а атрымлівалі толькі адну чацвёртую частку кошту маёмасці. Між тым Канстанцін не ўспадчыніў нічога з тае нерухомасці, усё дасталося сёстрам. Хаця я нідзе не знайшоў, каб бацька абвяшчаў яго незаконным сынам. Далей… Нарадзіўся праз сем месяцаў пасля шлюбу. За два месяцы перад тым у Старавежску затрымаўся праездам візантыйскі каралевіч — адкрылася старая рана.
— Дзе — Старавежск, а дзе — Канстанцінопаль… Як сын візантыйскага імператара туды патрапіў? — не вытрымаў Рыгорка.
Міхась паблажліва зірнуў на сумніўцу.
— Вядома ж, выправіўся ён не для таго, каб у нашым мястэчку пагасцяваць. Тады ад Візантыйскай імперыі мала што засталося. Фактычна, адзін Канстанцінопаль. Туркі-сельджукі — з аднаго боку, крыжаносцы — з другога… Стары імператар, бацька старавежскага госця, у адчаі спрабаваў дабіцца дапамогі ў Еўропе, гатовы быў нават на рэлігійныя кампрамісы. І сына адаслаў — і для таго, каб уберагчы ад небяспекі: надта баявіты быў. І дзеля наладжвання гэтых сувязяў… Папросту кажучы — высватаць прынцэсу з магутнай дзяржавы. Магчыма, са Швецыі. А праз нашу краіну, каб ты ведаў, здаўна праходзіў славуты шлях «з варагаў у Бізантыю», або, як яшчэ кажуць, «з варагаў — у грэкі».
— А прынц закахаўся ў нашу прыгажуню! — захоплена ўсклікнула Марылька.
— Наяўнасць пачуццяў я, як гісторык, засведчыць не магу, — з прыхаваным сарказмам сказаў Міхась. — А вось цікавы дакуменцік, складзены апошнім візантыйскім імператарам адразу па ўзыходжанні на прастол, знайшоў. Запрашэнне на службу ліцвінскаму шляхціцу Канстанціну Дарбуту, з наданнем княжацкае годнасці ды іншымі дабротамі. Антось пахітаў галавой.
— Здаецца, у нашым родзе князёў не было…
— Таму, што Канстанцін Дарбут адмовіўся ад запрашэння. Паслаў імператару гарбуза. І, па сутнасці, правільна зрабіў — праз чатыры гады імперыі не стала. Ну і тут яшчэ цэлы стос дакументаў — выпіскі, даведкі ды іншая трасца. Твой продак, вядома, бастард, незаконнанароджаны. Але іншых нашчадкаў Канстанцін ХІ не меў. Дарэчы, яго пляменніца выйшла замуж за расійскага цара Івана ІІІ, так што ты маеш сваяцтва з расійскай каронай.
Міхась самазадаволена складаў паперы.
— Па-мойму, пераканаўча! — радаваўся Цыпрыян. — Гэта вам не рэспубліка, якую можна прыдушыць, і ніхто ў свеце не зварухнецца! Беларускі кароль з імператарскай крывёй у жылах! Такое нават цёмны вясковы дзед зразумее! І ў свеце прызнаюць як міленькія!
— А ці не дурні мы? Камсамольцы-манархісты… — спахмурнеў Міхась. — Ставіць сёння на манархію? У той час, як па ўсім свеце яны разбураюцца. Толькі што пазбавіліся ад «памазанніка», які беларушчыну жыўцом у зямлю закопваў, ствараючы «Северо-Западный край»…
— Пры чым тут сапраўдная манархія? — абурыўся Янук. — Беларускі кароль — проста сімвал, штандар, каб аб'яднаць народ. Да каранацыі і не дойдзе. Мы ж адразу — канстытуцыю… І роўныя правы ўсім…
Антось нарэшце адкінуў задуменнасць. Яго сінія вочы гарэзна бліснулі.
— Ну, дзякуй ад жывога штандара! Я не супраць быў бы застацца звычайным паэтам.
Змоўшчыкі загаманілі, у кожнага выявіліся бліскучыя стратэгічныя планы.
— Але, сябры, хоць можам цяпер смела брацца за справу, трэба памятаць пра непрыемную акалічнасць, звязаную з любой манархіяй, — сурова загаварыў Міхась. — Ідэя манархіі існуе, пакуль існуе манарх. Няма нікога хоць з кропляй крыві дынастыі — усё скончана. І калі Антось загіне… Яго няма кім замяніць.
Усе трывожна паглядзелі на Антося. Нібыта ўбачылі першы раз. Іх кароль, аказваецца, — высокі, гожы, з наіўнымі сінімі вачыма і суровым ротам… Адна Марылька, сцямнеўшы тварам, глядзела на чорна-залатую зямлю.
Антось няёмка рассмяяўся:
— Світу да мяне прыстаўце… Целаахоўнікаў. Глупства гэта! Нікуды я не падзенуся. Яго каралеўская вялікасць умее цыраваць адзежу, секчы дровы і можа пастаяць за сябе.
Міхась зноў дастаў з кішэні паперы, задумліва паглядзеў на
іх.
— Вось што… Я зраблю копіі, і мы іх дзе-небудзь схаваем. Бо калі даведаюцца… тыя, з іх станецца знішчыць нават самі крыніцы. І… беражы сябе, Антось. Залішне нагадваць, але… Да апошняга ніхто больш не павінен ведаць сапраўднае імя беларускага караля. Ты, Антось, не павінен раскрывацца нават нашым аднадумцам.
З таполяў зноў з карканнем узляцелі вароны.
— Кыця-кыця-кыця!
У аддаленні, па дарожцы ад касцёла, рухалася цётка ў вялізным капелюшы. За ёй бегла з дзесятак бадзячых катоў.
— Статс-дама Пальміра Мрачкоўская з пажамі! — захіхікаў Рыгорка.
Яго смех падхапілі астатнія хлопцы, нехта дурасліва замяўкаў. Дзівакаватая жонка тутэйшага доктара была асобай вядомай.
— От разумнікі! — спыніла рогат Марылька. — Гэтая кабета не толькі сабак ды катоў прыкармлівае. Яна суседскіх дзетак за так маляваць вучыць. І мае вучні-беспрытульнікі многія ў яе карміліся, пакуль у інтэрнат не трапілі. А карціны вы ейныя бачылі?
— Добра, добра, Марылька, пераканала. — Янук уладна пагладзіў дзяўчыну па плечуку, але сустрэў насмешлівы позірк і сумеўся: — Давайце па хатах, пакуль дабрадзейная Пальміра сюды сабак не прывяла.
Лісце з шоргатам ападала на зямлю, на помнікі, прыліпала да граніту, быццам безнадзейныя лісты да нябожчыкаў. Маладыя таполі ўмольна цягнуліся галінкамі да ўжо астылага сонца, нібы спадзяваліся дастаць яшчэ крыху летняга цяпла…
Ад брамы ўсе разыходзіліся ў розныя бакі. Янук памкнуўся быў пайсці з Марылькай, але яна подбегам дагнала Антося.
— Можна з табой?
Гэта было так неверагодна, што Антось не змог нічога адпаведнага сказаць. Яны моўчкі ішлі па ціхай Кальварыйскай вуліцы, і ён усё ніяк не мог прыдумаць, пра што пачаць размову — у яго толькі замірала сэрца кожны раз, як лёгкая хустка Марылі, завязаная на шыі, па волі гарэзнага ветрыку датыкалася да яго рукава доўгімі кутасамі. Не куртуазны нашчадак у імператара…
— Я таксама хацела б, каб ты заставаўся «звычайным» паэтам, — раптам суха прамовіла Марылька, так пільна гледзячы наперад, быццам адтуль вось-вось мусіла з'явіцца варожае войска. — Ты мог бы быць вялікім паэтам, Антоська.
— «Мог бы»… Гаворыш, як хаваеш. Я ж яшчэ жывы!
— Вазьмі мяне замуж, Антось!
Ён аж спатыкнуўся. Пачулася, відаць? Марылька ішла, усё гэтак жа гледзячы перад сабой, са спакойным тварам, схаваўшы рукі ў кішэні пацёртага плюшавага пінжачка.
Вядома, пачулася… Але ён раптам усвядоміў, якая дзяўчына ўся напятая — быццам струна…
— Ну дык як? Згодны?
— Паслухай… Я не разумею…
— А што тут не разумець?! — яна рэзка спынілася, пазіраючы на яго злымі зялёнымі вачыма.
Якія ў яе вочы, калі яна злуецца! Напэўна, так ззяюць смарагды, калі глядзець праз іх на сонца. Ён усё яшчэ не ўцяміў. А яна гаварыла — аж перахоплівала голас:
— Няўжо трэба тлумачыць? Мы загінем! Праз тыдзень, заўтра, пазаўтраму! І першага пацягнуць цябе! І ты ніколі… Мы з табой ніколі… Гэта ж горай за смерць! Два гады знаёмыя. Няўжо ты такі сляпы?
Ён верыў і не верыў. Варухнулася страшнае, здрадлівае — хоча пабыць каралевай! Але Марылька, як пачуўшы ягоныя думкі, тупнула нагой:
— Ды не абыходзіць мне тваё каралеўскае паходжанне!
І раптам… заплакала. Закалаціліся худзенькія плечы. Ён ні разу не бачыў, каб незалежная Марылька, якая папросту спраўлялася са сваімі выхаванцамі — былымі беспрытульнікамі, плакала. Ён нясмела пагладзіў яе даланёй па мокрай шчацэ… І адчуў, як па яе целе прайшлі дрыжыкі… Такія ж, як у яго — ад дотыку да яе…
— Дурненькі…— прашаптала яна і так зірнула ў яго сінія вочы, што ўсе ягоныя сумневы расталі бясследна.
Іх узялі ўсё-ткі не праз тыдзень — праз тры месяцы.
Следчыя шчыра рагаталі над спробай пяці студэнтаў стварыць Каралеўства Беларусь. Справу, аднак, засакрэцілі да неверагоднага. Усе, хто меў да яе дачыненне, мусілі быць знішчанымі. Асабліва здзекаваліся над патэнцыяльным каралём. Ён выявіўся надзіва ўпартым. Нават схітрыўся збегчы падчас перасылкі. Ратуючыся ад пагоні, загінуў.
Пальміра Мрачкоўская ў бамбёжку 1941 года згарэла разам са сваім дамком ля Кальварыі — не хацела пакідаць карціны.
На папялішчы доўга збіраліся бадзяжныя сабакі і каты.
Сібірскія крумкачы
Зэк № 1-756 у калоне гэткіх жа, як сам, дахадзягаў цягнуўся ў свой барак.
Адзінае, што вылучала гэтага зняволенага, — вялікая птушка, што сядзела ў яго на плячы, як чорны анёл-ахоўнік.
Гэта, вядома, быў непарадак, і гады тры таму птушка зрабілася б мішэнню для канвойных, а зэк «загрымеў» бы ў БУР — страшную лагерную турму.
Але за апошнія тры гады, пасля смерці «галоўнага кормчага», тут усё змянілася. Ахова ўжо не ведала, як трымацца са сваімі вязнямі. Амаль кожны дзень кагосьці з іх даводзілася выпускаць на волю. А пры пераходзе з катэгорыі быдла ў катэгорыю чалавека былы зэк мог пераўтварыцца ў кагосьці вельмі ўплывовага і паважанага, напрыклад, генерала і Героя Савецкага Саюза, як гэта адбылося ў мінулым месяцы. І ахоўнікі моўчкі цярпелі крумкача.
Вязень падабраў яго паўмёртвым птушанём. Тады найбольш абурыліся іншыя зняволеныя — дадаваўся новы ядок. Але калі крумкач падрос, самі пачалі яго падкормліваць.
А ўладальніка крумкача ўсё не вызвалялі. Зэк № 1-756 не скардзіўся. Яму і так пашанцавала. Ён пражыў ужо дваццаць пяць лішніх гадоў на гэтым свеце. Тады, пасля ягонага адчайнага ўчынку, пра які не хочацца ўспамінаць, яго на нейкі час вызвалілі. Потым — вайна. Войска Польскае. Ваяваў добра, бо ўжо не шкадаваў жыцця, купленага занадта дарагой цаной. Потым — цэлых два гады, калі здавалася, усё самае благое — за спінай і можна пачынаць нармальнае жыццё. Ён нават зноў пачаў пісаць вершы. І з горыччу разумеў, што ім ніколі не ўзляцець да вышыні вершаў таго, сінявокага, які загінуў. І зноў — савецкі лагер…
У зоне яго паважалі. Ён ніколі не «шасцярыў». Калі здзекі перавышалі нармальную чалавечую трываласць і кожная клетачка спакутаванага цела маліла здацца — перад вязнем паўставалі сінія-сінія вочы… Сінейшыя, чым у яго самога… Яны глядзелі з маўклівым дакорам, і вязень выплёўваў разам з крывёй упартае «не…»
Цяпер у яго ёсць надзея падоўжыць свой зямны шлях. Хаця б дзеля гэтага крумкача — вось хто сапраўды адданы! А крумкачы жывуць, кажуць, гадоў па трыста… Ды яшчэ ёсць адна справа на зямлі… Той скрутачак папер, спісаных цвёрдым круглым юначым почыркам, пра які ён адзін цяпер і ведае.
Марылька таксама ведала пра той скрутачак. Але Марылькі больш няма… Перажыла вайну — і памерла ад запалення лёгкіх. Застудзілася, цягаючы маразамі паламаныя шпалы на дровы ў дзіцячы дом. Калісьці ён, безнадзейна закаханы, выратаваў ёй жыццё. Тым адзіным спосабам, які быў яму даступны. За гэта яна пракляла яго.
Але не варта варушыць мінулае. А то зноў пачне балець сэрца і сінія вочы зірнуць проста вунь з тае аблачынкі.
Крумкач узляцеў — ён, напэўна, разумеў, што ягоны цяжар стамляе саслабелага чалавека, і кружляў невысока над калонай людзей у ватоўках.
— Кррум-кррум!
Вязню ж пачулася: «Кароль! Кароль!»
І з аблачынкі над высокімі сібірскімі соснамі зірнулі сінія-сінія вочы…
Яшчэ праз трыццаць гадоў, у хуткасным цягніку Масква — Мінск, дзесьці на перагоне між Ярцавам і Смаленскам, на верхняй паліцы спальнага купэ плакала ў прапахлую хлоркай, злямцаваную казённую падушку няўдалая студэнтка Магдаліна Дарбут. Плакала, стараючыся, каб ніхто не пачуў ейнага плачу, сама не разумеючы, аб чым яе туга… Можа, па сваіх ніколі не бачаных дзеду і бабцы — раней ведала толькі іхнія імёны: Антоній і Марыя. Па хлопцу і дзяўчыне, што сустрэліся пяцьсот год таму ў маленькім ліцвінскім мястэчку, каб спазнаць самае салодкае і самае горкае на зямлі — каханне… Плакала па сабе… Па бацьку… Па Марку… Па ўсім свеце — такім несправядлівым і такім прыўкрасным…
А ў галаве круціліся апошнія радкі пісьма, напісанага на старонках старой кніжкі:
«Для чаго я выжыў?
Я так даражыўся сабой. Але аднойчы зразумеў — з усіх сваіх сяброў я быў самы бяздарны. Цяпер ахвотна б аддаў сваё жыццё кожнаму з іх — якую карысць прынеслі б яны Беларусі! Як збяднеў без іх свет!
Але запозна. Цяпер я думаю, што пражыў гэтулькі для таго, каб сустрэць цябе. Я зноў раблю эгаістычна — перавальваю на твае худзенькія плечы свой цяжар. Я зразумею, калі ты адмовішся. Мая спадчына не прынясе табе ні грошай, ні славы. Тым больш, ведаючы ўсё — пра што я тут распавёў і пра што змаўчаў,— ты, можа, не пераступіла б парог маёй хаты. Але я ўсё-ткі прашу цябе — вельмі прашу: знайдзі той рукапіс… Дзеля аднаўлення справядлівасці. Цяпер можаш лічыць прачытанае страшнай казкай, закрыць кніжку, і я шчыра жадаю табе шчасця. Калі ж табе мала непрыемнасцяў — прачытай наступныя радкі вельмі ўважліва, пятнаццаць, лепш дваццаць разоў запар. Гэта вельмі важна. Добра? І не праклінай мяне, як даведаешся ўсё.
Мяжа між добрымі намерамі і паскуднымі справамі сцёрта мільярдамі крокаў…»
Ліст застаецца ў сне
Такія хлопцы ніколі не падабаліся Магдаліне. Ён глядзеў на яе ветліва, але неяк… суха, ці што? Без той «паляўнічай» іскрынкі, якая мімаволі запальваецца ў вачах мужчыны пры поглядзе на прыгожую дзяўчыну і якую Магдаліна, хаця раздражнялася роллю «аб'екта палявання», прывыкла сустракаць у вачах суразмоўцаў.
На Марка, на яе самавітага, інтэлектуальнага Марка Ялецкага, хлопец пазіраў трохі з большай цікавасцю, але таксама без асаблівае павагі. А між тым зазвычай нават пры першым знаёмстве з Маркам размаўлялі неяк па-асабліваму. Японцы сказалі б: «У яго ёсць свой тыгр». Але гэты маладзён у заношанай джынсавай куртачцы, ды яшчэ з доўгімі валасамі, сцягнутымі на патыліцы ў куртаты хвосцік, як чамусьці раздражнёна вырашыла Магдаліна, занадта многа пра сябе думаў. А кабінет у яго — не большы за грузавы ліфт. Няйначай, былая кладоўка. Толькі і ўлез пісьмовы стол, завалены папкамі, ды шафа. І ўсё абклеенае кепскімі ксера-ксавымі копіямі сярэднявечных гравюр.
Няўжо так можа выглядаць «выдатны спецыяліст Канстанцін Сташынскі», як рэкамендаваў яго Марк?
Затое пры адным позірку на стосік старых кніг, лістоў і фотаздымкаў цёмныя вочы хлопца літаральна запалалі і ўвесь ён раптам змяніўся. Абыякавасць і іронія зляцелі з яго твару. Маладзён браўся за кожны аркушык так беражліва, быццам той мог рассыпацца.
— Вядома, я сустракаў гэтае прозвішча. Іван Канстанцінавіч Хмель… Янук Хмель… У трыццатых друкаваўся ў студэнцкай газеце універсітэта, у «Звяздзе»… І адразу пасля вайны, у сорак шостым, некалькі падборак. Вершы пафасныя, прымітыўныя. Але цікава другое — па ўсіх звестках, гэты чалавек памёр у сорак восьмым годзе. Пра Дарбутаў ведаю шмат — але пра тых, што бралі ўдзел у паўстанні шэсцьдзесят трэцяга. Дваіх з гэтага роду тады расстралялі, і чацвёра ці пяцёра былі сасланыя. Вы, значыць, іх спадчынніца…
Маладзён упершыню з цікавасцю зірнуў на Магдаліну.
— Ты, Косця, у глыбіні гісторыі не залазь, — незадаволена спыніў знаёмца Марк. — Лепш патлумач, якім макарам Дарбуты, а дакладней, вось ейны дзед, Антон Дарбут, з тым Іванам Хмелем мог быць звязаны.
— Колькі разоў табе казаць, — цвёрда прамовіў спецыяліст у джынсоўцы. — Я не Косця, а Кастусь. І не трэба пасмейвацца. Калі б я быў Гіві ці Джордж, ты што, зваў бы мяне Грышам? А што тычыцца дзеда тваёй дамы, то я, прабач, не правідца. Мне трэба падняць дакументы, пашукаць у архівах. Пакуль нічога сказаць не магу.
— Затое я магу, — не вытрымала Магдаліна. — Калі Іван Хмель вучыўся ў педтэхнікуме, мой дзед быў студэнтам філалагічнага факультэта ва універсітэце. І ён таксама паэт. І, напэўна, добры. І яшчэ ён быў нашчадкам візантыйскіх імператараў!
— Ты адкуль гэта ўзяла? — уразіўся Марк. — Нічога раней не гаварыла!
— Я сама толькі два дні таму даведалася… Вось… — Магдаліна нейкі час павагалася, але ўсё-ткі дастала з сумачкі кніжку ў зялёнай пацёртай вокладцы. Зірнула на Сташынскага… Характар у таго, відавочна, кепскі, але… Чамусьці Магдаліна падумала, што стары Хмель знайшоў бы, пра што пагутарыць з гэтым фацэтам…
— На апошніх старонках Іван Канстанцінавіч напісаў ліст да мяне.
Марк пацягнуўся да кнігі адначасова з Кастусём, і яны пачалі гартаць яе ўдвух, перашкаджаючы адзін аднаму.
— Нешта я не бачу тут запісаў,— нарэшце незадаволена сказаў Марк.
Магда адарвалася ад сузірання гравюры з алегорыяй Меланхоліі і ўзяла кніжку.
— Вось тут, у самым канцы…
І аслупянела. Лісты былі на месцы. На месцы была назва «Для зацемак». Але пад ёй не было нічога! Ніводнага радка! Чыстыя пажоўклыя старонкі!
— Яно было напісана тут… — прамармытала Магдаліна, гладзячы дрыжачымі пальцамі паперу.
Марк раз'юшыўся:
— Ну, усё… Дайшла са сваймі дзядамі… «Нашчадак візантыйскіх імператараў»! Хутка будзеш на сценах касмічныя пасланні чытаць. Давай сюды… — ён груба выхапіў з рук Магдаліны кнігу. — Пайшлі…
Дзяўчына бязвольна рушыла за жаніхом.
— Чакайце! — ірвануўся за імі Кастусь. — Дайце мне гэтую кнігу! Хоць на дзень! Я яшчэ пагляджу!
Марк злосна сунуў яму ў рукі зялёны томік.
— На, вывучай… Можа, якое пасланне праявіцца. І ўсе астатнія дакументы твайму інстытуту перадамо. Рабіце што хочаце. А мне трэба гэтую дзеўчынёху да нармальнага стану прывесці. І крумкача гэтага паганага сплаўлю ў жывы куток.
Магдаліна выпадкова заўважыла, што фанабэрысты Сташынскі стаіць у дзвярах свайго кабінеціка і глядзіць ім услед, прыціскаючы злашчасную кнігу абедзьвюма рукамі да грудзей.
Дзяўчыне аж закарцела на развітанне выкінуць нешта адпаведнае свайму вар'яцкаму статусу — гаўкнуць на гэтага цікаўніка, ці што…
Добра, стрымалася.
Назаўтра была субота, і Марк павёз яе за горад, на пікнік. Калісьці яны любілі падобныя вылазкі. Але з мінулай вясны, калі выбухнуў рэактар у Чарнобылі, на прыродзе Магда пачувалася няўтульна. Тады многія напалохаліся — пілі ёд, накапаны ў шклянку з вадою, не адчынялі фортак… Марк нават прынёс Магдзе дзве таблеткі ад радыяцыйнага апраменьвання. Такія таблеткі захоўваліся ў індывідуальных аптэчках грамадзянскай абароны — на выпадак, калі вораг скіне атамную бомбу. Але пасля першых звестак аб аварыі выратавальныя лекі былі апячатаныя. Каб панікі не было. Знаёмы Марка ў сваім даследчым інстытуце ўзначальваў сектар грамадзянскай абароны і ўласнаручна мусіў апячатваць сховішча з аптэчкамі. Вось яны з парторгам і ўхапілі сабе па дзесятку пігулак.
Магда заглынула таблетку адразу ж, як атрымала, не запіваючы вадой, і пасля гэтага доўга балеў страўнік.
Марк жартаваў над палахлівай дурнічкай. Пачалася кампанія супраць панікі, і сталася модным бравіраваць уласнай смеласцю і прагрэсіўнасцю. Людзі хваліліся тым, што загаралі, елі ягады, смяяліся над тымі, хто па-ранейшаму змагаўся з радыяцыйным пылам і спажываў замест свежых ягад леташнія кампоты.
Але Магда па-ранейшаму адчувала страх. У Маскве, праўда, страх адышоў. Яна чула размовы пра выступ беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча, які адзіны ўголас сказаў пра страшную бяду. Хадзілі чуткі пра зону… Але чалавек заўсёды ахвотней верыць у лепшае.
І Магда паехала, прыдушыўшы сваю радыефобію. Да кампаніі далучыліся дзве сямейныя пары — Маркавы сябры па клубу фантастыкі. Смажылі шашлыкі над выкапанай у яшчэ вільготнай веснавой зямлі ямінай. Спэцкаліся бульбай, печанай у вогнішчы. Гаварылі пра Брэдберы і Шэклі, братоў Стругацкіх і ўласныя творчыя задумы. Адзін з фантастаў, у побыце — інжынер-канструктар, асабліва хваліўся незавершанай «падпольнай» аповесцю, у якой дзейнічае двухгаловы монстр пад імем Карл Маас-Энгеляс. І ўсе дружна ўгаворвалі Магдаліну кідаць ейныя артыкулы і пачынаць пісаць фантастычныя аповеды. Потым кабеты рвалі пяшчотны кураслепнік — бухматы бела-зялёны дыван усцілаў зямлю. Але Магдаліне было шкада кволых кветак. Сабраныя ў бясформенны жмут, яны хутка звешвалі белыя галоўкі і гублялі пялёсткі.
І Магдаліна не прыхапіла букеціка. Але насланнё нядаўніх дзён адышло, абляцела з яе, як тыя кволыя пялёсткі. Магда ўпэўнілася, што рамантычная гісторыя ейнага роду — толькі сон на верхняй паліцы ў цягніку Масква — Мінск. Нават цешыць самалюбства — мець такое багатае ўяўленне! Дарма Марк кажа, што з яе не выйдзе вялікай пісьменніцы. Яшчэ паглядзім!
Але дзяўчына ўсё-ткі не аддала Карла Карлавіча, якога Марк, правёўшы нявесту дахаты, імкнуўся занесці ў жывы куток суседняе школы, дзе ўжо ўсё было дамоўлена. Надта сумна паглядала птушка сваімі чорнымі вочкамі, надта трагічна сядзела на шафе, ухутаўшыся з галавой у крылы, як у плашч. Нават угаворы маці, якая цалкам была на баку будучага зяця, не дапамаглі.
— Ну, глядзі, калі сярод ночы твой крумкач загарлае «Невермор», як у баладзе Эдгара По, не прыбягай скардзіцца, — зазлаваў Марк і сышоў, нават не пацалаваўшы Магду на развітанне.
Гісторыя працягваецца
Гэта было ў панядзелак, а дзесятай раніцы, калі кожны самавіты грамадзянін мусіў шчыраваць на працоўным месцы, дадаючы мёду ў грамадскія соты. І мала хто задумваўся пра хуткае прышэсце пчаляра з дымаром.
У гэты дзень Магдаліна ўпершыню запляла валасы ў дзве тоўстыя кароткія касы. Правую перацягнула жоўтай гумкай, а левую — фіялетавай.
Швэдар быў звычайны, доўгі, цёплы… Таму проста неабходна было надзець пад яго кароткую спадніцу ў краткі і вязаныя, у палоску гетры.
Але вязаныя, у палоску гетры — гэта ведае кожная інтэлектуальная кабета — валодаюць здольнасцю вяртаць легкадумны настрой.
І Магдаліна, замест таго каб пайсці ва універсітэцкі аддзел кадраў, дзе яе чакаў Марк, рушыла ад свайго пад'езда зусім у іншы бок. Аблачынкі над ёй штурхаліся, наплываючы на сонца, ветрык гладзіў па косах, мінчукі касавурыліся на паласатыя гетры, і зусім не абавязкова было займацца справамі.
— Магдаліна! Пачакайце!
Ад аўтобуснага прыпынку з другога боку вуліцы бег хлопец у джынсавай куртцы. «Спецыяліст» Кастусь Сташынскі! У Магды не было ніякага жадання з ім сустракацца, але не ўцякаць жа…
— Ледзь знайшоў вас! Марку званіў — той мяне проста «паслаў». Добра, наш агульны знаёмца ўспомніў, што ваш дом нібыта насупраць гэтай кнігарні…
Магда змрочна вывучала трэшчынку на шэрым сухім асфальце, у якой паказваліся зялёныя дзюбкі травы, і нецярпліва пастуквала наском чаравіка. Няўжо ён не заўважае, што яна не хоча з ім размаўляць?!
— Я праверыў тыя старонкі! Ёсць стары спосаб выяўляць напісанае нябачным атрамантам — патрымаць паперу над парамі ёду. Тры бутэлечкі ёду звёў! Я ўпэўнены — на тых аркушах сапраўды нешта было напісана!
Магдаліна недаверліва зірнула на ўсхваляванага суразмоўцу, амаль жадаючы, каб ён жартаваў. Але цёмныя вочы Кастуся глядзелі сур'ёзна.
— Цяпер на лістах ясна відаць сляды пяра. Але разабраць, што там было напісана, ужо не зможа ніхто, хіба асобныя словы. Я спецыяльна кансультаваўся. Аўтар запісу націскаў на пяро ледзь-ледзь, а апошняя старонка ўвогуле не прачытваецца. Ёсць такі атрамант… У ім пачынаецца хімічная рэакцыя, калі трапляе на святло. Кнігу вам перадалі загорнутую ў нешта шчыльнае?
Магда няўпэўнена пацвердзіла:
— Так… Зверху былі газеты, а знутры такая чорная папера, відаць, пакет ад фотапрыналежнасцяў.
— Ну вось…
— Лухта нейкая! — не здавалася Магдаліна. — Які сэнс пісаць светаадчувальным атрамантам, калі я ці нехта іншы маглі проста прагарнуць тыя старонкі, не чытаючы, і знішчыць тэкст.
— Вядома, рызыка была, як і незразумелая нам перасцярога, — заківаў Кастусь. — Але я сустракаўся з тымі, што прайшлі турмы і лагеры. Нешта ламаецца ў душы чалавека, і ён асцерагаецца нават тады, калі яму ўжо не варта баяцца. Ваш Іван Хмель, ведаеце, на якое аддзяленне спрабаваў пасля вайны паступіць? На хімічнае! Так што мог сам вырабіць такі атрамант. Часу ў яго хапала. Я думаю, каб рэакцыя пачалася, трэба, каб напісанае было на святле пэўны час. Почырк вельмі дробны, на кожную старонку вы патрацілі, мусіць, хвілін пяць, чытаючы? Так?
— Ну, напэўна…
— А выпадкова прагарталі б за секунды. Успомніце, у самім тэксце не было ніякіх дзіўных указанняў?
Магда задумалася.
— Ну, хіба што ён прасіў апошнія радкі прачытаць раз дваццаць…
— Каб вы іх запомнілі! — усхваляваўся Кастусь. — І… вы помніце, праўда?
У Магдаліны раптам закруцілася галава. У пытанні Кастуся ёй падаўся той жа інтарэс, што і ў пытаннях чалавека ў сінім касцюме з кабінета рэктара. З яе досыць…
— Нічога я не памятаю! Адчапіцеся ад мяне! — і рушыла подбегам — зусім не заваёўваць шырокі свет, як збіралася з раніцы, а да аўтобуснага прыпынку, ехаць да надзейнага Марка, да ўсталёванага, абароненага жыцця.
Аўтобус толькі што паказаў жоўты зад у клубах дыму.
— Істэрыка ў вашым родзе перадаецца з пакалення ў пакаленне ці гэта ваш асабісты ўнёсак у айчынную гісторыю? — Кастусь сярдзіта пазіраў на Магду. — Мне што, бегаць за вамі да другога прышэсця? Добра, што я не эпілептык, а то мільганне вашых панчох у палосачку здольнае выклікаць прыступ.
Магдаліна злосна прыкусіла губу. А Кастусь працягваў вельмі сур'ёзна:
— Год таму я быў у камандзіроўцы ў раённым музеі. І там выпадкова даведаўся, што ў адной мясцовай сям'і захоўваецца рукапіс філосафа дзевятнаццатага стагоддзя Альгерда Андрыеўскага. У 1863-м ён, як і ваш прадзед, біўся на баку інсургентаў, быў паранены, схоплены і пасаджаны ў Бабруйскую крэпасць. Там і памёр. Ягоны маёнтак перайшоў ва ўладанне таго, хто выдаў інсургентаў… — Цяпер Магда слухала, стаіўшы дыханне. — Пра Андрыеўскага забыліся. Рукапіс захоўваўся ў нашчадкаў здрадніка. Адзіны ацалелы рукапіс! Разумееш? Адзіны! І калі і ён знікне, мая Беларусь акажацца збяднелай яшчэ на адно імя. А іх столькі ў яе адабралі! І гэты чалавек… Ён сягаў думкай у будучыню чалавецтва, а ад яго на роднай зямлі, за якую аддаў жыццё, не застанецца нічога! Зусім нічога! Ты адчуваеш, як гэта несправядліва? — Кастусь гаварыў так горача, што на іх з Магдай пачалі азірацца. Хлопец суцішыў голас. — У сям'і паважаных, заможных людзей мяне сустрэлі, як быццам я абакраў мясцовую царкву. Як я зразумеў, у тым родзе з пакалення ў пакаленне перадавалася варожасць да былой ахвяры. Псіхалагічныя штучкі — пачуццё віны спараджае нянавісць да бязвінна пакрыўджанага. Карацей, я і грошы прапаноўваў, і страшыў Акадэміяй навук, і прасіў па-чалавечы.
І зразумеў, што яны зараз жа, як я пайду, гэты рукапіс, якому раней не надавалі ніякага значэння, знішчаць. Проста цуд, што яны не зрабілі гэтага раней! Адзінае, што прыходзіць у галаву — колішнія ўладары маёнтка захоўвалі «кампрамат» на законнага ўладальніка. І хоць маёнтка даўно не стала, і сутнасць справы забылася, спадчыннікі па традыцыі рукапіс хавалі. І я яго… скраў.
— Нічога сабе! — не вытрымала Магдаліна. — Гэта ж… нядобра!
Кастусь злёгку пачырванеў.
— Я разумею, што нядобра… Але я паклаў у той куфэрак пяцьдзесят рублёў — усё, што меў. Дый і злодзей з мяне аказаўся ніякі — дагналі, далі ў каршэнь… Добра, у міліцыю не пацягнулі. Але рукапіс я абараніў. І з дакладам пра Андрыеўскага мяне нават запрашалі на канферэнцыю ў Чэхію.
— Гэта ўсё азначае, што вы ад мяне не адчэпіцеся, — задумліва, але без варожасці прагаварыла Магдаліна.
