Супер-міні-камп'ютэр «М-1»
Як вядома, самыя цікавыя гісторыі заўсёды пачынаюцца нечакана. Яны, так мне здаецца, нагадваюць дзіўны казачны сон, які і радасць прыносіць, і трывожыць, і нават наганяе страху.
Так, кожная цікавая гісторыя чымсьці падобная на сон. А гэтая, пра якую хачу вам расказаць, таксама нібыта сон. Мне і цяпер часам здаецца: таго, што здарылася са мною, не было. Проста прыснілася. Прыснілася, каб не паўтарыцца…
У тое лета ўрадзілі суніцы. Цёплыя, шчодра нагрэтыя сонцам, яны ўсыпалі ўсе лясныя палянкі. А ад нашай вёскі Яловікі да лесу рукою падаць. Выйшаў з хаты, прайшоў паўкіламетра — лес перад табою. Там знаёмыя сцяжынкі, якія бягуць, выводзяць да самых зманлівых сунічных палянак.
З самага ранку са сваім сябрам Васілём я адправіўся ў лес. Мы не бралі з сабой ні збанкоў, ні вядзерцаў, ні нават кубкаў. Мы проста хацелі паласавацца суніцамі, крыху пабегаць, пагукаць, праверыць птушыныя гняздзечкі. Што ж, не так даўно скончылі шэсць класаў. Канікулы. Як гаворыцца, маем права пагуляць.
Ды ў гэты дзень склалася не так, як заўсёды. На знаёмай паляне, дзе расла магутная разлапістая яліна (на гэтую яліну з Васілём часта лазілі, каб паўзірацца з вышыні на вёску, на поле, на луг), убачылі палатку. Здаецца, Васіль першым яе ўбачыў. Хоць не хочацца прызнавацца, але скажу: Васіль жвавейшы за мяне. Ен і гняздзечка першым заўважыць, і вужа, калі той вылезе на палянку, каб пагрэцца. А я валакуся за ім як з завязанымі вачыма. Часта апярэджвае мяне Васіль.
Так, так, цяпер успомніў: гэтую палатку ён першы ўбачыў. Убачыў і штурхець мяне ў бок:
— Антон, глядзі!
А мне падумалася, што гадзюка з куста вылазіць. Нядаўна, калі суніцы збіралі, ледзь рукою гадзюку не схапіў. Ох і спалохаўся! Два дні ў вачах стаяла.
— Дзе? Дзе? — страпянуўся я.
— Цішэй, — прамовіў Васіль. — Не азірайся, а глядзі ўперад. Палатка на палянцы.
Ад душы адразу адлягло. Зірнуў. Сапраўды, палатка.
— Ну і што? — кажу Васілю. — Ніколі палатку не бачыў? Няхай стаіць.
— У палатцы людзі,— прагаварыў Васіль, як бы раскрываючы вялікі сакрэт.
Мне стала смешна.
— Канешне, людзі. А ты думаў, што дзікія козы ці барсукі? Не хвалюйся. Гэтыя людзі нашы суніцы не пазбіраюць. Лес вялікі. Усім хопіць.
— Антон, паназіраем, — папрасіў Васіль, гледзячы мне ў вочы. — Крышку-крышку. Суніцы не ўцякуць.
Мне зусім не хацелася назіраць, стаяць як прыклеянаму. Што ж тут цікавага? Турысты ў палатцы. Мабыць, спяць, адпачываюць, пасля вылезуць, стануць вёдрамі грукаць, бляшанкі адкрываць. Насмецяць і далей. А Васілю ўсё цікава. Зіркае на палатку, быццам гэта не звычайная зялёная палатка, а касмічны карабель стаіць.
— Васіль, суніцы…
— Крышку-крышку паназіраем. Суніцы не ўцякуць, — не даў закончыць Васіль.
Я ведаў, што яго цяпер і бульдозерам не скранеш. Нібы прыліп. Хочаш не хочаш, а мусіш заставацца з ім.
— Крышку-крышку можна, — неахвотна пагадзіўся я.
Мы ўкленчылі за ядлоўцавым кустом. На мае шчасце, неўзабаве з палаткі вылез мужчына. Высокі, шырокі ў плячах — сапраўдны атлет. Ці стары? Гадоў сорак, не болей.
— Ніколі людзей не бачыў? — штурхнуў я Васіля.
— Пасядзі. Ці табе кепска? — прамовіў Васіль.
Хіба будзеш спрачацца з такім? Назіраць дык назіраць. Я сеў на траву, выцягнуў ногі. А мужчына трушком прабегся па палянцы, пасля, спыніўшыся, паднёс да рота рукі і заспяваў, моцна, на ўвесь лес, нібыта ў рупар: «Касіў Ясь канюшыну, паглядаў на дзяўчыну…»
Васіль тузануў мяне за рукаў.
— Цікава. Чуеш, як галасавыя звязкі развівае?
І праўда, гэта было цікава. Дармовы канцэрт. Такога ад турыста не чакаў. У лесе спявае… Хіба яго на сцэну не пускаюць? Дзівак-чалавек. Есць жа такія. Відаць, сёння надарвем жываты ад смеху.
Мужчына, праспяваўшы пра Яся і дзяўчыну, прысеў на кукішкі (мне здалося, штосьці паклаў на зямлю) і гучна крыкнуў, як аддаюць каманду:
— Уперад!
Падумалася: вось-вось з палаткі выскачыць цэлае войска, кінецца ўперад, каб схапіць нас з Васілём. Схапіць, звязаць і прымусіць спяваць пра Яся і дзяўчыну.
Прайшла секунда, другая… З палаткі ніхто і носа не высунуў. Цішыня.
Мы з Васілём затаілі дыханне.
— Кругом! Назад! — гукнуў турыст.
— Васіль, кім гэты дзівак камандуе?
— Не ведаю.
— Не намі?
— Не ведаю.
Васіль, як і я, таксама, пэўна, падумаў, што турыст заўважыў нас і крычыць, камандуе, пацяшаючыся. Разумее, што ў нас душа ў пятках. Уцякаць, ці што?
— Васіль, уцякайма.
— На яліну! — аддаў новую каманду турыст. «Бач ты, — думаю, — хоча, каб на яліну лезлі. Не, не палезем. Прымусам не палезем. Калі б па сваёй волі, то канешне. Па сваёй волі…»
— Антон, — прашаптаў Васіль, — глянь на яліну. На яліну глянь! Мураш па ствале карабкаецца.
Так, па ствале лез мураш. Праўда, не той маленькі ўвішны муравейка, які штодзень працуе, кудысьці спяшаецца, а вялізны, нібы мыш. Калі б на свае вочы не бачыў, то не паверыў бы.
Мураш, спрытна перабіраючы лапкамі, хутка-хутка карабкаўся па ствале. Мы з Васілём быццам анямелі, моўчкі пазіралі на яго.
— Кругом! Назад! — скамандаваў турыст. Мураш паслухмяна, нібыта лялька ў тэатры, якую пацягнулі за нітку, павярнуўся і папоўз назад.
Вось дзіва! Гэты вялізны мураш слухаецца, як сабачка ў цырку, што ні загадаеш, выконвае. Няўжо ён дрэсіраваны? А калі турыст яго гіпнатызуе? Можа, гэты турыст гіпнатызёр? Глупства. Сапраўднае глупства. Хіба можна загіпнатызаваць мураша? Мураш не чалавек. Толькі чалавек паддаецца гіпнозу.
Мы з Васілём не адрываючыся глядзелі на незвычайнага мураша. Цяжка сказаць, пра што думаў Васіль. А я дык быў як пад сапраўдным гіпнозам. Анічога не цяміў.
— Уперад! — пачулася новая каманда.
Мураш як вокам згледзець пабег уперад, мільгануўшы, схаваўся ў траве. А праз некалькі секунд Васіль ускочыў, залямантаваў, замахаў рукамі:
— Во-ой!.. Во-ой!.. Ен казытаецца!
Я не ведаў, што мне рабіць: ці ўцякаць, ці Васіля ратаваць. Але ад каго? Ад чаго? Да нас кінуўся турыст.
— Назад! Сеанс закончаны!
Я заўважыў каля сваіх ног мураша, падобнага на мыш. Міжволі адступіўся назад.
— Ен, ён… — тыцнуў пальцам Васіль, паказваючы на мураша. — Ен мяне казытаў. Накінуўся на мяне.
Турыст узяў Васіля за руку.
— Не бойся. Ен не накінецца на цябе.
— Н-не н-накінецца?
— Не накінецца. Супакойся. Ен не жывы.
— Але ён мяне казытаў. Залез пад сарочку і лапкамі…
Залез пад сарочку… Васілю… І казытаў… А калі б пад маю сарочку залез і стаў мяне лапкамі казытаць? Напэўна, здранцвеў бы ад страху. Бр-р-р… Нават думаць пра такое не хочацца.
Турыст падняў мураша, паклаў на далонь.
— Бачыце? Ен нават не варушыцца. Гэта механізм.
— Механізм? — шмаргануў носам Васіль.
— Але. Я яго сам зрабіў. Ён называецца супер-міні-камп'ютэр «М-1». М — значыць мураш.
— Дык ён не кусаецца? — нарэшце падаў голас і я. Турыст усміхнуўся:
— Не. Толькі казычацца, калі на сваёй дарозе што-небудзь жывое сустрэне. Называйце яго Мурашом. Ен для мяне таксама як жывы.
— Прыдумалі, каб казытаўся, — з крыўдай прагаварыў Васіль. — Лепей хай раз укусіў бы. Я козытаў не пераношу.
— Выбачайце, — сказаў незнаёмы. — Не ведаў, што вы за кустом хаваецеся. Мне захацелася патрэніраваць Мураша. Гэта незвычайны камп'ютэр. Ен рэагуе на чалавечы голас. Паварочваецца направа, налева. Яшчэ такую каманду выконвае: «Стой. Не варушыся». Стане — з месца не скранеш.
— І паслухаецца любога, хто яму загадае? — не выцерпеў я.
— Паслухаецца. Але спярша трэба навучыць яго пазнаваць голас. Як гэта зрабіць? На спіне Мураша ёсць невялікая кнопка. Націскаеш на яе, падносіш Мураша да рота і кажаш што-небудзь. Каб Мураш голас запомніў. І ўсё. Камандуй. Калі ласка.