Кастусь моўчкі хітнуў галавою. Магдаліна тузанула сябе за касу.
— Мне трэба падумаць… Можа быць, што-небудзь і ўспомню…
У аўтобусе, які вёз яе да дабрадзейнага Марка, Магда чамусьці сцягнула з кос жоўтую і фіялетавую гумкі, і яе валасы ляглі звыклай неахайнай капой.
Карл Карлавіч ідзе ў госці
— Забірай зараз жа гэтае паскудства і нясі ў школу! Маці стаяла перад Магдай з мокрай анучай у руках.
— Усю хату твой крук загадзіў! У клетцы, бачыш, трымаць шкада! А ты ж у мяне пісьменніца, падлогу памыць — ручкі ўпэцкаеш. Паслухайся хоць разумнага чалавека — я пра Марка кажу, мяне ж ты за разумную не лічыш… Або забірай Карла, або я яго зараз з балкона шугану!
Магдаліна прыгнечана маўчала. Маці, яшчэ не старая прыгожая жанчына, прыгорбіўшыся, пайшла на кухню. Адтуль зараз жа раздалося адчайнае стракатанне машынкі-друкаркі — чарговая матчына «халтура». У Магды не хапала сумлення крыўдзіцца. Вядома, маці так ганарылася, што дачка паступіла ў маскоўскі інстытут, што выб'ецца ў людзі. А тут — ні вучобы, ні працы, адзін крумкач.
Так Магда апынулася перад пад'ездам свайго дома, з цяжкой клеткай, захінутай пледам у чорна-чырвоныя краткі, у адной руцэ, і парасонам у другой. Дожджык перакрэсліваў дарогу ва ўсіх напрамках, і ісці кудысьці відавочна не было сэнсу. Белыя анёлкі абселі каштаны і падскоквалі на пругкіх галінках, ловячы празрыстыя кроплі.
— Гэта ваша звычайная экіпіроўка для праменаду? — у пытанні чуўся вясёлы жах і нават павага.
Настырны Кастусь, сунуўшы рукі ў кішэні мокрай наскрозь джынсовай куртачкі, белазуба ўсміхаўся. Магдаліна рэзка развярнулася ўбок і рушыла амаль бягом па лужынах, абы сысці.
— Хаця ад дамы ў вас няшмат, але рэшткі выхавання ўва мне так і змушаюць прапанаваць дапамогу…
Магда спынілася. Ну і нахабнік!
Яна як мага пранізліва зірнула ў Кастусёвы вясёлыя вочы:
— Прабачце, я вельмі, вельмі спяшаюся!
І тут падаў адчайны голас Карл Карлавіч:
— Кар-р-равул!
І заварушыўся, аж Магда ледзь не выпусціла клетку.
— Што гэта ў вас там?!!
— Крумкач… Іван Хмель пакінуў…
— І куды ж вы яго несяцё дажджом?
— У школу… У жывы куто-ок… — Магдаліна раптам пачала неяк па-дзіцячы ўсхліпваць, стараючыся схаваць ганебныя слёзы ад непрыемнага суразмоўцы.
Кастусь уважліва паглядзеў на дзяўчыну, нахіліўся, расхінуў посцілку на клетцы. Між прутоў паказалася моцная шэрая дзюба, зірнула чорнае вочка ў колцы белаватых пёркаў, з залатой іскрынкай у цэнтры.
— Ну, прывітанне! Як цябе завуць, дружа?
І раптам з клеткі прагучала хрыплае, але цалкам разборлівае:
— Кар-рл Кар-рлавіч… Пр-рафесар-р…
А пры ёй не гаварыў! Магда аж плакаць перастала. Кастусь жа нібыта і не здзівіўся:
— Прыемна пазнаёміцца, калега. Малодшы навуковы супрацоўнік Кастусь Сташынскі… Кандыдат гістарычных навук… Можа быць, прафесар зойдзе да мяне на гарбату? Выключна ў навуковых мэтах… Мая бабуля вельмі любіць птушак, гасцей і выдатна пячэ піражкі.
Белыя анёлкі-суквецці гайдаліся на галінках каштанаў усё мацней, бо дождж ператварыўся ў залеву. І стаяць на месцы было глупствам.
…Прызнацца, пры поглядзе на Кастусёву бабулю не верылася, што яна ўмее нешта гатаваць. Бабуля была па-спартыўнаму падцягнутая, у нагавіцах і прасторнай сіняй блузцы. Сівыя валасы, калісьці, відаць, чорныя, коратка пастрыжаны. Бабуля абыходзілася без акуляраў, затое на шыі віселі каралі з вялізных, з каштан, кавалкаў неапрацаванага бурштыну.
— Ад шчытавідкі добра дапамагае! — нізкім голасам патлумачыла Яўгенія Іванаўна, заўважыўшы Магдалініну цікавасць. — Я гэтыя кавалкі калісьці сама вылавіла ў Балтыцы! — у бабуліным голасе гучаў гонар. — У сакавіку лёд пайшоў у заліве, а ў ім — бурштынавы слой. А хвалі, а сівер! І ўвесь бурштын ад берагу адганяе. Мужыкі стаяць з сачкамі, лаюцца. А я маладая была, адчайная — распранулася, і ў ваду! Муж, дзед Кастусёў, мяне пасля спіртам расціраў са свайго афіцэрскага пайка, і ўнутр — сто грамаў. І нічога, нават насмарку не схапіла! Не тое што цяперашняя хліпкая моладзь. Я ж уральская казачка! Нас у палонках хрысцілі! Ешце піражкі, маладыя людзі. Вось гэтыя — з капустай, а гэтыя, тоўсценькія, — з рысам і мясам. А гэтаму птушанятку я зараз таксама нешта смачненькае дам…
«Птушанятка», Карл Карлавіч, пачуваўся ў новай хаце някепска. І піражкі сапраўды былі смачнюткія, а гарбата пахла язмінам. Бабуля прымусіла Магду, «кволую гарадскую дзеўчынёху», абхінуцца махеравым пледам, бо «сучасныя рыцары, на жаль, не дадумаюцца да такіх простых рэчаў». Кастусь пакорліва ўздыхнуў на бабулін закід.
Яўгенія Іванаўна ўсміхнулася:
— Добра, добра, я супербабуля, я ўсё разумею. Іду ў свой пакой і пачынаю рыхтавацца да заўтрашняй лекцыі. Калі што, паклічаце.
Магду кінула ў чырвань ад адной думкі, што нехта мог палічыць, быццам яе з гэтым нахабным Кастусём звязваюць нейкія асаблівыя адносіны. Ён жа яе проста выкарыстоўвае — як цікавы дакумент. А параўнаць гэтага хлапчыску з Маркам… Смешна!
Але сыходзіць нікуды не хацелася. У старой кватэры з высокай столлю, без дываноў і абавязковага крышталю, затое з кніжнымі паліцамі і такімі зручнымі, хаця і цвёрдымі, фатэлямі было ўтульна і спакойна.
І Кастусь нічога не пытаўся і не кідаў дапытлівых позіркаў. Сядзеў у сваім фатэлі ды вёў свецкую гаворку пра норавы шляхты васемнаццатага стагоддзя.
— … А на развітанне гаспадарская дачка мусіла «запіць» з кожным госцем страмянную — трохі пакаштаваць з чаркі, якая падавалася госцю. Вось прыблізна такая чарка была… Як на той паліцы, каля чорнага гаршэчка.
Крумкач прагарлаў сваё «Невермор», і Магда наважылася расказаць.
Кастусь слухаў яе, не перабіваючы. Толькі ў адным месцы, калі гаворка ішла пра доказы візантыйскага паходжання, усхапіўся і некалькі разоў прабегся па пакоі, махаючы рукамі і нешта мармычучы сабе пад нос.
І вось засталося пераказаць апошнія радкі зніклага паслання. Магда змоўкла. Кастусь зразумеў яе хваляванні.
— Можаце мне не расказваць далей. Хто я такі? Мэнээс з хіповым хвосцікам. Але я магу звесці вас з аўтарытэтнымі, і галоўнае — сумленнымі вучонымі. Ёсць, прынамсі, два чалавекі… Адзін, вядомы пісьменнік, таксама перажыў рэпрэсіі. Вы можаце распытацца пра яго ў каго заўгодна.
Але Магда рашуча страсянула валасамі, не заплеценымі сёння ў акуратныя коскі, і, заплюшчыўшы вочы, каб ясней прыпомніць напісанае, прагаварыла, як прачытала:
«Было зроблена тры копіі з рукапісу і з дакументаў.
Адну я перадаў Антосю. Ведаю, што ў час уцёкаў паперы былі з ім.
Другая копія ў архіве прафесара Сахнут-Бічэўскага, у папцы з надпісам «Копіі судовых актаў сельскагаспадарчага суда Мінскай губерніі. Пачатак ХІХ ст.».
Трэцяя — на Кальварыйскіх могілках. Склеп злева ад касцёла, на фасадзе трохкутнік з блакітнай цэглы з вокам. Гільза закапаная ў правым дальнім куце, 50 см.
Твой дзед падпісваўся «Алесь Валошка». Мы з ім абодва былі сінявокія».
Пераказала — і жахнулася: цяпер назад не павернеш. А Марк строга загадаў выкінуць з галавы ўсе гэтыя справы! Як ён раз'юшыцца!
Твар Кастуся гарэў ад узрушэння.
— Мой сябра напісаў артыкул «Загадка Алеся Валошкі». Нідзе не надрукавалі — сказалі, бяздоказна. Сенсацыя, высмактаная з пальца. З паэтаў, што пачыналі напрыканцы дваццатых, Валошка быў найярчэйшы. Усё, што ўдалося знайсці,— чатыры вершы ў газеце. Прычым у тых нумарах, што захаваліся ў бібліятэках, публікацыя выразана! Але і гэтага дастаткова. Сапраўдны талент. Ні пафасу, ні сялянска-пралетарскай тэматыкі. Толькі роздум і пачуццё. Нібыта сцверджана, што пад псеўданімам «Валошка» друкаваў раннія вершы ці то Глебка, ці то Броўка. Але мой сябрук перакананы, што быў такі паэт, дасюль не адкрыты. Адкапаў нейкую кнігу 1933 года, дзе на абачыне ў спісе будучых выданняў ёсць зборнік вершаў Алеся Валошкі «Чырвоныя канваліі». Гэты зборнік не з'явіўся ніколі. І ніколі больш не друкаваўся паэт Алесь Валошка.
— Рукапіс, пра які гаворыць Іван Хмель, гэта рукапіс «Чырвоных канвалій»? — задумліва папыталася Магда-ліна.
— Думаю, так. А «дакументы» — доказы каралеўскага паходжання, і можа, некаторыя планы змоўшчыкаў. Каралеўства Беларусь! Як гэта… прыгожа! — Кастусь не змог уседзець на месцы і ўзбуджана хадзіў па пакоі.
Карлу Карлавічу, напэўна, гэты рух спадабаўся, бо ён таксама закульгаў па падлозе, нібыта перадражніваючы хлапца. Магдаліна рассмяялася. Але Кастусь нават не звярнуў увагі, працягваючы разважаць:
— Сахнут-Бічэўскі! Знакаміты прафесар! Яшчэ дарэвалюцыйнай школы! Знаўца антычнасці і сярэднявечча! Расстраляны ў трыццаць сёмым. Напэўна, як шпіён Рымскай імперыі. У ягоны архіў рукапіс Валошкі схаваў няйначай любімы вучань… Як вы называлі? Міхась?
— Так… А прозвішча не памятаю. Нібыта Зарэйка… Ці Зварэйна…
— Ніколі не чуў. Хаця гісторык. І гэты знік бясследна. Але схаваць паперы ў прафесарскі архіў — выдатная ідэя!
— А мне здаецца, там адразу знайшлі б?
— Нічога падобнага! — запярэчыў Кастусь. — Папка падпісаная. А папак — тысячы. Нават калі нехта будзе звяраць і пабачыць неадпаведны матэрыял, наўрад ці пачне адразу разбірацца. Ведаеце, колькі такіх «неадпаведных» папак у нашых дзяржаўных архівах? Урэшце, трэба будзе распытацца ў бабулі — перад вайной яна была студэнткай Ленінградскага універсітэта, у час блакады працавала там калісьці накшталт вартаўніка ці архіварыуса… А напачатку вайны многія архівы з Беларусі вывезлі ў Піцер. Лукаш Бэндэ, напрыклад, амаль усю беларускую рэпрэсіраваную літаратуру туды перапёр… Хаця наўрад ці бабуля ведае. Яна ж у мяне біёлаг. Спецыяльнасць — арніталогія. Лекцый ёй цяпер мала даюць чытаць. Пенсіянерка. У сельгастэхнікуме былыя студэнты дапамаглі прыладкавацца, дзве лекцыі на тыдзень. У свой час доктарскую не абараніла — з-за нашага спадчыннага паскуднага характару.
Карлуша, якому абрыдла бессэнсоўнае хаджэнне, узляцеў на паліцу. Адтуль адразу ж зваліўся зялёны гліняны збаночак і раскалоўся напалам. Магда сцялася… Зараз будзе чарговае «выгнанне з раю»… Але Кастусь толькі задумліва паглядзеў наверх:
— Трэба будзе там яму седала прыбіць… Палку такую… Уздоўж усёй сценкі. Бацька ўвечары вернецца, зробім.
І зноў захадзіў па пакоі, разважаючы пра кальварыйскі склеп, які, магчыма, зруйнаваны, але наведацца туды трэба, пра архіў Сахнут-Бічэўскага, пра рукапісы і дакументы… І Магдаліне чамусьці стала сумнавата. Вось спецыяліст і задаволены… Даведаўся ўсё, што хацеў. Дзяўчына разумела, што яна сама больш не ўяўляе для яго цікавасці. Узнялася з канапы.
— Што ж, дзякуй за піражкі, за Карла Карлавіча…
— Я вас чымсьці пакрыўдзіў? — Кастусь стаяў перад Магдалінай.
— Дзяўчына адвяла вочы.
— Ну, вы цяпер справіцеся без мяне… Вы спецыяліст…
Вось вы якога пра мяне меркавання… — Сташынскі глядзеў амаль што сумна. — Ну, што ж… Пераконваць не буду. Але ўсвядомце: усё, што я знайду, належыць вам. І рукапіс, і ўсё іншае… Я не змагу без вашае згоды гэта выкарыстаць.
— А калі я згоды не дам? — недаверліва папыталася Магдаліна. — Калі забараню друкаваць усё, што тычыцца майго роду?
Кастусь нават збялеў, на хвілю паверыўшы ў такую магчымасць.
— Гэта будзе… прыкра. Але я стрымаю дадзенае слова, — памаўчаў, дадаў больш спакойна: — І ўсё-ткі вы так не зробіце.
Я ведаю пра ваш учынак у Маскве. Магчыма, гэта быў з вашага боку капрыз, дзіцячая ўпартасць. Але іначай было б… ганебна.
Калі Магдаліна апранала свой падсохлы плашч, у калідор выйшла Кастусёва бабуля.
— Спадзяюся, мой унук здагадаўся наліць вам другі кубак гарбаты? Або ён зноў нудзіў адно пра сваю навуку?
Кастусь пачырванеў:
— Бабуля, пакінь гарэзаваць. Гэта нявеста Марка Ялецкага, ну, памятаеш, таго журналіста з кракадзілавым «дыпламатам». Ён прыходзіў, калі пра дзеда артыкул пісаў да Дня Перамогі.
— Кракадзілавы «дыпламат» памятаю. Шкада, у нас партыі «зялёных» яшчэ не створана на такіх «аматараў дзікай прыроды». А нявеста — гэта прыгожа. Цяпер мужчыны гавораць або «мая дзяўчына», або «мая жонка». Ніякіх прамежкавых станаў. Заставайцеся, дарагая дзяўчынка, у сваім рамантычным статусе падаўжэй.
— Бабу-уля! — зусім збянтэжыўся Кастусь і хапануў са стэлажа вялізны парасон з касцяной ручкай.
Магдаліна яшчэ паспела ўбачыць, як Карлуша сеў на плячо Яўгеніі Іванаўны і тая набыла незвычайнае падабенства з пракаветнай сівілай.
На вуліцы Магда адзначыла пра сябе, што хаця бабуля — арнітолаг, у кватэры ніводнага птушынага чучала. Не было і клетак. Птушкі лёталі на фотаздымках, ды букет з шыкоўных пер'яў красаваўся ў вазе.
Напэўна, Карлушу будзе там някепска.
На падыходзе да ейнага дома Кастусь папярэдзіў, што як толькі нейкія звесткі будуць, ёй паведаміць. А ля пад'езда Магдаліну чакаў Марк.
Лёсы сплятаюцца
Наступныя два тыдні праляцелі, як у тумане. Марк дамовіўся, што Магду залічаць на журфак. Сесія пачалася, таму можна было або перанесці яе для Магды на восень, або здаць зараз некалькі прадметаў — якія паспее падрыхтаваць.
Але Магдаліна заўпарцілася. Хопіць за вадой плысці.
І заявіла, што здасць усе іспыты.
Акрамя прадметаў, якія яна вывучала ў Маскве, тут дадалося яшчэ пяць.
Марк дапамог з падручнікамі. Залік па творчасці таксама «арганізаваў» — «друкануў» некалькі Магдзіных імпрэсій пра мастацкія выставы, павыкідаўшы занадта адвольныя месцы.
Магда амаль не спала. Да таго ж па начах часам нейкая сіла цягнула яе да пісьмовага стала, і на паперу клаліся радкі, чамусьці на беларускай мове:
Я ніколі не бачыла вас,
Можа быць, толькі позіркам сэрца…
І над вамі сівее трава,
І ніхто вас не помніць на свеце…
І таму ў Магды нават не было сіл здзівіцца, калі напярэдадні іспыту па гісторыі Беларусі, у поўным адчаі ад уласнай недасведчанасці, адчыніла дзверы і ўбачыла Кастуся. Той трымаў стос кніг і канспектаў.
— Я ад прафесара Карла Карлавіча. Рэпетытары па гісторыі не патрабуюцца?
І прасядзеў з Магдай да поўначы, вытлумачыўшы ўвесь курс так цікава і проста, што Магдзе нічога не заставалася, акрамя як атрымаць назаўтра «выдатна».
Тое ж паўтарылася перад іспытам па беларускай літаратуры.
Ва універсітэце на яе глядзелі як на дзівачку: пераводзіцца з Літінстытута ў іхні «універ», з Масквы ў Мінск? Такога яшчэ не было!
На ўсе роспыты Магдаліна адказвала завучана:
— Па сямейных абставінах.
І чырванела ад вымушанай маны, тым больш што пры гэтым адказе ўсе паглядалі на яе жывот.
Белыя анёлкі зляцелі з каштанаў на чэрвеньскую, ужо не такую пяшчотную траву бездапаможнымі пялёсткамі. Магдаліна здала сесію на «выдатна».
Два дні яна праляжала ў ложку. Пасля Марк вывез яе на выхадныя на дзедава лецішча. І там заявіў: вернуцца — пададуць заяву ў загс. Хопіць з яго жаніхоўства. Платанічнае каханне, вядома, добра. Але яны дарослыя людзі, асабліва ён, і час жыць нармальным сямейным жыццём, падумаць пра дзяцей…
Магда адчувала, што было б натуральным з яе боку зараз жа тут, на лецішчы, пачаць тое сапраўднае жыццё… Яблыні ў садзе прасявалі сонца на падстрыжаную траву, і не думалася пра радыяцыйны фон. Бэз уздымаўся да вокнаў, быццам блакітная пена на цёмна-зялёнай хвалі лістоты, — адвечныя дэкарацыі кахання. Але… Марку было, відаць, няёмка пераступіць ім самім аднойчы, на самым пачатку знаёмства, аб'яўлены прынцып наконт шанавання цнатлівасці да шлюбу. Магда адчувала, што яму не ставала толькі найменшага адабрэння з яе боку — а яна не магла… Ён дакранаўся да яе, цалаваў, і гэта было добра… Але дзе тое ўзрушэнне, тое заміранне сэрца, пра якое пішуць у раманах? Мусіць, яна яшчэ не прачнулася, як жанчына, як даводзіў ёй Марк? І яна была так удзячная яму, што ён не прыспешваў, што ён быў пяшчотны і далікатны… Хіба можна марыць пра лепшага мужа!
А ў панядзелак пазваніў Кастусь.
— Прывітанне ад Карла Карлавіча! Ну як мядовы уік-энд? Новаспечаная журфакаўка ачуняла ў рыцарскіх абдоймах?
Цынік! Магдаліна ледзь стрымалася, каб зноў не зараўці: «Адчапіцеся ад мяне». А «спецыяліст» нязмушана працягваў блюзнерыць:
— Можа, ваша высокасць улучыць беднаму сялянскаму нашчадку якую хвілю для аўдыенцыі? Я падыду ў скверык за вашым домам праз паўгадзіны.
Магдзіны бліскучыя індыйскія пантофлікі пастуквалі на ўвесь сквер. Кастусь безуважна загараў на лаўцы, падставіўшы сонцу твар, безнадзейна сапсаваны інтэлектам. Валасы па-ранейшаму сабраныя ў хвосцік, на майцы хіпоўскае выслоўе на англійскай: «Рабі не вайну, а каханне». Ды яшчэ шорты, відаць, пераробленыя са старых джынсаў. Беспрацоўны з Манхэтэна…
А да грудзей пяшчотна прыціснутая шэрая кардонная папачка з надпісам: «Дело №».
— Вітаю прынцэсу! — Кастусь неахвотна падставіў твар новаму «сонейку». — Прысаджвайцеся, ваша высокасць!
Магдаліна чапурыста села на лаўку, ад усяе душы спадзеючыся, што міма не пройдзе ніхто са знаёмых. А з Кастуся ўжо зляцела млявасць, цёмныя вочы зірнулі трывожна.
— Я перачакаў, пакуль вы здадзіцё свае іспыты. Пасля, вядома, час на адпачынак. А цяпер мушу паведаміць… Ну, па-першае, схадзіў я на Кальварыю. Склепа з блакітным трохкутнікам няма і следу. Адны магілы, сметнікі ды яміны. Дзе капаць — невядома. Можа быць, пасля сходзім яшчэ разам, пашукаем. А вось гэта — замалёўка экспаната з раённага музея…
Кастусь паклаў Магдзе на калені аркушык з вучнёўскага сшытка ў клетачку, на якім быў старанна намаляваны шарыкавай ручкай пярсцёнак з роўнаканцовым крыжам.
— Той самы?!.
— Магчыма. Учора знаёмы даслаў. Дзеці знайшлі ў лесе гадоў дваццаць таму. Больш нічога. Але гэта трэба праверыць. Давядзецца ехаць. Яшчэ звестка… Архіў Сахнут-Бічэўскага быў у маёмасці Лукаша Бэндэ, таго самага, што Купалу да скроні пісталет прыстаўляў. Бэндэ падчас вайны жыў у Ленінградзе. Бабуля мая яго памятае. Той столькі дакументаў прыцягнуў — спадчыну загубленых ім жа пісьменнікаў, што мусіў здаць у іхні архіў на захаванне. Бэндэ забраў з Ленінграда не ўсё. У мяне ёсць прыкладны спіс ягоных скарбаў. Нічога з архіва Сахнут-Бічэўскага там не значыцца — Бэндэ цікавіла найперш літаратура, а Сахнут-Бічэўскі ў асноўным збіраў копіі гістарычных дакументаў, цікавыя толькі для знаўцаў. Пакінутае дасталося бэндэўскаму пратэжэ, нейкаму дацэнту з Мінска. Я папрасіў бабулю напісаць у Піцер. Адказ прыйшоў тыдзень таму. Вось прозвішча таго, хто, верагодна, забраў архіў Сахнут-Бічэўскага: Ілья Яфрэмавіч Ялецкі. Магдаліна схаладнела.
— Гэта ж дзед Марка!
Кастусь змрочна завязваў тасёмкі на папачцы.
— Прабачце… Гісторыя цесна сплятае ніты чалавечых лёсаў… Марк, я ўпэўнены, нічога не ведае пра дзедавы запасы. Думаю, ён дапаможа…
Магда перасмыкнула плячыма. Заўтра яны меліся пайсці ў загс…
Да залацістых пантофлікаў Магдаліны падкаціўся ружовы мяч. Тоўсценькае ўсмешлівае дзіцянятка тэпала па цацку, і Магда ўклала яе ў маленькія ручкі. Як мала трэба дзіцяці для шчасця! А ў дарослых усё так складана…
— У чалавека часта дзве праўды… — сумна прагаварыў Кастусь. — Нядаўна чытаў мемуары Троцкага. Ён сышоўся ў ссылцы з адной таварышкай па барацьбе. Нарадзілася дзіця, дзяўчынка. Дык вось Троцкі ні разу не назваў яе дачкой. Апісвае, як яны ўцякалі, як везлі дзіця па марозе… Як яно захварэла… І паўсюль — «дзяўчынка», «мая дзяўчынка». Затое пасля рэвалюцыі, па набыцці «сапраўднай» жонкі, у яго з'явіліся «сапраўдныя» дзеці — улюбёныя сыночкі. А дачка так і засталася для яго «дзяўчынкай». Хочаце марожанага, прынцэса? А я дык з'еў бы цэлы айсберг…
Ноччу да Магдаліны Дарбут прыйшлі вершы:
Праўда мая, быццам шкло, разбіваецца,
Рэжуць яе аскалёпкі душу.
І пачынаецца кожная раніца
Вершам, які я не напішу.
Логавішча адмірала
Англійскі адмірал Фрэнсіс Дрэйк быў піратам. Напачатку ён рабаваў няправільна — усіх, хто вёз багатыя тавары.
Пасля перайшоў на правільны рабунак — пачаў пераймаць толькі караблі паганых іспанцаў. А гэта, згадзіцеся, зусім іншая справа. Нават калі выпадкам трапляўся пад руку героя і разявака-суайчыннік.
Прафесар Ілья Яфрэмавіч Ялецкі быў аўтарытэтам па гісторыі марксізму-ленінізму.
Гэта ў недасведчаным юнацтве ён з алоўкам у руках чытаў агента імперыялізму Піцірыма Сарокіна.
Калі карабель з Піцірымам Сарокіным на борце і яшчэ з парай дзесяткаў буржуазных філосафаў ды пісакаў, выкрытых савецкай уладай, адплываў ад кранштацкіх берагоў, студэнт факультэта грамадскіх навук Беларускага універсітэта Ілья Ялецкі граміў падступную ідэалогію на падставе прац любімага настаўніка Льва Троцкага.
А праз нейкі час, з палубы надзейнага карабля марксізму-ленінізму, малады таленавіты навуковец Ілья Яфрэмавіч вёў прыцэльны агонь па здрадным трацкізме.
Прафесару пераваліла за восемдзесят. Ён быў паважаны, мудры, непатапляльны чалавек.
Марк яшчэ раз націснуў на кнопку званка.
— Х-то там?
— Дзядуля, гэта я, Марк. Адчыні. За дзвярыма памаўчалі.
— Марк, гэта ты?
— Ну я ж.
— А хто з табою?
Марк набраў у грудзі паветра, шумна выдыхнуў, каб стрымаць раздражненне, і ветліва працягваў дыялог праз дзверы.
— Са мной Магдаліна, мая нявеста. Дзядуля, ты яе памятаеш. Мы прыходзілі да цябе зімой. Адчыняй.
Але за дзвярыма, абабітымі чорнай скурай, зноў запанавала маўчанне.
— А хто з вамі яшчэ?
— Мой сябар, Канстанцін Сташынскі. Ён працуе ў інстытуце гісторыі.
— Не ведаю ніякага Сташынскага, — зноў пауза. — Гэта ты, Марк?
Плённая размова працягвалася яшчэ хвілін дзесяць. Нарэшце забразгалі замкі, пацягнула пахам лекаў. Між дзвярыма і сцяной паказаўся твар Оле-Лукойе, гэткага дабрэннага старэчы з наіўнымі блакітнымі вачыма і няўлоўнай хітрынкай. Так і здавалася, што ён зараз спытаецца: «Які парасон пакруціць над вамі, маладыя людзі? Чорны ці каляровы?»
Праз тры гадзіны кампанія сыходзіла па лесвіцы ў самым змрочным настроі. Вядома, іх досвед абагаціўся сентыментальнымі ўспамінамі пра вабнасці опернай спявачкі Ларысы Пампееўны Александроўскай, пуск першага мінскага трамвая і хітрасці рыбалкі на ляшча, якога раней вадзілася ў Лошыцы — хоць рукамі лаві.
Нельга сказаць, што прафесар ім у нечым адмаўляў. Марк нават перабраў з ягонай ласкі папяровыя завалы на антрэсолях. І цяпер Магда несла перад сабой, як партрэт нябожчыка, пустую папку.
— Высцебаў, як дзяцей… — з міжвольным захапленнем падсумаваў Кастусь. — Задаеш пытанне, атрымліваеш адказ… Усё лагічна, грунтоўна, цікава… І зусім пра іншае!
— Але ж папку знайшлі,— заўпарцілася Магда. — Значыць, і рукапіс павінен быць у Маркавага дзеда!
Яны стаялі перад пад'ездам са стылізаванымі калонамі, ружовымі ад промняў вечаровага сонца.
— Я ведаю, хто з ім можа плённа пагаварыць, — разважаў услых Кастусь. — Звярнуся да Івана Глебавіча… А можа, паспрабаваць праз інстытут?
— Кінь, чалавеча, — у сонечных акулярах Марка люстравалася вечаровае неба. — Магу сцвердзіць дакладна — змесціва гэтай палачкі знішчана.
— Адкуль ты ведаеш? — ускінулася Магда.
— Ды ўжо ж ведаю… Там, на антрэсолях, такіх пустых кардонак штук сорак. Дзед нізавошта не стаў бы захоўваць у сябе падазроныя паперы. Калі не мог выкарыстаць — на лецішча і ў печку.
— Не можа быць! — збялеў Кастусь. — Ён жа… навуковец! Не мог не ўсведамляць каштоўнасці…
Марк толькі нявесела ўсміхнуўся:
— Давайце канчаць з гэтымі доследамі. Рукапісу няма. Можна, вядома, прысвяціць рэштку жыцця пошукам. Але для чаго, сябры мае? Пачакайце абурацца, падумайце самі. Я не супраць, каб паперы былі знойдзеныя. Кастусь напіша новы артыкул, Магда ўзбагаціцца звесткамі пра свой радавод, і я буду хваліцца, што ажаніўся з наследніцай візантыйскіх імператараў. Але класціся плазам, нарывацца на непрыемнасці, марнаваць час, грошы, нервы, каб у якім філалагічным выданні з'явілася пара дзесяткаў каструбаватых вершаў?
Кастусёў твар мяняўся, як неба на захадзе.
— Вершы Валошкі не былі каструбаватымі. Марк паціснуў плячыма:
— Прабачце за кашчуннасць, але гэта так — ні Ясеніна, ні Ахматавай, ні нават Маякоўскага ў беларускай паэзіі дваццатых не магло быць. Адны правінцыйныя варыянты Дзям'яна Беднага. Змяшай у кучу ўсе гэтыя іхнія вершаваныя руні ды палеткі ды паспрабуй адрозніць, якому Глебку-Жылку належыць, — не адрозніш! Ды яшчэ мова — нераспрацаваная, з русізмамі. Я не думаю, што тыя вершы будзе перапісваць у сшытак дзяўчынка, каб перачытваць і плакаць над імі. Наўрад юнак стане вучыць іх на памяць і ў яго будуць палаць шчокі і шчымець сэрца ад прагі жыцця і подзвігу. Не працытуе іх філосаф у роздуме пра жыццё і смерць. Творчасць таго пакалення, пры ўсёй павазе да яе, толькі кокан, шалупінне, з якога магла вырасці нацыянальная літаратура, вартая суседскіх. Так што не трэба перабольшваць. Няма «Чырвоных канвалій» — вазьмі ў бібліятэцы які «Васільковы россып» ці «Цэхавыя будні» і атрымлівай тую ж насалоду.
— Нават калі вершы майго дзеда — не вершы генія, якое гэта мае значэнне? Паэт мае права на вяртанне, — голас Магды тонка дрыжэў.
— А ты хочаш зноў вылецець са студэнтаў? — Марк быў жорсткі.— На журфаку таксама патрэбныя ідэалагічна правераныя студэнты.
Кастусь, які дагэтуль упарта разглядаў асфальт пад нагамі, ускінуў галаву.
— «О, Беларусь, мая шыпшына, зялёны ліст, чырвоны цвет… У ветры дзікім не загінеш, чарнобылем не зарасцеш…» Я чытаў гэты верш, і ў мяне палалі шчокі, і хацелася подзвігаў… А мая маці спявала мне, маленькаму: «Падаюць сняжынкі, дыяменты-росы, падаюць бялюткі за маім акном. Расчасалі вішні шоўкавыя косы і ўранілі долу снегавы вянок…» І яшчэ пра тое, як «шэпчуцца явар з калінаю ў цёмнай даліне над ярам»… І вочы ў яе вільгатнелі. Але Магда мае рацыю, што паэт — геній ці не — мае права на вяртанне. Больш за тое — калі народ не вяртае сваіх паэтаў, мастакоў, сваіх мудрацоў і сваіх герояў, ён захворвае. Гістарычнае малакроўе — вось як я гэта называю.
— Так-так… Народ — гэта глабальна. Такія дэкларацыі і мой дзядуля ацэніць. — Марк глядзеў проста ў неба, і па ягоных акулярах плылі ружовыя аблокі.
Кастусь пачырванеў:
— Можаш не верыць, казаць пра пафас, але… Калі я ўяўляю тых маладых людзей, іх наіўныя надзеі і як яны спрачаліся, верылі, кахалі, я звязаны з імі наўпрост, нібыта мы ў карагодзе трымаемся за рукі. Яны бліжэй да мяне, чым ты, Марк.
Пытаешся, дзеля чаго займацца пошукамі старых папер? А дзеля чаго яны, нашы равеснікі, аддалі свае жыцці, дзеля чаго маўчалі на допытах, апошнім намаганнем волі ратуючы не сябе, а тыя «паперы»?А нам страшна ці нецікава… — Кастусь пакутліва шукаў слоў.— Гэта… ўсё роўна як у буру не злавіць кінутую на бераг з чаўна вяроўку. І бура паглыне човен разам з тымі, хто на ім. Але яны — гэта і мы. Мне… проста балюча, калі нешта вартае патанае ў прорве часу. Як быццам адбіраецца асабіста ў мяне.