Я ўспомніў, як турыст спяваў «Касіў Ясь канюшыну». Выходзіць, не галасавыя звязкі ён развіваў, як казаў Васіль, а стараўся, каб Мураш яго голас запомніў.
— Не страшна? — пытаецца турыст.
— Не, — пасмялеў я. — А калі Мураш перастае… Калі перастае на голас рэагаваць?
— Калі скажаш усяго два словы: «Сеанс закончаны». Вось так, хлопцы. Як вас зваць?
— Антон, — кажу.
— Васіль, — ціха-ціха прамовіў мой сябар, нібы тату паведаміў, што двойку атрымаў.
Стала шкада яго. Усё-ткі дасталося яму ад Мураша. Нават голас змяніўся. Незнаёмы, відаць, таксама заўважыў гэта, бо сказаў:
— Можаце і вы Мурашом пакамандаваць. Націсніце на кнопку, не бойцеся.
Я памкнуўся наперад, а Васіль як замахае рукамі.
— Мы не хочам, не хочам. Дамоў трэба. Нас дома чакаюць. — Павярнуўся і пачэпаў па сцяжынцы. Я, вядома, таксама павалокся за ім.
— Хлопцы, — пачулася наўздагон, — мяне Піліпам Макаравічам зваць. Прыходзьце, калі захочацца.
Светлякі ці ліхтары?
Я думаў, што Васіля і сілком не зацягнеш на тую паляну, дзе мы ўбачылі зялёную палатку. Не жартачкі — гэтак напалохаў яго Мураш! Але памыліўся. Паслухайце, як было.
Вечарам (ужо шарэць пачало) я выйшаў з хаты. Як кажуць, свежым паветрам захацелася падыхаць. Бачу: дыбае па вуліцы Васіль.
— Васіль, хадзі сюды! — гукаю.
Удвух, вядома, весялей. Слова за словам — вось і час непрыметна праходзіць.
Прыдыбаў да мяне Васіль і адразу:
— Антон, давай да Піліпа Макаравіча сходзім. Спярша я не зразумеў, не дайшло да мяне.
— Да якога Піліпа Макаравіча?
— Да турыста. Да таго, што ў палатцы.
Вось яно што! На ноч у лес цягнуцца? Зараз мама пачне гукаць, скажа, каб у хату ішоў. Узбрыло ж яму ў галаву! Днём з хаты нават носа не высунуў, а стала на вечар брацца — у лес пацягнула. Што гэта зрабілася з ім?
— Заўтра сходзім, — кажу.
— Не вытрываю да заўтра, — прагаварыў Васіль. Я сеў на лаўку, закінуў нага за нагу. Маўляў,
і ты, Васіль, сядай, адпачывай, не заварвай кашу. А ён:
— Сходзім. Не вытрываю да заўтра.
— Васіль, вытрываеш. Вось каб зуб разбалеўся, то, магчыма, не вытрываў бы. І ноччу да доктара панёсся б.
Васіль скрывіўся, як з'еўшы горкага.
— Гэта яшчэ горай, чым зуб баліць.
— Што — гэта? Што горай? Не разумею цябе.
— Як табе растлумачыць… — пачаў Васіль. — Ведаеш… Э-э-э… Антон, не магу… Ведаеш… Э-э-э…
«Ведаеш… Э-э-э…» Так ён і да ранку не растлумачыць.
— Прама кажы, без экання.
— Мураша хочацца пакратаць. Ну, таго самага, супер-міні-камп'ютэра. Увесь дзень пра гэта думаў. Нішто ў галаву не лезе. Хочацца хоць адным вокам глянуць. Хочацца пакамандаваць ім. Сходзім у лес.
— Днём камандаваў бы, — кажу.
— Страшна было, — прызнаўся Васіль. — Мяне так калаціла, так калаціла…
— А цяпер не страшна?
— І цяпер крыху страшна. Але ж хочацца пакратаць, пакамандаваць…
Нарэшце я зразумеў, чаму ён так прэцца ў лес. Як кажуць, цікаўнасць, дапытлівасць мацней, чым страх. Асаблівы характар у Васіля. Упарты ён хлопец. Хоць страляй у лоб — па-свойму зробіць. Не пагаджуся — адзін у лес пойдзе. Пойдзе, каб там і ліха гарэла. Што ж прыдумаць, каб у лес не цягнуцца? Проста смех — на ноч у лес? А калі напалохаць яго?
— Васіль, ты да Мураша дакранешся, а ён накінецца на цябе і заказыча. Пабачыш.
Думаеце, Васіль напалохаўся? Анічуць.
— Я яго за лапкі буду трымаць. Не вырвецца, — прагаварыў.
Што на гэта скажаш? Адмахнуцца рукамі і нагамі? Абзаве баязліўцам, адзін папрэцца. Пасля ў вочы не гляну. Сябар усё-ткі.
— Пойдзем, — мусіў пагадзіцца я і, не стрымаўшыся, падпусціў шпільку: — Ты адпусці Мураша, калі пачне вырывацца, бо лапкі адарвеш. Як ён без лапак на яліну палезе?
А Васіль сур'ёзна:
— Добра, што папярэдзіў. І праўда, можна адарваць лапкі. Шкада, калі паломіцца такі разумны камп'ютэр.
Пакуль выбраліся з вёскі, пакуль дайшлі да лесу, зусім сцямнела. Вы ніколі не хадзілі поначы па лесе? Непрыемна, скажу вам. Днём кожны кусцік прыметны, кожнае дрэўца. Усё звычнае, знаёмае. А ноччу не відаць ні кусціка, ні дрэўца. Вакол быццам суцэльная сцяна. Мы нават сцяжынку не знайшлі. Палезлі, як гаворыцца, напралом. Уперадзе — Васіль, за ім я, стараюся не адстаць. Галінкі сцёбаюць па твары, за каўнер пырскамі падаюць кроплі расы. Я не вытрываў:
— Васіль, у гэткай цемры вочы выкалем. Ты памалей ідзі. Ляціш, нібы на кані вярхом скачаш.
Спыніўся мой сябрук, прагаварыў няўпэўнена:
— Мы, напэўна, хутка прыйдзем.
— Куды прыйдзем? Куды? — узлаваўся я. — Будзем блукаць да ранку. Нас і з міліцэйскім сабакам не знойдуць.
— Не хвалюйся. Знойдуць, — абнадзеіў мяне Васіль. І чаго я на вуліцу выйшаў? Як на грэх. Хіба ў
хаце было цесна? Сядзеў бы ў хаце — усё інакш склалася б. Цяпер кніжку чытаў або тэлевізійны фільм глядзеў бы. Па лесе поначы цягаемся. Узбрыло ж Васілю ў галаву. Невядома, ці знойдзем палатку. А калі і знойдзем, то што з таго? Хіба дасць нам Піліп Макаравіч ноччу Мураша? Той Мураш як пабяжыць куды-небудзь — дык яго і са свечкаю не знойдзеш. Ну й Васіль! Мурашом захацелася пакамандаваць! Пакамандуюць нам дома, калі вернемся. Мабыць, гукае мама, кліча, каб у хату ішоў. Пакамандуюць… Днём з усіх ног уцякаў, а ноччу будзе гладзіць, за лапкі трымаць. Хм, за лапкі будзе трымаць. Ноччу…
— Антон, — перапыніў мае разважанні Васіль. — Уперадзе штосьці свеціцца.
Я прыгледзеўся. Уперадзе, угары, няйначай як на дрэве, мігцеў агеньчык.
— Відаць, палатка блізка. Піліп Макаравіч грэецца, — выказаў здагадку Васіль.
Я ўсміхнуўся:
— На дрэве грэецца? На дрэве агонь разлажыў?
Васіль не паспеў адказаць. Воддаль працягла грымнула, па небе вогненнаю стужкаю прабегла бліскавіца.
Няўжо навальніца пачнецца? Толькі гэтага нам не хапала.
— Васіль, грыміць. Чуеш?
— Далёка грыміць. Пакуль да нашай вёскі хмара прыплыве, нам дзесяты сон прысніцца. Крышачку засталося ісці.
Чым бліжэй падыходзілі, тым ярчэй свяціўся агеньчык. Ужо блізка зусім. Мінулі куст лазняку, сталі.
Сон ці не сон? Па ўсёй палянцы мігцяць агеньчыкі. Свецяцца, гараць без трэску, без полымя.
— Што гэта? — парушыў маўчанне Васіль.
— Што гэта? — вырвалася, як рэхам, і ў мяне.
Падобнага дзіва ніколі ў жыцці не назіраў. Безліч агеньчыкаў на палянцы, а адзін (яго, відаць, першым заўважылі) на яліне свеціцца. Вось дык ілюмінацыя!
— Мабыць, светлякі,— прамовіў Васіль.
Хм, светлякі. Вядома, страчаюцца ў лесе светлякі. Але ж хіба яны гараць так ярка? Дый вунь колькі іх. Няўжо Піліп Макаравіч з усяго лесу светлякі зносіў, нібы вуголле? Штосьці тут не так.
— Светлякі гэта ці не светлякі? — прагаварыў Васіль. — Антон, ты як думаеш?
Я пачухаў за вухам. Складаная задачка. З многімі невядомымі. Такую нялёгка рашыць.
— Чаго маўчыш? Язык адняло? — не стрымаўся Васіль.
— Гэта не светлякі.
— Відаць, не, — сказаў Васіль. — Спярша падумалася, што светлякі. Што ж гэта такое?
— А калі Піліпа Макаравіча паклікаць? — прапанаваў я. — Ен вылезе з палаткі і ўсё растлумачыць.
Васіль схапіў мяне за плячо. Ен, пэўна, падумаў, што я ў гэтую ж секунду з хуткасцю спрынтэра рвануся да палаткі.
— Не кліч! Не трэба клікаць! Не веру я гэтаму турысту. Ен праўды не скажа. У яго, мабыць, і Мураш не камп'ютэр, а жывы, сапраўдны. Вунь як мяне казытаў. Усімі лапкамі адразу. Турыст нас за нос водзіць. Самі пра ўсё даведаемся. Разгадаем ягоны сакрэт. Самі! Антон, не кліч.
— Дык што, па-твойму, свеціцца?
— Воўчыя вочы свецяцца.