— Хлопчык над прорваю ў жыце… — Ялецкі гаварыў без насмешкі — гэтага б Магда яму не даравала, але з паблажлівым жалем. — Але ці паспрачаешся з Эклезіястам, гісторык? «Пакаленне прыходзіць, пакаленне сыходзіць… І няма памяці аб ранейшым, як не будзе памяці пра нас». На целе гісторыі застаюцца не пацалункі, а шнары. Найдаўжэй памятаюць не вартых, а тых, хто найбольш уразіў чалавецтва. Як у Андэрсена — не мастак, які зрабіў цудоўны гадзіннік, а мацак, які яго разбіў, абвяшчаецца жаніхом прынцэсы.
— Але прынцэса ўсё роўна засталася з мастаком… — нягучна прагаварыла Магдаліна.
З пад'езда вышла кабета з гаспадарчай сумкай, прайшла між маладых людзей, падазрона азірнулася. Асаблівы недавер у яе выклікаў Кастусь са сваёй фрызурай-хвосцікам. Дзіўны хлопец ветліва пакланіўся, і кабета прыспешыла крок.
— Час разыходзіцца, а то прымуць за дамушнікаў. Дзякуй, Марк, за дапамогу. Не сумуйце, прынцэса. Усе астатнія росшукі зраблю сам. Дарэчы, наша дамова ў сіле — знойдзенае належыць вам!
Але прынцэса за гэты час прыняла рашэнне.
— Буду шукаць разам з вамі!
І Марк у чарговы раз з горыччу пераканаўся, што ягоная жалезная логіка бяссільная супраць дзявочых капрызаў.
Дом з жоўтай цэглы, са стылізаванымі калонамі адплываў у закатнае сонца, як пірацкі карабель. Ноч уздымала над ім чорны сцяг пераможцы, а ў кватэры на трэцім паверсе стаяў ля акна стары адмірал, і з-за ледзь рассунутых фіранак трывожна назіраў за трыма фігурамі, якія адыходзілі ад ягонага пад'езда ў цёплы чэрвеньскі прыцемак.
У нетрах пушчанскіх…
Ад атрада інсургентаў засталося толькі пяцёра. Адзін цяжка паранены.
Жандары не ведалі таго, іначай даўно б рушылі прачэсваць гэтую частку пушчы, не баючыся адчайнага адпору.
Пачыналіся кастрычніцкія ночы. Зоры падымаліся вышэй, а яшчэ зялёная трава серабрылася, нібыта пушчу таксама кранула ранняя сівізна.
Вінцэсь Дарбут толькі нядаўна заўважыў, якія ў яго сівыя скроні,— калі галіўся, гледзячыся ў лязо сваёй шаблі.
Кожны рух адзываўся болем. І зусім неабавязкова было галіцца ў гэтай зарослай вольхай лагчыне, ведаючы, што вакол — аблога і для яго, параненага, гэты адхон, хутчэй за ўсё, станецца берагам Леты. Кожная хмарка магла ператварыцца ў човен Харона — па ягоную душу.
Але ён заўсёды вучыў сваіх людзей захоўваць годнасць — да канца. Ворагам не ўдасца ператварыць яго ў скрываўленага, бруднага звера, у якога застаўся адзіны інстынкт — самазахавання, ці адзінае жаданне — скончыць пакуты.
Але трэба было прымаць рашэнне. Калі яны застануцца тут надалей — канец адзін: смерць. Затрымка — з-за яго.
І ён не мог нават прасіць, каб яго тут пакінулі, бо колісь сам настойваў на непарушным прынцыпе: таварышаў не кідаць нават мёртвымі.
Тры гады гэта рабіла іх атрад адным пагрозным клінком. Цяпер мусіла загубіць усіх.
А Пані ў белым усё не схілялася над ім з апошнім пацалункам. Калісьці ён не скардзіўся на няўвагу паняў і паненак. Што ж яна так марудзіць? Вінцэсь ніколі не думаў, што калі-небудзь стане наракаць на трываласць уласнага цела. Ён пераплываў Дняпро — і адразу ж вяртаўся назад. І смяяўся, выйшаўшы на бераг, быццам малады вадзянік. Халодныя струмені сцякалі па яго целе, як месячнае святло, і самая прыўкрасная ў свеце жанчына сціскала свае тонкія пальцы, каб мужчына не заўважыў, што яны дрыжаць — ад боязі за яго, і незалежна гаварыла: «Што вы так доўга? Я ўжо стамілася чакаць.»
І на адным з яе пальцаў блішчэў просты жалезны пярсцёнак — ягоны падарунак.
— Мы сагрэлі крыху вады… Не хвалюйцеся, дыму амаль не было.
Альгерд схіляўся над ім з конаўкай, ад якой пахла чаборам. Таленавіты, разумны, такі малады Альгерд… І ён таксама загіне.
Вінцэсь з асалодай адпіў духмянай вады.
— Ноччу буду вартаваць я. Дастаткова добра чуюся для гэтага, і мне ўсё роўна не спіцца.
Зоры падняліся высока-высока. Але ён не мог чакаць, пакуль яны паніжэюць — да раніцы на траву ляжа шэрань і яго цела пакіне след. Ён пачаў адпаўзаць у глыб пушчы адразу, як упэўніўся, што таварышы спяць. Як мага далей… Схавацца, зашыцца вось сюды, у яміну пад карэннямі гонкай маладой сасны. У яго два пісталеты з набоямі. Але гэта не для яго — для пагоні. Ды яшчэ шабля. Старая шабля з выгравіраваным на дзяржальне вершнікам з узнятым мячом.
Таварышы зразумеюць. Вядома, яго будуць шукаць. Але, здаецца, ён зрабіў усё, каб не знайшлі. І ў іх з'явіцца шанс на ратунак.
Вінцэсь паклаў пісталеты так, каб можна было адразу іх узяць. Цікава, хто прыйдзе хутчэй — Пані ў белым або жандары? У апошнім выпадку застаецца толькі спадзявацца, што ён не настолькі змерзне і знясілее, што не зможа выстраліць.
Праз галінкі сасны на яго і ягоную зямлю глядзяць зоры. Нібыта вастрыі залатых дзідаў. Няўжо ёсць такія землі, зоры над якімі нагадваюць залатыя яблыкі або лагодныя вочы анёлаў?
Вінцэсь звяртаецца да Таго, хто над гэтымі зорамі — і паўсюдна: «Госпадзе! Толькі б мой нашчадак ніколі не ляжаў вось так, як я, у халоднай яміне, чакаючы Збавіцельку! Няхай нашы дзеці і дзеці нашых дзяцей паміраюць у сваіх ложках, абкружаныя ўнукамі і праўнукамі, гаворачы апошнія мудрыя словы, якія будуць перадавацца ў іхнім родзе з пакалення ў пакаленне.
І няхай гэтыя словы будуць гаварыцца на нашай спеўнай мове, якую даў нам Ты, Гасподзь, як даў гэтую зямлю, яе азёры і пушчы, дым яе папялішчаў і безыменныя магілы яе лепшых сыноў».
Жандары не давалі веры, што знішчылі ўвесь атрад Дарбута. Ім усё здавалася, што галоўныя сілы хаваюцца вось там, за тымі соснамі… Ці за той лагчынай… Не можа быць, каб такі шалёны супраціў аказвалі чатыры знясіленыя юнакі.
Затое ўдалося схапіць першага палоннага з атрада — і апошняга. Як пасля высветлілася, гэта быў мясцовы дваранін Альгерд Андрыеўскі.
Пушчу пачалі называць Ваярскай. Потым гэтая назва перайшла на бліжэйшае паселішча.
Праз сто гадоў вёска ператварылася ў гарадскі пасёлак, пушча адступіла далёка ад яго. У пасёлку Ваярску, які паспеў нейкі час пабыць Кагановічаўскам, меліся такія адметнасці, як царква ХІХ стагоддзя, прыстасаваная пад зернясховішча, Дом культуры з ватэрклазетам і краязнаўчы музей, у які прыязджалі экскурсанты нават са сталіцы.
Таму нікога з местачкоўцаў не здзівіла, калі да драўлянага дома з калонамі падышлі трое. Плячысты мужчына з прыгожым, нібыта высечаным з каменю тварам, у светлым летнім касцюме і сонечных акулярах. За ім хлопец у джынсах, усмешлівы і цемнавокі, з валасамі, сабранымі на патыліцы ў хвосцік. Вось каб апрануць беласкурую зеленавокую дзяўчыну, што была з імі, у шаўковую сукенку, ды абуць у туфлікі на высокіх абцасіках, ды навучыць глядзець ласкава, а хадзіць павольна, прыгажуня была б! Але блакітныя джынсы, не зусім чыстыя, мужчынская кашулька ў бела-зялёныя краткі ды стаптаныя красоўкі аніяк не могуць падкрэсліць дзявочую прыгажосць. Змізарнеў эмансіпаваны свет…
А з дома з калонамі ўжо выбягала менавіта такая паненка, якая мроіцца праўдзіваму мужчыне, — у светлай талістай сукенцы, у туфліках, з якіх на балях п'юць шампанскае, у кароне залатых валасоў. А блакітныя вочы ззяюць проста невысносна.
— Кастусь!
«Ды ён зараз аслепне ад яе блакітных пражэктараў», — чамусьці з прыкрасцю падумала Магдаліна, і ёй упершыню зрабілася ніякавата за сваю вопратку. Нават Марк не хаваў цікавасці да блакітнавокай.
— Знаёмцеся, — неяк нязграбна сказаў Кастусь, павярнуўшыся да сяброў.— Ганна Іванаўна, дырэктар краязнаўчага музея… І аспірантка інстытута гісторыі.
— Проста Ганна, былая аднакурсніца гэтага свяцілы на небасхіле гістарычнай навукі… — усміхнулася блакітнавокая.
— Ну, хадземце, дарагія госці, у хату!
…Магдаліна, стаіўшыся, глядзела на просты металічны пярсцёнак. Ён пабліскваў у зашклёнай вітрыне на чорнай аксамітнай паперы.
— Дай ёй патрымаць у руках… — шэптам папрасіў Кастусь дырэктарку.
— Як скажаш…
Пярсцёнак з роўнаканцовым крыжам халадзіў палец, нібыта падарунак вадзяніка…
Чалавека, які колісь знайшоў рэдкі экспанат, дырэктарка прывяла, «выкраўшы» з працоўнага месца на элеватары.
— Мы там пячору ладзілі… У вайну гулялі…— сівы дзядзька камячыў у спрацаваных руках шапку-кяпурку, быццам быў на допыце ў следчага. — Ну, дзеці, ведама… Гадкоў трыццаць прайшло, відаць. А там пясочак, яміна пад карэннямі сасны… Скрутак быў, як жа. Анучы гнілыя, паперкі. Не, нічога не расчыталі. Я ж кажу, гнілое ўсё было. Адзін пярсцёнак з сабой і ўзялі. Думалі, сярэбраны. Яго мая ўнучка нядаўна ў куфры знайшла. Прынесла ў школу. А настаўніца вось у музей перадала. Што з паперамі зрабілі? У вогнішча, мусіць, пакідалі. А скажыце, людцы, гэта шпіёнскія штучкі былі, мусіць?..
І гэта было так несправядліва і незваротна, што любыя бедаванні выглядалі б тэатральна. А Марк нібыта і задаволены, што ўсё скончылася цяпер — і назаўсёды.
…На развітанне прыгажуня Ганна прапанавала гасцям экскурсію на гарышча. Там чакалі лепшай долі экспанаты для будучай залы пра паўстанне 1863 года.
Марк заявіў, што ні ён, ні Магда наверх не палезуць, стаміліся. Пачакаюць на двары. Ганна асабліва не ўгаворвала. Але «новаспечаная журфакаўка» жадала паглядзець на старажытную зброю. І не магла ўцяміць, чаму Марк на яе заклікі пастукаў пальцам па лбе, а Ганна спахмурнела.
Першай па драбіне спрытна ўзнялася гаспадыня. За ёй — Кастусь. Магда апошняя нязграбна адольвала рэдкія прыступкі. Кастусь нахіліўся зверху, падаў руку. Магдаліна працягнула сваю…
— Што ў вас там здарылася? — пачуўся аднекуль зверху, нібыта вельмі здалёк, незадаволены дзявочы голас.
Магда раптам усвядоміла, што яны з Кастусём так і трымаюцца за рукі, гледзячы адно аднаму ў вочы. І яшчэ ў яе чамусьці нешта абрываецца ўнутры, нібыта яна стаіць на краі прорвы.
— Ну, давайце, падымайцеся! Мусіць, «двойка» па фізкультуры была! — Кастусь нечакана моцна пацягнуў дзяўчыну ўверх, перахапіў за талію і акуратна паставіў на гулкі насціл. Як парцэлянавую ляльку.
Ганна сакатала пра скарбы гарышча, Кастусь уважліва слухаў, час ад часу перапытваючы. А збянтэжаная Магдаліна адышлася ўбок, туды, дзе да сцен былі прыхіленыя ржавыя стрэльбы. Што за раптоўны правал свядомасці? Нават крадма паглядзела на сваю далонь. Што гэта было? Такое… незвычайнае адчуванне. Зірнула на Кастуся… Той усміхаўся. У Магды зноў трывожна і салодка зашчымела сэрца… Што з ёй адбываецца? Кастусь такі ж самы, як і быў, з тым жа смешным хвастом на патыліцы…
Але як дырэктарка глядзіць на былога аднакурсніка! Які ў яе дзіўны голас, як яна чырванее… Раптам Магда зразумела, чаму Марк стукаў па лбе. Ганна ж хацела застацца з Кастусём сам-насам! І шаўковая сукенка з туфлікамі была — для яго! І мала пра што ім трэба перамовіцца…
Магда, ледзь не плачучы ад сораму і незразумелай тугі, кінулася да драбіны.
Марк цярпліва сядзеў на зрубе калодзежа з жураўлём.
— Уяўляеш, Магдаленка, хацеў вады зачэрпнуць, а гэта муляж! Зруб проста на траву пастаўлены. Вось табе і аўтэнтыка…
Магда, без дай прычыны адчуваючы сябе вінаватай, прысела побач, прыхінулася… Усцешаны, Марк пяшчотна-пяшчотна пацалаваў яе ў скронь…
Які ён добры! Яна проста не заслужыла такога мужчыну…
Чэрвеньскае сонца шчодра сыпала прамяні на шыферныя дахі Ваярска, нібыта спадзявалася іх пазалаціць. Блакітнавокая Ганна праводзіла сталічных гасцей да аўтобуса.
— Прыедзеш на канферэнцыю — не праміні мой сціплы кабінет! — гаварыў Кастусь.
— Зайдуся хіба, парушу гордую самоту тваёй келлі, калі не пагрэбуеш візітам беднай правінцыялкі.
— Правялебная пані асвеціць сваёй прысутнасцю маё сціплае жытло, — і сур'ёзна дадаў: — Зойдзем разам да Янкі Гарэлага. Нядаўна з бальніцы выпісаўся.
— А што з Яначкам?
— Ды як паездзіў тады па зоне, па выселеных вёсках, пазбіраў радыеактыўныя рушнікі, так і хварэе… Ужо дзве аперацыі зрабілі. Але трымаецца, нават экспедыцыю на Століншчыну рыхтуе…
І аўтобус ад'ехаў. А дырэктарка яшчэ доўга стаяла ля дарогі — светлая і сумная.
На вакзале Кастусь, развітваючыся, паціснуў руку Марку, павярнуўся да Магдаліны.
— Не сумуйце, прынцэса. Ваш крышталёвы туфлік абавязкова знойдзецца.
— Вы мяне з Папялушкай блытаеце, — холадна прамовіла Магда і, нечакана для самой сябе, працягнула руку — з нейкім выклікам ці Кастусю, ці ўласнай незразумелай трывозе.
— Да пабачэння…
Ёй падалося, ці Кастусь сапраўды, перад тым як паціснуць яе руку, прамарудзіў, нібыта чагосьці баючыся?
Ды не, падалося. Толькі з ёю нешта нядобрае. Зноў гэтае адчуванне… Нібыта нешта абрываецца ўнутры. Як на арэлях.
Здаецца, «гістарычны самародак» нічога не заўважыў. Не варта больш так жартаваць з сабой.
Марк сказаў:
— Як ты расчырванелася… Гаварыў, надзявай капялюш, а то сонца напячэ…
Апошні карнавал
— Крыўдзіш, пане-браце! — Шляхціц у кармазынавым кунтушы падкруціў няцвёрдай рукою руды вус, які зараз жа бяссіла апусціўся, быццам зноў макнуўся ў чашу з гаспадарскім віном.
Шляхетныя госці за ягонай спінай загулі разварушаным вуллем. Слова госця — закон! Госць у дом — шчасце ў дом!
Гэта была кулага — «сармацкі» звычай нязванага гасцявання падчас каляднага карнавалу. Усё, што можна з'есці і выпіць у доме, знікала ў высакародных чэравах. Пасля чаго «аб'едзены» да мышынага галоднага віску гаспадар мусіў далучацца да кампаніі і пераязджаць у маёнтак наступнага небаракі.
Але гаспадар гэтага маёнтка парушыў звычай. Пан Гаштольд Дарбут стаяў на высокім ганку з драўлянымі калонамі і паглядаў на гасцей разумнымі цёмнымі вачыма з-пад крыху абвіслых павекаў, ад чаго пагляд рабіўся вострым, як дзіда. І ўбор у яго быў не святочны — чорны жупан, зверху кунтуш таго ж колеру, падперазаны простым юлёвым пасам, адзінае ўпрыгожанне — жалезны пярсцёнак.
— Пані-брацця, дзякую за шчаслівы візіт. Але, як бачыце, я ў жалобе — памерла дарагая мне сваячка…
— Няўжо пекная пані Дарбутова? — жахнуўся падобны да аблезлага ката шляхціц з велізарным дыяментавым гузам на шапцы.
Ганарлівыя вусны гаспадара з'едліва скрывіліся.
— Хаця памерлая была маёй найдаражэйшай сваячкай, панства наўрад ці яе ведае. Яна жыла далёка ад вас, паны-брацця…
— А ці не хоча пан Дарбут уяўнай сваёй жалобай унікнуць «шчаслівага візіту»? — пракрычаў нехта з-за чужых спін.
Гаспадар паклаў руку на дзяржальна шаблі — яна адзіная з усяго ягонага ўбрання была прыўкрашаная каштоўнымі камянямі:
— Хто лічыць мяне хлусам?
Пытанне прагучала амаль мякка. Але госці, сярод якіх хапала задзірак, змоўклі, потым п'яна загулі:
— Пане-браце не так зразумеў…
— Няхай вашамосць прабачыць гарачыя словы… Жалоба, вядома. Усе пад Богам ходзім.
Вазкі няпрошаных гасцей выехалі за вароты маёнтка. Гаштольд Дарбут змрочна назіраў за ад'ездам кулагі. З дома да гаспадара выйшаў светлавалосы хлопец, падобны да маладога Жытніка — залатыя, як калоссе, валасы, светлыя-светлыя вочы.
— Пра якую нябожчыцу казаў ім пан Гаштольд? Гаспадар памаўчаў.
— Пра волю. Не ведалі яе і ведаць не хочуць… Затапталі ў бруд. І не заўважылі.
— Але сённяшні «абзэндэн» не прыбавіць вам папулярнасці ў акрузе, — дакорліва прагаварыў хлопец. — Кожны з тых нахабаў мае голас на сейміку. Нават Радзівілы не ганьбяцца ўлагоджваць гэты статак.
— Сам гаворыш — «статак»… Не, Андрусь, не да твару мне заігрываць з быдлам. Я не пастыр, я паляўнічы. Пойдзем, зоймемся зборамі на інакшае застолле.
Пан Гаштольд перакладваў паперы ў патаемных шуфлядках сакратніка з чырвонага дрэва. Па разной паверхні сакрэтніка плылі велічныя фрэгаты, ветразі якіх надзімалі шчакастыя кудлатыя малойцы, апранутыя ніжэй пояса ў хмаркі. Адзін з іх, суровы паўночны вецер Барэй, меў няўлоўнае падабенства з гаспадаром.
У дзверы кабінета нясмела пастукаліся. Пекная пані Дарбутова была нашмат маладзей за суровага мужа. Але яе зялёныя вочы глядзелі засур'ёзна для маладой дзяўчыны. Пані, нібыта вясельны каравай, несла на выцягнутых руках шаблю.
— Вы маглі не рабіць гэта самі,— прамовіў мужчына, узяўшы зброю.
Доўгія вейкі жанчыны здрыгануліся.
— Мне хацелася ўбачыць вас перад ад'ездам.
Гаспадар, стараючыся не сустрэцца з паглядам зялёных вачэй, паклаў старую шаблю на стол так беражліва, нібыта яна была жывою.
— Вы ўпэўненыя, што Сапегі — тыя людзі, за якіх варта паміраць?
Гаспадар уздрыгнуў, нібыта пытанне выцяла яго, адказаў, як пераконваючы сам сябе.
— Яны абараняюць Літву ад Кароны.
— Яны здрайцы, — жанчына плыла па пакоі ў сваёй смарагдавай сукні, быццам фея Мятлушка з казкі пра забітага каралевіча. — Вы гэта ведаеце. Дамогуцца прывілеяў — і кінуць усіх, каго звабілі.
— Усё ведаю… Але не пайсці, калі клічуць памерці за айчыну, ганебна. На гэтай зямлі кожны павінен мець права маліцца ў той царкве, у якой маліліся продкі, і гаварыць на той мове, на якой яны гаварылі… — гаспадар абарваў размову, усвядоміўшы, што пачаў разважаць, быццам мае справу з роўным. — Але гэтыя матэрыі занадта складаныя для вашай прыўкраснай галоўкі…
— Гэтую галоўку, магчыма, хутка пакрые ўдовін вэлюм… Ці пыл выгнання. Але… можаце не баяцца, я не буду спрабаваць затрымаць вас.
Жанчына гаварыла спакойна і горда, і толькі пільны назіральнік заўважыў бы, як сціснутыя яе тонкія пальцы — аж збялелі…
Гаштольд Дарбут упершыню дапытліва зірнуў на жонку. Тая смела сустрэла ягоны погляд.
— Што вы даручыце мне на выпадак, калі не вернецеся? Гаспадар памаўчаў, пагладзіў шаблю, што ляжала на стале.
Простую шаблю, без упрыгожанняў, толькі з чаканным малюнкам на дзяржальне — вершнік на кані, з узнятым мячом.
— Выхавайце майго сына так, каб ён у падобным жа выпадку, як і я, не вагаўся, як належыць учыняць.
У дзверы зноў пастукаліся.
— Пане, атрад гатовы. Пан Сташынскі чакае на двары. Пані Дарбутава спахмурнела:
— Нашто ты вязеш з сабой гэтага хлапчыску, Андруся Сташынскага?
— Ён мужчына. І ён ліцьвін. Шкадаванне недарэчы. — Пан Гаштольд паклаў рукі на плечы жонцы, зазірнуў у яе зялёныя-зялёныя вочы. Суровасць на хвілю пакінула яго. — Напэўна, табе трэба было выйсці за аднаго з тых, хто зараз ладзіць балі…
— Я рада, што выйшла за цябе… Голас пані мімаволі здрыгануўся…
— Настуся! Прабач… Я так і не ўпаляваў для цябе срэбную лісіцу, як колісь абяцаў…
Ён — у чорным, і яна — у смарагдавым… На хвілю яны засталіся зусім адны ў свеце — па-за жыццём і смерцю… Але на калідоры чуліся галасы. Тады мужчына зняў з пальца металёвы пярсцёнак і надзеў на палец жанчыны.
— Перадасі сыну, калі яго пастрыгуць у падлеткі.
Атрад быў невялікі — дваццаць узброеных вершнікаў. Пані Настасся стаяла на высокім ганку з драўлянымі калонамі, накінуўшы паўзверх смарагдавай сукні ваўчуру, падбітую зялёным сукном. Андрусю Сташынскаму жанчына, захутаная ў пышны мех, падалася такой маленькай, бездапаможнай і прыўкраснай, што захацелася нечым суцешыць яе… Як у песні — «месячык з неба, зорку з палонкі — для пекнае пані, для чужое жонкі…».
Але пані глядзела на мужа. А той азірнуўся на яе толькі адзін раз — калі ўжо сеў на каня.
— Калі я не вярнуся, не марнуй сябе жалобай. Не пазбягай добрага шлюбу.
— Я буду чакаць сустрэчы… На гэтым свеце — ці на тым. Снег ля дарогі блішчэў, быццам футра срэбнай лісіцы… Сейм прагаласаваў вярнуць княству некаторыя прывілеі.
Можна было больш не бунтавацца. Шкада, гэтага не зразумелі асобныя гарачыя галовы. Мала ім прывілей, а заманулася незалежнасці ад Кароны. Такія бунтаўшчыкі не былі патрэбныя ні Кароне, ні Літве.
Шляхціц Гаштольд Дарбут за «няіставыя ўчынкі»супраць польскіх войскаў быў прысуджаны да зняволення ў вежу. Ад чаго ён памёр там, судовыя паперы не расказваюць. Занатавана — «па волі Божае».
Пані Дарбутова засталася ўдавой. Суседзі празвалі яе «чорная пані» — дзівачку бачылі толькі ў чорных «сармацкіх» строях.
Пра маладога Андруся Сташынскага ніякіх звестак гісторыя не захавала.
Калі разбіваюцца крыжы…
Першыя таполевыя сняжынкі плылі па скверы маленькімі прывідамі.
— Вось тут быў склеп… Тут і тут…
Кастусь вадзіў пальцам па аркушы з акуратна перамаляваным планам.
— Дарэчы, бабуля перадала табе піражкі… З капустай, — ён дастаў з джынсавага заплечніка каробку ад вафельнага торта, загорнутую ў чорны пакет. — Ад Карла Карлавіча сардэчнае «кар».
— Яшчэ цёплыя… — Магдаліна не вытрымала, выхапіла прысмаку, як сто год не еўшы, адкусіла: —Дзякуй!
— Таму я збіраюся зараз на Кальварыю. Хмель пісаў пра гільзу… Калі паперы ў ёй, ёсць шанц, што захаваліся. Узяць шчуп, як у археолагаў… Можа, камяні ад падмуркаў знойдзем… А ў гонар чаго чырвоная сукенка? Нібыта першамайскія святы прамінулі.
Добра, што ў гэты момант Магда не паспела адкусіць наступнага кавалка — так раззлавалася. На сябе, бо няёмкасць і шчымленне не праходзілі, і на гэтага нахабу, якому так лёгка і проста.
Адказ гучаў выклікам:
— Мы з Маркам раніцай падалі заяву ў загс.
Цёмныя вочы Сташынскага толькі трохі прыжмурыліся — нібыта пільней у яе ўглядаўся.
— Віншую. Вы цудоўная пара. Нявесты колісь былі менавіта ў чырвоных сукенках. Мода на белыя пайшла ад Марыі Цюдор, калі яна выходзіла за французскага прынца.
— У мяне проста іншай сукенкі няма, — скрозь зубы працадзіла Магдаліна. — Я сукенак і спадніц не люблю.
І ўсё… І ён далей разважае пра магілы ды скляпенні. А чаму Магдзе балюча? Дурніца! Заўсёды ж ведала, што гэты насмешнік зусім ёю не цікавіцца. Ды і яна ім. Гэта ейнае самалюбства вярэдзіць.
— Слухай, раз ты вучылася ў Літаратурным інстытуце, што ты пішаш?
Магда нават разгубілася:
— Артыкулы. Крытычныя.
— Які з цябе, прабач, крытык? Ні ведання, ні досціпу, ні «рытуальнай злосці». А што для душы?
І Магда нечакана сказала:
— Я вершы пішу.
— Прачытай.
У паэткі зашумела ўвушшу. Марку яна не паказвала свае рыфмаваныя спробы ўжо даўно, з тых часоў, як ён сказаў, што паэта з яе не выйдзе. І нікому не паказвала… Можна ўявіць, як спляжыць іх гэты «спецыяліст»… Але радкі, як прызнанне злачынцы, чамусьці самі рваліся з вуснаў, чамусьці адчувалася: пры гэтым хлапцу — можна.
Толькі магілы ёсць у мяне.
Траву па-над імі вецер кране,
І адгукнуцца сурмы нябёс.
Як над магілаю дрэва — мой лёс.
Я паўтараю вашы сляды,
Я разбіраю почырк сляпы,
Кветкі сплятаю, словамі ўю.
Я вас не бачыла. Я вас люблю.
Яна чытала яшчэ і яшчэ. Кастусь не лгаў. Ён не захапляўся, не рабіў заўваг. Сядзеў і слухаў. Што тут такога? Птушка спявае. Таполя рассявае белы пух. Магдаліна чытае свае вершы.
— Запомні,— амаль жорстка сказаў Кастусь. — Цябе не павінна турбаваць, што скажу я ці хто іншы. Слухай сябе. Ты яшчэ дзіця. Але ў цябе пачалі расці крылы. А яны альбо ёсць — альбо іх няма. І ніколі не будзе. Імітацыя палёту, папяровыя самалёцікі, вышыня трыбуны відочныя гэтак жа, як відаць, што чалавек сляпы… Не бойся і не саромейся сваіх вершаў. Яны крылатыя істоты.
— Але мне страшна, — прашаптала Магдаліна. — Чамусьці тое, што да мяне прыходзіць, такое сумнае… Можа быць, гэта ад таго, што я пачала пісаць на беларускай мове?
— У рускага паэта Георгія Адамовіча ёсць выказванне: «Грусть мира поручена стихам. Не будьте же изменниками». Так што не бойся. І… пачытай яшчэ.
А па скверы ішоў Марк Ялецкі. Нібы не заўважыўшы Сташынскага, загаварыў да Магды:
— Добра, што тваю сукенку відаць за квартал. Я, між іншым, столік у кавярні замовіў. А ты… — павярнуўся да Кастуся, не хаваючы раздражнення, — адчапіўся б ужо ад дзяўчыны.
Кастусь узняўся з вінаватым выглядам, ускідаючы джынсавы заплечнік за спіну.
— Прабач, Марк… Але я не ведаў, які ў вас дзень, пакуль Магдаліна не прызналася. Віншую вас.
— Кастусь! Вы на Кальварыю? — затрымала яго Магда і зірнула на Марка такімі зялёнымі вачыма, што пярэчыць было нельга. — Марк! Пойдзем з ім! Гэта апошні след!
У шатах дрэў сноўдалі вароны. Усе планы былі дарэмныя. Нябожчыкаў тут пачалі хаваць нашмат раней, чым месца сталася афіцыйнымі гарадскімі могілкамі. Гэта быў некропаль-лабірынт, дзе магілы былі над магіламі, а памяць жабравала на пагосце.
На Кастусёвым плане значылася тры склепы справа ад касцёла. Ад аднаго застаўся падмурак, на месцы другога — паўзарослая яміна ад бомбы. Трэці, ацалелы, не меў блакітнага трохкутніка. На сметніцы ля цаглянай сцяны валяліся ржавыя крыжы, парудзелыя вянкі і расколатая мармуровая пліта з магілы былога мінскага губернатара. Карціну дапаўнялі свежыя яміны і барозны, быццам тут нядаўна гізавала сям'я дзікоў.
— Ну, што, будзем магілы Кастусёвай драцінай пароць? — з'едліва азваўся Марк. — Ар-рыгінальна я святкую заручыны.
Кастусь моўчкі садраў газеты са сталёвага «шчупа» — штыраў метр даўжынёй, з разметкай і завостраным канцом. Магда ўявіла, як гэты завостраны канец уваходзіць у мяккую магільную зямлю і ў… Не, далей лепш не дадумваць.
— Давайце напачатку ў той, ацалелы, склеп!
— Прыкметы не супадаюць, — змрочна сказаў Кастусь. — Дый і мінулы раз замок вісеў. У тым склепе трунары ды прыбіральшчыкі свае прылады звалілі.
— Склеп перабудоўвалі — увесь як у латках. Наверсе, ля даха, закладзена старымі цаглінамі. Нібыта і са слядамі фарбы ёсць… — Магдзе надта не хацелася пачынаць пошукі сярод магіл.
Да здзіўлення Кастуся, замок вісеў на клямцы, зачапіўшыся зламаным рагом. Унутры кавалкі старога лінолеуму, скрынкі, цэгла, рыдлёўкі, гнілыя анучы, бляшанкі ўтваралі на земляной падлозе кратэры і рыфы. Але ў гэтым адчуваўся парадак — падабенства ложкаў, пасярэдзіне нібыта столік з кавалка фанеры і цаглін. Пад «сталом» тры некранутыя бляшанкі рыбных кансерваў.
— Бамжы начавалі,— грэбліва скрывіўся Марк, падфутбольваючы нагой пустую бутэльку.
— Ды не, бамжы калоцца не будуць. Вунь шпрыцы… І піва з бляшанак не п'юць, — запярэчыў Кастусь. — А вось і правы кут… Ну і яміна! Ды што тут рабілася, гранату ўзрывалі, ці што?
— Вось гэтую? — Магдаліна трымала ў руках дзве жоўтыя жалязякі.
Кастусь выхапіў знаходку:
— Паловы ад снарада! Яшчэ першай сусветнай! Марк узяў адну з жалезак:
— І праўда. Стодваццацідвухміліметровы. Такімі з нямецкіх гаўбіц білі.
Магдаліна кінулася перабіраць смеццё.
— Шукайце ж! Яны былі тут, паперы! У гэтым снарадзе! Пошукі цягнуліся ўжо трэцюю гадзіну. Чэрвеньскі дзень доўгі, але ж і ён мусіў скончыцца. Вечарэла. Маладыя людзі нагадвалі ахвяр залатой ліхаманкі. Нават касцюмчык Марка, як гаспадар ні ашчаджаў яго, жывапісна прыўкрасілі брудныя пісягі.
— А-а-а! Га-га-га!
Гарлалі не вароны. Крык даносіўся з краю могілак. Вароны хмарай узляцелі над шатамі, але іх карканне не магло заглушыць галасы прыхадняў.
Людскія постаці рухаліся між помнікаў, быццам гулялі ў дзіўную гульню. Спыняліся, падскоквалі, тузаліся, набліжаючыся да склепа…
— Яны крыжы на помніках ламаюць, гады! — Кастусь рынуўся напярэймы.
— Магда, дай мне руку! Сыходзім! — Марк пацягнуў дзяўчыну ў супрацьлеглы ад крыку бок.
Магда ўпіралася і крычала:
— Кастусь! Стой! Пачакай! Мы міліцыю паклічам!
— Ідыёт твой Кастусь! Ты не будзь ідыёткай! Бяжым!
Але постаці ў чорных скураных куртках з заклёпкамі абкружылі Магду і Марка. Яны не былі страшныя — падлеткі ў скуранках. Сімпатычныя твары, дагледжаныя, спартыўныя целы… Страшнымі былі вочы. Пустыя, як у аглушанай рыбіны.
— Вашыя дзяды тут таксама могуць ляжаць, — Кастусёў голас зрываўся ад гневу.
Магда зірнула з-за Маркавага пляча. Гісторык, неяк дзіўна выпрастаўшыся, ішоў між двух падлеткаў, якія быццам пасяброўску да яго прыціскаліся. Раптам Магда зразумела, што яму заламалі рукі. Дзяўчына не паспела ні спалохацца, ні ўсвядоміць, што адбываецца: так імкліва ўсё здарылася. Адзін з прыхадняў зароў:
— Яны ў нашым склепе капаліся!
Хутка са склепа данесліся лаянка і выццё. Няўжо з-за кансерваў хвалююцца?
— Ампулы дзе?!! — вочы іх зрабіліся зусім белыя.
— Умазку нашу забралі!
— Ды яны мянты!
Магда нічога не разумела. Да Марка падышоў хлопец у скуранцы. Ён быў нашмат старэйшы за пуставокую дзятву. Смуглявы твар з жаўцізной. І вочы не шалёныя, як у тых. Разумныя, нават сумныя вочы. Як у добрага гаспадара, які ідзе калоць любімае свінчо.
— Адкуль ведалі пра ўмаз? Аддайце…
— Паслухайце, мы нічога не ведаем пра ваш «умаз». Гэта непаразуменне. — Марк гаварыў важка, унушальна…
Смуглявы зіркнуў на яго раскосымі вачыма амаль весела.
— А якога ражна перапаролі склеп? Костачкі калекцыяніруеце?
— Гэта я іх сюды прывёў! — Кастусь таксама гаварыў цвёрда і важка, і ўсе павярнуліся да яго. — Я гісторык! Зараз пакажу пасведчанне з інстытута. Я маю права на археалагічныя даследаванні.
Кастусь падняў свой джынсовы заплечнік, які валяўся ля ўвахода ў скляпенне, дастаў зялёную кніжачку. — Вось… — Смуглявы ўзяў дакумент, няўважна пакруціў у руках і кінуў назад Кастусю. — А ў гэтай гільзе былі дакументы, якія нас цікавяць.
— Праўду казаў Цяпа! Знайшоўся пакупнік на паперкі! — выгукнуў нехта за спінай Магды. — А мы іх паліць хацелі!
Са склепа даляцела адчайнае:
— Цяпа! Яны бібулкі з кайфам патрушчылі! Усе пяць! Смуглявы спыніў скавытанне сваёй зграі.
— Што рабіць будзем?
Марк па-ранейшаму гаварыў ветліва і спакойна, але Магда са здзіўленнем заўважыла, што ён успацеў.
— Мы, відаць, зрабілі вам нейкую шкоду. Гэта выпадкова. Мы кампенсуем.
— Сто рублёў,— змрочна кінуў смуглявы, якога чамусьці гэтак смешна і бяскрыўдна звалі Цяпай.
— Марк, не турбуйся, — вінавата прагаварыў Кастусь. — Гэта цалкам мая віна. Я знайду грошы. А вы, — звярнуўся Сташынскі да смуглявага, — як я зразумеў, маеце патрэбныя мне дакументы. Я гатовы таксама выкупіць.
Цяпа падумаў.
— За паперкі вашы цана спецыяльная. Нясі яшчэ сто — не памылішся. А можа, мне яшчэ што заманецца. Я фантазёр. Ну, шуруйце за грашыма… Дзяўчынка пакуль з намі пасядзіць, мы яе вінцом пачастуем.
— Ды я з вамі пасяджу, — Кастусь гаварыў нязмушана весела. — У гэтых сёння свята, яны дакументы ў загс падалі. Марк, ты Янку Гарэламу патэлефануй. Ён усё зробіць. Пасля разлічымся.
— У мяне з сабой трыццаць рублёў… Вазьміце як залог, — з палёгкай прагаварыў Марк, сунуў грошы смугляваму і пацягнуў за сабой Магдаліну. — Сто семдзесят за намі… Я хутка…
Не паспелі адысці некалькі крокаў…
— Э, не… Адкуль нам ведаць, будзеце вы гэтага, з хвосцікам, выкупляць ці не? Дзяўчынка застанецца.
Магда адчула, што Маркава рука ўздрыгвае.
— Я з ёй застануся.
— Ты, дзядзька, па грошы пойдзеш, нявесту сваю выкупіш, — распарадзіўся Цяпа. — А раз паненка нашай кампаніяй грэбуе — з ёй гэты хіпі пасядзіць. А мы прыглядзім, каб ён табе рогі не наставіў.
Марк знікаў за дрэвамі, але страху не было. Чаго баяцца тут, у цэнтры горада, калі вунь за агароджай — аддзяленне міліцыі, вунь ходзяць людзі, ездзяць машыны… Да таго ж яшчэ дастаткова светла…
— Кыця-кыця-кыця! — між магіл рухалася дзіўная постаць — старая ў капялюшыку, у доўгай цёмнай сукенцы, на якую было накінутае нешта падобнае да рыбацкай сеткі.
— Зноў гэтая вар'ятка… — зашыпеў Цяпа. — Значыць, зараз бабулькі ад касцёла паваляць… Давайце гасцей сюды… Мы з лысым павартуем, а Сева па «траўку» збегае — грашыма ад дзядзькі разжыліся.
Кастуся і Магду штурханулі ў склеп. За імі зайшлі яшчэ чацвёра, зачынілі дзверы… Скрозь сляпое акенца святло прасявалася так ашчадна, як у краіне ценяў па той бераг Леты. Падлеткі ўселіся на кучы смецця. Засвяціўся агеньчык цыгарэты, варухнуўся, паплыў убок — быццам далёка-далёка блукаў нехта з чырвоным ліхтарыкам.
Магда заціснулася ў кут — і таму, што месца было мала, і са страху. Пад нагамі нешта пахруствала… Цяпер, у цемры, усвядомілася, што яны не проста ў старым будынку, а ў склепе, за брамай на той свет, і страшна падумаць, што — пад нагамі…
Кастусь стаў побач:
— Не бойся…
Раптам цемра выбухнула рогатам. І Магда інстынктыўна прыхінулася да Кастуся… Яны ўпершыню былі блізка адно да аднаго. Дзяўчына схавала твар у яго на грудзях. І страх знік.
Побач гучалі анекдоты пра «вучылак». Напэўна, беспрытульнікі, што збіраліся на гэтых могілках паўстагоддзя таму, былі больш шчаслівыя, чым гэтыя падлеткі ў скуранках, — яны не мелі, на каго крыўдаваць. А ў гэтых былі жывыя бацькі…
Агеньчык цыгарэты з дзіўным пахам пераплываў ад аднаго ценю да другога. Магда падумала, што і яны з Кастусём цяпер — цені… Плынь жыцця абцякала іх. Сэрца Кастуся білася моцна і хутка… І Магда адчула, што яе ўласнае сэрца зноў абрываецца і ляціць… Куды? Дзяўчына скаланулася…
Рука Кастуся асцярожна кранула яе валасы… Пагладзіла… Затрымалася… Ён туліў яе галаву да сябе. Але ягоная рука дрыжэла… І Магда раптам зразумела, што ён адчувае тое самае, што і яна!..
І зямля загайдалася пад яе нагамі — сапраўды бы донне Харонавага чоўна. І, каб не знікнуць назаўсёды ў краіне ценяў, Магда ўхапілася за таго, хто стаяў з ёй побач і чыё сэрца білася ўсё хутчэй, хутчэй — быццам ён даганяў сваё скрадзенае шчасце…
— Нешта госці нашы прыціхлі… — Прамень ліхтарыка, як клінок, разануў па цемры. — Во, глянь, што робіцца! З кім жа тады дзяўчына заяву падавала? З гэтым хвастатым ці з тым дзядзькам?
Калі яны адышлі адно ад аднаго, за расчыненымі дзвярыма скляпення дрэвы велічна змыкалі цёмныя шаты, між лістоты міргала першая зорка, фізіяноміі падлеткаў у скуранках крывіліся ўсмешкамі, а Цяпа гаварыў:
— Та-ак… Недаглядзелі мы, хоць дзядзьку абяцалі. Трэба чырвонец саступіць.
Агонь і жалеза
Марк прынёс для Магды белую куртачку і клапатліва дапамагаў зашпіліцца. Чырвоная сукенка хавалася пад белым, быццам правіна. Бялявы хлапчыска пералічваў грошы. Сто семдзесят рублёў. Падлеткі задаволена загулі.
— Ну што, у разліку?
Цяпа зрабіў рукой шырокі жэст:
— Арыведэрчы, Рома! Тупайце на ўсе чатыры.
— А паперы з гільзы? — азваўся Кастусь.
— А на паперы, я ж сказаў, цана спецыяльная. — Вочы Цяпы таксама не натуральна блішчэлі. Відаць, «траўкі» Сева прынёс…
— Вы ж атрымалі за тыя паперы сто рублёў…
— А я фантазёр. — Магда адчула, што гэты чалавек на мяжы свядомасці.
Марк цягнуў яе ў бок брамы, шэптам выказваючы ацэнку ейным разумовым здольнасцям, але яна марудзіла, прыслухоўваючыся да перамоў.
— Што вы хочаце яшчэ атрымаць? — Кастусь стараўся быць спакойным.
— А што трэба чалавеку для шчасця? Хлеба і відо-вішч! — голас смуглявага гучаў лена. — На хлеб мы ад вас атрымалі… Цяпер нам патрэбныя відовішчы.
Падлеткі пачалі наперабой выказваць свае пажаданні, спрэс непрыстойныя. Цяпа спыніў іх:
— Каханне і смерць… Што яшчэ можа разагнаць нуду жыцця? Выбірайце. Або дзяўчынка пакажа нам стрыптыз… Зараз сцямнее, мы падсвецім ліхтарыкамі — прыгажосць на фоне магіл! Узбуджае! Не, не, ніякага гвалту. Сеанс дзесяць хвілін — і паперы вашыя.
— Цяпа ў нас паэт! — горда прагаварыў налыса стрыжаны хлапчук.
— Гэта проста пераходзіць усе межы! — зароў Марк. — Ану, пайшлі адсюль! — і тузануў Магду за руку.
— Стрыптызу не будзе. А што за другім разам? — гэтак жа спакойна спытаў Кастусь.
— Або хто-небудзь з вас пайграе са мной у ножычкі.
— Па якіх правілах?
— Сам-насам, да першай крыві.
— Неціка-ава. Давайце да трэцяй, — працягнуў хтосьці з падлеткаў.
— Да сёмай! Гэта крута!
— Добра, давайце да сёмай.
Святло ліхтара ля касцёла дазваляла разглядзець, як блішчаць вочы чалавекаў у скуранках.
— Ды ці маеш патрэбнае нам?
Адзін з хлапчукоў — яго зусім разабрала «траўка», так што хістаўся чарацінай, — дастаў з чорнага пакета пляскатую кардонную каробку і працягнуў смугляваму. Той няспешна зняў накрыўку.
— Вось… Падыдзі, зірні…
Кастусь коратка ўздыхнуў:
— Яны…
— Вы сабе як хочаце, а я ў гэтым шоу не ўдзельнічаю, — голас Марка грымеў на ўсе могілкі.— У мяне яшчэ дваццаць рублёў ёсць, бярыце, і разышліся. Цяпа скрывіўся:
— Схавай грошы, дзядзька. Давай, Сева, падпалі паперкі. Відаць, пакупнікам яны без патрэбы.
На рагу першага аркушыка расцвіла чырвоная кветка…
— Марк, Магда, ідзіце дамоў,— цвёрда сказаў Кастусь. — Гэта ўжо мая справа. — I да смуглявага: — Давай пагуляемся ў ножычкі.
Смуглявы задаволена ўсміхнуўся і пацягнуў маланку на скуранцы.
— Распранайся да пояса…
— Не трэба! Лепш я… — Магда вырвалася ад Марка, адбеглася і дрыжачымі рукамі пачала расшпільваць куртку.
— У-у-у! — зацікаўлена загулі падлеткі. Але Кастусь раўнуў:
— Калі ты зараз гэта зробіш, я буду» гуляць у ножычкі» з усімі імі! Марк, чаго чакаеш, забірай яе!
Магда адчула, як дужыя рукі Марка адрываюць яе ад зямлі і ён нясе яе да выхаду з могілак, нягледзячы на пратэсты. Ужо ля брамы іх нагнаў адзін з хлопчыкаў.
— Вы… гэта… міліцыю не клічце. Цяпа майстар. Насмерць не зарэжа. Падрапае толькі… А калі мянты падыдуць, гамон хвастатаму. Цяпа любіць, каб сумленна ўсё было. Магдаліна плакала ля белай брамы і рвалася на могілкі. Марк затуляў яе ў абдоймы, штосьці супакаяльнае нашэптваў, спрабаваў адвесці далей… Дарэмна. Ну не будзеш жа ў цэнтры горада цягаць на плячы дзявулю! На іх і так азіраліся рэдкія прахожыя. Дзейнічала толькі пагроза, што калі яна не перастане раўці, зацікавіцца міліцыя і Цяпа вырашыць, што гэта несумленна. А з могілак даносіўся вясёлы хор: «Тры! Чатыры! Пяць!», нібыта там гулялі ў жмуркі.
Вароны зашумелі ў чорных нетрах шатаў, быццам паўз іх праляцела нечая душа.
— Се-ем!
Магда вырвалася з абдоймаў Марка і кінулася па цёмнай прысадзе, далёка ў канцы якой гарэў агеньчык над дзвярыма касцёла, як сумны анёл.
Цішыня палохала. Ад яе спынялася сэрца… Між магіл павольна рухалася чыясьці постаць…
— Кастусь! Што з табой?
У святле ліхтара Магдзе падалося, што ён памірае — спрэс заліты крывёю. Хлопец прыціскаў да грудзей свой заплечнік у цёмных плямах і ўсміхаўся.
— Усё нармальна… Толькі драпіны. Праўда, Цяпа перамог — чатыры-тры на яго карысць. Але нават паабяцаў прыйсці на краязнаўчы гурток.
— Прыдурак! — прашыпеў скрозь зубы Марк. — Паперы дзе?
— Тут… — Кастусь паказаў на заплечнік.
— Давай… Яны ж належаць Магдзе, ты сам казаў? Кастусь паслухмяна адкрыў заплечнік. Марк выхапіў каробку, загорнутую ў чорны пакет, і паклаў у свой дыпламат.
— Магдаліна, пайшлі…
— А ён?
— О, Госпадзе, калі ж гэта скончыцца!
Марк дастаў з партманета грошы і раздражнёна працягнуў Кастусю:
— На табе тры рублі на таксі. Той адмоўна пакруціў галавою.
— Дзякуй, свае ёсць. І заўтра вярну дзвесце рублёў. Ялецкі толькі раздражнёна фыркнуў:
— Янку свайму вернеш. Ягоныя грошы. Магда вырвала руку з рукі жаніха:
— Якое таксі… З яго ж кроў капае!
— Перажыве…
На асветленай вуліцы Кастусь прагаварыў, гледзячы ў зямлю:
— Даруйце, калі ласка… Бывай, прынцэса. І пайшоў…
І яны ўжо ніколі не…
Гэта сапраўды горш за смерць!
— Кастусь! Пачакай!
Магда расшпіліла куртку, сарвала з сябе, працягнула Марку.
— На… І аддай мне, калі ласка, паперы дзеда. Я іду з ім. З Кастусём.
Марк не зрэагаваў, толькі здзіўлена падняў бровы.
— Магдаленка, я ўжо прывык да тваіх выбрыкаў. Але мусіць жа быць мяжа? Не забывай, што мы пачалі сямейнае жыццё.
Але Магда наблізілася да Кастуся, і яе зялёныя вочы палалі.
— Ты кахаеш мяне?
Кастусь памаўчаў і сказаў вельмі проста:
— Я памёр бы за цябе, — зірнуў на Ялецкага. — Прабач, Марк. Я праўда гэтага не хацеў.
— Ты проста нягоднік, — пагардліва азваўся той і звярнуўся да нявесты: — Магда, не дуры. Пасля сама будзеш вельмі шкадаваць.
— Прабач, Марк. Можа, я і пашкадую, але…
— Ты не пашкадуеш, прынцэса!!!
Кастусь схапіў дзяўчыну на рукі, падняў над сабой, закружыў:
— Я хачу тры сыны-каралевічы і тры дачушкі-прынцэсы!
— На сваю мэнээсаўскую зарплату карміць іх будзеш? — сталёвы голас Марка вярнуў закаханых на зямлю.
Магда падбегла да жаніха — абразліва шчаслівая.
— Марк, міленькі, я нічога не магу змяніць. Ты мужны, добры… Аддай мне рукапіс і… даруй.
У прывідным святле ліхтара твар Марка здаваўся сапраўды высечаным з каменю.
— Гэта мая памылка. Трэба было зрабіць цябе жанчынай. Ты ж усё роўна вернешся да мяне! Хто яшчэ будзе з табою так нянькацца? А паперы, прабач, я пакіну сабе.
— Чаму? — разгубілася Магда.
— Таму што напачатку імі павінны заняцца адпаведныя органы. А то налятуць зараз усялякія энтузіясты з хвосцікамі…
Кастусь неўразумела паспрабаваў усміхнуцца.
— Марк, ты жартуеш?
— Мне не да жартаў, як ты мог бы здагадацца. Кастусь збялеў.
— Гэта… гэта подла!
Магда ўмаляла:
— Марк, дарагі… Я разумею, гэта тваё самалюбства… Але столькі жанчын мараць пра такога мужчыну, як ты! Ты для мяне проста занадта добры. Я не падманвала — я проста не ведала, што такое каханне. Прашу, не рабіся ворагам. Ты ж не хочаш сапраўды перадаць паперы майго дзеда гэтым…
— Не толькі хачу, але і павінен, — важка, нават насмешліва сказаў Марк і рушыў да аўтобуснага прыпынку.
— Стой! — кінуўся ўслед Кастусь. — Аддай рукапіс!
— Забяры, падонак, як забраў маю нявесту! — Марк раптам зрабіў рэзкі рух рукой, і Кастусь сагнуўся напалам, хапаючы ротам паветра. Але зноў дагнаў Марка…
Яшчэ хвіля, і яны ўдвух пакаціліся па зямлі… Марк падмяў пад сябе хлопца і біў з такой злосцю, што Магда падумала — заб'е… Але вось наверсе — Кастусь…
— Магда! Дыпламат!
Дзяўчына кінулася да Маркавага чамаданчыка, паспрабавала адкрыць…
Проста ля іх спынілася міліцэйская машына. Трое здаровых міліцыянтаў расцягнулі ваякаў.
— Супакоіцца! Вашы дакументы! Марк дастаў з задняй кішэні нагавіцаў чырвоную кніжачку, разгарнуў… Міліцыянт, што трымаў Ялецкага за каршэнь, адышоўся і разам з двума саслужыўцамі ўзяў пад казырок.
— Якія будуць распараджэнні?
Марк змрочна абтрос безнадзейна сапсаваны касцюмчык.
— Забярыце ў дзяўчыны дыпламат. Давайце сюды… — адкрыў, упэўніўся, што каробка на месцы. — Завязіце мяне на Валадарскага.
— А з гэтымі што рабіць?
Ялецкі азірнуўся на Магду і Кастуся. На хвілю яго вочы ненавісна бліснулі і жорсткая ўсмешка перакрывіла вусны, але змянілася стомай.
— Адпусціць…
Машына ад'ехала. Цікаўныя, што на разумнай адлегласці назіралі за сцэнай, расчаравана вярнуліся на прыпынак. А пацалункі, абдоймы — падумаеш, відовішча…
Яны пайшлі пешкі. Праз аксамітную цемру — дзве іскрынкі, якія свяціліся адна для адной. Час ад часу яны спыняліся і зліваліся ў адну.
— Я б цяпер пераплыў Дняпро! — мройна прагаварыў хлопец.
— А мне б цяпер хлеба з салам, — гэтак жа мройна прагаварыла дзяўчына, прыхінуўшыся галавой да пляча свайго спадарожніка, і рассмяялася. — А яшчэ кажуць, што каханне адбірае апетыт!
— Дык у мяне ж засталіся піражкі, што ты не даела! — ўзрадаваўся хлопец. — Адзін знойдзецца для прынцэсы напэўна…
Кастусь палез у свой заплечнік і раптам замёр.
— Што з табой? — спалохалася Магдаліна.
— Ты ведаеш… Цяжка паверыць, але… Марк, здаецца, забраў пакет з тваімі піражкамі!
— Ты хочаш сказаць…
— Вось ён, рукапіс!!!
У святле ліхтара Магда прачытала першыя радкі, напісаныя на пажаўцелай паперы цвёрдым круглым почыркам, і ледзь не выпусціла сшытак:
Толькі магілы ёсць у мяне.
Траву па-над імі вецер кране…
Можа быць, гэта сон? Гэта ж яе вершы?!! Але далей ішло іншае.
Я да сваіх не ўздымуся нябёс.
Толькі магілы — шлях мой і лёс.
Бедны нашчадак, за спадчыну гэту
Не папракай небараку-паэта.
Разам з табой на пагост уздымусь.
Спіць у магілах мая Беларусь.
Эпілог
Хлопец гадоў дваццаці шасці, з сабранымі на патыліцы ў хвосцік валасамі і ўсмешлівымі вуснамі, і зеленавокая дзяўчына, гнуткая, як лазінка, схіліліся, абняўшыся, над вялікім пісьмовым сталом з чорнага дрэва. Перад імі ляжалі разгорнутыя часопісы. У маладых людзей быў аднолькавы выраз твараў — з адбіткам шчасця, не хвіліннага, бурлівага, а такога, што расце свойскім дрэўцам у садзе тваіх будняў і непрыкметна мацнее з году ў год.
— «Вернутыя вершы»… Усё-ткі неяк банальна назвалі…
— Нічога, галоўнае — публікацыя з'явілася! Водгукаў колькі! І добра, што дамагліся прыпіскі: — «З асабістага архіва Магдаліны Дарбут-Сташынскай». Цяпер твае правы ніхто не аспрэчыць.
— Затое пачнуць казаць, што я дзедавы вершы выдаю за свае…
— Не бойся. Твая падборка даказала, што ты самастойны паэт, са сваім бачаннем свету. Гэтага не падробіш. І добра, што абедзве публікацыі з'явіліся адначасова.
— Магчыма… — задумліва сказала дзяўчына. — А што ты даведаўся пра Хмеля?
— Ведаеш… — Хлопец адхінуўся ў крэсле, падбіраючы словы: — Нам цяжка іх судзіць. Невядома, якое пекла яны прайшлі, хто і чым кіраваўся. Я магу толькі прыблізна аднавіць падзеі. Твайго дзеда, беларускага караля, сябры бераглі ад найменшых падазрэнняў. Калі пачалі арыштоўваць — ён быў апошні, каго маглі западозрыць. І на допытах ніхто са змоўшчыкаў яго не назваў. Але ў гэты ж час арыштавалі тваю бабулю. Не ў сувязі з гэтай справай. Напэўна, у цябе ейны характар. Іван Хмель выкупіў яе волю тым, што здаў яе мужа. Потым спрабаваў загладзіць віну, рыхтаваў каралю пабег. За што і быў зноў арыштаваны. Ну а падрабязнасці — «навечна канулі ў Лету, і толькі бурбалкі пайшлі». Бог усім суддзя…
— І застаюцца нам адны магілы… — Дзяўчына закрыла твар тонкімі рукамі. І раптам адчула, што на палец, побач з заручальным пярсцёнкам, слізнула нешта халоднае і цяжкое…
Просты жалезны пярсцёнак з роўнаканцовым крыжам.
— Не, гэта не той самы… — прагаварыў Кастусь, цалуючы руку жонкі.— Я замовіў дакладную копію. Няхай пераходзіць далей, з пакалення ў пакаленне, так?
— Кр-р-рум! — пацвердзіў нехта за іх спінамі, узняўшы такі вецер сваім з'яўленнем, што старонкі часопісаў пачалі перагортвацца.
— Карлуша! — Хлопец і дзяўчына са смехам азірнуліся. Крумкач тупатаў па падлозе, пазіраючы разумнымі чорнымі вочкамі. Ён ведаў, што ўсё мінае…
Але ёсць ніты, які ўплятаюцца ў сувой часу рознакаляровымі сцяжынкамі, то знікаючы, то зноў выходзячы на шэрую паверхню.
Хто ведае, можа, мой ці ваш лёс — таксама працяг, частачка гэтай каляровай ніткі?
І хто мы такія, каб ірваць і зблытваць ніты ў тым, што саткана не намі?
— Слухай, а Цяпа прыйшоў у бібліятэку, на краязнаўчы гурток. І разам з гэткім лысым хлапчыскам прывалок два магільныя крыжы васемнаццатага стагоддзя — на звалцы адкапалі! Загадчыца бібліятэкі пералякалася. Цяпер у экспедыцыю да Янкі папрасіўся. І яшчэ двое з ягонай каманды. Жыве Беларусь!
Жыве.
2001
1
Люблю вандраваць.
Часам гэтая схільнасць ублытвае мяне ў авантурныя падзеі, якія не да твару такой самавітай асобе, як я, з навуковай ступенню кніжкамі і працай у сталічным музеі… Ды не, гэта я перабольшваю наконт маёй самавітасці. Па-ранейшаму не паважаю сур'ёзных паседжанняў і павучальных размоў, увогуле цярпець не магу тое, што называецца «ўпарадкаванасцю». Акуратныя стосікі аркушаў і кніг на пісьмовым стале выклікаюць у мяне адно жаданне — зараз жа раскідаць іх. Утульна я адчуваю сябе толькі ў мастакоўскіх майстэрнях — там, дзе састаўленыя ўздоўж сцен кераміка і палотны, дзе на паліцах аскепкі невядомых пасудзін і дзівосныя букеты з сухіх кветак і птушыных пёраў… Дзе можна знайсці зусім нечаканыя прадметы — ад чалавечага чэрапа да ліхтара, з якім у мінулым стагоддзі абходчык чыгункі сустракаў цягнік… Дзе ў паветры, прапахлым алейнымі фарбамі, нібыта празрыстыя мятлушкі, лунаюць душы ненапісаных карцін. У антыкварныя філіжанкі нальецца кава, і пойдзе размова — пра Мастацтва…
Я — з тых, хто пры мастацтве… Як я хацела быць у ім! Але калі зразумела, што не магу быць сярод лепшых мастакоў, перавялася з мастацкага на мастацтвазнаўчае аддзяленне. Не ведаю, можа, і ўчыніла глупства… Але і на сваёй цяперашняй дзялянцы спрабую нешта зрабіць. «Жанчына з неўладкаваным лёсам» — так, здаецца, гавораць пра такіх, як я? Бліжэйшая сяброўка Нюта сцвярджае, што мой характар і вобраз жыцця проста не выцерпіць ніводзін нармальны мужчына. Цікава, хто, на яе думку, «нармальны мужчына»? Я — не ведаю.
Мае першае і самае моцнае каханне — Альберт Свянткоўскі, мастак. Пазнаёміліся мы з ім на першым курсе. Таленавіты быў вельмі. За талент яму ўсё прабачалі — і пропускі заняткаў, і дробныя хуліганскія ўчынкі кшталту намазанага фосфарам чэрапа ў лабаранцкай. Альберт і сказаў мне наконт маіх перспектыў у мастацтве. Гэта ў яго стылі — гаварыць, што думае, і рабіць, што хоча. Я не была настолькі амбіцыйнай, каб пакрыўдзіцца, тым больш ён зусім не хацеў мяне крыўдзіць. Каханне наша трывала да пятага курса. Да гэтага часу Свянткоўскі паспеў усвядоміць, што я абсалютна непрыдатная для таго, каб грэць яму пантофлі, падаваць каву ў ложак і прабачаць лёгкія флірты дзеля натхнення. Мая «незямная» прыгажосць засталася занатаваная на яго палотнах, а ў мяне застаўся ягоны стары эцюднік, якім я часам карыстаюся. Развіталіся па-сяброўску, ён нават зрэдку тэлефануе мне — па справах, зразумела. Адгадаваў бараду, дабіўся вядомасці, два разы развёўся і тры разы жаніўся… Але Бог з ім, з Альберцікам… Мы былі занадта маладыя, каб грунтоўна псаваць адно аднаму жыццё. А вось наступнае — і апошняе — каханне, Радаслаў Дудкоўскі, ледзь не пахіснуў маё аптымістычнае светаўспрыманне. Пасля таго як Свянткоўскі апошні раз выпіў у маім пакоі філіжанку кавы і дэманстратыўна памыў яе на развітанне — працэдура, якая ніколі дагэтуль не адбывалася без майго напамінку, — я падрыхтавалася да пажыццёвай самоты. Але Радаслаў, Радзік, быў поўнай супрацьлегласцю абцяжаранаму ўласнай геніяльнасцю Альберціку. Ён таксама мастак, і нават някепскі. У адрозненне ад шматколернага Альбертавага буйства Радзік успрымаў свет ахраматычна. Яго гравюры па-свойму стыльныя — акадэмічна правільныя і ў той жа час з нейкай дзівінкай, няўлоўнай няправільнасцю, ад якой звычайныя відарысы ператвараюцца ў снабачанні. Радзік пераканаўча давёў мне, што я — ідэал жанчыны ўвогуле і ягоны ідэал у прыватнасці. Ён прыходзіў у маю аднапакаёвую «хрушчоўку», якая засталася мне ад бабулі, з букетамі ружаў. Варыў украінскі боршч на пліце, якую я ўключала толькі дзеля таго, каб згатаваць гарбату. Заварваў зёлкі, калі я хварэла… Ну і, зразумела, занатоўваў для вечнасці маё аблічча ў чорна-белым варыянце. Карацей, усе сяброўкі і сваякі адзінадушна вынеслі вердыкт, што дурная буду, калі такога мужыка адпрэчу. З Радзікам мы дайшлі нават да загса… І тут пачалося. Высветлілася, што акрамя гаспадарчых здольнасцей, у майго мужа хапае комплексаў і неўрозаў, і я мушу штодзень падтрымліваць яго ў бязлітаснай і няўдзячнай барацьбе — «Радзік — супраць усяго свету». Таму што навокал усе былі зайздроснікі, паклёпнікі, хітруны, ілгуны, спрытныя бездары і кар'ерысты. Над імі ўзвышаўся, кшталту антычнай статуі Немезіды, бездакорны Радзік. Кожны дзень я мусіла выслухоўваць скаргі і жахлівыя падрабязнасці гэтай барацьбы. Цэлы год я ўспрымала мужа ўсур'ёз, як магла, спачувала, падтрымлівала, падзяляла абурэнне… Пакуль аднойчы не паназірала за ім сярод ягоных калег. Пасля я паспрабавала тлумачыць бескампраміснаму змагару, што спадар Н., магчыма, зусім не хацеў яго пакрыўдзіць, а спадарыня К. не падбіраецца да яго пасады… У такія моманты я з адзінага саюзніка ператваралася ў аднаго з ворагаў. І Радзік бег у сваю майстэрню — яна была якраз непадалёк, зачыняўся там і маляваў. Потым з'яўляўся задаволены, млявы і паблажліва дараваў мне. Відаць, для творчага натхнення яму неабходны быў выплеск адмоўных эмоцый. Колькі я перажыла — усё маё… Ён ваяваў з маім «мастацкім вэрхалам» і ўдзелам у экспедыцыях, напачатку нават штовечар пералічваў грошы ў маім кашальку і высвятляў, куды я столькі патраціла. І гэта можна было б дараваць, але Радзік не хацеў мець дзяцей. Ён лічыў, што свет занадта недасканалы, каб ствараць на пакуты яшчэ адну нявінную істоту. Спатрэбілася два гады, каб я ўсвядоміла, што маю справу з неўротыкам і эгацэнтрыстам, нягледзячы на тое, што ён варыў украінскі боршч і падносіў мне пантофлі.
Радзік павёў сябе высакародна і пакінуў мне прас і радыёпрыёмнік «Гарызонт». Астатнюю бытавую тэхніку і частку мэблі перавёз да маці, якая была на сёмым небе ад таго, што любы сыночак нарэшце пакінуў «гэтую змяю і п'яўку ў адной асобе».
Забылася згадаць, што часам Дудкоўскі забягае да мяне, каб упэўніцца, што без яго я не магу даць рады гаспадарцы і ўвогуле прападаю.
Пачалося ўсе з Альбертавага званка, гадзін у сем раніцы. Ды яшчэ цёмнай зімовай парой, хрышчэнскімі маразамі, калі нават з-пад коўдры не хочацца вылазіць.
— Кася, справа важнецкая! Ну ды прачынайся ж ты хутчэй. Цудко памёр. Які, які… Нічыпар Цудко з Наўя. Учора зямляк паведаміў. Засталіся калекцыі, карціны… Кландайк для навукоўца!
Я злосна намацала босай нагой пантофлю, якая схавалася пад скрыню з абуткам.