Мне адразу стала смешна, а пасля, прызнаюся, дрыжыкамі праняло. Воўчыя вочы… Воўчыя…
— Васіль, — моцна прагаварыў я, стараючыся адагнаць страх, — вочы воўчыя…
— Не вочы воўчыя, а воўчыя вочы, — паправіў мяне Васіль.
— Воўчыя вочы, — кажу, — не свецяцца, а зыркаюць.
— А ты бачыў? Ведаеш, што зыркаюць?
І праўда, не бачыў. Ні разу ваўка ў цемры не бачыў. Толькі днём, у заапарку. Што ж сказаць Васілю?
— Васіль, калі б тут столькі ваўкоў сабралася, то яны з'елі б не толькі Піліпа Макаравіча, але і ягоную палатку. На нас таксама так доўга не глядзелі б. Накінуліся б і…
— Гэтыя ваўкі дрэсіраваныя, вучоныя, — не даў мне закончыць Васіль. — Іх турыст выдрэсіраваў. Загадаў, каб стаялі. Яны яго слухаюцца.
— Загадаў, як Мурашу? — скумекаў я.
— Але, як Мурашу. Павер мне.
Я і верыў, і не верыў. Бывае ж такое: адначасова і верыш, і не верыш. Канешне, Піліп Макаравіч на многае здатны. Нездарма Мураш і направа паварочваецца, і налева, слухаецца, што залатая рыбка. Але ж хіба можна загадаць не аднаму ваўку, а цэлай зграі, каб стаяла і ні з месца? Хіба магчыма, каб ваўкі вартавалі яго, як сабакі? Дый мы побач. А яны стаяць, нібы авечкі. Сабака і той не вытрываў бы, азваўся б.
— Васіль, на яліне таксама воўк? На яліну яго Піліп Макаравіч закінуў?
— Ен на ўсё здатны, — упэўнена прагаварыў Васіль.
— Але ж у таго ваўка адно вока свеціцца. Хіба другое заплюшчыў? Ці Піліп Макаравіч выбіў яго ваўку, бо воўк не хацеў на яліну лезці?
— Не смейся, — сказаў Васіль. — Тут нейкі сакрэт. Адразу не разгадаеш.
«Вух-вух», — вухнуў непадалёку гром.
— Трэба дамоў ісці,— сказаў Васіль. — Заўтра прыйдзем. Мы ўсё роўна даведаемся, што гэта за турыст. Разгадаем ягоны сакрэт.
Асцярожна, азіраючыся па баках, мы палезлі ў мокрыя ад расы кусты.
Рукзак… на галаве
Назаўтра з самага ранку сустрэўся я з Васілём.
— Ну, як? — пытаецца ён.
— Што — як? — не зразумеў я яго.
— Бацька не аддзяжыў? Ты ж ноччу дамоў вярнуўся.
— А-а-а, вось ты пра што. Не, — кажу. — Тата толькі буркнуў. А мама дык узрадавалася. Сам разумееш. Вось-вось навальніца пачнецца, а мяне ўсё няма.
— І мае ўзрадаваліся, — пахваліўся Васіль. — Пашанцавала нам. Калі б не навальніца, то невядома, што было б.
— Васіль, ты не здагадаўся, што так у лесе свяцілася?
— Не, — развёў рукамі Васіль. — Трэба ў лес ісці. Там разгадаем. Калі ваўкі каля палаткі стаялі, то іхнія сляды ўбачым.
Што ж, правільна разважае. Ноччу дождж прайшоў.
На мокрай зямлі павінны сляды застацца.
— Каля палаткі будзем сляды шукаць? — пытаюся.
— Не толькі каля палаткі. І на ўзлеску, і ў лесе. Мае рацыю. Ваўкі ноччу каля палаткі стаялі, а зранку, відаць, кудысьці пацягнуліся. Інакш што выходзіць? Піліп Макаравіч на дзень іх у палатку заганяе, каб спалі там?
— У лес, Васіль?
— У лес, — сказаў мой сябар.
І мы накіраваліся ў лес. Ідзём, пад кожны кусцік зазіраем, пад ногі глядзім пільна-пільна, каб заўважыць хоць адзін слядок. Але ні на сцяжынцы, ні ўзбоч яе ніводнага слядка: ні звярынага, ні птушынага. Як пішуць у казках? Ні птушка не пралятала, ні звер не прабягаў.
— Есць! — нарэшце ўсклікнуў Васіль. Укленчыў, і пад ядлоўцавы куст. Ну й зыркі! Пад самым кустом след заўважыў. Няўжо воўчы?
Я спыніўся. А Васіль поўзае: то ўправа падасца, то ўлева, то назад, нібы Мураш Піліпа Макаравіча.
— Воўчы след? — цікаўлюся.
Маўчыць, не азываецца. Што з ім? Няўжо ад страху язык праглынуў?
— Воўчы след? — крычу мацней. Маўчыць. Не даходзіць.
— Чаго поўзаеш? Там воўк след пакінуў?
— Сам паглядзі.
Палез і я пад куст. На вільготнай зямлі быў добра прыметны след, падобны на той, які звычайна куры пакідаюць: два штрышкі злева і справа, адзін спераду, пасярэдзіне, адзін ззаду.
— Хопіць поўзаць, — кажу Васілю. — Курыных слядоў ніколі не бачыў?
— Гэты след не курыны, — сказаў Васіль. — Стараюся адгадаць, чый. У курэй, як мне здаецца, тры пальцы з кіпцюрамі ўперадзе, а адзін ззаду.
Я засмяяўся:
— І тут тры ўперадзе, а адзін ззаду.
— Курыны след не такі,— не пагадзіўся са мною Васіль. — Антон, ты пастарайся ўспомні, які след куры пакідаюць.
Я наморшчыў лоб, успамінаючы. Нешта аж у патыліцы закалола. Не магу ўспомніць, хоць забі. Вось дзіва! Сёння быццам упершыню адкрыў Амерыку. Не ведаю, які след куры пакідаюць. А яны ж бегаюць і па агародзе, і па вуліцы. Не ведаю… Чаму ж так?
— Даўся табе гэты след, — кажу. — Хопіць поўзаць.
— Хочацца даведацца, чый ён.
— Мабыць, курапатка пакінула.
— Мабыць, — кіўнуў галавою Васіль.
Мы пачэпалі далей. На сцяжынцы, там, дзе зрэдзь прабіваліся купінкі травы, зноў заўважылі сляды: уперадзе, побач, два вялікіх адбіткі лап, а ззаду, адзін за адным, — два маленькіх.
— Чый след? — схіліўся Васіль.
— Відаць, ліса пакінула, — няўпэўнена прагаварыў я.
— Не-е, — працягла вымавіў Васіль. — Мне тата казаў, што след лісы быццам па нітцы выведзены: лапка ў лапку, так ланцужком і цягнецца. Я гэта добра запомніў.
— І на воўчы ён не падобны, — кажу Васілю. — І на сабачы таксама.
— А якія сляды пакідаюць воўк і сабака? — пытаецца Васіль.
Не чакаў я гэткага пытання, задумаўся. Зноў не ведаю. Ну, воўчыя сляды не так часта бачыш. А вось сабачыя, як кажуць, грэх не ведаць. Сабачыя сляды, як і курыныя, на кожным кроку страчаюцца.
— Якія сляды пакідаюць воўк і сабака? — паўтарыў я. — Па-мойму, вялікія.
А Васіль:
— Есць і маленькія сабачыя сляды.
— Але, — падхапіў я, — у вялікага сабакі вялікі след, а ў маленькага маленькі.
Васіль засмяяўся:
— Ну й натураліст! Так добра растлумачыў, што з першага разу ўсё стала зразумела.
— І ты за мяне не лепшы, — кажу. — Ты таксама воўчы след ад сабачага не адрозніш.
— Калі ўбачу воўчы, то адразу пазнаю, — пахваліўся Васіль. — Інтуіцыя падкажа.
— І я пазнаю, — вырашыў я не здавацца. — Табе інтуіцыя падкажа, а мне дапаможа.
Вось так мы з Васілём, стараючыся адзін перад адным, чыталі лясныя сляды. Калі б так і вершы, апавяданні па роднай літаратуры чыталі, то прыносілі б са школы ў дзённіках… Не, не стану казаць, што прыносілі б. Вы, думаю, пра гэта самі здагадаліся.
Моўчкі (чамусьці прыкра было на душы) мы чэпалі па лесе. Не ведаю, пра што думаў Васіль. А вось я думаў, што сёння ж, не адкладваючы, вывучу ўсе-ўсе сляды. Спярша курыныя, сабачыя, а пасля і дзікіх звяроў, дзікіх птушак. Знайду кніжку пра жывёл, пачну ў старэйшых пытацца. Абавязкова вывучу. Усё-ткі нядобра. Побач гэтулькі жывёл, гэтулькі птушак, гэтулькі звяроў жыве, а пра іх з мезены палец ведаеш.
Сцяжынка павярнула направа. Там, за павароткай, павінна стаяць палатка. Ага, ёсць, стаіць. І Піліп Макаравіч каля палаткі. Каля палаткі… Што гэта? На галаве ў Піліпа Макаравіча вялізны рукзак. Відаць, пад самую завязку розных рэчаў наклаў. Шпацыруе каля палаткі, як па праспекце, пра Яся і дзяўчыну ціхенька спявае.
— Чаго ён так? — пытаюся ў Васіля.
— Не ведаю, — паціснуў той плячыма.
— Рукзакі звычайна за плячыма носяць, — кажу.
— А ён на галаве, — прагаварыў Васіль. — Гэты турыст усё наадварот робіць.
Ну й турыст! Такіх мы ні разу не бачылі. Цікава: ці доўга будзе вось так, на галаве, рукзак насіць?
— А-а-а, хлопцы, бліжэй падыходзьце, не бойцеся, — усё-ткі заўважыў нас.
Мы падышлі бліжэй. А ён стаіць, усміхаецца. Нарэшце зняў рукзак, паклаў на зямлю.
— Паспрабуйце падняць. Узяўся Васіль, крыху патрымаў.
— Піліп Макаравіч, вы камяні ў рукзаку носіце?
— Сёння лягчэйшы. Вось каб учора паднялі!
— Вы і ўчора яго на галаве насілі?
— І ўчора, і заўчора.
— А калі мне паспрабаваць? Можна?