— Спачуваю, вядома, але… Памятаю я твайго Цудко. Думаю, калі ў ягонай калекцыі і было што вартае, даўно забраў якісьці музей. Куды ён толькі не звяртаўся са сваімі шэдэўрамі… Ведаеш, колькі такіх дзядзек з невыноснымі амбіцыямі па нашых вёсках ды мястэчках? Я іх бачыла досыць і без тваёй пратэкцыі…
Я ведала Альбертаву схільнасць да дзівакаватага дзядзечкі-земляка. Па-першае, таму, што зямляк, па-другое, Цудко ледзь не маліўся на знакамітага суродзіча і ладнае месца ў сваім музеі адвёў для матэрыялаў пра Альберта. Да таго ж рэгулярна друкаваў у раённай газеце водгукі на ўсе акалічнасці яго творчага шляху. Што ж, добрае слова і кату прыемна, і Свянткоўскі апекаваўся самадзейным калекцыянерам, які да таго ж, што самае страшнае, быў і самадзейным мастаком. Запрашаў на выставы ў сталіцу, прыводзіў на кансультацыю да мастацтвазнаўцаў — гэта значыць, і да мяне. На жаль, «адкрыцці» правінцыйнага энтузіяста не вытрым-лівалі прафесійнай праверкі, а яго ўласны жывапіс увогуле псаваў рэпутацыю. Таму я хаця і разумела Альберцікаў клопат пра спачылага, але не збіралася падзяляць яго.
— Старая, ты не ўяўляеш сабе, ад чаго адмаўляешся! Ды я сам бы паехаў, але сёння вечарам адлятаю ў Швейцарыю. Згодзен з табой, дзед быў страшэнным дылетантам, надаваў значэнне многім не вартым таго рэчам. Але, з другога боку, таму сапраўды унікальныя творы ён мог не ацаніць. Ты ж не была ў ягоным музеі, а я быў. Гэта такія сутарэнні, такія завалы матэрыялу… Зараз усё парасцягваюць, круцяцца там розныя падазроныя асобы, а шкада. З'ездзі хоць на пару дзён, зірні прафесійным вокам, можа, нешта адбярэш для свайго музея.
— Ды пры чым тут я? Няхай Цудкоўскімі скарбамі раённы музей зоймецца, як і належыць.
— Разумееш, дзед марыў, каб ягоныя экспанаты трапілі ў сталічны музей. А з раённым меў адносіны, мякка сказаць, складаныя. І ён сто разоў мяне прасіў — калі што, каб я сам паклапаціўся пра ягоныя зборы.
— Па-першае, зіма, а зімой па правінцыі ездзіць задавальнення мала. Па-другое, у мяне толькі пачаўся адпачынак. І я ведаю, як правяду яго. У цяпле на ўласнай канапе.
— Ну паслухай… Мы табе ўсё кампенсуем. Зайдзі ў Міністэрства культуры. Табе камандзіроўку аформяць аж на два тыдні! Рэкамендацыі да мясцовага начальства дадуць. Ну прашу цябе! Калі ты пашкадуеш, што з'ездзіла, я гатовы перапісаць сваю «Князёўну» ў зялёных танах.
Гэта было значнае абяцанне. Партрэт «Князёўны» — наш з Альберцікам яблык разладу. Відаць, да просьбы земляка Альберт ставіўся сур'ёзна.
— Не магу нічога сказаць пэўна. У мяне зусім іншыя планы. Вядома, я паехала ў забытае Богам Наўе, загубленае сярод лясоў і балот Заходняй Беларусі, страшэнна незадаволеная сабой і светам. Паехала, прыхапіўшы Альбертаў эцюднік (а раптам натхненне сыдзе?), не ведаючы, у якую гісторыю патраплю.
2
Наўе нічым не адрозніваецца ад мноства такіх жа маленькіх мястэчак Заходняй Беларусі. На цэнтральным пляцы па-ранейшаму па нядзелях і святах збіраецца кірмаш, вядома, не такі багаты, як некалі. Прадаецца цудоўная мясцовая кераміка, хаця сёння гэты промысел, якому не адна сотня гадоў, амаль знік. На керамічнай фабрыцы адключылі электрычнасць за даўгі, і рэшта майстроў абпальвае свае збаны і місы ў дзедаўскіх печках. Не шныраюць між кірмашнымі радамі шкаляры з мясцовай семінарыі, згаладалыя і гарэзныя… Даўно няма ні тае семінарыі, ні касцёла — толькі рэшткі сцен засталіся… Няма і царквы, што, як і належала, стаяла па другі бок пляца ад касцёла і гэтак сама была панішчаная на пачатку шасцідзесятых. На ўскраіне дзейнічае маленькая драўляная цэркаўка Святой Параскевы, а на другой ускраіне вернікі аднавілі касцёл Святога Станіслава. Затое цэнтр, вызвалены ад культавых будынкаў, прыўкрашае двухпавярховае збудаванне мясцовай адміністрацыі — прыемны афіцыйнаму воку прастакутнік з шэрай цэглы, са сцягам на даху і надпісам: «Слава трудовому народу» на фасадзе. Цікава, чым палічылі б гэты будынак былыя ўладары мястэчка, князі Палецкія? Стайняй? Памяшканнем для прыслугі?
Але мой шлях быў менавіта ў гэты будынак, да цяперашніх уладароў Наўя. Старшыня сельсавета, мажны мужчына, падобны да Фальстафа, ацэньваюча агледзеў маю постаць, захутаную па самы нос у футра. Да таго ж я абвязалася пуховай хусткай, а паўзверх нацягнула скураны капялюш з шырокімі брыламі… Плюс эцюднік ды сумка з выявамі пірамід і Неферціці, некалі прывезеная Радзікам з Егіпта. «Фальстаф» яшчэ раз зірнуў у мае паперы і, відаць, вызначыў мой ранг як досыць высокі для мясцовага маштаба — замітусіўся, запрапанаваў крэсла і гарбату і пачаў кудысьці назвоньваць, каб падрыхтаваліся да прыёму важнай госці.
Наўеўскі краязнаўчы музей, куды мяне адвезлі на старшынёвай белай «Волзе», месціўся ў былым панскім доме, сярод заснежанага поля наводшыбе ад Наўя. Бліжэйшы да яго будынак — царква Святой Параскевы. У Наўі ніколі не было ні палаца, ні замка, адзін гэты княжацкі паляўнічы домік, альбо летняя рэзідэнцыя, — не ведаю, як правільна называць. Лясы навокал багатыя, а трыста гадоў таму, мусіць, зубры ды сарны проста пад вокны падыходзілі. Наколькі я памятала па малюнку ў энцыклапедыі, дом невялікі, двухпавярховы, але жывапісны — мініяцюрная крэпасць са стылізаванымі абарончымі вежамі па кутах і вострым чарапічным дахам. Рэальнасць, вядома ж, аказалася куды больш сумнай. Княскі дом нагадваў арыстакрата, перавыхаванага рэвалюцыйным народам. Урачысты ганак з калонамі знік. Замест дахоўкі — звычайная бляха. Плінфа, з якой былі выкладзеныя сцены, хавалася пад слоем шэрай тынкоўкі. Вокны другога паверха забітыя дошкамі. Але была ў гэтым скалечаным доме і сумная ўрачыстасць даўніны, якую нельга знішчыць, як нельга высветліць да першапачатковай выразнасці фарбы на старой карціне.
Мы зайшлі ў будынак. Драўляная, даўно не фарбаваная падлога, зялёныя сцены ў цёмных рагах, лесвічны праём насупраць увахода таксама забіты дошкамі… Нядаўна тут была школка, дырэктарам якой і працаваў памерлы Нічыпар Цудко, — на дзвярах яшчэ захаваліся цьмяныя шыльдачкі: «4 клас», «Настаўніцкая»… Цяпер, як патлумачылі мае праважатыя, старшыня ды нейкая цётка, здаецца, культарганізатар местачковага маштабу, школу перавялі ў новы будынак, а гэты чакае рамонту — дах праваліўся.
Альберцік дарэмна турбаваўся — наплыву жадаючых прыўлашчыць прыхаваныя ў музеі багацці не назіралася. На дзвярах наўеўскай скарбніцы вісеў новенькі замок, ключа ад якога ні ў старшыні, ні ў цётачкі не аказалася.
— Зараз Вінцука знойдзем, вартаўніка, ён нам адчыніць… Вінцук, Вінцук!
Голас старшыні чамусьці гучаў няўпэўнена, а цётачка незадаволена зморшчылася. Каго можна клікаць у гэтым пустым, як разбіты збан, памяшканні? Успомніліся гісторыі наконт прывідаў у закінутых дамах… У паўцемры калідора нешта зашаргатала, дзверы з надпісам «Кабінет хіміі і біялогіі»раптоўна расчыніліся, і ў светлым праёме вымалявалася дзіўная постаць у ватніку і галёшах на вяровачках. Высокі нязграбны чалавек — ці прывід? — меў гадоў пад сорак. У цёмных доўгіх валасах і барадзе не заўважалася сівізны. Твар худы, а вочы ненатуральна светлыя і глядзяць спадылба, праз нерасчэсаныя пасмы… Проста ваўкалак нейкі, пярэварацень. Чалавек моўчкі, не павітаўшыся, глядзеў на нас.
Старшыня надаў голасу важнасці:
— Ну, Вінцук, адчыняй нам музей. Прадстаўнік з Міністэрства культуры прыехаў.
Барадаты Вінцук не выявіў энтузіязму.
Ён перавёў позірк на маю асобу, затрымаў яго на капелюшы і, гледзячы паўзверх маёй галавы, прагаварыў:
— Дазвол павінен быць… Спецыяльныя паперы. Без дакументаў не адчыню.
Цікава, які дазвол ён мае на ўвазе, санкцыю пракурора, ці што? Старшынёў твар пачаў налівацца чырванню, але я не стала спрачацца і працягнула пільнаму Вінцуку пасведчанне з працы і паперчыну з міністэрства. Вінцук вывучаў іх куды даўжэй, чым старшыня. Я толькі дзівілася, чаму начальства церпіць выбрыкі гэтага тыпа.
Цётачка нахілілася да мяне і амаль нячутна прашаптала:
— Не звяртайце ўвагі… Ён — таго… Ненармальны. Сваяк былога дырэктара школы.
Вось яно што… Сапраўды, лепш не сварыцца. Тым больш Вінцук, хоць і неахвотна, дастаў ключ, які захоўваў не ў кішэні, а на шыі — разам з яшчэ некалькімі ключамі, і дзверы скарбніцы адчыніліся. Не тое каб я была расчараваная… Проста такіх мясцовых музеяў я бачыла мноства. Рушнікі і стэнды са здымкамі герояў Вялікай Айчыннай вайны, драўляныя ступы ды іншыя гаспадарчыя прылады і абавязкова ў куце падвешаная калыска. Дапаўнялі інтэр'ер шматлікія пейзажы самога Цудко — зялёная траўка, сіняе неба, белыя аблокі, партрэты ўдарнікаў працы, ветэраны ў атачэнні піянераў… Адметнасцю былі хіба дзве карціны Альберціка, падараваныя землякам, — зразумела, не лепшыя ягоныя карціны, але талент не можа стварыць зусім банальную рэч. На адной з карцін я нават пазнала ўласныя рысы. Праўда, пазнаць было цяжка, — Альберцік маляваў персаніфікаваную зімовую ноч. Таму я здзівілася, калі Вінцук, які стаяў убаку і змрочна назіраў за нашымі перасоўваннямі па музеі, раптам хутка глянуў на Альберцікаву карціну, пасля — мне ў твар. І зноў утаропіўся ў прастору.
— Баюся, тут для мяне мала цікавага.
— Ды вы ў другую залу прайдзіце, — заспяшалася цётачка, а «Фальстаф» прагуў:
— Вінцук, адчыні…
На гэты раз вартаўнік не стаў спрачацца і марудзіць. Маленькія дзверы, якія я адразу не заўважыла, расчыніліся, і я зразумела, што знаходжуся ў свяцілішчы Наўеўскага краязнаўства — сярод экспанатаў цудкоўскай калекцыі. Сапраўдны правінцыйны свецкі салон дзевятнаццатага стагоддзя! У цэнтры — ломберны столік з інкрустацыяй і два прысадзістыя крэслы. Камоду з ручкамі ў выглядзе грыфонаў упрыгожвалі дзве фарфоравыя вазы, нібыта кітайскія, але хутчэй за ўсё падробка. Над імі несамавітым госцем у панскім доме стракацеў распісны дыван з лебедзямі і несуцешнай прыгажуняй у высокім каптуры… На сценах віселі карціны. Некаторыя я пазнала — Цудко прывозіў іх у сталіцу з надзеяй уразіць экспертаў. З партрэтаў у абдзёртых пазалочаных рамках на мяне, бязродную чужаніцу, узіраліся наўеўскія шляхціцы і іх жонкі.
Вар'ят між тым прынёс цэлае бярэмя папер — рэестр экспанатаў музея з падрабязнымі каментарамі Нічыпара Цудко, і паклаў на ломберны столік. Да гэтага дадаліся яшчэ нейкія папкі з малюнкамі, гравюрамі, плакатамі. Нічога, да вечара ўпраўлюся. Я рашуча пачала расшпільваць футра. Здаецца, цёпла, вунь і грубка ў куце. Маленькія жалезныя дзверцы ўнізе зачыненыя няшчыльна, і відаць жывая палоска агню.
— Да бліжэйшай станцыі падкінеце? — запытала я на развітанне ў старшыні.
Аўтобус у гэтае блаславёнае мястэчка прыходзіў раз на дзень, і мне не хацелася сядзець тут да раніцы. «Фальстаф» запэўніў, што ён і ягоны самаход да маіх паслугаў, і заспяшаўся па сваіх справах. Зазбіралася і кабета.
— Праз пару гадзінак зойдземся да вас, добра? А пакуль, калі што, Вінцук вам дапаможа. Чуеш, Вінцук?
«Ваўкалак» павольна хітнуў галавою і падыбаў з музея. Сапраўды, экземпляр… Ніколі не даводзілася заставацца сам-насам з вар'ятам.
— Ды вы не бойцеся, ён ціхі… Ніколі нікога не крыўдзіць. Жыве тут. Клічце яго смела, калі што спатрэбіцца.
Я засталася адна сярод старой мэблі і цёмных карцін. Было зусім ціха — аж у вушах звінела ад цішы. Мне нават прыйшло ў галаву, што Ваўкалак, як толькі выйшаў за дзверы, растварыўся ў паветры.
Я ўважліва перагледзела ўсё ў зале. Вядома, для раённага краязнаўчага музея многае было б каштоўным. Асабліва зацікавілі мяне дзве карціны, — абедзве я датавала канцом дзевятнаццатага стагоддзя. На адной — жанравая сцэнка з жыцця засцянковай шляхты пад назвай «Вяселле пад прымусам». Нявеста тэатральным жэстам захінала твар, у той час як бацькі гэткімі ж тэатральнымі жэстамі паказвалі ёй на адчыненыя дзверы, за якімі віднелася ганарыстая постаць жаніха ў сурдуце і капелюшы. Другая карціна, «Партрэт студэнта», падалася мне адразу больш старой. Яе паверхня была спрэс у павуцінні дробных трэшчынак, наўскос праз усё палатно бачыўся след ад драпіны. Але карціны маляваў адзін аўтар, які начытаўся гатычных раманаў і перанёс іх атрыбутыку ў свае творы. Студэнт на партрэце завёў вочы пад аблокі і абапіраўся адной рукой на чэрап, а ў другой трымаў сведчанне свайго студэнцкага становішча — падручнік па латыні. Драпіна перакрэслівала яго разумны, трохі нервовы твар, як сапраўдны шнар. Не, наш музей гэта таксама не возьме. Хаця… нешта ў гэтых палотнах ёсць. Нездарма ж яны прывабілі маю ўвагу. Аўтар быў таленавіты, але яму не хапала элементарнай «школы». Яшчэ адзін правінцыйны непрызнаны геній. Шкада, вельмі шкада… Некалі гэтак жа, можа, будуць гаварыць пра мае карціны, калі яны ацалеюць, і гэтак жа спачувальна адстаўляць іх убок.
Мае думкі перарваў раўнадушны голас:
— Не хочаце паглядзець запасныя фонды?
Я ажно падскочыла. Гэты Вінцук — сапраўды прывід. Як ён мог падысці так бязгучна? Але, значыць, убачанае мною ў музеі — не ўсё? Падобна на кітайскі куфэрак, адчыніш шуфлядку — за ёй хаваецца наступная. Ну так, Альберт нешта казаў пра «завалы матэрыялу»…
— А куды ісці?
— У гэтым жа будынку, у сутарэнні.
Цяпер вар'ят павядзе мяне ў сутарэнні… Можа, пачакаць мясцовае начальства?
Вінцук глядзеў паўзверх маёй галавы светлымі вачыма. Я ўсвядоміла, што не чую паху перагару — самага роднага, звыклага паху вясковых вартаўнікоў. І адзежа акуратная, хоць і дзіўная, усе гузікі на месцы. Валасы доўгія, зблытаныя, але чыстыя. І рукі чыстыя, белыя, з доўгімі пальцамі, неяк ненармальна яны выглядалі на фоне старой ватоўкі… Ды ён ненашмат старэйшы за мяне. Яму ад сілы гадоў трыццаць пяць.
— Я туды, у скляпенні, звычайна не пускаю нікога. Нічыпар Хведаравіч усё, што лічыў вартым, вынес сюды, у гэтую залу. Але вы можаце паглядзець. Не бойцеся, я ўзімку неагрэсіўны.
Трэба было чуць, як ён вымавіў апошнюю фразу, з якім тонкім сарказмам. Зусім не просты гэты Вінцук…
— Ну, наважвайцеся, — і ўсміхнуўся — так адкрыта і шчыра, што падалося: з-за ваўкалацкага аблічча вызірнуў зусім іншы чалавек.
І я рашуча паднялася.
Уваход у сутарэнні пачынаўся пад лесвіцай, што вяла на другі паверх. Насуперак маім чаканням, за абабітымі бляхай дзвярыма не аказалася паўцёмнага вэрхалу з плесняй і мышыным віскам. За першымі дзвярыма хаваліся другія — жалезныя, з засаўкай і двума замкамі. Як у сейфе. Электрычная лямпачка асвятліла вялікае памяшканне, застаўленае і заваленае прадметамі мастацтва (ці якія на погляд збіральніка мелі дачыненне да мастацтва). Але ў гэтым завале быў парадак. Уздоўж сцен, на стэлажах — папкі, скульптуры, укручаныя ў мешкавіну. Першае, што прыцягнула маю ўвагу, — мармуровы анёл, з непрапарцыянальна вялікімі, складзенымі на сэрцы далонямі, крыламі, падобнымі на змятую прасціну, і мужыцкім спакутаваным тварам. Ён стаяў на каленях, нахіліўшыся над неіснуючай труною, і безнадзейна смуткаваў.
— Са зруйнаванага касцёла. Частка надмагілля, — патлумачыў Вінцук і пачаў здымаць грубую тканіну са шматлікіх бясформенных фігур…
І ў мяне перахапіла дыханне. Гэта была драўляная скульптура — менавіта наша, беларуская, непаўторная. Не пазней семнаццатага стагоддзя. Раскрыжаваныя Хрысты, каструбаватыя, нязграбныя. Святыя Дзевы са складзенымі на грудзях рукамі. Майсей з вялізнымі рагамі-прамянямі на галаве… Кожная з такіх скульптур была больш вартасная за ўвесь кіч, сабраны ў залах наверсе. «Вядома, нічога дзіўнага, — з горыччу думала я, — што «вялікі знаўца» Нічыпар Цудко не палічыў патрэбным выстаўляць такое «ламачча» наверх». Вырабы мясцовых геніяў былі непараўнальна далёкія ад вытанчаных статуэтак а-ля антычнасць. Шэрае дрэва, паедзенае шашалем, пашкоджанні, часам значныя, надавалі скульптурам зусім нехлямяжы выгляд. Колькі падобных шэдэўраў загінула ў калгасных грубках — страшна ўявіць. Я наблізілася і са здзіўленнем заўважыла, што не так даўно дрэва апрацоўвалі нейкім кансервантам. Можа, Альберцік паклапаціўся? А Вінцук працягваў адкрываць багацці скляпення. Многае, што захоўвалася тут, было, відаць, вынесена з тых жа касцёла ды царквы. Перада мной, як у сне, узнікалі надмагільныя барэльефы, драўляная разьба частак алтара з ранамі ад барбарскай сякеры, фрагменты каваных агароджаў, кераміка — не такая, як наверсе, а вялізарныя гаршкі, дымленыя збаны з паадбіванымі горламі… Скрыня, напоўненая чарапкамі са слядамі ручнога роспісу, кавалкамі кафлі… Якое багацце! Я схапіла са стэлажа папку. Стос жоўтых, махрыстых па краях лістоў… Ды гэта ж «Рэвізская сказка» за 1802 год Наўеўскага павета! А побач стаяла чарка, непрыгожая, зялёная чарка — менавіта такія рабілі на гуце ў суседнім павеце чатыры стагоддзі таму… Падобныя ёсць не ў кожным музеі!
І гэты, з дазволу вашага, калекцыянер выставіў наверх, як найвялікшую каштоўнасць, штампаваную парцэлянавую пастушку, якой прыкрашала свой камод якая-небудзь нэпманша!
Ад абурэння я пачала разважаць услых, і вартаўнік сярдзіта азваўся:
— Наракаеце на дурнога дылетанта — не ўмеў ацаніць багацці, якімі валодаў, і шанаваў кіч? А вы ведаеце, што толькі дзякуючы такім «дылетантам», як Цудко, і захоўваецца большасць скарбаў нашай культуры? Не вы ж, прафесіяналы-тэарэтыкі, выкопваеце з кучы друзу чарапкі, не вы з-пад каўша экскаватара выносіце кавалкі старажытнай скульптуры… Урэшце, усе гэтыя рэчы стаяць тут, яны не выкінутыя на сметніцу, дачакаліся вас, каб вы пра свае «адкрыцці» у дысертацыі напісалі. І ўсё — дзякуючы вясковаму дылетанту.
Мой апанент распрастаў спіну, вочы яго свяціліся непадробным інтэлектам…
— Хто вы такі? — вырвалася ў мяне.
Вінцук адразу змяніўся, нібыта надзеў выпадкова згубленую маску.
— Вартаўнік я.
І адвярнуўся, пачаў старанна ўхутваць скульптуры радном. Але позна — цяпер я была ўпэўненая, што парадак у гэтым скляпенні быў невыпадковы і дрэва было адрэстаўрыраванае менавіта ім. Але паколькі ён не жадаў заводзіць са мной размовы на гэтую тэму, я мудра замаўчала і ўзяла са стэлажоў яшчэ некалькі папак. Вінцук адышоўся ў цемру далёкага кута, паваждаўся там і прынёс мне яшчэ нейкія паперы.
— І гэта пачытайце, вам цікава будзе.
Я выйшла за Вінцуком наверх, яшчэ раз падзівіўшыся фундаментальным дзвярам і адмысловаму набору замкоў.
А наверсе нас ужо чакалі. Фальстафаўская фізіяномія старшыні яшчэ больш ільснілася і расплывалася ва ўсмешцы. Мусіць, таму, што на гэты раз усміхаўся не толькі мне, але і іншым важным гасцям — найперш прыгожай жанчыне ў пясцовым футры. Калі я была ў вёсцы экзотыкай, дык гэтая кабета мусіла здавацца прыхаднем з іншага свету — не таго, адкуль прывіды, а таго, дзе ездзяць у студзені загараць на Гаваі, а ў ліпені адпачываюць на горналыжных швейцарскіх курортах… Жанчына нецярпліва пастуквала аб драўляную абдрапаную падлогу дасканалым боцікам з казачнай срэбнай скуры на высокім абцасе. Светлыя валасы гэтак жа дасканала закручваліся ў локаны, вялізныя шэрыя вочы раўнадушна-ўпэўнена пазіралі на свет. Твар з вытанчанымі рысамі здаваўся лялечным. Аднак угадвалася за гэтай лялечнай красою ўнутраная сіла, ці, хутчэй, уладарнасць. Таму я не адразу разгледзела двух спадарожнікаў прыгажуні, хаця яны таксама заслугоўвалі ўвагі,— бамбіза ў кажуху, не раўнуючы целаахоўнік, і дзядзечка ў доўгім чорным паліто з каракулевым каўняром і ў каракулевай шапцы. «Прынцэса» і яе світа… Старшыня мітусіўся:
— Вінцук, Вінцук, адчыняй хутчэй скляпенне! Вера Сцяпанаўна жадае паглядзець. Ну, хутчэй жа! Давай ключ, я сам адчыню, а то цябе не дачакаешся.
Я паглядзела на свайго нядаўняга экскурсавода і здзівілася. Ён стаяў ля сценкі, засунуўшы рукі ў кішэні ватоўкі, і такі каменны зрабіўся ягоны твар, нібыта ён сам быў часткай нейкага надмагільнага барэльефа.
— Не адчыню.
Мне падалося, што «Фальстаф» зараз лопне ад гневу.
— Ды ты ведаеш, каму адмаўляеш?
— У тым і справа, што ведаю.
«Прынцэса» толькі холадна ўсміхнулася. Бамбіза, відаць, сапраўды целаахоўнік, няспешна падышоў да вартаўніка і працягнуў далонь.
— Давай ключы. Сам дай, а то… Старшыня аж клекатаў:
— Цудко, няхай зямля яму пухам, нікога не пускаў… Цяпер гэты… Там жа адно ламачча, нікому не патрэбнае!
— Гэта не вам меркаваць.
Вінцук стаяў, як каменны рыцар. Бамбіза ўзяўся за яго ватоўку.
Не першы раз даводзілася назіраць такія сцэны… Праўда, звычайна «новыя беларусы» не сустракаюць супраціву — дый тут з боку мясцовых улад, відаць, не сустракаюць. Сунуць сто баксаў — і забіраюць бясцэнныя рэчы. А мы пасля разглядаем фотаздымкі ў каталогах замежных аўкцыёнаў, каб дапоўніць чарговы раздзел айчыннай гісторыі мастацтва. Ці яшчэ горш — забяруць старажытную скульптуру дзеля прыкрасы лецішча, скалечаць па сваім гусце, расфарбуюць, пагаблююць, не спадабаецца — знішчаць. У паціры, у якім прычасце выносілі, кактэйлі змешваюць. Спыніць іх не ў маёй уладзе, але на адкрыты скандал яны не пойдуць, дакладна. Я прадставілася, пералічыла ўсе свае рэгаліі і высокіх асоб, што мяне сюды накіравалі, і запэўніла, што пакуль не зраблю вопіс экспанатаў, якія ўяўляюць цікавасць для майго музея, пакуль не будзе складзены адпаведны акт аб перадачы азначаных рэчаў, ніякіх экскурсій не можа быць. Яшчэ што знікне, а мне пасля адказвай перад гісторыяй.
— Гісторыя перажыве, — прыгажуня працэджвала словы скрозь зубы. — Гісторыя не тое перажывала.
— Вельмі рады пазнаёміцца з вамі, калега, — гэта вылез наперад дзядзечка ў паліто. — Я таксама мастацтвазнаўца, эксперт сталічнага антыкварнага салона. Так што, думаю, мне…
— Абяцаю, калі адбудзецца інвентарызацыя, запрашу вас на агледзіны. А пакуль, выбачайце, я прадстаўляю інтарэсы дзяржавы.
Бамбіза рваўся ў бойку, але «прынцэса», відаць, перадумала, павярнулася на сваіх высокіх абцасіках і пайшла. На развітанне яна кінула доўгі позірк на Вінцука, які, аднак, аніяк не адрэагаваў.
«Фальстаф» пабег услед за гасцямі, пасля вярнуўся. Паколькі з двух аўтарытэтаў засталася толькі я, усё жаданне дагадзіць было скіравана ў адзін бок.
— Выбачайце, Кацярына Аляксееўна, за інцыдэнт. Проста людзі вельмі цікавяцца мастацтвам. А гэты… аблом… не пускае. Ну што здарылася б дрэннага, калі б людзі па-глядзелі?
— А хто гэтая аматарка мастацтва? Старшыня трохі замяўся:
— Жонка Вячаслава Бутава.
— Знаёмае прозвішча, па тэлебачанні часам рэкламны ролік круцяць. Страхавая кампанія ў яго, ці што?
— Так. Але, ведаеце, такія цудоўныя яны людзі, ну такія чулыя… Два гады таму зусім нечакана іх фірма дала нашаму пасёлку грошы на новую школу. Пяць гадоў адзін падмурак стаяў… А цяпер за год выштукавалі — не горш чым у горадзе школка!
Вінцук пачаў мыць уквэцаную нагамі сённяшніх наведнікаў падлогу, няспешна шоргаючы шэрай мокрай анучай. Чамусьці ягоныя мерныя рухі нагадалі мне Харона ў чоўне мерцвякоў.
3
Я ішла за старшынёй па рыпучым снезе — бялюткім, якога ў горадзе не бывае — і гадала, чым выкліканы інтарэс жонкі айчыннага фінансавага бонзы да сціплага местачковага музея. Тым больш да сховішча, у якім не было нічога, што магло б зацікавіць «новых беларусаў». Хутчэй яны маглі б паквапіцца на паліраваны сакрэтнік ці фальшывую кітайскую вазу. Нашто ім пашчапаная драўляная скульптура, чарапкі, надмагільныя камяні ці ржавыя краты, а тым больш мясцовыя архівы векавой даўнасці? Гэта ўсё сапраўды цікава, але толькі для спецыялістаў. Можа быць, варта было б сапраўды пусціць гэтую кампанію ў скляпенне, няхай паглядзяць і супакояцца. Надта ўжо мне не спадабаўся «прынцэсін» бамбіза.
Але я чамусьці ўстрымалася ад таго, каб выказаць слушную прапанову старшыні. З сельсавета патэлефанавала ў Мінск, дамовілася, што заўтра да мяне ў дапамогу прышлюць кагосьці з музея. Паабяцалі нават выслаць «рафік» па экспанаты, якія «мая мастацтвазнаўчая вялікасць» палічыць вартымі для перавозу ў музей сталіцы. (Мармуровага анёла і некалькі драўляных скульптур дакладна трэба будзе забіраць.) Гэта была вялікая перамога, відаць, падрыхтаваная Альбертавымі намаганнямі. Часам я нават шкадую, што вырасла ў Мінску. Прынамсі, ёсць амаль стопрацэнтная верагоднасць, што калі ты нарадзіўся ў вёсцы ці мястэчку і дасягнуў хоць невялікіх, але поспехаў у навуцы, мастацтве ці літаратуры, тваё імя будзе шанавацца на «малой радзіме», згадвацца ў рознага кшталту краязнаўчых выданнях як гонар раёна, а твой фотаздымак упрыгожыць стэнд школьнага музея. А ў нашым доме жывуць два кандыдаты навук, не лічачы мяне, доктар эканомікі, былая балерына, нават стары паэт-песеннік. І суседзі звяртаюць на нас увагі куды менш, чым на ўладальніка «форда» з другога паверха, які завёў серабрыстага колі і зрабіў у кватэры еўрарамонт. Так што пра ягоную круглую ванну з падводным масажам ведаюць усе чатыры пад'езды, а маю кнігу пра магістральныя міфалагічныя матывы ў беларускім мастацтве ХVІ стагоддзя не ведае ў доме ніхто.
Прыступы маніі вялікасці мне хаця і ўласцівыя, як і пераважнай большасці маіх калег, але звычайна не зацягваюцца. Я пачала знаёміцца са змесцівам вынесеных са скляпення папак. У адной былі стосы нудных справаздач — і тады існавала бюракратыя! Колькасць пудоў збожжа і коп сена, сабраных па губерні. Судовыя паперы, падабраныя зусім выпадкова, ніякай храналогіі ці сэнсавай сувязі, нібыта іх выцягнулі навобмацак са смеццевай кучы, хаця, хутчэй за ўсё, так і было. Некалькі «свецкіх альбомаў» павятовых паненак з бясконцымі ўклеенымі «голэмбямі,» анёлкамі і віньеткамі: «Анэля, мілая Анэля, цвіці, як ружа ў майскі дзень». На жаль, у кола знаёмстваў гэтых паненак відавочна не ўваходзілі ні паэты, ні мастакі нават сярэдняга ўзроўню. Нарэшце я ўзяла ў рукі невялікі стос жоўтых папер, перацягнуты выцвілай стужкай, які даў мне Вінцук. Калі на гэтых лістах замільгала прозвішча князёў Палецкіх, я зразумела, што натрапіла на цікавае. Гэта былі копіі афіцыйных папер і два асабістыя лісты, што тычыліся працэдуры разводу княгіні Палецкай, да шлюбу — Даратэі Вяржбіцкай, шляхцянкі, з князем Адольфам Палецкім. З запісу судовага паседжання, якое адбылося ў студзені 1910 года, вынікала, што княгіня Палецкая сама пачала справу аб разводзе. Муж здраджваў ёй з нейкай дзявіцай Ваўчок, зацята гуляў у карты, прамантэчыў усе сямейныя грошы. Так што і ў княгіні, і яе адзінаццацігадовага сына жыццё было не мёд. Да таго ж князь Палецкі ўладкаваў хлопчыка ў нейкую дабрачынную гімназію ў Вільні, і княгіня, у супярэчнасць мужу, лічыла, што дзіцяці там кепска і яго трэба неадкладна адтуль забіраць. Ну і яшчэ адзін довад — шлюб паненкі Вяржбіцкай і князя Палецкага адбыўся без згоды нявесты, але «пад нялітасцівым прымусам шляхціца Вяржбіцкага», бацькі нявесты, і самога жаніха. Паколькі няверны муж папракаў жонку-бунтаўшчыцу тым, што ўзяў яе за сябе «голую і босую», што азначала — без багатага пасагу, княгіня мусіла быць незвычайна прывабнай — іначай чаго б такі лавелас яе дамагаўся? Праўда, князь і сам даўно не меў таго багацця, якім валодаў некалі род Палецкіх, — мусіў жыць у Наўі, куды ранейшыя Палецкія выязджалі толькі на паляванне.
Чым далей я чытала паперы, тым менш сімпатыі выклікаў у мяне князь Адольф. Ён паліваў жонку брудам. І кахалася яна да вяселля з мясцовым доктарам, чалавекам «нядобранадзейным», і кепска выхоўвала сына, і не дбала аб гаспадарцы, і чытала не тыя кніжкі, і ездзіла без дазволу мужа ў вандроўкі… Чым скончылася судовая справа, з папер я не даведалася. Быў яшчэ ліст пана Вяржбіцкага, бацькі княгіні Палецкай, з папрокамі на адрас няўдзячнай дачкі, перасыпаны памылкамі і выразамі «клянуся крыжом твайго дзеда», «хай цябе ратуе ад граху крыж твайго дзеда». На канверце значыўся адрас наўеўскай паненкі Анэлі Дубоўскай з пазнакай: — «для перадачы Даратэі Палецкай». Гэта было ўсё, калі не лічыць паловы аркуша, выдранага з нейкага прыватнага ліста. Магчыма, ліста княгіні Палецкай да сяброўкі, таму што там згадваўся «бессардэчны чалавек, які не дае разводу толькі з-за жадання памучыць», а таксама «бедны хлопчык», якога маці не можа забраць дадому без згоды бацькі. Аркуш абрываўся на загадкавай фразе: «Талісман, што прыносіць нашаму роду адны няшчасці, хаця ты і раіла мне яго прадаць і скарыстаць грошы для паляпшэння майго бядотнага становішча, я нарэшце наважылася аддаць спачылым. Ім ён не прынясе таго зла, якое прыносіў нам».