«Бач, — думаю, — і Васілю захацелася з рукзаком на галаве пахадзіць. І чаго ж так за рупіла? Можа, партфель з кніжкамі стане на галаве насіць?»
— Можна, — сказаў Піліп Макаравіч.
Васіль абедзвюма рукамі схапіў рукзак, пачаў паволі падымаць угору. Я падскочыў, стаў дапамагаць яму. Нарэшце сяк-так паклалі на галаву. Галава ў Васіля адразу палезла ў плечы, а твар стаў барвовы-барвовы, нібы хтосьці непрыкметна памаляваў барвоваю фарбаю. Я ляпнуў яго па плячы.
— Давай, Васіль. Падарожнічай па родным краі. Ды падарожнічаў Васіль нядоўга. Секунд пяць, дзесяць. Ступіў, перавальваючыся, што гусак, некалькі крокаў, нагнуў галаву, і рукзак упаў на зямлю. Я падышоў да Васіля.
— Не выйшла? Ну, што? Ен адвёў убок вочы.
— Я пранёс бы, калі б не зваліўся.
— Мне здалося, што ты яго сам скінуў.
— Табе заўсёды немаведама што здаецца, — агрызнуўся Васіль.
А Піліп Макаравіч вясёлы, усміхаецца:
— Хлопцы, без трэніроўкі не абыдзешся.
— Значыць, вы трэніруецеся? — пытаюся.
— Трэніруюся.
— У вас хіба хвароба якая? Дактары вам параілі?
— Бачылі фільмы, у якіх расказваецца пра жыццё ў Афрыцы?
Я кіўнуў галавою.
— Ну, бачылі.
— Бачылі, як афрыканскія жанчыны цяжар на галаве носяць?
— Бачылі.
— А чаму яны так робяць? Я паціснуў плячыма.
— Так прывыклі. У нас у руках, а яны на галаве.
— На галаве лягчэй, — сказаў Піліп Макаравіч. — Калі афрыканка нясе на галаве пяцідзесяцікілаграмовы цяжар, то яна затрачвае энергіі ў два разы менш, чым турыст, які нясе яго за плячыма.
— І вы хочаце менш энергіі затрачваць? — скумекаў Васіль.
— Канешне. Магу і вас навучыць насіць цяжар, як афрыканскія жанчыны носяць.
«Без гэткай навукі абыдземся», — падумалася.
— Лепей не трэба, — хуценька адказаў я.
І Васілю не спадабалася насіць цяжар, як афрыканскія жанчыны носяць.
— Не трэба. Нас толькі на гадзінку адпусцілі.
Мы павярнуліся і — трушком, трушком — па сцяжынцы. Калі адышліся крыху далей, Васіль пытаецца ў мяне:
— Ты не заўважыў каля палаткі воўчых слядоў?
— Не прыглядаўся, — прызнаўся я. — Забыўся.
— І я забыўся, — прамовіў Васіль. — Нічога. Прыйдзем дамоў, наямося і зноў сюды прыбяжым. Дамовіліся?
— Дамовіліся, — сказаў я.
Полудзень… з колбы
Праз гадзіну мы з Васілём зноў былі каля палаткі. Вельмі хацелася паглядзець, ці ёсць там воўчыя сляды. А яшчэ два «чаму?» цвіком у галаве сядзелі. Першае — чаму Піліп Макаравіч трэніруецца цяжар на галаве насіць? Хоча менш энергіі затрачваць? Але ж не адзін ён з рукзаком падарожнічае. Есць і другія турысты. Хіба тым, другім, не хочацца менш энергіі затрачваць? Ды яны носяць рукзак, як усе людзі: за плячыма. Чаму ён, адзін-адзінюткі, вырашыў па-новаму рукзак насіць? Няўжо з рукзаком на галаве ён і па горадзе ходзіць?
І другое «чаму?». Чаму ён у вёску ні разу не зазірнуў? Калі турысты спыняюцца ў нашым лесе, то абавязкова прыходзяць у вёску. І малако купляюць, і яйкі, і кансервы, і хлеб. А гэты не вылазіць з лесу. Хіба яму ні малако, ні хлеб не патрэбны? Няўжо ён так шмат прадуктаў набраў? Няўжо ў яго два рукзакі? Адзін на галаве нясе, а другі за плячыма. Ці магчыма такое? Напэўна, не. Есць нейкі сакрэт. Без прычыны і сабака не брэша.
На гэты раз мы з Васілём вырашылі схавацца, каб не паказвацца Піліпу Макаравічу на вочы, каб пасачыць за ім. А раптам убачым такое, што адразу дапаможа адказаць на гэтыя «чаму?».
Падкраўшыся да палаткі, мы схаваліся за кустом. А каля палаткі ані душы. Ціха-ціха вакол. Толькі авадні гудзяць, нібы прывязаныя, каля носа круцяцца.
Не памятаю, колькі так сядзелі. Магчыма, дваццаць хвілін, магчыма, трыццаць. Мяне нават на сон пацягнула. На якую секунду заплюшчу вочы, пасля страпянуся, расплюшчу, зірну на Васіля, што праз цьмянае шкло, і зноў заплюшчваю. Усё-ткі паўночы не спаў, па лесе цягаўся.
— Вудзіш акунёў? — нарэшце заўважыў Васіль.
— Не. Табе проста здалося, — кажу, страпянуўшыся.
— Антон, не драмі,— папрасіў мяне Васіль.—
Калі на цябе гляджу, то і мяне на сон цягне. Як думаеш: што будзе, калі пад кустом заснём?
— Сілы прыбавіцца. Пасля сну чалавек заўсёды адчувае сябе бадзёрым.
Васіль пазяхнуў.
— Не ведаю, як хто сябе адчувае. А я дык пасля сну цэлых паўгадзіны, быццам спутаны конь, хаджу.
— Відаць, сніцца абы-што. Усякае глупства ў галаву лезе?
— Лезе, — кіўнуў галавою Васіль.
— А мне не лезе. Мяне і гарматамі не разбудзіш, — пахваліўся я.
Васіль спалохана зірнуў на мяне.
— Ты не спі. Прашу цябе.
— Не буду, — паабяцаў я.
А вочы заплюшчваюцца, заплюшчваюцца… Відаць, нават даў храпака, бо Васіль, штурхнуўшы ў бок, нязычліва прамовіў:
— Не храпі. Зараз сюды ваўкі з усяго лесу пазбягаюцца.
— Ваўкі? Якія ваўкі? — ускочыў я спрасонку.
— Сядай, — пацягнуў за рукаў Васіль. — Ты быццам дзед стогадовы. Прысеў — і ўжо дрэмле.
— Я не спаў. Не верыш? Дакажу.
Напэўна, доўга даказваў бы Васілю, што не спаў, што яму здалося, але з палаткі вылез Піліп Макаравіч. У руках ён трымаў некалькі поліэтыленавых пакетаў, шкляную колбу (такіх мноства ў кожнай школе ў кабінеце хіміі) і тэрмас. Круглы, з зялёнымі рубчыкамі, а накрыўка чырвоная.
Сон як рукою зняло. Цікава: чым зноў здзівіць? Нездарма колба ў руках. Ніводзін турыст колбу ў лес не носіць.
— Ты не спіш? — штурхнуў Васіль.
— Не, — кажу.
— Няўжо гэты турыст збіраецца фокусы паказваць? — як бы сам сабе прагаварыў Васіль.
Ці магчыма такое? А чаму не. Ен і Мурашом камандуе, і на галаве цяжар носіць, і ноччу агні каля палаткі. Дык хіба не зможа фокус паказаць? А калі…
— Васіль, ён фокуснік, — выказаў я сваю здагадку сябру. — І Мураш, і тыя агні — усё гэта несапраўднае. Фокусы гэта. Як у цырку. Разумееш?
— Не разумею, — буркнуў Васіль. — Той Мураш мяне па-сапраўднаму лапкамі казытаў.
— Табе здалося. Не па-сапраўднаму. Бачыў, як у цырку? Там і жанчын, здараецца, перапілоўваюць, і мячы глытаюць.
— Не мячы, а шпагі,— паправіў мяне Васіль.
— Ну, шпагі. І курэй з рукава выпускаюць, і сабачак пад капелюшом знаходзяць, і…
— Хопіць балбатаць, — перапыніў Васіль. — У мяне ад тваёй балбатні хутка перапонкі ў вушах лопнуць. На паляну глядзі.
Піліп Макаравіч тым часам колбу і тэрмас паставіў на траву. Побач паклаў поліэтыленавыя пакеты. Сеў, скрыжаваўшы ногі, нібы турак, азірнуўся па баках.
— Азіраецца, — дрыготкім голасам прамовіў Васіль.
— Зараз нешта будзе, — гэткім жа дрыготкім голасам прашаптаў я. — Што, калі адкрые тэрмас, а адтуль ваўкі выскачаць?
— Глупства, — сказаў Васіль.
— Не глупства, а фокус, — не пагадзіўся з ім.
Я аж трымцеў ад хвалявання. Такога хвалявання, як сёння, ніколі не было. Нават у сталічным цырку, калі на экскурсію ездзілі. Там мы радаваліся, крычалі. Там, можна сказаць, усё зразумела. Фокуснік на цыркавой арэне — гэта работа. А тут лес, паляна, турыст Піліп Макаравіч, які немаведама чаму спыніўся ў нашым лесе. Магчыма, фокуснік, а магчыма, і не. Магчыма, певень з тэрмаса выскачыць, закукарэкае, магчыма, маланка блісне і гром над галавою трэсне. Усяго-ўсяго, што ёсць і чаго няма на свеце, чакаў я ад гэтага незвычайнага турыста.
Піліп Макаравіч, бачым, адкруціў чырвоную накрыўку тэрмаса, пачаў наліваць у колбу нешта белае, густое, падобнае на смятану. Пасля разарваў адзін пакет, другі, трэці… Пакуль што з тэрмаса нават верабей не выскачыў.
— І навошта ён гэта робіць? — не стрываўся Васіль. — Свой новы веласіпед аддаў бы, не пашкадаваў, каб толькі даведацца, навошта.
— Пацярпі. Зараз даведаешся.
Што б, вы думалі, убачылі? Піліп Макаравіч з аднаго поліэтыленавага пакета, з другога, з трэцяга высыпаў у колбу нейкі шэры парашок. У колбе зашыпела, забулькала.
— Васіль, кладзіся! Узарвецца!
— Не, — сказаў Васіль. — Калі б узарвалася, то і турыст уцякаў бы. А ён сядзіць, нібы турак, скрыжаваўшы ногі.
Я выцягнуў шыю, гляджу. Над палянай дымілася воблачка, быццам ад порхаўкі, на якую неасцярожна наступілі.
— Ен хімік. Доследы праводзіць, — кажу Васілю.
— Не хімік, а алхімік, — паправіў Васіль. Да мяне спярша не дайшло.
— Хто-о-о?
— Алхімік, — паўтарыў Васіль. — Былі ў старажытнасці такія вучоныя. Яны стараліся з жалеза золата вылучыць.
— Па-твойму, Піліп Макаравіч хоча золата з шэрага парашку вылучыць?
— Не хоча, а вылучае. У яго, відаць, і ў рукзаку золата ляжала. Раней навылучаў. Цяжкі рукзак, як падняць.
Цуд! Сапраўдны цуд! Можа, сапраўды Васіль на сваёй галаве насіў рукзак з золатам? Вось каб мне хоць маленькі кавалачак золата! За яго магнітафон купіў бы. А калі б засталіся грошы, марожанага накупляў і ўсіх-усіх у школе частаваў бы.
Трэба папрасіць кавалачак золата ў Піліпа Макаравіча. Няўжо не дасць, пашкадуе?
— Я пайду, — кажу.
— Куды? — пытаецца Васіль.
— Кавалачак золата ў Піліпа Макаравіча папрашу.
— Сядзі і не высоўвайся.
«Што ж, пасяджу, пачакаю, калі вылучыць. А пасля адразу на паляну. Дасць, нідзе не дзенецца», — думаю.
Піліп Макаравіч тую вадкасць, якая шыпела і булькала, наліў у накрыўку з-пад тэрмаса і… пачаў піць, нібы каву.
— П'е, — прыўзняўся я.
— І не баіцца, што разарве, — працягла вымавіў Васіль. — Аблізваецца, нібы кот. Вось як ён палуднуе!
Мы глядзелі як заварожаныя. А Піліп Макаравіч выпіў вадкасць, якая шыпела і булькала, узяў тэрмас, колбу, пакеты і палез у палатку.
Я падсунуўся да Васіля.
— Васіль, у яго ў жываце, відаць, ох як шыпіць і булькае. Давай паклічам яго.
— Хочаш паслухаць, як у жываце шыпіць і булькае?
— Хачу, — прызнаўся я. — А заадно запытаем, чаму ён гэтую вадкасць п'е.
— Не, — не пагадзіўся Васіль.
— Не цярпіцца. Разумееш?
— А мне, ты думаеш, цярпіцца? Аж падымае нешта. Так хочацца да палаткі рвануцца. Пацерпім. Пачакаем. Ваду муціць гэты турыст. Пабачым, чыя возьме.
— Ты нешта прыдумаў?
— Есць адна задумка, — коратка адказаў Васіль.
Яшчэ адзін дзівак-турыст
Так і не здагадаліся мы з Васілём, хто такі Піліп Макаравіч. Думалі, што фокуснік, спадзяваліся, што певень вылеціць ці што-небудзь іншае жывое з'явіцца… Няўжо сапраўды ён алхімік? Чаму вадкасць, якая шыпела і булькала, піў? Няўжо яна яму не пашкодзіла? Чаму? Назбіралася гэтых «чаму?», спляліся ў такі вузельчык, што канец з канцом ніяк не звяжаш.
— Дык ты лічыш, што Піліп Макаравіч алхімік? — пытаюся ў Васіля.
Васіль развёў рукамі.
— Не ведаю.
— Чаму не ведаеш? Тады крычаў, што алхімік. Цяпер — не ведаю, — накінуўся я на яго.
— Я не крычаў, а шаптаў,— спакойна сказаў Васіль.
Крычаў… Шаптаў… Быццам вялікая розніца. Няўжо гэта не даходзіць да яго?
Я адчуваў, што трачу цярпенне. Не дзіва. Столькі навалілася за гэтыя дні! І Мураш, і вочы-светлякі, і гэтыя хімічныя доследы. Усё пераблыталася ў галаве.
— Чаму прашаптаў? — сказаў павольна, раздзяляючы кожнае слова, каб дайшло. — Якія-небудзь доказы ёсць у цябе?
Васіль зноў спакойна:
— Былі, ды сплылі.
— Калі яны сплылі?
— Калі, калі… Тады сплылі, калі дзівак-турыст стаў вадкасць піць. Цяпер разумееш? Сам паварушы галавою. Дай яму яечка, ды яшчэ і аблупленае.
— Цяпер разумею, — вінавата прамовіў я.
І ў Васіля ўсё ў галаве пераблыталася, і яму нялёгка канцы з канцамі звязаць. А я прычапіўся, накінуўся ні з таго ні з сяго. Чаму Васіль спярша падумаў, што Піліп Макаравіч алхімік? Бо нібы хімічны дослед праводзіў. А пасля… Ні хімік, ні алхімік не стане піць вадкасць, якая шыпіць і булькае. Сам пра гэта мог бы здагадацца. Нейкае зацьменне ў галаве. Заблытаў нас Піліп Макаравіч. Што ж ён цяпер у палатцы робіць? Напэўна, спіць як пшаніцу прадаўшы, а ў жываце вадкасць булькае. А можа, у невідзімку ператварыўся? Можа, тая вадкасць дапамагла яму ў невідзімку ператварыцца? Ператварыўся ў невідзімку і каля нас сядзіць, пальцам на нас паказвае, сам сабе ўсміхаецца. Я аж плячыма перацепнуў, як уявіў гэткае.
— Чаго дрыжыш? — заўважыў Васіль.
— Так сабе. Напэўна, холадна, — не прызнаўся яму. Васіль хмыкнуў:
— Хм, напэўна, холадна. Напэўна… Сам не ведае, холадна яму ці не.
Не хацелася мне працягваць гэткую гаворку.
— Васіль, ты казаў, што ў цябе ёсць нейкая задумка.
— Есць, — прагаварыў Васіль. — Трэба за гэтым турыстам і далей сачыць. Не паказвацца яму на вочы.
— Доўга прыйдзецца за ім сачыць?
— І цэлы тыдзень, калі спатрэбіцца. Мы ўсё пра яго даведаемся.
Ну й Васіль! Калі зацікавіцца чым-небудзь, дык, як гаворыцца, і за вушы яго не адцягнеш. Аднаго разу стары гадзіннік на гарышчы знайшоў. Як на грэх, вычытаў, што ў падобных гадзінніках асаблівы механізм, што нібыта праз гадзіну, як салоўка, спявае. Цяпер Васіль кожную раніцу сядзіць, штосьці адкручвае, штосьці закручвае. Цэлы месяц. Усё спадзяецца, што салоўка яму заспявае.
Я даўно той гадзіннік на сметнік выкінуў бы. Я люблю, калі задуманае адразу ж выходзіць, калі любы сакрэт у гэтую ж хвіліну разгадваецца.
— Давай падпаўзём да палаткі. Паглядзім, што Піліп Макаравіч робіць, — я не вытрываў, прапанаваў Васілю.
Васіль схапіў мяне за нагу.
— Ляжы.
— А калі мне не ляжыцца?
— Спаў бы ты лепей, — уздыхнуў Васіль. — Хоць не брыкаўся б.
Усё-ткі не можа дараваць за тое, што носам кляваў, калі нядаўна за Піліпам Макаравічам назіралі. Што ж ён робіць у палатцы? Чаму так доўга не паказваецца? А калі кепска яму стала, калі пашкодзіла тая вадкасць? Што, калі трэба дапамагчы?
Толькі падумаў так — вылазіць Піліп Макаравіч з палаткі, штосьці пад нос мармыча. Вылез, рукзак за плечы павесіў. Не на галаву паклаў, а за плечы павесіў. Дзіўна. Вучыўся на галаве насіць, нас хацеў навучыць, а сам за плячыма носіць. Дзіўна. Стаіць. Няўжо каго чакае? Ага, усміхаецца. Значыць, не пашкодзіла яму вадкасць. І ў невідзімку, як думалася, не ператварыўся. Дзіўна.
— Зараз некуды пойдзе, — шапчу Васілю.
— А мы — назіркам. Толькі не высоўвайся, — папярэдзіў мяне Васіль.
Піліп Макаравіч падаўся ў глыб лесу. Мы з Васілём за ім, перабягаючы ад куста да куста. Падобнага ў мяне ніколі не было. Такое толькі ў фільмах пра шпіёнаў бачыў. Цікава, скажу вам. У грудзях то цёпла, то холадна. І анічога вакол не заўважаеш. Толькі постаць, якая мільгае за дрэвамі.
Вось Піліп Макаравіч спыніўся каля тоўстага яловага пня, парослага мохам.
— Напэўна, грыбы шукае, — кажу Васілю. — Дзівак! Грыбоў яшчэ няма.
— Сачы. За кожным рухам сачы. Вачэй не спускай, — папярэдзіў Васіль.
Я і без яго падказкі вачэй не спускаю. Ага, нагнуўся, вырваў з пня жменю моху, паднёс да твару (мне здалося, што нюхае).
— Нюхае, — кажу Васілю. — Зараз будзе есці.
— Есці? Мох есці? — зірнуў на мяне Васіль.
— А чаму і не? Тую вадкасць — сапраўднае выбуховае рэчыва — піў? Піў. Не пабаяўся. Не пабаіцца і мох з'есці. Ці не так?
— Так, — кіўнуў галавою Васіль. — Вачэй не спускай. Мы пра яго ўсё-ўсё даведаемся. Няхай есць.
Мы памыліліся. Піліп Макаравіч не стаў есці мох. Выняў з рукзака аркуш паперы, ручку, штосьці напісаў, мох загарнуў у гэты аркуш і паклаў у рукзак.
— Мох збірае! — аж прысвіснуў Васіль.
— Ен яго сёння вечарам альбо падсмажыць, альбо зварыць, — дадаў я.
Васіль зірнуў на мяне, незычліва прамовіў:
— Вушы схавай.
Я спярша разгубіўся.
— Чаму вушы схаваць?
— Яны ў цябе, як у зайца. З-за куста вылазяць. Канешне, крыўдна стала.