Бедная княгіня… Мусіць, у яе сапраўды быў раман з мясцовым «нядобранадзейным» доктарам. Уяўленне паслужліва намалявала сцэну таемнага спаткання пад старым дубам, няўдалае выкраданне нявесты, дуэльныя пісталеты ды іншае сентыментальна-рамантычнае шалупінне. Тут жа па асацыяцыі я ўспомніла карціну, якую бачыла ў цудкоўскім музеі, «Шлюб пад прымусам». Цікава, магчыма, гэтая карціна мела рэальны прататып?
Пра ўсё гэта я думала ўвечары на мансардзе драўлянага дома, які належаў новаму дырэктару Наўеўскай школы Анатолю Андрэевічу. Менавіта тут мяне пасяліла начальства. Вядома, «умовы» знаходзіліся на двары, унізе шумна гулялі дырэктаравы дзеткі, ва унісон гулі тэлевізар і радыё… А гаспадыня з чыста беларускай гасціннасцю кожныя пятнаццаць хвілін «забягалася», каб удакладніць, ці не трэба мне чаго, ці буду я есці яешню са шкваркамі, ці лепш дастаць для мяне з каморы алею. За бяскрыўднымі гаспадарчымі пытаннямі праглядалася цалкам зразумелае жаданне бліжэйшага знаёмства. Але гэта ўсё-ткі быў асобны пакойчык, з акна якога бачыўся сярод заснежанага поля далёкі будынак былой школы. Я задуменна глядзела на цьмяны агеньчык у акне першага паверха, дзе, відаць, атабарыўся ваўкаваты Вінцук, і спрабавала ўявіць рэаліі местачковага жыцця стогадовай даўніны. Вось да ганка з калонамі пад'язджае экіпаж, падбягаюць слугі, з экіпажа грацыёзна выходзіць захутаная ў футра жанчына…
Тут мае мары перарваліся, таму што да панскага дома сапраўды пад'язджаў экіпаж, праўда, сучасны. Святло фараў выхапіла з цемры ўхутаныя ў прывідную шэрань постаці дрэў — ганаровую варту зачараванага замка… Хто і навошта ў такі час прыехаў у музей? Відаць, меў рацыю Альберт, калі казаў: — «Парасцягваюць…» Мільганула разумная думка: «Ну якая мая справа…»
…І я хуценька збегла ўніз. Не ведаю, якімі эпітэтамі ў думках узнагароджваў мяне гаспадар, дабрадушны аматар рыбалкі і Чэхава, але ўсё-ткі апрануўся і пайшоў са мною да былой школы.
Каля княскай рэзідэнцыі пабліскваў лакіраванымі бакамі шыкоўны джып. Мне падалося, што ў машыне сядзіць нехта ў серабрыстым футры. Праз адчыненыя дзверы школы чуліся галасы, дакладней, адзін злосны голас, і грукат. Я кінулася туды. Мой гаспадар сунуўся за мною, хоць я амаль фізічна адчувала ягоную неахвоту лезці не ў сваю справу. Сярод вестыбюля ўзвышаўся знаёмы бамбіза са світы шэравокай «прынцэсы». Ён, відаць, «крута» размаўляў з вартаўніком па тым жа пытанні, што і днём, таму што Вінцук, у раздзёртай на плячы сіняй кашулі, спрабаваў узняцца з падлогі, дзе, пэўна ж, апынуўся не па ўласным жаданні.
Пры нашым з'яўленні бамбіза неахвотна выціснуў усмешку:
— Трэба ж, зноў сустрэліся… А мы сюды па сумачку Веры Сцяпанаўны заехалі. Шукалі вось… Ну, добра, я пайшоў. Да сустрэчы, барадаты…
Мы не спрабавалі яго затрымаць. Аўтамабіль ад'ехаў. Дырэктар вылаяў гарадскіх бандзюг і пачаў нудна выгаворваць Вінцуку наконт дысцыпліны, відаць, спаганяючы злосць, што меў на мяне. Вінцук, не слухаючы начальніка, прамовіў мне абыякавае «дзякуй»і зноў зацяўся, як камень.
— Можа, у міліцыю паведаміць? Ці медыцынская дапамога вам патрэбна?
Вартаўнік моўчкі пахітаў галавой, а Андрэевіч ад маіх слоў усхваляваўся. Навошта шум падымаць? Вартаўнік сам вінаваты: пусціў чужых на аб'ект аховы.
Ну, не трэба дык не трэба… Сёння яны сюды наўрад ці вернуцца. Даме, напэўна, час ванну прымаць. Я не сумнявалася, што ў машыне сядзела «прынцэса».
Адыходзячы, я азірнулася на дом, які ў цемры набываў страчаную веліч. Скрозь дошкі, якія шчыльна закрывалі вокны другога паверха, у адным месцы прабіваўся праменьчык святла. Дзіўна… Можа, падалося? Не, свеціцца, праўда, толькі калі глядзець пад пэўным вуглом.
Дырэктару пра сваё адкрыццё я нічога не сказала. Па дарозе дахаты гаспадар, узрадаваны, што інцыдэнт вырашыўся, распавёў мне пра свайго папярэдніка на гэтай пасадзе. Цудко меў славу дзівака, хаця яго ў акрузе паважалі. Ён з няўрымснай энергіяй збіраў у свой музей старыя збаны і посцілкі, сямейныя архівы і рэшткі архіваў мясцовых устаноў. Калі руйнавалі царкву і касцёл з будынкам семінарыі, выцягнуў адтуль усё, што мог, дакладней, што там засталося. Драўляная скульптура, якую я бачыла, валялася ў сутарэннях касцёла, які з трыццаць дзевятага года і да свайго зруйнавання выкарыстоўваўся як склад. Андрэевіч быў яшчэ маленькім хлопчыкам, але памятаў, як бурылі касцёл, як Цудко ўгаварыў трактарыста і той перацягнуў адтуль да школы некалькі мармуровых скульптур і з дзесятак магільных пліт. З усяго захаваўся ў музеі толькі бачаны мной анёл ды тры надмагільныя пліты князёў Палецкіх. Астатнія, казалі, забрала раённае начальства. Я ведала, што гэта значыць — айчынныя нуварышы купляюць старыя каменныя надмагіллі, знішчаюць надпісы і выкарыстоўваюць для ўшанавання памяці памерлых сваякоў. Добры мармур набыць цяжка. А тут яшчэ і з гатовымі малюначкамі трапляецца. Вартаўнік з'явіўся ў школе два гады таму, Цудко ўладкаваў яго перад самай сваёй пенсіяй. Адкуль той Вінцук узяўся — ніхто не ведае; Цудко сказаў, што гэта ягоны далёкі сваяк. Па Наўі адразу пайшлі чуткі, што сваяк выйшаў з псіхіятрычнай бальніцы. Дый гэта ад пачатку было відаць, што чалавек «з прыветам», — з выгляду, як бадзяга, да сялянскай працы не змусіш, толькі дровы сячэ ды ўлетку траву пакосіць вакол школы. Ні з кім не гаворыць, ніхто да яго не прыязджае. Трэба будзе пераводзіць музей у новую школу, але там усё не змесціцца. Давядзецца аддаць большую частку экспанатаў у раённы музей. Рэчы ёсць прыгожыя, шафка, напрыклад, і вазы. Але без іх спакайней. А тады што з вартаўніком рабіць? І выгнаць шкада — прападзе чалавек, забамжуе.
Размова працягнулася за вячэрай, і гаспадыня, якая прадставілася мне як Мацвееўна, выказала сваю думку, што Вінцук той — блажэнны, бо кожны дзень у царкву ходзіць і нават бацюшку бясплатна дапамагае па царкоўнай гаспадарцы.
— Грашыў, відаць, шмат, — глыбакадумна заключыў Андрэевіч пасля трох чарак самагонкі, якую я адмовілася піць. — Калі чалавека нячысцік мучае, ён абавязкова ў царкву пацягнецца… Сабакам брахаць будзе, змяёй круціцца, але да царквы папаўзе…
Пасля такой эзатэрычнай скіраванасці я зразумела, што час укладвацца спаць.
Перад тым як улегчыся пад пуховую коўдру, таўшчыня якой была прапарцыянальная гасціннасці гаспадароў, я яшчэ раз зірнула на далёкі будынак школы і падумала пра святло на другім паверсе. Несумненна, там і схаваныя самыя каштоўныя экспанаты. Як бы толькі пераканаць вартаўніка пусціць мяне да іх?
4
Раніца выдалася сонечная, з марозам. Гаспадары даўно ўсталі і, відаць, паспелі зрабіць шмат патрэбных, спрадвечных гаспадарскіх спраў, пакуль я песцілася пад іхняй пярынай. Нават да маёй мансарды даносіўся пах аладак.
Андрэевіч падрыхтаваў мне сюрпрыз. Паколькі я ўчора так цікавілася асобай вартаўніка, ён схадзіў у новую школу і прынёс ягоную асабовую справу. І зараз сам вывучаў яе. Я ўзяла ў Андрэевіча шэрую папачку і ледзь не ўпусціла, прачытаўшы надпіс: «Віктар Іванавіч Палецкі, вартаўнік». Я зірнула на дырэктара, той толькі паціснуў плячыма.
— Я і сам не ведаў, што ў яго за прозвішча. Вінцук ды Вінцук. Хутчэй за ўсё, проста аднафамілец княжацкі. Апошнія Палецкія з'ехалі адсюль яшчэ ў трыццаць дзевятым, калі Саветы прыйшлі.
Пра жыццё Палецкіх да рэвалюцыі Андрэевіч ведаў мала. Чуў толькі пра старога князя, які надта любіў гуляць у карты, так што прайграў суседнюю з Наўем вёску нейкаму палкоўніку. Ды яшчэ той князь пад старасць звар'яцеў і пачаў «магілы выварочваць». Ці ён проста руйнаваў помнікі, ці захапляўся некрафіліяй, выкопваў трупы, аповеды не ўдакладнялі.
У асабовай справе аказался зусім няшмат звестак пра вартаўніка. Месца нараджэння — Мінск. У графе «адукацыя» — прочырк. Узрост — трыццаць пяць гадоў, значыць, усяго на пяць гадоў старэйшы за мяне. Спецыяльнасць і працоўны стаж — прочыркі, відаць, лічылася, што гэтага няма, як і хатняга адраса. Сямейнае становішча — халасты. Адзіная адметнасць — адзнака, што не прыдатны да вайсковай службы па стане здароўя.
Сёння пасля абеду мусіў прыехаць нехта з музея. Я спадзявалася на сваю сяброўку Нюту, якая пісала дысертацыю па кераміцы. А тут керамікі досыць.
Вінцук сустрэў мяне ветла. Ён нават змяніў прычоску, калі так можна сказаць пра ягоныя кудлы, — пасмы больш не навісалі над вачыма. Ад гэтага твар змяніўся — высокі лоб, вялікія светлыя вочы і просты нос… Можа, і князь… Ну, чакай, я цябе разгавару!
— Я ведаю, што вы з гэтых Палецкіх.
Вінцук адразу сцяўся, падобна смаўжу, які хаваецца ў ракавіну пры набліжэнні небяспекі. Ага, значыць, праўда!
— Няўжо вы думалі, што такі факт застанецца невядомым? Калі вам не хочацца «рассакрэчвацца», магу паабяцаць, што нікому больш не раскажу. Але я павінна ведаць — вы ж нездарма далі мне пачытаць сямейныя дакументы Палецкіх? Прызнаюся — мяне зацікавіла гісторыя княгіні. І я хачу ведаць працяг. А калі я чым цікаўлюся, не спыняюся ні перад якімі перашкодамі. Лепш, каб вы расказалі мне самі, чым я буду корпацца ў іншых, можа быць, неаб'ектыўных, крыніцах.
Вінцук зацягнуў паўзу на добрых пяць хвілін.
— Я мала што ведаю. Маці, праўда, часта расказвала пра сваю бабулю, якая развялася з мужам, князем Палецкім, і з'ехала ў Санкт-Пецярбург.
— Ну а далей што з ёй было? З яе сынам?
— Сына, майго дзеда, яна забрала з сабой, фактычна выкрала. Скончыла медыцынскія курсы. Усё жыццё працавала фельдчаркай. Замуж болей не выйшла. Князь другі раз ажаніўся, меў дзяцей. Здаецца, нехта з іх роду жыве ў Польшчы. Паколькі пасля разводу князь пазбавіў і былую жонку, і яе сына правоў на спадчыну, я ні на што тут прэтэндаваць не магу.
— Значыць, сюжэт карціны «Шлюб пад прымусам»— пра вашу прабабку?
— Яна сама яе малявала. І партрэт студэнта. Кахала гэтага чалавека яшчэ да замужжа.
— А пра які талісман згадвае ў лісце ваша бабуля?
— Крыж, фамільная каштоўнасць. Пераходзіў старэйшаму ў родзе. Лічылася, што ён прыносіць няшчасце. Прабабка пасля разводу яго выкінула.
Вінцук замаўчаў. Зноў адсутны позірк. Па рукаве княскае выцвілае ватоўкі поўз павучок.
— Цікава, а чаму вы даверылі мне свой сямейны архіў?
— Таму што добра вас ведаў.
— Як? Адкуль?! Альберт Свянткоўскі распавёў?
— Нейкім чынам так. Я партрэт ваш бачыў. А Свянткоўскі — таленавіты мастак, значыць, яго карціна расказвае больш, чым сам мастак мог бы расказаць пра сваю мадэль. Мне вельмі хацелася захаваць памяць прабабкі. Яна сапраўды была выбітным чалавекам. Цяпер, калі ведаеце яе гісторыю, і карціны вас зацікавяць. Упэўнены, недзе вы пра яе згадаеце.
Правільна думае. Шляхціцы з партрэтаў ухвальна глядзелі на Вінцука. Мне на хвілю здалося, што на ім гэткая ж старасвецкая вопратка, як і на іх, і ён таксама аддзелены ад мяне стагоддзямі… Таямнічы палац са схаванымі сямейнымі скарбамі і адданым вартаўніком…
— Што ў вас на другім паверсе? Філія музея? Зноў напружыўся.
— Нічога там няма. Там дах правалены.
А маніць не ўмее. Ненатуральна атрымліваецца.
Вінцук адчыніў дзверы скляпення. На мяне пацягнула волкім паветрам. Анёл утаропіў на нешта жахлівае белыя вочы, рот драўлянага Хрыста зеўрае немым крыкам, дальнія куты патанаюць у цемры… Я папрасіла княскага нашчадка вынесці наверх, у залу, тыя папкі, якія не перагледзела ўчора, і скрыню з чарапкамі. Рэестр экспанатаў, складзены Цудко, ляжаў на стале. Вінцук дапамог зручна ўладкавацца… І тут зусім побач ударыў звон. Зараз з'явіцца прывід Чорнага Манаха ці якой-небудзь Белай Дамы… Але звон ударыў яшчэ раз, гэтак жа адсланёна-няўмольна, і сціх. Я ўспомніла, што побач — царква Святой Параскевы. Значыць, з'яўленне прывіду пакуль адмяняецца.
Вінцук, аднак, занепакоіўся:
— Я пакіну вас на гадзінку? Айцец Павал чакае. Няёмка. Абяцаў дапамагчы яму пасля службы…
— Нічога, нічога, ідзіце, я сама спраўлюся. Праўда, мне яшчэ пра многае хацелася вас распытаць…
Але мае словы яшчэ больш прыспешылі вартаўніка. Праз акно я ўбачыла ягоную высокую, трохі прыгорбленую постаць — ён ішоў хуткім крокам у бок царквы. Вось і добра… У прысутнасці Вінцука я адчувала сябе няпрошанай госцяй. Так, ён абараняў музей ад уладных рабаўнікоў, так, за ягонай ваўкаватай знешнасцю ўгадваўся інтэлігентны — дакладней, былы інтэлігентны чалавек, у прастамоўі — «біч». Але нешта ён хаваў і ад мяне, а я не люблю заставацца ў невядомасці.
Я агледзела дошкі, што перагароджвалі лесвіцу на другі паверх. Гэтым шляхам не падняцца. Але хіба тут толькі адна лесвіца? І ў школе, па правілах пажарнай бяспекі, мусіць быць запасны выхад. Ну а ўжо ў княжацкім доме не можа быць адна лесвіца і для паноў, і для прыслугі. Я рушыла ў другі канец калідора. Аказалася, ён там не канчаецца, а заварочвае. У тупіку я знайшла маленькія дзверы без шыльды. Тузанула ручку… Тэхнічнае памяшканне. Я праціснулася між паламанымі партамі… Дзверы з павольным рыпеннем прычыніліся. Добра, ліхтарык з сабою. Ля сценкі — школьная дошка. Можа быць, я выйшла б з гэтага няўтульнага памяшкання, каб не ануча. Звычайная сухая ануча, якой колісь выціралі крэйду, пасля паклалі на палічку ўнізе дошкі, і яна так і прысохла. Чамусьці махры гэтай анучы матляліся, як ад моцнага павеву. Я з цяжкасцю ссунула дошку ўбок. За ёй пачыналася вузкая, як ход шашаля, вінтавая лесвіца, ад яе цягнула холадам. Урэшце, гэта мне цяжка адсоўваць дошкі, а дужы мужчына зробіць такое адным рухам.
Доўгі калідор на другім паверсе наводзіў на сумныя думкі — мусіць, так выглядаюць будынкі пасля бамбёжак. Чорныя бэлькі столі там-сям абрушыліся, пахіліліся да падлогі, быццам штандары перад жалобным шэсцем. Аднекуль сыпаўся дробны снег. Я прыкінула, дзе вечарам бачыла святло: трэцяе акно справа, адчыніла дзверы ў цёмны пакой і скіравала ўнутр прамень ліхтара… І аслупянела. Я знаходзілася ў майстэрні мастака. Звычайнай майстэрні, з маім улюбёным вэрхалам, з пахам фарбаў і пукамі пэндзляў у збанках і гаршэчках. Але не гэта ўразіла мяне. На мальберце стаяла няскончаная карціна. Я ніколі не бачыла нічога падобнага. Яе аўтар меў свой, адметны стыль — фантасмагарычны, з незвычайнымі спалучэннямі колераў, ясны і адначасова туманісты. На фоне начнога зімовага пейзажу, у якім угадваліся краявіды сучаснага Наўя, ляцела прывідная кавалькада паляўнічых — дамы ў сукенках з доўгімі вузкімі шлейфамі, у мехавых шапачках, вышытых перлінамі, з сокаламі на пальчатках, мужчыны ў чугах з пералівістых тканін, з павінымі пёрамі на шапках, узброеныя даўжэзнымі стрэльбамі з раструбамі на канцах. Гэта было захапляючае, вясёлае і трывожнае відовішча. Коні слізгалі па паветры, дамы смяяліся, а над соннай вёскай цягнуліся срэбныя ніткі правадоў электралініі, пакрытыя шэранню.
Ля сцен, павернутыя фарбаванай паверхняй ад гледача, стаялі іншыя карціны. Я пачала іх пераварочваць. Несумненна, яны належалі пэндзлю аднаго мастака, і гэта быў выбітны мастак. У святле ліхтарыка ўзнікалі новыя і новыя сюжэты. Якая фантазія! Якое майстэрства! Я так захапілася разглядваннем, што не зрэагавала ў час — дзверы раптоўна адчыніліся і святло ліхтарыка, ярчэйшага за мой, скіравалася проста мне ў твар і на некалькі імгненняў асляпіла. Калі б у мяне яшчэ былі сумнівы наконт уладальніка падпольнай майстэрні, цяпер іх не мусіла заставацца. Вочы Вінцука з-пад насупленых броваў гарэлі праведным гневам.
— Вы…вы… як вы маглі! Шпіёніць… Паверыў вам… Артыкулам вашым, партрэту… Шчыра збіраўся дапамагчы… А вы…
У небаракі аж рукі трэсліся ад абурэння. Зусім перастаў маскіравацца пад бажаволака. Але я не збіралася адступаць.
— Вы чакаеце, што я зараз пачну прасіць прабачэння і сцвярджаць, што я тут выпадкова, што я не хацела і таму падобнае? Памыляецеся. І апусціце нарэшце ліхтар, а то свеціце мне ў вочы, як на допыце.
Вінцук сумеўся ад майго ваяўнічага тону і скіраваў святло ліхтарыка ўбок, памацаў рукою недзе ў куце, і на столі запалілася лямпа дзённага асвятлення. А я працягвала сваю «псіхатэрапію»:
— Калі вы чыталі мае артыкулы, дык не маглі не зразумець, што я з сябе ўяўляю. Цікаўнасць — неад'емная частка маёй прафесіі. Я ніколі не спынюся на паўдарозе. Неінтэлігентна з майго боку? Магчыма. Мне не раз даводзілася неінтэлігентна дабівацца ісціны, як бы патэтычна гэта ні гучала. Вы, дарэчы, таксама неінтэлігентна мне зманілі, калі я спытала пра другі паверх. І, калі хочаце ведаць, мне вас ніколькі не шкада, і ніякай загадкі для мяне вы не ўяўляеце. Сярод маіх знаёмых дастаткова таленавітых няўдачнікаў-іпахондрыкаў. У мінулым годзе адзін паэт аб'явіў, што кідае пісаць вершы, купіў хутар і шукае там праўду жыцця. А ягоная жонка, мая каляжанка, акрамя дадатковых лекцый яшчэ і нешта рэдагуе па начах да страты прытомнасці, абы дзіцяці на лекі ад алергіі ды спецыяльную дыетычную ежу хапала. Хочаце, раскажу вашу жыццёвую гісторыю ў агульных рысах? Вы падавалі вялікія надзеі, вучыліся… не бяруся па вашай творчай манеры вызначыць, дзе, але ў вышэйшай творчай установе. Вас спасцігла вялікае расчараванне, мусіць, звычайная подласць з боку калег — такога хапае ў нашым блаславёным асяродку. Пасля гэтага вы не сталі зноў стукацца ў дзверы вялікага мастацтва, а вырашылі стварыць яго ўласную філію, гэткую рабінзанаду непрызнанага генія. Выяўляеце з сябе бясшкоднага вар'ята з пакалення «брамнікаў і вартаўнікоў», спажываеце разварыстую вясковую бульбачку і з горкай, але салодкай помстай у душы пішаце палотны, якія свет не заслужыў пабачыць. Вось вам «еще… минчук в Гарольдовом плаще».
Я нагаварыла шмат несправядлівасцей і чакала новага выплеску абурэння і абвінавачванняў у адрас недасканалага свету, персаніфікаванага ў маёй сціплай асобе, але я недаацаніла свайго знаёмца. Маю тыраду ён слухаў сапраўды трохі нервова, пакусваючы вусны, але пад канец супакоіўся і камічна развёў рукамі:
— Здаюся, здаюся. Меа сulра, меа массіма сulра.
1 Вы сапраўды менавіта такая, якой я сабе ўяўляў. І я… напэўна, у нечым такі, як вы гіпатэтычна апісалі. Але нечага вы пра мяне не ведаеце. Таму давайце зачынім маю падпольную… дакладней, паддашную майстэрню і пойдзем уніз, у больш спрыяльныя для гутаркі ўмовы.
— Так, узімку вы сапраўды ціхі,— «ушчыкнула» я інтэлектуальнага вартаўніка.
Ён рассмяяўся так шчыра, па-дзіцячы, што я не магла таксама стрымаць смех. Магчыма, да паранойі тут справа не дайшла.
5
На інкруставаным ломберным століку, пакрытым выцвілай цыратай, дыміліся кубачкі з гарбатай на зёлках, у грубцы (шкада, камін не захаваўся) патрэсквалі дровы, з партрэтаў паглядалі вусатыя шляхціцы і шляхцянкі ў карункавых каўнярах, а насупраць мяне сядзеў у фамільным крэсле князёў Палецкіх прыроджаны Палецкі ў падранай ватоўцы. Што праўда, ягонае аблічча істотна змянілася. Зніклі ваўкаватасць і пустыя позіркі паўзверх субяседніка, змянілася і запаволеная гаворка. Вінцук з відавочным задавальненнем вяртаўся да манер выхаванага чалавека, элегантна адпіваючы гарбату з парцэлянавага кубачка з вензелем. Але што мяне найбольш падкупіла — ён працягваў размаўляць на беларускай мове, вельмі натуральна і прыгожа.
— Вядома, я «падаваў надзеі». Яшчэ б. Матуля з дзяцінства ўбівала мне ў галаву, што я незвычайнае дзіцё, што я мушу стаць вялікім чалавекам і гэтак далей. Акрамя мяне ў яе нікога на свеце не было, і ўсю энергію яна траціла на тое, каб «вывесці мяне ў людзі». Ізастудыя, спартыўная секцыя, музыка… Поўнае кола пакутаў юнага вундэркінда. Ад бацькі я нават прозвішча не ўспадчыніў — маці лічыла, што мне пасуе толькі княжацкае імя.
— Ну што вы, — рассмяяўся мой суразмоўца. — Усяго хапала. Я па натуры чалавек адкрыты… некалі быў. Да таго ж я ў дастатковай ступені валодаю самаіроніяй. Калі б не ўмеў час ад часу пасмяяцца над сабой, даўно б зламаўся. Карацей, рос такі мамчын сынок, удзельнічаў у выставах і конкурсах дзіцячага малюнка, пасля з лёгкасцю паступіў у акадэмію мастацтваў. Усё ў мяне было самае лепшае — верныя сябры, выбітныя перспектывы, і каханне было самае цудоўнае… Прыгажуня, якіх на свеце больш няма. Юная, пяшчотная, узвышаная… Як кветка. У кветкавай краме я яе і напаткаў. Яна стаяла за прылаўкам… Слова «прадаўшчыца» ці «гандлярка» занадта грубае. Багіня з ружамі. Я так і маляваў яе. Пажаніліся. У нас з маці была двухпакаёўка ў цэнтры, праўда, на першым паверсе, з відам на пункт прыёму шклатары. Віта мела толькі прыгажосць і цвёрды характар. Сапраўды цвёрды. Заўсёды ведала, чаго хоча, і ўмела гэтага дабіцца. Я верыў, што хутка пабудую для сваей багіні палац. На жаль, з маёй маці адносіны ў іх не склаліся ад самага пачатку.
— Чаму?
Вінцук уздыхнуў.
— Думаю, мама пагадзілася б толькі на нявестку з каралеўскага роду, і тое наўрад ці. Напэўна, і я быў вінаваты — па маладосці не надаваў значэння многім, як лічыў, дробязям. Віта вырашыла, што мы будзем здымаць кватэру. Тым часам я скончыў акадэмію, мне далі месца ў майстэрні, разам з двума крыху старэйшымі мастакамі. Будучыня мусіла быць цудоўнай. Але яе трэба было чакаць. А Віта чакаць не ўмела. Колькі трэба часу, каб мастаку дабіцца славы? Пяць гадоў? Дзесяць? Дваццаць? Я хацеў працаваць на мастацтва, Віта хацела, каб я працаваў на сямейны дабрабыт.
— Па-мойму, законнае жаданне ўсіх жонак, — не змоўчала я.
— Напэўна… Але тады я быў невыносным ідэалістам. І вось аднойчы прыходжу дадому, а мая багіня ляжыць, бледная, на ложку і плача. Абследаванне выявіла рэдкую смяротную хваробу. Тэрмінова патрэбна правесці курс ін'екцый. Лякарства такога ў нашых аптэках няма, толькі на чорным рынку можна купіць. Каштуе каля дзвюх тысяч долараў. Ні ў мяне, ні ў маіх сяброў такіх грошай пакуль не мелася. Ляжыць жонка, развітваецца са мною. Я пачаў меркаваць, у каго пазычыць, што прадаць. Ледзь не звар'яцеў. І тут якраз тэлефануюць. Прапаноўваюць выканаць адзін невялікі заказ для прыватнага калекцыянера, які заплаціць у валюце, і вельмі добра. Я расцаніў гэта як добры знак і заглынуў нажыўку разам з кручком. На шыкоўным лецішчы, пасля шампанскага з лёдам, прыветныя дзядзечкі ў гальштуках і белых кашулях паказалі мне абраз. Візантыйскі ўзор, чатырнаццатае стагоддзе. Цуд, а не работа! Пытаюцца: «Можаш копію зрабіць? Адзін дзівак замежнік хоча такі мець, а іх вывозіць нельга. Вось ён шукае, хто б напісаў падобны. Намалюеш — дзве тысячы баксаў твае».
— Божа мой, Віктар, і вы пагадзіліся?
— Не стану сцвярджаць, што быў настолькі наіўны, што не адчуў некаторую… падазронасць справы. Тым больш працаваць мяне папрасілі на тым жа лецішчы, ды яшчэ нікому пра сваю працу не расказваць, — замежнік, маўляў, ганарлівы, не хоча, каб ведалі, што ён копію дамоў вязе. Непрэстыжна гэта яму. Двое сутак не разгінаўся — зрабіў абраз, нахваліцца заказчыкі не маглі. Уручылі мне мае срэбранікі, і я палунаў да сваёй багіні… Было позна, я ўвайшоў ціха, каб не пабудзіць хворанькую маю, а яна па тэлефоне размаўляе… Я паслухаў і… Вядома ж, усё адбылося па сцэнарыі.
— Кантрабандысты?
— Так… І самага высокага палёту. Знайшлі да мяне верны ход. Віта толькі плячыма паціснула: чым, маўляў, кепска, грошы верныя, працы няшмат. Каб меў хоць крыху клёпак у галаве, каб можна было са мною па-дзелавому размаўляць, — не спатрэбілася б спектакль разыгрываць. Так што ўсё для маёй жа карысці. Цяпер увойдзем да дзялкоў у «долю». Я буду толькі маляваць, а ўсе «тэхнічныя падрабязнасці» — апрацоўка пад старажытнасць, кліентура, збыт, бяспека — справа «фірмы». А на мае перасцярогі ды ўшчуванні адно: «дах» гэтай «фірмы» так высока, што ніводзін міліцыянт у іх справы нос не суне. Будзем жыць прыпяваючы катэдж сабе пабудуем, машыну купім і гэтак далей. У маёй кветачніцы, аказваецца, быў распрацаваны падрабязны план на шмат гадоў наперад, калі мы што набудзем, калі народзім дзяцей, куды будзем ездзіць… І першы крок па яго выкананні ўжо зроблены. Я выслухаў і… пайшоў у міліцыю.
Я магла толькі развесці рукамі.
— Ваша мама сапраўды выхоўвала вас ідэалістам. Вас пасадзілі?
— Са мной ветліва пагаварылі, запісалі каардынаты лецішча, на якім я працаваў над абразом, прыкметы асоб, якія мяне наймалі… Вядома, пра ролю жонкі я не сказаў ні слова. Зманіў, што сам шукаў заробку і выпадкова натрапіў на гэтых людзей. Потым я доўга сядзеў у кабінеце следчага. Раптам заходзіць мая жонка з натуральным сумам на твары, за ёй некалькі жлабоў у белых халатах. Багіня са слязьмі ў голасе кажа ім, што я пакутую псіхічнымі адхіленнямі і апошнім часам знаходжуся ў дэпрэсіі. Перапрацаваўся, небарака, перахваляваўся… Мне ўшпільваюць супакойваючы ўкол, і… я апынаюся ў дурдоме. Я мімаволі жахнулася:
— Божа мой, сапраўдны дэтэктыў. Вінцук сумна ўсміхнуўся:
— Толькі без высакароднага сышчыка.
— Ну а потым, пасля лячэбніцы…
Твар майго субяседніка нібыта пацямнеў.
— Вы думаеце, гэтае «потым» настала так хутка? Для мяне гэта была вечнасць. Два гады. Што цікава, менавіта ва ўстанове для ідыётаў я нарэшце пачаў усведамляць, якім быў ідыётам да таго, як туды трапіў. Усведамляў, праўда, урыўкамі, у тыя моманты, калі маім мазгам было дазволена працаваць без транквілізатараў. Дарэчы, жонка некалькі разоў прыходзіла да мяне. Угаворвала далучыцца да «фірмы». Нават плакала. І я не ведаю, ці можна яе асуджаць. Ці можна асуджаць чалавека за тое, што ў яго іншыя погляды, чым у цябе, і ён перакананы ў сваёй праваце?
Жартуе, ці што?
— Ну, Вінцук… Віктар Іванавіч, з такой паблажлівасцю можна зайсці вельмі далёка. Злачынствы нельга апраўдваць тым, што злачынцы былі перакананы, што робяць правільна.
— Але ж Віта сапраўды нічога благога мне не хацела, — сур'ёзна патлумачыў Вінцук. — Яна шчыра верыла, што ўсяму віной — толькі мая упартасць. Думаю, я не быў ёй зусім абыякавы. Варта мне было пагадзіцца, і я выйшаў бы на волю і меў бы такое жыццё, якое Віта натхнёна абяцала мне. Але я сапраўды ўпарты. Ёсць межы, якія я не магу пераступіць проста таму, што перастану паважаць сябе. А з усіх няшчасцяў гэта для мяне — самае страшнае. Можна часам ненавідзець сябе, можна сумнявацца ў сабе… Але страціць унутраную павагу — нельга, гэта смерць, пачатак духоўнай пустэчы.
Апошнія словы прагучалі так, як павінны гучаць словы выпакутаванай веры.
Вінцук памаўчаў, адкінуў з ілба пасмачку валасоў і працягваў спакойным голасам:
— Апошні год Віта не прыходзіла. Са мной пачалі абыходзіцца менш жорстка. Я лічыўся ціхапамешаным, маляваў насценгазеты для ўсяе бальніцы, нават зрабіў роспіс у сталовай. І вось выйшаў я на волю. За той час, што быў фактычна ізаляваны ад свету, памерла маці — інфаркт.