— Невядома, у каго вушы большыя. Можам памерацца.
— З зайцам памерайся. З зайцам! — буркнуў Васіль.
Калі б мы не сачылі за Піліпам Макаравічам, то я яму памераўся б. Не паглядзеў бы, што сябар. Кажы, ды ведай меру.
Хацеў сказаць Васілю прыкладна так: «Няхай, няхай у мяне вушы, як у зайца, а ў цябе… у цябе, як у пацука хвост…» Ды ўбачыў, што Піліп Макаравіч палез на дуб. Так, так, на дуб, не здзіўляйцеся. Ухапіўся рукамі за ніжнюю галіну, падцягнуўся і спрытна, быццам па лесвіцы, палез на самы верх.
Некалькі секунд я стаяў адкрыўшы рот, а пасля выдыхнуў:
— Бач, як спрытна лазіць!
— Турыст-верхалаз, — азваўся Васіль.
— Чаго ён палез?
— Хто яго ведае, — паціснуў плячыма Васіль. — Магчыма, зараз пачне скакаць з дрэва на дрэва, як вавёрка.
Піліп Макаравіч не стаў скакаць з дрэва на дрэва, як вавёрка. Ен крыху пагойдаўся на галіне, як бы правяраючы, ці моцная, затым вырваў… кавалачак моху, які рос на ствале.
— Здагадваюся, чаго ён на дуб палез, — усхвалявана прамовіў Васіль.
— Чаго?
— На дубе мох смачнейшы. Пень гнілы, а дуб вунь які здаровы.
Што я мог сказаць на гэта? Толькі развёў рукамі. А Піліп Макаравіч зноў дастаў аркуш паперы, ручку, зноў штосьці напісаў, загарнуў мох у паперу, паклаў у рукзак. Пасля як вокам згледзець саслізнуў з дуба і пашыбаваў далей. Я рвануўся наперад.
— Стой! — усклікнуў Васіль.
Што з ім? Чаго крычыць? Сам казаў, каб вачэй не спускаў з Піліпа Макаравіча. Зараз ён за дрэвамі схаваецца.
— Васіль, хутчэй!
Васіль стаяў як у здранцвенні. Я заўважыў, што пазірае ўбок, налева. Быццам падпарадкоўваючыся нячутнаму загаду, я таксама зірнуў налева і таксама здранцвеў. На нас глядзеў чалавек у доўгай чорнай накідцы. На гэтай чорнай накідцы (адразу кінулася ў вочы) выразна вымалёўваліся белыя плямы. Чорная накідка, а па ёй белыя плямы… Ад аднаго гэтага можна было здранцвець. А чалавек у чорнай накідцы яўна хаваўся ад нас, стараўся, каб мы яго не заўважылі. Ен стаяў, сагнуўшыся, за вялізным ядлоўцавым кустом. Стаяў і моўчкі глядзеў…
— Яшчэ адзін дзівак-турыст, — вырвалася ў мяне. Чалавек у чорнай накідцы, відаць, пачуў мой вокліч, бо тут жа пабег. Аж галлё затрашчала.
Незразумелыя надпісы
Чалавек у чорнай накідцы… Ен быццам з-пад зямлі вылез. Вылез, каб назіраць за намі? Але навошта мы яму спатрэбіліся? Навошта?
Чалавек у чорнай накідцы… Мы нават пра Піліпа Макаравіча забыліся. Ен, толькі ён, як сфатаграфаваны, стаяў у вачах.
— Антон, ты баішся? — пытаецца Васіль.
Як адказаць яму? Што ані не страшна, што зусім не спалохаўся? Не паверыць. Дый ці добра крывіць душой?
— Крышку спалохаўся. Неспадзявана выйшла. Назіралі за адным, а з'явіўся другі.
— Антон, не бойся гэтага агароднага пудзіла.
— Лічыш, што Чорная Накідка (так я стаў называць незнаёмага) — агароднае пудзіла?
Васіль стукнуў сябе кулаком у грудзі.
— Вылітае агароднае пудзіла!
Вядома, Васіль і сам спалохаўся. Нездарма здранцвеў, не мог ні слова вымавіць. Але, я гэта добра адчуваў, яму хацелася супакоіць і сябе, і мяне, каб не наганяць страху. Вам не прыходзілася позна вечарам па бязлюднай дарозе дамоў вяртацца? Мне, напрыклад, прыходзілася. Вакол цемра, страх так і крадзецца ў душу. Паддайся яму — будзеш дрыжаць, што націнка. А пачні суцяшаць сам сябе, падбадзёрваць, што не страшна, і страх адступіць. Васіль гэта разумеў, таму і падбадзёрваў. Мне б дапамагчы яму, падхапіць, на смех перавесці. Ды не. Такі ўжо я. Абманваць сябе не хачу, ці што?
— Па-твойму, Чорная Накідка — агароднае пудзіла? Але ж агароднае пудзіла не пабегла б. Ног не мае. У Васіля аж твар выцягнуўся, як пачуў гэткае.
— Я не ў прамым сэнсе сказаў, а ў пераносным. Чорная Накідка падобны на агароднае пудзіла. Знарок так апрануўся. Каб людзей пасмяшыць. Бываюць такія.
Я зноў не пагадзіўся:
— У лесе так не смешаць. У лесе ад такіх смешак можна заікам стаць. Хіба не праўда?
— Праўда, — мусіў пагадзіцца Васіль. — Але ж ён ад нас уцякаў. Выходзіць, баіцца нас.
Я вырашыў спыніць спрэчку. Чаго дарма язык аб зубы часаць?
— Васіль, расхацелася мне па лесе блукаць. Дома лепей.
У Васіля, як пачуў гэта, кроў прыліла да твару.
— Мы дамовіліся, што будзем сачыць за Піліпам Макаравічам. Дамовіліся, што ўсё-ўсё разгадаем. Ты што? Спалохаўся?
Вось упарты! Нездарма кожную раніцу стары гадзіннік рамантуе, цешыць сябе надзеяю, што заспявае, як салоўка. У такога не хочучы заспявае. Баішся… Неяк няёмка. Васіль страху не паказвае, а я хіба горшы за яго?
— Дзе наша ні прападала! Пойдзем, калі табе так хочацца.
І мы з Васілём пасунуліся ў самы гушчар, туды, куды пайшоў Піліп Макаравіч. Ішлі як вады ў рот набраўшы. Здавалася, скажы слова — на ўвесь лес прагучыць. А дзесьці непадалёку Чорная Накідка… Можа, натапырыў вушы, слухае…
Чорная Накідка… Хто ж ён такі? Што яму трэба ў нашым лесе? Па суніцы прыйшоў? Не. У руках нічога не было. Ні збанка, ні вядзерца. А калі ён сябрук Піліпа Макаравіча, калі разам у палатцы жывуць? Магчыма такое? Магчыма. У палатцы мы не былі, хто і што там, не бачылі. Піліп Макаравіч дзівак. І гэты дзівак. Таму і водзяць дружбу.
— Васіль, мне здаецца, што Піліп Макаравіч і Чорная Накідка заадно, — парушыў я нясцерпнае маўчанне.
А Васіль нечакана:
— Антон, запіска!
Запіска — невялікі аркуш паперы ў клетачку — ляжала на елачцы, на лапцы, быццам знарок, каб мы ўбачылі. Васіль падбег да елачкі, схапіў лісток, спяшаючыся стаў чытаць:
— «Каб зберагчы ў горадзе Пецярбургу драўляныя маставыя, Пётар Першы абнародаваў такі Указ…»
Я падумаў, што ён кепікі строіць, што знарок абы-што чытае.
— Васіль, чытай, як напісана. Пётар Першы… Указ… Пра царыцу яшчэ прачытаў бы. Вярзеш грушу на вярбе.
— Сам чытай, калі мне не верыш.
Я зірнуў на аркуш паперы. Але, чорным па беламу: «Каб зберагчы ў горадзе Пецярбургу драўляныя маставыя…»
Я махнуў рукою.
— Чытай далей.
Васіль зноў пачаў чытаць:
— «Каб з гэтага часу ў далейшым скобамі і цвікамі, чым боты мужчынскія і жаночыя падбівалі, ніхто не гандляваў і ў сябе іх не меў, таксама і ніхто, якога б чыну хто ні быў, з такіх падбоеў ботаў і чаравікаў не насіў, а калі ў каго такія з'явяцца, тыя без літасці будуць аштрафаваны, а купецкія людзі, якія такія скобы і цвікі трымаць будуць, сасланы будуць на катаргу».
— На катаргу? — пытаюся. — Усё? Канец?
— Не. Тут яшчэ з чырвонага радка напісана, — прагаварыў Васіль. — Прачытаць?
— Чытай.
Мне было ўсё роўна, што слухаць. Я быў як аглушаны. Млявасць агарнула ўсё цела. Калі б раптам Чорная Накідка з'явіўся, то, напэўна, з месца не скрануўся б. Я амаль не ўспрымаў таго, што вакол адбывалася. Разгубіўся, ці што?
— «Горад, дзе за год было больш чым сто семдзесят дажджлівых дзён і мноства разліваў,— быццам здалёку даносіўся голас Васіля, — да таго ж пабудаваны на балоце, існаваць без драўляных маставых проста не мог».
— Усё?
— Усё, — сказаў Васіль, як цяжар скінуўшы. — Нейкі дзівак напісаў.
Я ўстрапянуўся. Пра якога дзівака ён кажа? Няўжо і трэці дзівак з'явіўся ў лесе? Два ёсць: Піліп Макаравіч і Чорная Накідка.
— Не хапала нам яшчэ і трэцяга! — уголас прамовіў я.
— Пра каго ты? — не зразумеў Васіль.
— Пра трэцяга дзівака. Лічыш, што і трэці дзесьці па лесе брэндаецца, рознае глупства піша?
— Хто яго ведае, — прагаварыў Васіль. — Трэба далей ісці. Не след на паўдарозе спыняцца.
Прайшлі метраў трыццаць — новая запіска. Калі першую я назваў бы «Указ цара Пятра Першага», то другую так: «Жывыя компасы». Не зусім зразумелая назва? Тады паспрабую пераказаць змест гэтай запіскі.