Кубачак у руках Вінцука здрыгануўся, і ён паставіў яго на стол. Прымружыўся, як ад стрыманага болю…
— Сябры расказвалі, што яна прыйшла ў бальніцу адведаць мяне, ну ёй і паказалі сыночка — прывязанага да ложка, з пенай на губах і вачыма, што глядзелі ў розныя бакі. Наўшпільвалі ў мяне, напэўна, багата ўсялякай поскудзі… Я пасля бальніцы тры месяцы не мог чытаць. Проста не ўспрымаў сэнсу літар.
Вінцук зноў замаўчаў і раптам спытаў неяк дзіўна абыякава, гледзячы ўбок:
— Вам не надакучыла выпадкам мая споведзь?
У мяне перахапіла голас ад усведамлення, што ён, магчыма, першы раз камусьці ўсё гэта расказвае. Але я разумела, што гэты чалавек не хоча, каб яго шкадавалі. Таму толькі моўчкі пахітала галавою — маўляў, не надакучыла…
— Ну, што ж… Тады давайце налью вам яшчэ гарбаты… Тым больш дэтэктыўная частка сюжэта тут заканчваецца. Калі ажаніўся, Віту прапісаў да сябе, і аказалася, што цяпер у мяне н яма кватэры. Яе на законных падставах прадала па даверанасці клапатлівая жонка, і жылі там зусім іншыя людзі. Госць з дурдома зрабіў на іх тужлівае ўражанне. Людзі аказаліся някепскія, аддалі тое, што засталося з маіх асабістых рэчаў. Спакаваў я чамаданчык і пайшоў… Куды? Прыйшоў у сваю былую майстэрню. Сярод нашага брата хапае кліентаў псіхбальніцы, адзін Ван Гог чаго варты… Так што адхрышчвацца ад мяне не сталі, так я і пачаў жыць — у кутку. Нехта прыцягнуў старую канапу, нехта падзяліўся зімовым адзеннем… Кожны дзень прыходзіў хто-небудзь міласэрны з бутэлькай суцяшальнага рэчыва і, даведаўшыся, што я не п'ю, шматзначна ківаў галавою: ну так, «зашыўся» у бальніцы…
— А як жа карціны? — спытала я. — Чаму нідзе раней не бачыла вашых твораў? Іх немагчыма не запомніць, на любой выставе я іх вылучыла б…
— Карціны… — задумліва паўтарыў Вінцук. — Вядома, мне хацелася зноў пісаць, як хочацца выпрастаць доўга прывязаную ў сагнутым становішчы руку… Але я згубіў веданне — для чаго павінен гэта рабіць. Мусіць, я проста перарос самога сябе былога, як рак-пустэльнік перарастае сваю ракавіну… Тады ён выпаўзае з яе і, безабаронны, мяккацелы, паўзе і шукае новую, большую. Так зрабіў і я. Тым больш, пакуль я лячыўся ад наіўнасці, маё месца ў майстэрні было паабяцана аднаму графіку. Някепскі графік, дарэчы, толькі зануда. А тут я з'яўляюся… Графік палічыў, што гэта спецыяльна падстроена, каб яго пакрыўдзіць. Пачаў дабівацца справядлівасці. Палецкі, маўляў, хворы чалавек, нічога не піша, творча скончыўся, а яго выкарыстоўваюць, каб не даць развіцца магутнаму таленту графіка. П'янкі ўчыняюць кожны дзень, тлум… Пакрыўджаны нават прывёў цесляроў, каб яму адгарадзілі законную трэць майстэрні. Так што маю канапу не было ўжо дзе ставіць. Пасмяяўся я над гэтым змагаром і пайшоў у рэстаўрацыю.
— А як прозвішча графіка?
— Радаслаў Дудкоўскі.
Мне стала горача. Ну, Радзік, абаронца ісціны… Хаця… Хто абагаўляе мяшчаначку з кветкамі, хто захапляецца грамадзянскай пазіцыяй дробнага эгаіста…
Вінцук працягваў:
— Рэстаўрацыя — добрая школа. Я шмат ездзіў па краіне, па блізкім замежжы, працаваў у закінутых храмах, на вышыні, пад купаламі, калі, здаецца, за табой зблізку назіраюць вочы нябесных сіл. Стаў думаць пра Бога. І неяк па-новаму пераацаніў усё, што са мной адбылося. Я адчуў, што паступова набываю апірышча. Адчуў у сабе сілу пісаць… Але ніякага жадання вяртацца ў багемны асяродак у мяне не было. Знаёмая паэтка неяк казала мне: ёсць тры рэчы, якія нельга набыць стараннем. Мудрасць, мужнасць і пакора. Яны толькі даюцца нам звыш. У спрыяльны перыяд свайго жыцця я нічога з пералічанага не меў. Цяпер у мяне ёсць падставы чакаць, што мне нешта дасца. Прынамсі, пакора як абыякавасць да кар'еры ў любым выглядзе. Падчас працы ў адным з кляштараў Гродзеншчыны да мяне падышоў жвавы дзядзечка ў гадах. Пацікавіўся, ці я — Віктар Палецкі. У іх мястэчку быў княжацкі род з такім прозвішчам, можа, я маю адносіны да тых князёў… Гэта быў Нічыпар Хведаравіч Цудко. Нехта з мастакоў расказаў яму пра мяне, колішняга таленавітага юнака, які «загрымеў» у псіхушку, а цяпер зусім апусціўся. Слова за слова, і я пагадзіўся на месца вартаўніка школы і Наўеўскага краязнаўчага музея з правам мець майстэрню ў тэхнічных памяшканнях будынка. Нічыпар Хведаравіч быў душэўны чалавек, ён паабяцаў не афішыраваць, што я — з тых Палецкіх і што я — мастак, выдаў за сваяка, дапамог пазбегнуць некаторых фармальнасцей. Затое я не хацеў хаваць сваё мінулае. Цудко і сам лічыў мяне псіхам, ад якога няшмат толку. Напачатку я маляваў у сутарэннях. Потым, калі дах зусім абваліўся і школу перавялі ў новы будынак, абсталяваўся бліжэй да неба.
Я моўчкі глядзела на спакойны твар вартаўніка. Мне падалося, што дом Вінцуковых продкаў таксама задумліва маўчыць, нібыта ахоўваючы спакой свайго апошняга ўладара… На жаль, гэта была ненадзейная ахова. І прывідная ўлада.
— Слухайце, калі б вы пачалі прадаваць гэтыя свае карціны, вы б маглі купіць кватэру ў горадзе.
— А навошта?
— Тады дом у вёсцы, — раззлавалася я. Падумаеш, незразуметы Дыяген у бочцы з-пад мазуту.
Вінцук толькі ўздыхнуў:
— Справа ў тым, што мая эпапея яшчэ не скончаная. Але гэта доўгая гісторыя… А вам трэба працаваць. Ды і мне таксама.
Ну вось, зараз зноў замкнецца ў сваіх таямніцах… Я запэўніла вартаўніка, як магла, у сваёй шчырай зацікаўленасці. Або ён усвядоміў, што ад мяне не адмаўчыцца, або сапраўды яму трэба было выказацца, але зноў наліў у кубкі гарбаты і працягваў аповед.
— Цудко быў «завернуты» на адкрыцці мастацкіх шэдэўраў.
— Ведаю, нацярпелася ад яго энтузіязму.
— Ён натрапіў на след сапраўды каштоўнай, унікальнай рэчы. Ён жа збіраў сямейныя архівы, і сярод іх быў архіў павятовай паненкі Анэлі Дубовіч, сардэчнай сяброўкі маёй прабабкі Даратэі Вяржбіцкай.
— Гэта тыя паперы, што вы давалі мне чытаць?
— Так. Нічыпар Хведаравіч вычытаў у іх пра сямейны талісман Вяржбіцкіх — залаты крыж з вялікай чорнай перлінай.
— Пра перліну вы мне нічога не гаварылі, — пакрыўдзілася я.
— Зразумейце, чаму… Крыж падарыла аднаму з маіх продкаў, лоўчаму з-пад Наўя Грыню Вяржбіцкаму, сама каралева Бона. Нібыта за тое, што падчас палявання спыніў ашалелага каня, які ледзь не скінуў каралеву. Але была адна тагачасная плётка… Не ведаю, наколькі праўдзівая… Быццам на самай справе Грынь дагадзіў каралеве інакш. Узяў у яе маленькую бутэлечку з бясколернай вадкасцю і прыхапіў з сабою на баль да пана старосты мсцібогаўскага Рыгора Валовіча, які пра каралеву-італьянку дужа кепскія размовы вёў. Пасля таго балю пан Валовіч «смерцію хуткаю памрэ».
— Цалкам магчымая гісторыя, — пацвердзіла я. — Бона — з роду Сфорцаў, майстраў атручваць. І на нашыя землі прывезла італьянскія звычаі. Паатручвала ворагаў багата!
— Не ведаю, за забойства ці за выратаванне быў падораны крыж, але Грынь Вяржбіцкі загадаў пакласці каралеўскі падарунак сабе ў магілу. А ўдава была практычнай жанчынай… І крыж пачаў пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Вось толькі шчасця не прыносіў. Род заняпаў, і ў дзевятнаццатым стагоддзі сапраўды дайшоў амаль да жабрацкага становішча. Крыж з перлінай быў фактычна адзіным пасагам прабабкі. Калі прадзед прайграўся ў карты дашчэнту, то прымушаў маладую жонку прадаць ейны крыж ці хаця б перліну з яго. Сума была б і на тыя часы досыць вялікая. Прабабка адмовілася. Яна была гордым чалавекам. Падобна на тое, што яна паклала крыж у магілу Грыня Вяржбіцкага, як той і наказаў.
— Вось адкуль ваша непрактычнасць! Успадчыненая ад прабабкі,— пажартавала я.
— Напэўна, — засмяяўся Вінцук. — Але… З мясцовых аповедаў вядома, што пасля ад'езду жонкі прадзед зацята шукаў магілу старога лоўчага.
— І не знайшоў?
— Мяркуючы па ўсім, не.
— Чаму? Хіба не захавалася помніка, архіваў?
— Дзіўна, але, відаць, так. Нібыта нехта паклапаціўся, каб і памяці пра майго продка не засталося. Нічыпар Хведаравіч «дастаў» мяне сваімі роспытамі. Корпаўся ў архівах, звяртаўся па парады да розных знаўцаў. Аднойчы трапіў да вядомага мінскага антыквара. У таго былі спісы каштоўнасцей, месцазнаходжанне якіх сёння невядомае, хаця яны недзе ёсць.
Там значыўся крыж каралевы Боны з чорнай перлінай. Нават вага той перліны значылася.
— Чакайце, гэта ж колькі год таму крыжу? Не менш як чатырыста?
— Выходзіць, так.
— Хіба перліна не папсавалася за такі час? Вінцук паціснуў плячыма.
— Я не спецыяліст па каштоўнасцях… Але гаворка пра асаблівы, дужа рэдкі гатунак перлін. Мусіць, і якасці ў яго асаблівыя. Прынамсі, антыквар дужа зацікавіўся. Цудко «расцвіў» ад таго, што прафесіянал нарэшце жадае паслухаць пра ягоныя вышукі. Расказаў усё, што ведаў. І тое, што ў іх школе працуе вартаўніком нашчадак Палецкіх і Вяржбіцкіх, які такія-сякія звесткі пра радавыя таямніцы можа распавесці… Небарака марыў пра шыльдачку з яго імем у сталічным музеі і артыкулы ў навуковых часопісах. І не падазраваў, што мае справу са звычайным мафіёзі.
— Ну вось, а вы казалі, што дэтэктыўная частка скончылася, — папракнула я Вінцука.
Той паморшчыўся:
— Які там дэтэктыў… Гэта хутчэй «мыльная опера». Антыквар меў неафіцыйную гаспадыню, пастаянную кліентку, якая вельмі цікавілася старажытнымі каштоўнасцямі і заўсёды ведала, чаго хоча. Так у Наўі пачала з'яўляцца прыгажуня Вера Сцяпанаўна, жонка мільянера Бутава. Якая ведала, што хоча займець каралеўскі крыж, і ведала нашчадка Палецкіх… Якога вельмі хацела нарэшце «паставіць на месца»… Каб зразумеў, што ісціна — на баку моцных, тых, хто мае ўладу і грошы. Каб убачыць, як ён локці сабе кусае, што страціў сваю «багіню» з-за ўласнага глупства, што не захацеў паслухацца яе… І каб нарэшце паслухаўся.
— Жонка Бутава — ваша Віта?!
Вінцук не адказаў, падняўся і пачаў прыбіраць кубкі са стала, за якім яго прадзед, магчыма, і прайграў суседнюю вёску.
— Адчуваю сябе Атосам, які распавёў д'Артаньяну страшную таямніцу Мілэдзі…
— Калі ёй патрэбны крыж, чаму яна імкнецца патрапіць у скляпенне?
— Перш за ўсё, каб пераламіць мой супраціў. Шчасце яшчэ, што не ведае пра майстэрню, пра мае карціны. Па-другое, у скляпенні — архівы, фрагменты надмагілляў з касцёла. На месцы старых могілак нічога ж няма, бульдозерам раўнялі. Калі ўскрывалі труны, панаехала «людзей у цывільным». І як было каля касцей нешта каштоўнае — пярсцёнак ці крыжык — складалі ў спецыяльныя пакеты. Але антыквар, з якім гаварыў Цудко, сцвярджае, што калі б рэч такой каштоўнасці знаходзілася ў нечых руках, ён абавязкова ведаў бы.
— Гэта праўда. Мяне самую часам здзіўляе абазнанасць такіх дзялкоў, але магу пацвердзіць: у іх зарэгістраваныя ўсе вартыя ўвагі каштоўнасці і ў прыватных калекцыях, і ў самых патаемных сейфах дзяржавы, і ва ўладанні крымінальнікаў. І ўсе перасоўванні такіх прадметаў адсочваюцца. Так што паспрабуй збыць такому дзялку, скажам, сыгнет караля Жыгімонта Старога… Ён за камп'ютэр — і выдае табе, што такі сыкгнет належаў да сярэдзіны семнаццатага стагоддзя Сангушкам, пасля перайшоў як шлюбны падарунак у род Чартарыйскіх… А з верасня мінулага года належыць уладальніку валютнага стрыпціз-клуба бісексуалаў па мянушцы Рванае Вуха… Так што ў вас, даражэнькі, падробка!
Мы рассмяяліся, а пасля Вінцук неяк сур'ёзна сказаў:
— І самае паганае, што ўсё роўна яны прыйдуць і возьмуць, што хочуць. Але трэба, каб на іх шляху стаялі тыя, каго можна перамагчы, але нельга пераступіць. Цудко якраз такім і быў — з ім яны пралічыліся. Ганьба не ў тым, што ты слабы. Ганьба, калі ты не заступаеш шлях злу.
— Я згодна з вамі…
Мы паглядзелі адно аднаму ў вочы. Гэтыя вернуцца. Але саступаць ім нельга. Яны перамогуць. Але мы не павінны здавацца.
6
На панадворку пачуўся вясёлы голас:
— Кася! Ты дзе там, вандроўніца?
Нюта! Прыехала! Мая сяброўка, аддыхваючыся ўсім сваім пышным целам, увалілася ў княскі дом разам з невычэрпным запасам весялосці.
— О, чарапкі! Ай, які цуд, маёліка! Геральдычная кафля! О!
Я з цяжкасцю адарвала сяброўку ад скарбаў у скрыні, вынесенай са скляпення.
— Ты яшчэ паглядзіш, якая скульптура! А хто з табой прыехаў?
— Ну ты летуценніца. Начальства нашага не ведаеш. Зіма, дзеўкі грыпуюць, хто сюды пацягнецца? Падзякуй, што я прыехала.
Вінцук злавіў мой позірк, я неўпрыкмет кіўнула — маўляў, усё ў парадку, поўная канспірацыя, — і ён выйшаў, шоргаючы галёшамі на вяровачках.
Нюта недаўменна паглядзела яму ўслед:
— Хто гэта? Нейкі… нетутэйшы з выгляду.
— Вартаўнік мясцовы. Будзе нам дапамагаць.
Я ўгаварыла Нюту пачаць не з чарапкоў, а са скульптур. Каб справа ішла хутчэй, паклікала зноў насцярожанага Вінцука — н яма чаго выстаўляць сябе бажаволкам. Няхай дапамагае. Нічога з таго, што было ў скляпенні, Цудко ў рэестры не занёс. А трэба было занатаваць усе гэтыя багацці на паперы. Вінцук моўчкі цягаў фігуры, дапамагаў Нюце з абмерамі, я запісвала і рабіла прамалёўкі. Мы вырашылі, што забяром алтарную разьбу, некалькі драўляных скульптур, мармуровага анёла і тое-сёе з керамікі і шкла. Астатняе — варта перадаць у раённы музей.
Мы агледзелі надмагіллі. Пад адным з іх, чорным, з выявай перакуленай паходні, некалі спачывалі Ганна Даратэя Палецкая з роду Кішак і Антоній Валенты Палецкі, яе муж. Абое жылі ў васемнаццатым стагоддзі. Яшчэ адна пліта, з прыгожага шэрага, з ружовымі жылкамі мармуру была з магілы іх дачкі, Агнесы Палецкай, памерлай у шаснаццацігадовым узросце. Пліта была трэснутая напалам, відаць, таму яе і не забралі сучасныя марадзёры. У цёмным куце ляжала яшчэ адно надмагілле, на якім некалі, па старым звычаі, быў высечаны барэльеф у выглядзе статуі нябожчыка. Каму перашкаджала выява памерлага — невядома, але ад статуі добра захаваліся толькі ступакі ног, па якіх было зразумела, што тут ляжаў рыцар у поўным узбраенні. Відовішча жудаснае, нібыта сапраўдны зганьбаваны труп.
— Ну, дасць Бог, сёння збольшага ўсё агледзім, — прагаварыла Нюта, падвязваючы шчыльней вакол галавы стракатую хустку ў кветкі.— Заўтра і дахаты. Табе добра, ты вольны птах, а ў мяне дома кіндэры. Пакінь іх надоўга — невядома, што вытвараць. І бацька не ўпільнуе.
Вінцук павесялеў — цудкоўская калекцыя набывала афіцыйны статус. Заставалася агледзець анёла. Ён быў вялікі, у рост чалавека. Здавалася, яго немагчыма скрануць з месца — анёл схіліў калені ў самым куце, упёршыся крыламі ў сцены, там, дзе пачыналіся стэлажы. Вінцук памармытаў у бараду, прынёс тоўстую вяроўку і абкруціў анёла, які ў жаху пазіраў на свайго катавальніка белымі вачыма.
— Ён што, адзін збіраецца яго зрушыць? — прашаптала мне Нюта.
Та-ак, відаць, з мазгамі ў майго Монтэ-Крыста сапраўды не таго… Між тым Вінцук нацягнуў вяроўку, напружыўся… і анёл скрануўся з месца. Нюта таксама ўхапілася за вяроўку, учапілася і я. Анёл пасоўваўся наперад рыўкамі, нібыта грэшнік поўз на каленях да месца пакарання. Нарэшце ён спыніўся, якраз пад лямпачкай пасярэдзіне скляпення. Нюта па-сяброўску пхнула Вінцука ў плячо:
— Ну ты, Геркулес, спецыяльна трэніраваўся, ці што?
— А гэта я, каб пацвердзіць прымаўку — сіла ёсць, розуму не трэба, — прабурчэў задыханы Вінцук.
— Як, ты яшчэ і гаварыць умееш? — не прапусціла «ўшчыкнуць» наўеўскага мізантропа мая сяброўка.
Вінцук зачырванеўся, закашляўся…
І мы ўтраіх пачалі абмяркоўваць скульптуру. Відаць па ўсім, шаснаццатае стагоддзе. Вінцук заўважыў, што хаця майстар і мясцовы, і адчуваецца адсутнасць школы, аднак за ўзор узятая італьянская скульптура. У Гародні ў касцёле ёсць анёл дакладна ў такой самай позе.
— На жаль, — замагільным голасам абвесціў Вінцук, — мы, беларусы, вельмі любім наследаваць чужым узорам, замест таго каб працаваць, як Бог паклаў на нашу, беларускую, душу. Таму й атрымліваецца ў нас усё наперакасяк.
— Глядзіце, тут нешта напісана! — падала голас Нюта.
Сапраўды, злева, там, дзе засталіся рэшткі ад п'едэстала, на якім некалі стаяў анёл, віднеліся літары… Верхняя частка надпісу. Мы пачалі разбіраць яго, і ў нас атрымалася нешта накшталт «Segitur Nemupodus ultor atergo deus». На жаль, знаўцаў латыні сярод нас не было, і мы пачалі гадаць.
— «Deus» — гэта зразумела, Бог, «ultop», здаецца, ці то «гнеў», ці «помста»…
Вінцук уздыхнуў і наважыўся прызнацца пры Нюце:
— У мяне тут лацінскі слоўнік ёсць… Праўда, маленькі…
Па Вінцуковым слоўніку мы вызначылі, што «ultор» сапраўды значыць «помста», «seqatur» — «пераследуе». Слова «tergo» мы вызначылі як форму ад «tergum» — «спіна». У спалучэнні з прыназоўнікам «а» гэта мусіла значыць прыблізна «за спінай». Значыць, гнеў Божы пераследуе нейкага «немвподуса». Нічога падобнага на таямнічага «немвподуса» ў слоўніку не было.
— Або гэта значыць «грэшнік» ці «злачынца», або гэта нейкае асабістае імя або мянушка… — стомлена сказала Нюта.
— Можа… — пагадзілася я. — Немвподус… А можа, мы нешта не так прачыталі?
Вінцук зноў нахіліўся з ліхтаром да анёла, пашкроб літары пазногцем.
— Па-мойму, тут не «p», тут «r». Цяжка прачытаць, кавалак адбіты.
— Значыць, «немвродус»…
— Ну і што нам гэта дае? — скептычна зазначыла Нюта.
— Немвродус… Немврод… — мяне асяніла. — Радуйцеся, што я такая інтэлектуальная! Так называлі Ісава, брата Іакава, з біблейскай прыпавесці. Таго самага, які прадаў брату права першародства за талерку супу! Нават цытату памятаю: «Немврод — моцны паляўнічы перад Госпадам Богам!» Паляўнічы! Паляўнічы… Лоўчы! І помста Божая за неадплачанае злачынства!
Я пераможна зірнула на Вінцука. Анёл некалі вартаваў магілу лоўчага Грыня Вяржбіцкага!
— Ну вось і сапраўды знайшлі ключ ад таямніцы. Цяпер пастараемся высветліць, дзе раней гэты анёл быў. Андрэевіч, на кватэры якога я жыву, кажа, што памятае, як яго трактарам сюды валаклі.
— Які ключ? Што ты зноў за таямніцы развяла? — накінулася на мяне Нюта. Але я моўчкі складала паперы.
Андрэевіч, якога я нахабна выцягнула з утульнага кабінета новай школы, доўга вадзіў нас па заснежанай пустцы між прадуктовай крамай і нарыхтоўчым пунктам, дзе некалі знаходзіўся касцёл. Правільней, вадзіў адну мяне — Вінцук, які змяніў галёшы-пантофлі на валёнкі, моўчкі цёгся за намі, нібыта ў якасці носьбіта майго мальберта, а здарожаная Нюта пажадала мне хутчэй угаманіцца і пайшла адпачываць.
Мы знайшлі месца, дзе некалі знаходзіўся анёл, — не ў самім касцёле, а звонку, у нішы. Там захаваліся рэшткі сцяны. Што ж, месца вядомае. I што цяпер рабіць? Раскопваць гурбы?
7
У дырэктаравым доме Нюта пасябравала з гаспадыняй і дапамагала ёй чысціць бульбу. У такія моманты я заўсёды востра адчуваю сваю недасканаласць. Ну чаму я не здольная вось так нязмушана сыходзіцца з людзьмі, гэтак спрытна ўпраўляцца са спрадвечнымі жаночымі справамі… Ды яшчэ не ўмею схаваць, што ад гэтых спрадвечных… мяне нудзіць. На кухні накрылі стол. Нюта спявала народныя песні, на што яна вялікая майстрыха. Андрэевіч з жонкай на ўвесь голас падцягвалі. Дзеці смяяліся. Паласатая котка вуркатала і церлася аб ногі. Весела было… Як на хрэсьбінах у багатага суседа. Я ледзь выпрасілася да ложка, атрымаўшы ад Нюты абвінавачванне ў адарванасці ад народу.
Я стаяла ў цёмным пакоі і глядзела на будынак панскага дома. Снег блішчэў у блакітным святле месяца, як атлас. Я ўспомніла карціну Вінцука, і падалося, што над вёскай сапраўды ляціць прывідная кавалькада… Сэрца сціснула туга. Я ўявіла, як мой новы знаёмец сядзіць цяпер адзін у пустым доме сваіх продкаў, куды штохвілю могуць завітаць нягоднікі… Але, хутчэй за ўсё, ён — у сваёй майстэрні і працуе, адасоблены ад свету, недасяжны для зямнога і жорсткага. Я машынальна круціла ў руках ліхтарык. Націснула кнопку… Уявіла, як прамень ляціць, паступова рассейваючыся ў цёмным паветры, бяссілы асвятліць тое, што аддзелена ноччу… Раптам у далёкім акне былой школы таксама загарэўся і згас агеньчык ліхтара. Як быццам стукнуўся ў маё сэрца… Значыць, мы цяпер глядзім адно на аднаго, самотныя ў гэтай начы, у гэтым холадзе, у гэтым свеце…
Знізу даносілася песня пра Касю, якая пайшла воду браці. Я раптам адчула такую тугу, такую адвержанасць ад гэтага месца — са мной бывае, — што апранула футра і кінулася ўніз. Нюта, занятая размовай з Андрэевічам, няўважна зірнула на мяне праз прыадчыненыя дзверы кухні.
На ўсялякі выпадак я прагаварыла:
— Я хутка…
Няхай думаюць, што пайшла ў прыбіральню. Услед даносілася:
— Конь ваду п'е, п'е,
Ножкаю б'е, б'е.
Уцякай, Касенька,
Ён цябе заб'е.
Хай забівае,
Хай забівае.
Я нікуды не пайду,
Бо цябе кахаю.
Ціха… Толькі снег парыпвае пад нагамі, злятае срэбнымі мятлушкамі з чорнага неба. Зоры, знізаныя ў каралі сузор'яў, ажно сляпілі вока. Адчуванне дзіўнай волі пад гэтым цёмным небам, пад гэтымі вострымі зорамі, пах дыму, брэх сабак, светлыя адбіткі на снезе ад вокнаў зліваліся ў адну неверагодна жывую карціну, якую б я хацела — але ніколі не здолею напісаць.
За маімі плячыма не было магутнага дырэктара, таму я думала толькі асцярожна падысці да музея і паглядзець, ці няма слядоў новага нападу. Наблізілася да варотцаў і ціха стаяла, углядаючыся ў цёмныя вокны. Здаецца, усё нармальна. Снег замятаў ледзь бачную сцяжынку да дзвярэй. Раптам яны расчыніліся. На парозе стаяў Вінцук і моўчкі глядзеў на мяне. Я адчула сябе няёмка. Падумаеш, князь…
Пракрычала ад варотцаў:
— У вас усё ў парадку?
Ён падбег да мяне, заграбаючы снег галёшамі. Чамусьці выглядаў усхваляваным, нават голас дрыжэў.
— Я так часта доўгімі начамі стаяў перад акном, углядаўся ў цемру… Марыў, што да мяне вось-вось нехта прыйдзе. Нечая постаць выплыве з вераснёвага дажджу ці студзеньскай завірухі… І ведаў, што гэта толькі мары. І вось — вы…
Я не была падрыхтаваная да такіх рамантычных слоў і зусім разгубілася.
Вінцук, відаць, зразумеў, уздыхнуў і зноў загаварыў звыкла спакойна і крыху іранічна:
— Ведаеце, Кацярына Аляксееўна, я ціхі не толькі ўзімку. Абяцаю схаваць рамантычныя настроі ў кішэню ватоўкі. Князь Палецкі запрашае вас у свой палац, і можаце быць спакойныя за сваю рэпутацыю.
І раптам неяк па-дзіцячы пакрыўджана:
— Слухайце, я зараз змерзну.
Мы зноў сядзелі сярод карцін і старой мэблі. І… сварыліся. Я сцвярджала, што трэба найхутчэй абнародаваць інтрыгу з каралеўскім крыжам, магчыма, праз публікацыю ў прэсе. Арганізаваць раскопкі на месцы гіпатэтычнай магілы Грыня Вяржбіцкага. Карацей, зрабіць усё магчымае, каб каштоўнасць не трапіла ў мафіёзныя рукі. Вінцук, наадварот, прапаноўваў захаваць у таямніцы ўсё, пра што мы даведаліся, і пакінуць памерлым іх маёмасць разам з праклёнам.
— Грэх выцягваць з магілы на Божы свет тое, што вечна будзе несці з сабой спакусу сквапнасці і зайздрасці! Вы ўявіць сабе не можаце, які ланцуг злачынстваў можа за ім пацягнуцца! Нават калі, у лепшым выпадку, вы паспееце выкапаць крыж першай, наўрад ці вам удасца перадаць яго ў музей. У вас ёсць гарантыя, што не знойдзецца майстар, які заменіць яго падробкай? Вы ўпэўненыя, што нашы «органы аховы правапарадку» застрахаваныя ад элементарнай карупцыі ці шантажу, што вас жа не арыштуюць за зніклую таямнічым чынам каштоўнасць? У Льва Талстога ёсць прыпавесць пра двух святых манахаў, перад якімі зваліўся проста з неба мех з грашыма. Адзін манах кінуўся бегчы прэч. Другі падумаў, што хоць грошы і ад злой сілы, але могуць паслужыць дабру, і ўзяў іх. Пачаў будаваць лячэбніцы, раздаваць жабракам міласціну. Калі манахі сустрэліся зноў, выявілася, што той, што збег ад спакусы, захаваў сваю святасць, а другі, які ўзяў грошы, страціў яе!
— Вы проста іпахондрык! — крычала я. — Вы і з карцінамі сваімі так — нібыта талент дадзены вам для ўласнае ўцехі. Не вамі дадзена — не вам яго і хаваць ад людзей! І пра скульптуру — вы ж ведалі яе сапраўдную каштоўнасць, а дзеду не сказалі. Няхай бы стары пры жыцці парадаваўся.
— Чаму вы думаеце, што я не гаварыў? Ды хто ж вар'ята слухае. А карціны… Вы б хацелі, каб я зладзіў выставу, учыніў перформанс, уразіў артыстычны свет сваёй ватоўкай і галёшамі ў спалучэнні з вытанчанай каларыстыкай? Навошта? Для мяне нічога няма важней за ўнутраную волю. А сувязь з матэрыяльнымі рэчамі, прывязанасць да каштоўнасцей свету гэтую волю парушаюць. Як толькі чалавек перастае быць гатовым без жалю пакінуць усё, што мае, ён робіцца рабом гэтага!
— А хто вам даў права лічыць сябе вольным ад свету? — абуралася я. — Вы не змаглі стацца пустэльнікам, не падманвайцеся. Вас моцна трымаюць зямныя жарсці. А вы не думалі, што Гасподзь абраў вас сваім інструментам, каб праз вашы творы нешта дадалося да агульнай духоўнасці? Хіба можна адпрэчыць галоўны сэнс мастацтва — служыць камертонам прыгажосці, які настройвае душы на ўспрыняцце ісціны?!
Пан Палецкі толькі іранічна бліснуў вачыма.
— Сучаснае мастацтва ідзе хутчэй па шляху дэструкцыі, разбурэння прыгажосці, вам хіба не ведаць. І не трэба навязваць мне месіянства — цяпер гэта модна, але прэтэндаваць на званне «божага інструмента» — і грэх, і наіўнасць. Так што раю і вам адмовіцца ад гэтай ролі — бязгрэшнай статс-дамы, апякункі дабрадзейнасці пры каралеўскім двары. Вы праносіце сябе па жыцці, як чашу Грааль, вынайшлі для сябе высокі востраў. Быў у мяне сусед па псіхушцы, якому здавалася, што ўсё навокал бруднае, а ён адзін чысты. Так што небараку даводзілася сілком карміць і ўкладваць на ложак, бо ён баяўся запэцкацца. Як вы. Пакуль недасканалыя людзі, якія не могуць адрозніць Канта ад Конта, цягнуць на сабе жыццёвыя крыжы, кожны як можа, і ствараюць тое жыццё, без якога вы — проста мармуровы анёл без сэрца.
— Што?! Гэта я — без сэрца?
Мы злосна глядзелі адно на аднаго. Вось вам рамантычнае спатканне.
Мяне разабраў смех. Вінцук няёмка кашлянуў… і таксама рассмяяўся. Злосць знікла бясследна. Сапраўды, што нам дзяліць у гэтым свеце? У словах кожнага была горкая ісціна. Але крытэрыі, па якіх мы спрабавалі намацаць шлях да адзінай Ісціны, былі ў нас адны. Ёсць крыж, няма, ці нам кідацца ў залатую ліхаманку?
Княскі нашчадак раптам спытаў таямнічым шэптам:
— Падарожжы ў часе любіце?
Я няпэўна паціснула плячыма… Што ён прыдумаў? Вінцук падышоў да бронзавага падсвечніка, які стаяў на камодзе, і запаліў свечкі. А тады выключыў лямпачку. Па пакоі шаргатнуліся цені. Столь згубілася недзе ў вышыні. Цьмяна засвяціліся металічныя аздобы мэблі і рамкі карцін. А вочы на партрэтах зрабіліся бяздоннымі і жывымі. Так, жывымі. Я забылася, што яшчэ нядаўна паблажліва называла гэтыя карціны дылетанцкімі. Мне нібыта адкрылася іншае, сапраўднае, аблічча гэтага дома. Вінцук паднёс падсвечнік да аднаго з партрэтаў. На мяне сярдзіта зірнуў самавіты вусач, лысы, як медаль.
— Дазвольце прадставіць вам пана Кабылянскага, палкоўніка ў адстаўцы, уладальніка суседняй вёскі і заўсёднага партнёра майго прадзеда па картах…
Вінцук цырымонна пакланіўся. А я што, горш за Папялушку? І прысела ў рэверансе.