У самым пачатку дзівак-дабрадзей паведамляў (нам з Васілём ці яшчэ каму), што сама прырода дапамагае арыентавацца ў лесе без компаса. Напрыклад, у цёплы сонечны дзень на ствалах соснаў выступае смала. Найбольш яе з паўднёвага боку. Нават кара там танчэйшая і святлейшая. Цікавы, скажу вам, арыенцір. Быццам той, хто заблудзіцца, заўважыць, дзе кара танчэйшая.
Яшчэ незнаёмы пісаў, што суніцы, брусніцы пачынаюць спець з паўднёвага боку, а з паўночнага яны зеленаватыя. Добрым арыенцірам назваў ён і муравейнікі. Маўляў, мураўі любяць сонца і стараюцца пабудаваць сваё жыллё так, каб яно знаходзілася з паўднёвага боку дрэва, куста альбо пня. Поўнач і поўдзень рэкамендаваў вызначаць і па форме муравейніка. Як? Напісаў, што паўднёвы бок пахілы, а паўночны — стромкі.
Вось табе і на! Шукалі Піліпа Макаравіча, а знайшлі запіскі. У гэтых запісках, калі так сказаць, і гісторыя, і геаграфія. Хочаш — Указ цара Пятра вывучай, хочаш — з прыроднымі арыенцірамі знаёмся. Калі б знайшлі яшчэ дзве запіскі (адну з вершамі, а другую з прыкладамі ці задачай), то цэлы навуковы букет сабралі б.
Такога ў нашым лесе за апошнія сто гадоў, мабыць, ні разу не было.
Зноў Чорная Накідка
Смех смехам, а гэтыя запіскі прымусілі нас задумацца. І вы, калі не лянуецеся, памяркуйце. Не маглі ж яны самі сабою заляцець на елачкі. Хтосьці даволі-такі граматна іх напісаў. Мы з Васілём ніводнай памылкі не заўважылі. Хто і чаму? Вось што асабліва хвалявала нас. А думалі мы па-рознаму. Нават паспрачаліся.
— Гэта ён, Чорная Накідка, запіскі напісаў,— сказаў Васіль.
Я не пагадзіўся з ім:
— Хтосьці трэці ў лесе. Той трэці напісаў.
— Чаму трэці? Чорная Накідка. Ягоная работа.
Не спадабалася Васілю, што не пагаджаюся з ім. Ну і мне не спадабалася, што ён са мною не пагаджаецца:
— Чорная Накідка зусім пісаць не ўмее. А Васіль:
— Ты ведаеш, што ён пісаць не ўмее? Ты з ім разам у школу хадзіў?
Во дае! З нейкім пудзілам агародным стану я ў школу хадзіць. Я яго за вярсту абміну, калі яшчэ раз убачу.
— Твой дзівак на першабытнага чалавека падобны, — прамовіў я.
Васіль у адказ:
— Чаму ён мой? Знайшоў мне сваяка!
— Вельмі ты заступаешся за яго.
— Я не заступаюся. Я хачу разабрацца.
— Дык пакліч яго да сябе ў хату, пасадзі за стол і разбірайся, — кажу.
— Я з табой зусім не хачу гаварыць, — адвярнуўся Васіль.
Зачапіла-такі за жывое.
Стаім, травінкі-былінкі ў руках перабіраем. А на душы нядобра, прыкра. За няма што пасварыліся. З-за нейкага дзівака, які немаведама чаго па лесе бегае. Хочацца падысці да Васіля, падаць руку, сказаць яму: «Давай памірымся». Ды штосьці там, у душы, не дазваляе гэтага зрабіць. Вось як бывае. Нездарма кажуць: і хочацца, і колецца.
Не ведаю, колькі так, надзьмуўшыся, стаялі б мы, калі б Васіль (ну й малайчына!) не азваўся першым:
— Антон, цяпер мы не дакажам, хто напісаў тыя запіскі. Давай падумаем: чаму іх напісалі?
— Давай, — адразу пагадзіўся я.
Чаму напісалі запіскі… Чаму? Без дай прычыны нехта напісаў, бо рабіць не было чаго? Не. Паклаў на лапкі елачак, каб убачылі. Значыць, некаму адрасаваў. Каму?
— Васіль, — звярнуўся я да сябра, — калі, па-твойму, запіскі на лапкі елачак паклалі? Учора ці сёння?
— Па-мойму, сёння, — адказаў Васіль.
— Дакажы.
— Ноччу была навальніца. Калі б учора паклалі, то іх ветрам здзьмула б.
Усё-ткі малайчына Васіль. Як кажа наша настаўніца матэматыкі, ягоны доказ абгрунтаваны. А я чамусьці і не падумаў, што была навальніца. Крыўдна крыху.
— Васіль, той, хто напісаў запіскі, ведаў, што мы па лесе ходзім. Ен хацеў, каб мы іх убачылі.
— Я таксама пра гэта думаў. Але не звязваецца ў адзін вузялок.
Неяк вельмі мудра кажа. Калі пачнем так мудрагеліць, то і да вечара з гэтымі запіскамі не разбяромся.
— Прасцей кажы, — папрасіў Васіля.
— Можна і прасцей. Пачну з другой запіскі. Там пра што напісана?
— Як у лесе арыентавацца, як выйсці з лесу, калі заблудзішся, — сказаў я.
— Правільна. Нехта, як мне здаецца, баяўся, што заблудзімся. Таму і падказваў, як з лесу выйсці. А вось з першай запіскай… Чаму ён пра Указ Пятра Першага напісаў? Невядома. Таму і не звязваецца.
— Ведаю! — усклікнуў я. — Запіскі пакінуў Піліп Макаравіч.
Пагадзіцеся са мною. Бывае такое. Думаеш, думаеш над чым-небудзь. Напрыклад, як задачку рашыць. А яна не выходзіць. І раптам, калі на ўсё збіраешся рукою махнуць, што называецца, светлая думка ў галаву прыходзіць.
— Чаму Піліп Макаравіч? — пытаецца Васіль.
— Ен вырашыў затрымаць нас, бо заўважыў, як сачылі. Ведаў, што спынімся і прачытаем.
— Так, — сказаў Васіль. — Турыст нас тады заўважыў, калі на дуб залез. Яму з дуба ўсё-ўсё, што на далоні, было відно. А мы стаялі раты разявіўшы.
— Стаялі,— пагадзіўся я.
— Не хацеў турыст, каб мы за ім сачылі,— працягваў Васіль. — Ен, пэўна, не толькі мох збіраў. Праспалі.
Я вырашыў суцешыць Васіля:
— Не праспалі б, калі б не Чорная Накідка. Ен нас напалохаў.
— Усё роўна Піліп Макаравіч ад нас уцёк бы, — сказаў Васіль. — Хітры. Як мне здаецца, ён цяпер каля палаткі сядзіць і рукі пацірае. Трэба назад вяртацца.
Што і казаць, хітры. Не кожны здагадаўся б запіскі пакідаць. І на дуб, мабыць, нездарма залез. Вырашыў праверыць, ці не сочыць хто за ім. Не без дай прычыны ў лес пайшоў… З такім, як ён, трымай вуха востра.
Мы цягнуліся што пабітыя. Вакол пальца абвёў нас Піліп Макаравіч. Ягоны верх. «Гора-сышчыкі», — вось што сказалі б аднакласнікі, калі б пра ўсю гэтую гісторыю даведаліся. Так, абвёў нас Піліп Макаравіч вакол пальца. І новых «чаму?» прыбавілася. Хацелася адзін вузельчык развязаць, а завязалася яшчэ некалькі. Я дык не спадзяваўся, што некалі іх развяжам.
Але на гэтым нашы прыгоды не скончыліся. Ні я, ні Васіль пакуль нават не здагадваліся, што неўзабаве ўбачым такое, ад чаго вочы на лоб палезуць. Вы, відаць, не паверыце ў тое, што раскажу. І ўсё-такі паслухайце.
Мы з Васілём мінулі сасоннік, увайшлі ў лес, дзе ўперамешку раслі асінкі, дубкі, бярозы, елкі. Самы звычайны змешаны лес. І тут убачылі старога знаёмага — Чорную Накідку. Ен стаяў тварам да нас, абхапіўшы рукою танкастволую асінку.
— Антон, Чорная Накідка ад нас хаваецца, — прысеў Васіль.
— Калі б хаваўся, то таўсцейшае дрэва выбраў бы, — кажу.
— Чаго тады стаіць каля асінкі як прывязаны?
— Стаміўся і адпачывае.
— Адпачываць лепей седзячы, — прамовіў Васіль. Чорная Накідка раптам тузануў асінку. Раз, другі, трэці…
— Навошта трасе? — пытаецца Васіль. Я не вытрываў, засмяяўся:
— Думае, што на асінцы яблыкі ці арэхі растуць. Можна скіснуць са смеху. Жарты сказаць! Дарослы чалавек трасе дрэва, якое, як вядома, і так ляскаціць.
— Глядзі! Ен тузаецца, а асінка яго не пускае, — усклікнуў Васіль.
Што за ліха! Чорная Накідка з усёй сілы рвецца, а пальцы, якія абхапілі ствалок, не расшчапляюцца. Пасля… Пасля Чорная Накідка моцна стукнуў па асінцы нагою.
— У-у-у… — вырваўся з ягоных грудзей крык.
— Б'е асінку! Асінку б'е! — усклікнуў Васіль. — Бач, як пакрыўдзіўся на яе!
Я пачухаў патыліцу.
— Няўжо асінка яго не адпускае?
— З-здаецца, т-так, — заікаючыся, прагаварыў Васіль.
Падобнае магло здарыцца толькі ў казачным фільме. У такім фільме, дзе розныя чарадзействы адбываюцца. Ды ў нас не казка. Няўжо Чорная Накідка артыст? Няўжо нейкую сцэну са спектакля рэпеціруе? Што ж, рэпеціруй, нават у лесе, калі даспадобы. Ніхто не забараняе. Але навошта дрэўца ламаць?
Я не стрымаўся і гучна, прарэзліва, аж рэха па лесе разнеслася, свіснуў. Чорная Накідка ўстрапянуўся, прысеў, як знячэўку спалоханы заяц (у гэтую секунду мне стала шкада яго), пасля рвануўся. Тонкае дрэўца, пахіснуўшыся, сагнулася, але не адпусціла. Ягоная рука, як і раней, трымала ствалок.
— Артыст! — гучна сказаў я. — Разыгрывае камедыю.