Ніколі не забуду той вечар. Мы, як дзеці, размаўлялі з партрэтамі, з вазамі, з мэбляй, смяяліся, прыдумлялі страшныя «гатычныя» гісторыі… Баль ценяў… Якія ніколі не пакідалі гэты дом, проста хаваліся па кутах. І гэта можа быць знішчана! Я пачала марыць, каб узамен за знойдзены крыж дзяржава выдзеліла грошы на аднаўленне дома і ўтварэнне ў ім вялікага музея.
— А галоўным экспанатам будзе прамы княскі нашчадак! Вінцук скептычна пахітаў галавой:
— Два гады таму ў суседнім мястэчку экскаватаршчыкі выкапалі скарб — спрэс золата, срэбра ды каштоўныя камяні. На некалькі сотняў тысяч долараў. Улады «пранюхалі», змусілі рабацяг здаць скарб і выплацілі на ўсіх… дзвесце долараў. На падставе афіцыйных актаў аўтарытэтнай эспертызы. І ў самых лепшых абставінах прабабчын крыж нават у музей не змесцяць — ён жа з-за каштоўнасці перліны трапіць ў дзяржаўны валютны фонд.
Мы ўселіся ў крэслы і чамусьці пачалі ўспамінаць свае жыцці. Я не заўважыла, як расказала Вінцуку пра Альберта, пра Радзіка… Пра свой няўдалы шлях у мастацтва… Чамусьці мне было лёгка расказваць яму ўсё.
Як ціха… Утульна… Толькі каміна ўсё-ткі не хапае. Пачуўшы пра маю настальгію па камінах, Вінцук адчыніў дзверцы грубкі, і агонь пачаў выконваць мне свой складаны рытуальны танец. Не хочацца зноў ісці на холад, але Нюта, напэўна, хутка заўважыць маю адсутнасць. Я прыўзнялася.
— Ну, мяне чакаюць…
Вінцук неяк дзіўна глядзеў на мяне. Як на кітайскую вазу. Раптам устаў, узяў са стала ліхтар.
— Пойдзем! Апранайцеся, там холадна… Гэта яшчэ што за фокусы?
— Паўгадзіны вы можаце ахвяраваць… Я толькі накідаю эскіз.
О, Госпадзе, чаму Ты спасылаеш мне адных апантаных мастакоў?
Я пазіравала для карцін самых розных. Але мастака, які б працаваў так, як Вінцук, я не бачыла. Здавалася, над ягонай калматай галавою распаўсюджваецца нейкае ззянне, як ад свечкі. Праз хвілін дваццаць я не вытрымала, каб не зірнуць на палатно… Мяне ўразіла, колькі ён паспеў за гэты час зрабіць — ужо вымалёўвалася будучая карціна… І мне захацелася, каб яна была скончаная. Я ціхенька вярнулася на крэсла.
Вінцук пісаў, нібыта ў апошні раз, і мармытаў сабе ў бараду:
— Дзёрзкасць… І безабароннасць… Так і належыць… Так і добра… Чысціня і наіўнасць… Але з горыччу, з горкім адценнем. Лазурак і залацістыя адценні… Толькі прасветы. Боязь жыцця — адкрытасць насустрач — і боязь… Канфлікт кармінавага і смарагдавага… Вар'яцкае спалучэнне…
— Слухайце, не магу ўсвядоміць, ці вы вар'ят, ці псіхатэрапеўт, — не вытрымала я.
Мастак ніяк не адрэагаваў на мае словы, час ад часу працінаючы мяне з-за мальберта позіркам.
Раптам унізе, на першым паверсе, нешта загрукала.
— Вінцук, чуеце?!
Не чуе. Я падбегла і патрэсла яго за рукаў.
— У доме нехта ёсць!
Вінцук апусціў пэндзаль і недаўменна паглядзеў на мяне. Дзесьці ўпала нешта металёвае. Вартаўнік кінуўся да выключальніка, патушыў святло і схапіў мяне за руку.
— Хадзем, толькі ціха!
— Можа, гэта Нюта мяне шукае? — няўпэўнена шапнула я, але зараз жа ўнізе пачуўся такі грукат, які неўзнарок нават Нюта не магла б утварыць. Мне зрабілася страшна.
Вінцук пацягнуў мяне за руку па цёмным калідоры, пасля па вузкай вінтавой лесвіцы… А ў доме чуўся пранізлівы жаночы голас:
— Я ведаю, што ты тут! Выходзь, пагаворым! Ты стаў баяцца мяне, Віктар? Не бойся. Мне ўсяго толькі трэба з табой пагаварыць! Я так больш не магу. Будзь разумны…
У канцы лесвіцы знаходзілася нізкае акно, забітае дошкамі. Вінцук адным рухам выламаў іх.
— Ну, усё, ідзіце… Тут невысока.
— А вы?
— Я вартаўнік. Як жа мне пакінуць давераны аб'ект? Не хвалюйцеся, нічога яны мне не зробяць, а ад свайго лёсу не ўцячэш. Давайце падсаджу… Ну…
Але не паспела я ўскараскацца на падаконнік, як перада мной узнікла страшная чырвоная фізіяномія з аптымістычнай усмешкай.
— Банжур, мадам. Куды спяшаецеся? І па сотавым тэлефоне:
— Гаспадыня, яны тут! Барадаты з нейкай бабай! Адкуль я ведаю, што за баба? Рудая, сімпотная. Добра, трымаю.
8
Шэравокая «прынцэса» глядзела на мяне з нянавісцю.
— Ты, даражэнькая, проста як прывід: калі ні з'явішся, тут як тут. Спадабалася, напэўна…
І прыгажуня некалькімі квяцістымі фразамі распісала, што канкрэтна мне спадабалася ў вартаўніку, а яму ўва мне, і хто я такая ёсць. Ад бруднай лаянкі я звычайна губляюся і адчуваю тужлівае неразуменне. Але тут мяне настолькі ўразіў кантраст між вытанчаным абліччам дамы і брудам, які ліўся з яе дасканалых вуснаў, што я проста з цікаўнасцю глядзела на яе, як на рэдкую жывёлу.
— Замаўчы, — жорстка сказаў Вінцук. — Не варта мераць іншых па сабе. Кацярына Аляксееўна займаецца тут сваёй навуковай працай. Ёй, дарэчы, час ісці. Яе чакаюць супрацоўнікі. Так што не рабі глупствы, няхай Кацярына Аляксееўна пойдзе, і абяцаю, што я пагавару з табой.
«Прынцэса» штучна засмяялася:
— Ну, па-першае, калі ўжо ты ўпершыню за два гады зрабіў мне такую ласку, што загаварыў са мною, то я падазраю, гэта не без уплыву тваёй навукоўкі. Па-другое, яна зараз пойдзе і падыме шухер, прывалачэ якога-небудзь ідыёта. І па-трэцяе, ёсць у нас меркаванне, што твая дамачка можа дапамагчы нам па адным цікавым пытанні. Так што няхай яна тут, у цёплым месцы, пасядзіць, пакуль мы паразмаўляем. І сядзіць ціхенька, а то мае хлопчыкі вельмі нервовыя…
На гэты раз з «прынцэсай» было трое «хлопчыкаў»-бамбізаў, не лічачы антыквара. Мяне ветліва правялі ў першую залу музея і пасадзілі на крэсла перад калыскай, так што я адчула сябе часткай экспазіцыі. На другім канцы залы антыквар, які час ад часу кідаў на мяне злыя позіркі, курыў і ціха перагаворваўся з чарнявым тыпам з баксёрскім прыплюснутым н осам. Яшчэ адзін «хлопчык», прыгажунчык з каротка стрыжанымі светлымі валасамі, забаўляўся тым, што круціў у руках ножык-«матылёк». Ну а той чырванаморды, што злавіў нас ля акна, відаць, па-ранейшаму ахоўваў дом ад непажаданых сведак. З другой залы пачуўся голас «прынцэсы». Мусіць, дзверы няшчыльна зачыненыя. Я схавала твар у каўнер футра, каб не выдаць сябе эмоцыямі, і прыслухалася. «Прынцэса», мяркуючы па інтанацыі, хвалявалася — ніколі б не падумала, што такая лялька можа хвалявацца.
— Ты нават не спрабаваў мяне зразумець. Як быў казлом, так і застаўся… (Умеюць жа некаторыя гаварыць квяціста!) Пажыў бы, як я, з бацькамі-алкашамі, у кватэры, дзе нават коўдры прапілі… Я табе сказала, што я з дзетдома, жыву на кватэры… Баялася, што ты пабачыш той бруд, у якім я жыву. Я нават зрабіла ўсё, каб маці і бацька не даведаліся, што я выходжу замуж, каб не дай Бог не з'явіліся на вяселле. Каб твая мамачка ў капялюшыку не пабачыла маёй маці ў паркалёвай хустцы. Ты ж быў прынц, паніч, узвышаная натура. Для ўсіх я была — Верка, для цябе назвалася Вітай. Дзе табе здагадацца, што я сукенку ў сяброўкі пазычыла, што, каб купіць сабе французскія духі — табе ж спадабаўся іх пах! — цэлы месяц аблічвала пакупнікоў, ружы другога гатунку падстаўляла да першага гатунку. Што дырэктар крамы аднойчы гэта заўважыў, і, каб замяць справу, мне давялося аддацца яму проста ў кутку крамы, пасля працы… А ты чакаў мяне на вуліцы, каб павесці да чарговых геніяльных знаёмых. А ты ведаеш, чаго мне каштавалі тыя візіты да геніяльных знаёмых? «Ах, Кандзінскі! Ах, Драздовіч! А вы чыталі апошнія вершы Разанава?«Яны думалі, я сціплая і маўклівая… А я слова баялася вымавіць… І ты яшчэ вучыў мяне размаўляць на гэтай калхознай мове. Ды яна мне дома абрыдла, мацюкамі перасыпаная! Ты ж не прыняў бы мяне такой, якая я была, ці не так?
— Табе вельмі хочацца, каб я быў вінаваты? Што ж, прызнаю сваю віну. Сапраўды, глядзеў на свет праз ружовыя акуляры. Але ты дарэмна баялася — я вельмі цябе кахаў. Ты магла разлічваць на мяне.
— Казёл! — злосна выгукнула Вера. — Ты хацеў бачыць багіню. Але якая б мыла табе шкарпэткі. Ну, што ж, я мыла твае шкарпэткі… І, ведаеш, нават шчаслівая пры гэтым была.
— Дык чаму ж не хапіла табе гэтага шчасця? Не толькі ж мыццё бруднай бялізны ў цябе было… Нашто спатрэбілася прадаваць мяне крымінальнікам?
— Дурань! Гэта самы звычайны бізнес. Ды я табе колькі пра гэта ўжо… А ты, калі ў мянтоўку пайшоў, думаў, што са мной зробяць?
— Я нічога пра цябе не расказваў.
— Я не пра міліцыянтаў,— што яны могуць, а пра тых… крымінальнікаў. Маё шчасце, што Бог даў мне прывабны тварык. Выкруцілася. Нават, як бачыш, угару пайшла.
— Віншую.
— І не трэба намякаць, што я — сцерва, а ты — святы. Колькі разоў я да цябе ў бальніцу прыходзіла, колькі цябе прасіла? Ты ж як слуп на сваім стаяў… Нават не размаўляў са мною. І вось, бачыш, чаго дабіўся — сядзіш тут, як воўк, ні працы, ні хаты. Якая шалава на ноч прыбяжыць — дык і рады. Але цяпер хоць паслухай… Таму што я больш прапаноўваць не буду.
Вера загаварыла ціха і горача:
— У цябе зараз ёсць шанец. Я ведаю, вы знайшлі месца, дзе тая залатая штуковіна. А можа, і сама яна ў вас? Антыквар кажа, яна тысяч на трыста баксаў пацягне. Мы яе прададзім і з'едзем разам за мяжу. Я — не дурная, даўно валодаю паловай акцый свайго благавернага. Калі хочаш ведаць, у нашым свеце я маю больш уплыву, чым ён. У мяне зараз у адным банку два мільёны баксаў. Ну а крыж — будзе твой пасаг. Я ведаю, ты не мог на мяне забыцца. Няма такога мужыка ў свеце, які б мог на мяне забыцца. Ты скажы толькі месца, дзе, на тваю думку, закапана тая халера. І хай яны капаюць. Папраўдзе, крыж для мяне — толькі падстава. Я нават не надта веру, што ён існуе. Ты толькі згадзіся… І мы з табой з'едзем. Куплю табе майстэрню, дзе захочаш, — у Парыжы, у Венецыі, у Швейцарыі… Зноў будзеш маляваць, твае карціны трапяць у лепшыя галерэі свету. Усё табе дам, што пажадаеш. Дурненькі мой…
Голас «прынцэсы» загучаў упэўнена-ласкава… Але адразу ж змяніўся. Відаць, Вінцук не адрэагаваў на яе ласку.
— Грэбуеш? Ды хто ты такі? Ты хоць разумееш, што варта мне пальцам кіўнуць і цябе зараз на кавалачкі настругаюць. І цябе, і тваю… А я — з усёй душой…
— Бедная, бедная Віта, — Вінцук гаварыў спакойна-спачувальна. — Ты так і не зразумела, што не ўсё ў жыцці можна купіць.
— Усё! І цябе куплю з вантробамі, і гэта куплю, і гэта… — пачуўся гук разбітага посуду. «Прынцэса» відавочна вырашыла спагнаць раздражненне на цудкоўскай калекцыі.
— Асцярожней, Вера Сцяпанаўна, гэта ўсё музейныя экспанаты, за захаванасць якіх я адказваю.
Відаць, Вінцук затрымаў яе руку, таму што «прынцэса» зашыпела ад злосці:
— Чапаць мяне!.. Паскуда! Хопіць здзекавацца, душу маю даставаць. Зверху ўніз паглядае, прынц! Ну, я цябе ўтаймую, як некалі сваю любімую аўчарку Бэтсі… Яна таксама некалі на мяне гыркала, а цяпер ногі мне ліжа. Дзімыч! Паша!
Целаахоўнікі кінуліся на вокліч гаспадыні. Пачуўся страшэнны грукат, і адзін з іх чамусьці адразу вылецеў праз дзверы назад, ударыўся аб старажытную ступу і з лаянкай зноў рынуўся ў бойку.
«Прынцэса» верашчала:
— За што я вам грошы плачу! Слабакі!
Антыквар непадалёку ад мяне спалохана прыціснуўся да сцяны. У залу прабег трэці «хлопчык», той, чырванаморды, відаць, выкліканы з вуліцы. Ну чаму гэты княскі дом стаіць наводшыбе! Каб хоць трохі бліжэй да жытла — такі вэрхал абавязкова б нехта пачуў… Зноў грукат, глухія ўдары, лаянка, вось быццам бы нехта ўпаў. Раптам пачуўся страшны хрыплы крык-стогн… Вінцук! Я ўскочыла — антыквар кінуўся да мяне з воклічам: «Сядзець!», але не паспеў: я ўварвалася ў залу… Вінцук ніцма ляжаў на падлозе. Чырванаморды ўпіраўся каленам у ягоную спіну і за валасы прыпадымаў яго твар ад падлогі, двое другіх выкручвалі вартаўніку рукі… А «прынцэса» стаяла перад ім і тыцкала ў твар вострым носам серабрыстага боціка:
— На мяне глядзі! На мяне! Яшчэ раз шокерам яго!
— Мадам захапляецца садамазахізмам? — я проста кіпела. — Магу падказаць адрасок аднаго мінскага клуба, дзе хапае вычварэнцаў, якія будуць лізаць вам боты. Яшчэ і грошыкі заробіце на калготы ў сетачку. А тут неяк непрыгожа выглядае…
Думаю, яна зрэагавала не столькі на сэнс маіх слоў, колькі на з'едлівы тон.
— Яшчэ адна «вумная»… Прыгод шукае на сваю… (тут была выдадзена чарговая порцыя лаянкі, якую не хочацца цытаваць). Зараз скажу Дзімычу, каб ён цябе задаволіў. Проста тут.
Прыгажунчык Дзімыч паглядзеў на мяне і расплыўся ва ўсмешцы:
— Як загадаеце, Вера Сцяпанаўна. Я гатовы.
Я зразумела, што гэта не жарты. Спадзяюся, мой твар захаваў выраз спакойнай грэблівасці.
— Крыж сапраўды існуе, — цвёрда сказаў Вінцук. — Ён у магіле Грыня Вяржбіцкага. Пад тым месцам, дзе стаяў мармуровы анёл. На плошчы, дзе рэшткі фундамента касцёла, прыблізна метр ад металічнага слупа…
— Той анёл, што ў скляпенні? — удакладніў антыквар. — Я так і думаў, што неабходна яго агледзець. На ім ці надпісы нейкія засталіся, ці таемныя сховішчы… А то важдаліся, далікатнічалі… — апошнія словы гучалі мяккім дакорам на адрас гаспадыні.
— Вера Сцяпанаўна, я ведаю! Яны там сёння паўгадзіны тырчэлі, пальцам у тое месца тыцкалі. Я добра запомніў, — радасна азваўся чырванаморды.
— Адпусціце яго, — загадала «прынцэса».
Вінцук, хістаючыся, падняўся. Відаць, Вера Сцяпанаўна спадзявалася, што яго словы — першы крок да згоды… З якімі ж нікчэмнасцямі яна мела справу, калі верыла, што прыніжэнне спараджае сімпатыю да больш моцнага! Вінцук зноў з каменным тварам утаропіўся ўдалеч. Гэты выраз, які сапраўды мог давесці да шаленства, відаць, быў добра знаёмы «прынцэсе» — яна зласліва прыкусіла губу і адвярнулася.
— Гаспадыня, выкапваць трэба, — азваўся адзін з наёмнікаў. Яго падтрымаў антыквар:
— У мяне ёсць план касцёла, дзе пазначаны надмагільны помнік у выглядзе анёла, так што заарыентуемся да сантыметра. Вера Сцяпанаўна, у нас жа самае сучаснае абсталяванне, найменшую металёвую рэч на адлегласці трох метраў вылічым. Зробім ціха і хутка. Паставім сцяжкі і шыльду: «Рамонт цепласеткі». Заўтра ж могуць набегчы розныя…
Антыквар ажно ўспацеў. «Хлопчыкі» таксама захваляваліся ад блізкасці грошай і цяпер на месцы не маглі ўстаяць, гатовыя бегчы і зубамі грызці мерзлую зямлю. Вера Сцяпанаўна паддалася неадольнаму прыцягненню дармовага багацця.
— Паехалі. Ягоная прабабка не магла ж капаць на тры метры. Недзе зверху на магілку, дурніца, кінула, каменьчыкам прыціснула, пясочкам прысыпала… А гэтых нельга выпускаць, пакуль не знойдзем. Дзе ключы ягоныя?
Чырванаморды паказаў гаспадыні звязак ключоў, якія звычайна віселі ў Вінцука на шыі.
— Падбярыце, які з іх ад скляпення…
9
За намі бязлітасна грымнулі дзверы. Я пачула, як Вінцук цяжка падымаецца, намацвае выключальнік. Запалілася святло. Я зноў пабачыла стэлажы, драўляныя фігуры, мармуровага анёла…
— Вы ўсё-ткі ім сказалі…
Вінцук памаўчаў, пасля прысеў на перакуленую драўляную святую Барбару.
— Там нічога няма.
Я са здзіўленнем глядзела на ягоны спакойны твар.
— Адкуль вы ведаеце?
Вінцук вытрымаў паўзу, павольна падняўся, узяў з падлогі жалезную штуковіну, відаць, таўкач ад старажытнай ступы, падышоў да мармуровага анёла і з сілай ударыў яго ў грудзі, у тое месца, што прыкрывалі складзеныя далоні. Я падышла і пабачыла, што там утварылася трэшчына. Але гэта ж немагчыма… Мармур не можа так трэскацца. Вінцук ударыў яшчэ некалькі разоў, пасыпаўся друз, і на грудзях анёла зазеўрала рана. Там нешта бліснула.
— Вось вам і крыж, і праклён роду Вяржбіцкіх разам з ім. Я аж захлынулася ад абурэння і здзіўлення.
— І вы ўсё ведалі?
— Даўно. Я заўважыў у гэтым месцы трэшчынку. Прыгледзеўся — аказалася, раствор. Некалі тут было акенца для лампады. Уяўляеце — анёл з палаючым сэрцам над магілай грэшніка? Але акенца замазвалі некалькі разоў. Відаць, мясцовыя святары палічылі, што дзірка ў скульптуры — нейкая кашчунная трактоўка, і загадалі заляпіць яе. Я ніколі не думаў, што прабабка, вытанчаная паненка, магла раскопваць магілы. Яна проста адбіла тут стары раствор, ці, хутчэй за ўсё, у ім ужо была трэшчына. Паклала крыж і замазала зверху новым слоем. Нездарма ж спрабавала сябе і ў скульптуры. А апошні раз закрываў гэтае месца я, два гады таму. Закамуфляваў так, каб не было магчымасці адрозніць ад іншай паверхні. Тым больш камень стары, вышчарблены.
— І вы не сказалі мне раней?..
— А навошта? Я застаюся пры сваёй думцы: такія рэчы толькі спараджаюць спакусу. Ад іх належыць пазбаўляцца. Не дарую сабе, што пасентыментальнічаў і не знішчыў гэтую штуку.
Я засунула руку ў рану на грудзях анёла і дастала крыж. Ён не быў вялікі — можа сантыметраў пяць у даўжыню. Упрыгожаны дробнымі каменьчыкамі, здаецца, аквамарынам. І ў цэнтры, як мёртвае вока, цьмяна паблісквала перліна памерам з вішню. Часта жэмчуг траціць сваю каштоўнасць у неспрыяльных умовах. Але перліна, на якую я глядзела, нават на мой неспрактыкаваны позірк, была цудам. Здавалася, з яе срабрыста-чорнай сферы выпраменьваецца сама цемра.
Я працягнула крыж Вінцуку:
— Што ж з ім цяпер рабіць? Перахаваць?
— Паглядзім…
Вінцук сунуў крыж у кішэню нагавіцаў.
— Я вельмі шкадую, Кацярына Аляксееўна, што вы патрапілі ў такую гісторыю. Гэта ўсё з-за таго, што я затрымаў вас дзеля карціны. Сапраўды, мастакі — эгаісты.
— Сама вінаватая. Прыйшла ў госці без запрашэння. Дарэчы, завіце мяне Касяй, не тыя абставіны, каб цырымоніцца.
— Добра, Кася… Даруйце, дарэчы, за тое, што я вам тады нагаварыў, пра чашу Грааля. Можа быць, гэта проста ад усведамлення, што ў мяне няма ніякіх шанцаў.
— Па-мойму, у нас абаіх цяпер аніякіх шанцаў… — прабурчэла я, прысаджваючыся на перакуленую скульптуру. — Як там абяцала ваша Віта, на кавалачкі нас настругаюць? І чаго вы прыбядняецеся наконт шанцаў? Такая жанчына вас любіць, ад кахання шалее. Праўда, з элементамі садызму, але ў гэтым можна нават своеасаблівую прывабнасць знайсці. Вінцука перасмыкнула.
— Не варта так жартаваць. Тым больш што… што я пакахаў іншую. Хаця апошнія восем гадоў не верыў, што гэта магчыма. Як у Булгакаўскага Майстра — каханне выскачыла з-за кута, як забойца, і ўдарыла нажом у сэрца… Не памятаю дакладна. Ну, нейкая такая рамантычная лухта. Ды не палохайцеся, Кася, я не збіраюся ўчыняць сцэну. І не хвалюйцеся, хутка ўсё скончыцца, вы вернецеся ў свой свет, напішаце доктарскую дысертацыю і наўеўскі дзікун выпарыцца з вашай памяці. Толькі не ўздумайце шкадаваць мяне. Я абсалютна самадастатковы.
Я хацела аджартавацца, але даўкі камяк перасеў у горле. А са мной што адбываецца?! Госпадзе, я ведаю яго ўсяго два дні!
«Самадастатковы»ў парванай кашулі стаяў каля стэлажоў, разглядаючы пыл на іх. Ды яшчэ пасля бойкі ён застаўся ў адным галёшы… Рамантычны, пасінелы ад холаду герой з ліхтаром пад вокам.
— Вось што, шаноўны князь у адной галёшы, калі вы не хочаце ў дадатак да кухталёў атрымаць які плеўрыт, прысаджвайцеся сюды і не пагрэбуйце накрыцца паловай майго футра. А то мяне ваш прывід па начах замучае.
Ссінелы князь Палецкі нейкі час павагаўся, пасля прысеў побач, абхінуўся маім футрам. І абняў, прыціснуў да сябе… Я адчула, як шалёна калоціцца яго сэрца… А можа, гэта стукае маё? Ці мы зрабіліся нечым адным, і сэрца ў нас адно, і адзін боль, і адно жыццё?..
…Толькі б гэтае імгненне ніколі не канчалася!
Наверсе бразнуў засоў.
— Сядзяць, як галубочкі… Давай, барадаты, выходзь, магілка твайго прадзеда даўно да нас абшуканая. І без фокусаў, у мяне электрашокер.
Мы зноў апынуліся пад позіркамі музейных партрэтаў — відаць, «прынцэсе» імпанавала арыстакратычная абстаноўка. Але я ўжо была іншай. Гэты дом і гэтыя партрэты не былі мне чужымі. Я стаяла каля дзвярэй, за маёй спінай дыхаў «прынцэсін» «хлопчык». Было страшна, вядома, але страх чамусьці згасаў перад дзіўным адчуваннем таго, што ўва мне ёсць нешта такое, што непадуладна нікому, агеньчык, які нельга загасіць нічым, нават смерцю…
Вінцук, зноў каменна-абыякавы, прытуліўся да грубкі. Языкі полымя, здавалася, хацелі выскачыць з адчыненых дзверцаў.
— «Прынцэса» злосна зірнула на Вінцука:
— Ты сказаў, што крыж ёсць. Некалі ты не ўмеў маніць. Навучыўся, ці што?
Ды ўжо наўрад ці навучуся, — спакойна сказаў Вінцук, раптам рэзка дастаў з кішэні руку з заціснутым крыжам, на імгненне затрымаў — каб усе пабачылі, што гэта, і кінуў крыж у агонь.
«Прынцэса» ахнула, «хлопчыкі»з лаянкай кінуліся да грубкі, але Вінцук нейкі час «трымаў абарону», адкідваючы іх прэч. Нарэшце яны, загіпнатызаваныя відовішчам знішчэнна багацця, уцямілі, што найперш трэба нейтралізаваць абаронцу. Зноў паўтарылася брыдкая сцэна з крутых дэтэктываў. Чаму я ніколі не займалася ўсходнімі адзінаборствамі! Чарнявы падонак! Я паспрабавала адцягнуць яго ад Вінцука, але ён адшпурнуў мяне, як кацяня. Тым часам падаспеў антыквар з нейкім прэнтам, пашарыў у вуголлях, і на падлогу ўпаў пачарнелы, аплаўлены крыж, з вугальком пасярэдзіне…
— Позна… — выгукнуў антыквар, падбег да паваленага Вінцука і з усяе сілы даў яму нагой у бок. — Паскуда!
«Прынцэса» маўчала. У яе быў нейкі разгублены выгляд. Я раптам убачыла, што яна ўжо не такая маладая і не такая ўпэўненая ў сабе… Яна глядзела на агонь, не ў змозе ўсвядоміць, што адбылося, як гэта чалавек спаліў трыста тысяч баксаў. Глядзела з нейкай наіўнай крыўдай, як дзіця, на вачах якога лопнуў цудоўны паветраны шарык. Нават рот у яе адкрыўся…
Можа, ад нерваў, не ведаю, але я рассмяялася. Вінцук прыўзняў галаву ад падлогі, паглядзеў падбітымі вачыма вакол, на твары, перакрыўленыя бяссільнай злосцю, і таксама засмяяўся. Так мы і хіхікалі, як два ідыёты, і не ведаю, чым бы скончылася гэтая сцэна, але ў дзвярах пачуўся магутны вокліч:
— Кася! Ты тут? Зноў прыгод шукаеш на сваю галаву? О, а народу колькі!
Гэта была Нюта, мая дарагая Нюта. Як яна пасля мне распавяла, сядзелі яны з Андрэевічам і Мацвееўнай да гадзіны ночы, прычым Нюта добра-такі апрацавала новага дырэктара наконт каштоўнасці музея і прэстыжнасці яго для ўсяго раёна, школы і Андрэевіча ў прыватнасці. І толькі калі Нюта пайшла класціся спаць, убачыла, што мяне няма. Андрэевіч успомніў, як учора я пацягнула яго ў музей ганяць гарадскіх бандытаў. Нюта ўстрывожылася. Безумоўна, пайсці ў такі позні час і так надоўга я магла толькі ў княскі дом. Але тут між Нютай і гаспадарамі разгарэлася спрэчка, ці я там бандытаў ганяю, ці ў мяне рамантычная прыгода, і іх прысутнасць будзе, мякка кажучы, залішняй. Мацвееўна была перакананая, што з кудлатым бажаволкам рамантычных пачуццяў у гарадской прыгажуні быць не можа. Нюта, з аднаго боку, ведала, што я не схільная да фліртаў і бегаць па начах на спатканні да малавядомых мужчын не ў маім характары. А з другога боку, перад ёй жа Вінцук выявіў сябе як адукаваны, хаця дзіўны чалавек. Яна нават лічыла яго цікавым. Нарэшце Мацвееўна паглядзела ў акно і сказала, што ў бок княскага дома едзе машына. І Нюта з Андрэевічам рушылі на выручку. Прычым Андрэевіч, якому надта не спадабалася фізіяномія ўчарашняга бамбізы, прыхапіў з сабою заспанага кума-ўчастковага.
«Прынцэса» на развітанне паглядзела на збіты твар свайго колішняга прынца, неяк сумна, тужліва паглядзела, і сур'ёзна прамовіла:
— Нешта не атрымліваецца ў мяне з табою. Мусіць, характары не супадаюць.
Гумарыстка. І пайшла на сваіх высокіх абцасіках у атачэнні панылай світы.
Вінцук нясмела зірнуў мне ў вочы — шукаў адказу: ці тое, што раптоўна нарадзілася між намі, яшчэ мае для мяне значэнне?
Паглядзеў, супакоіўся, нават заўсміхаўся.
А Нюта тым часам шчыра лаяла мяне, бязмозгую, за тое, што ўсё ў мяне не па-людску, усё я нарываюся на нейкія здарэнні і ніколі мне не пачаць нармальнае жыццё…
Мы ўгаварылі Вінцука пераначаваць у Андрэевічавага кума. Тым больш кум вельмі ўсцешыўся, што мы не збіраемся судзіцца з гарадской магнаткай, і абяцаў «спісаць» пабітыя вазы на няшчасны выпадак. Я вельмі баялася, каб бандзюгі не вярнуліся ды чаго не ўтварылі. Кум-міліцыянт уласнаручна зачыніў музей, засведчыўшы, што рэчы на месцы, агонь у грубцы патушаны, электраправодка ў парадку. Мы нават забілі акно, ля якога нас злавіў чырванаморды.
10
Раніцай падаў лёгкі снег, свяціла зімовае сонейка. Мы — Нюта, я і Андрэевіч — кіраваліся да панскай сядзібы. Насустрач нам няспешна, здзекліва няспешна праехала машына з зацемненымі вокнамі. Раптам у доме нешта выбухнула. З разбітых шыбаў паплыў чорны дым, такі недарэчны на фоне бліскучага снегу і блакітнага неба.
Мы на нейкую хвілю аслупянелі, пасля кінуліся бегчы… Я чамусьці была ўпэўненая, што Вінцук — там… Як жудасны акорд бязлітаснасці, ударыў царкоўны звон. Ад царквы бегла, спатыкаючыся ў снезе, знаёмая постаць… Вінцук! Ён быў на ранішняй службе! Дзякуй Табе, Госпадзе! І яшчэ дзякуй, што на вачах столькіх сведкаў — вартаўнік невінаваты! Ім не ўдасца «павесіць» на яго гэты пажар.
— Бензінам палівалі, сволачы, — безнадзейна заўважыў Андрэевіч.
Мы стаялі і глядзелі на полымя, якое высоўвала д'ябальскія языкі адначасова з усіх вокнаў. Вінцук паспрабаваў адчыніць дзверы і забегчы ў дом, але гэта было немагчыма. Заставалася стаяць побач і назіраць. Другі паверх, там, дзе знаходзілася майстэрня, ужо ўвесь выгарэў.
Я баялася глядзець на Вінцука. Яшчэ адзін удар пад дых… Ці вытрымае?.. Мне здавалася, ён зараз кінецца ў агонь. На ўсялякі выпадак я моцна ўхапіла яго за рукаў ватоўкі.
Вінцук адарваў позірк ад палаючага дома, абняў мяне за плечы.
— Скляпенне застанецца цэлым, там дзверы жалезныя. Забярэш і анёла, і скульптуру, і чарапкі.
Я зірнула яму ў вочы. Яны былі ясныя… Ён нават паспрабаваў усміхнуцца:
— Я ўсё роўна цябе намалюю. І не трэба зноў глядзець на мяне, як на няшчасную ахвяру. Я нічога не страціў. Усё — ува мне, са мною. Калі, вядома, ты… Ведаеш, ты мела рацыю. Унутраная воля — гэта глупства. Я пазбавіўся яе — і не шкадую, цяпер у мяне ёсць тое, што я баюся страціць, вельмі баюся.
Ага, сумняваецца! Вось і добра, у мужчыне нельга знішчаць паляўнічы інстынкт, боязь згубіць тваю прыхільнасць. Асабліва калі спадзяешся пражыць з гэтым мужчынам доўга-доўга, да канца зямнога жыцця — і сустрэцца ў нябесным. Ды калі яшчэ маеш справу з выбітным талентам. Ох, нялёгка мне з ім давядзецца…
Так што Нюта мела рацыю.
Якое там нармальнае жыццё…
Радаслаў Дудкоўскі, калі даведаўся, за каго я выйшла замуж, цэлы год аплакваў маю легкадумнасць ва ўсіх кампаніях. Праўда, другая жонка ад яго паспела ўжо за гэты час збегчы, так што ён хутчэй плакаў па сабе, незразуметым. Альберцік жа толькі канстатаваў:
— Я так і ведаў, што мне не давядзецца перапісваць сваю «Князёўну» ў зялёных колерах. Хаця, магчыма, і варта было б…
2000