— Піліп да яблыні прыліп, — пырснуў Васіль.
А Чорная Накідка выхапіў вялізны блішчасты нож і стаў хутка-хутка секчы асінку каля кораня. Камедыя, хто не ведае, а хто ведае, таму не камедыя. У мяне твар так скамянеў, што я і пасля хвілін пяць не мог адкрыць рот. А ў Васіля на лбе аж кроплі поту выступілі, быццам гэта не Чорная Накідка, а ён сек асінку.
Як бы там ні было, але асінка тоненька рыпнула, павалілася. Чорная Накідка падхапіў яе, прыціснуў да грудзей і як мага ў лес. А мы з Васілём у другі бок! Куды ногі панеслі. Без аглядкі. Што? Весела?
Сустрэча з Піліпам Макаравічам
Мы гэтак ляцелі, гэтак ляцелі! Што з прывязі сарваўшыся. Свету перад сабою не бачылі. У маёй галаве толькі адно тахкала: «Што, калі Чорная Накідка кінецца за намі, калі дагоніць? Сцёбне гнуткай асінкай, як пугай, па пятах… Дагоніць, дагоніць…» Я прыпускаўся яшчэ мацней. І Васіль ні на крок не адставаў. Невядома, куды нас занесла б. Ды я неспадзявана зачапіўся за яловы корч, кульнуўся на зямлю. А Васіль праз мяне. І проста ў лазовы куст. А ў лазовым кусце крапіва-пякучка. Вылез Васіль, пухіры на руках расцірае.
— Во, — паказвае.
Я сеў на траву, паціраю калена (стукнуўся аб нейкую патарчаку).
— Пухіры пройдуць, — кажу. — А я да калена не магу дакрануцца. Мабыць, каленную чашачку разбіў.
Васіль заморгаў вачыма.
— Антон, няўжо разбіў?
Я зноў пакратаў калена. Здаецца, не так моцна баліць. Спярша здалося, што вельмі моцна. Цэлая мая каленная чашачка. Ды не прызнавацца ж у гэтым Васілю. Накінецца, хлусам абзаве. Няхай, няхай крыху каля мяне патрапечацца.
— Ой, агнём калена пячэ! — войкнуў я.
— Што ж рабіць? — прамовіў Васіль.
— Дамоў панясеш. Сяброў у бядзе не пакідаюць. Васіль падскочыў да мяне.
— Залазь мне на спіну і бярыся рукою за шыю.
Не буду хлусіць. Мільганула думка: «А калі і сапраўды залезці яму на спіну? Хай прэ на сабе ў вёску». Ды адразу ж пастараўся адагнаць яе. Я буду ехаць на ім, пасвістваючы, а з яго пот цурком? У сабакі вачэй пазычу, каб пасля ў вочы глянуць?
— Васіль, не трэба на спіне, — прагаварыў праз зубы. — Здаецца, не разбіў. Проста моцна выцяў.
Я ўстаў, прайшоўся, кульгаючы.
— Бачыш? Бачыш? Нага хоць і кульгае, але ідзе.
— Ідзе, — узрадаваўся Васіль. — Яна ў цябе, відаць, жалезная. Так грукнуўся і толькі выцяў.
Я вырашыў павярнуць гаворку на іншае:
— Бачыў, які вялізны нож у Чорнай Накідкі? Не нож, а сапраўдная шабля.
— Меч, — сказаў Васіль.
— Не, — не пагадзіўся я. — Меч з двух бакоў завостраны.
— І ў Чорнай Накідкі нож, як і меч, таксама з двух бакоў завостраны. Вунь як ён асінку сек! Аж трэскі ляцелі.
— І як ён з асінкай па лесе будзе бегаць? — пачухаў я патыліцу.
— Па лесе прабяжыць, — прамовіў Васіль. — А як у хату зойдзе? Жыве ж ён недзе.
— З аднаго і з другога канца абсячэ дрэўца і застанецца ў яго невялікая палачка, — кажу.
Васіль засмяяўся:
— Ен з ёю, як з эстафетнаю, будзе бегаць. І тут як гром з яснага неба:
— Прывітанне, хлопцы!
Мы з Васілём азірнуліся. Перад намі стаіць Піліп Макаравіч. За плячыма — рукзак, сам усміхаецца — рот да вушэй.
— Чаго гэта вы развесяліліся? — пытае. — Смяшынку з'елі? Прызнавайцеся.
Смяшынку… Чорная Накідка вунь як напалохаў нас. Добрая смяшынка! У адной руцэ нож, а ў другой — асінка. Такую смяшынку век бы не бачыць.
— Мы… Мы гуляем, — ні ў пяць ні ў дзесяць сказаў Васіль.
Вядома, разгубіўся. Дый, відаць, не хацелася яму прызнавацца, што паўгадзіны назад мы сачылі за Піліпам Макаравічам.
А Піліп Макаравіч паказвае на прыгажуню бярозу, якая расла непадалёку.
— Як вы думаеце: колькі на той бярозе лісцяў? Мне аж мову адняло. Ен жартуе ці пытаецца ўсур'ёз? Ат, жартуе, пацяшаецца з нас. Хто ж палічыць лісце на бярозе?
Я зірнуў на Васіля. Васіль паціснуў плячыма.
— Хлопцы, я сур'ёзна, — не адступаўся Піліп Макаравіч.
— А самі вы ведаеце? — не сцярпеў я.
— Пакуль не ведаю, але магу падлічыць. Есць формула, якая дапамагае гэта зрабіць. Праўда, трэба ведаць колькасць і дыяметр галінак. Вучоныя падлічылі, што на каштане, напрыклад, каля дзевятнаццаці тысяч лісцяў.
«Вось чаго ён лазіў на дуб! — падумалася мне. — Лічыў, колькі галін на дубе. Дзівак…»
Вядома, пра гэта лепей было б не казаць Піліпу Макаравічу, ды мяне як хто за язык пацягнуў:
— Вы і на дубе лісце лічылі?
Піліп Макаравіч уважліва паглядзеў на мяне.
— Бачылі, як я на дуб лазіў? Я пачырванеў.
— Бачылі.
— На тваім языку жаба не спячэцца, — паціху прамовіў Васіль.
Думаў, што Піліп Макаравіч пачне адгаворвацца. Маўляў, не лазіў, пераблыталі вы. А ён:
— На дубе мох збіраў. Няўжо не заўважылі?
— Заўважылі,— з выклікам прагаварыў Васіль. — Навошта ён вам?
Сапраўдны усё-ткі сябар Васіль. Хоць папракнуў, але дапамагае. Адчувае, што цяжка мне аднаму з Піліпам Макаравічам вось такую гаворку весці.
— Мох я і на пнях збіраў,— прамовіў Піліп Макаравіч.
— Ведаем, — сказаў я голасам суддзі. Піліп Макаравіч як нічога ніякага:
— Мох — цікавая расліна. І на сонечных палянках, і ў цёмных пячорах растуць імхі. Адзін грам сухога моху можа ўтрымліваць дваццаць — трыццаць пяць грамаў вады.
Я непрыметна штурхнуў Васіля. Маўляў, чуеш ягоныя баечкі? Чмуціць галаву.
Васіль усміхнуўся краёчкамі вуснаў і наступіў мне на нагу. Я ледзь не крыкнуў: «Чаго топчашся? Не казённая». Ды Васіль мне на вуха:
— Слухай і на вус матай.
Што ж, можна паслухаць. Гэта няцяжка.
— Некаторыя імхі,— працягваў Піліп Макаравіч, — у час Вялікай Айчыннай вайны выкарыстоўвалі замест бінтоў.
— Выкарыстоўвалі? — выцягнуўся твар у Васіля.
— Многія імхі антыбіятычна актыўныя. Па-іншаму, антыбіётыкі.
— Імхі — антыбіётыкі? Як пеніцылін? — пытаецца Васіль.
— Як пеніцылін, — сказаў Піліп Макаравіч. — Падобныя мхі сустракаюцца, напрыклад, у лясах Паўднёвага Прымор'я. А ўсяго на зямным шары расце чатырнаццаць — васемнаццаць тысяч відаў імхоў. На адным і тым жа дрэве сустракаецца некалькі відаў. Вось я і цікаўлюся, якія віды растуць на ліпе, на бярозе, на дубе…
Значыць, вывучае… Новыя віды, пэўна, спадзяецца адкрыць. Мы ж з Васілём падумалі, што збірае, каб з'есці.
Я моўчкі пазіраў на Піліпа Макаравіча. Адчуваў сябе так, нібыта мяне цэлы тыдзень у мяху пратрымалі, а пасля нечакана на свет выпусцілі.
— Э-эх вы, дэтэктывы! — засмяяўся Піліп Макаравіч.
— Вы заўважылі нас? — нясмела азваўся Васіль.
— Заўважыў.
— Вы запіскі на елачках пакідалі?
— Я такую гульню прыдумаў. Каб прачыталі, каб болей пра лес даведаліся.
Вось як! Нібы ў кошкі-мышкі з намі гуляў. А мы сапраўднымі сышчыкамі сябе лічылі. Далі маху. З нас цяпер куры будуць смяяцца.
— Каб болей пра лес даведаліся? — не мог спыніцца, як завёўся Васіль. — Але ж у адной запісцы расказвалася пра Указ цара Пятра Першага.
— Гэты Указ я перапісаў для таго, каб вы бачылі, як беражліва адносіўся Пётар Першы да лесу. Без лесу і горада Пецярбурга не было б. Яго ж на балоце пабудавалі.
— Хто вы? — не выцерпеў я. — Вучоны-лесавод?
— Але, — кіўнуў галавою Піліп Макаравіч. А Васіль:
— Не веру. Каля вашай палаткі свяціліся агні, падобныя на светлякі.
У Піліпа Макаравіча прыўзняліся бровы. «Не даспадобы. Паглядзім, як кульгавы паскача», — думаю я.
— Дасціпныя хлопцы. Не здагадваўся, што па начах вам не спіцца.
— Не спіцца, — сказаў я. — Бачылі, як каля вашай палаткі ваўкі грэліся.
Вядома, хацеў сказаць, што бачылі, як воўчыя вочы свяціліся. А выйшла: ваўкі грэліся. Надта хваляваўся.
Піліп Макаравіч аж за жывот схапіўся, як пачуў, што ваўкі грэліся.
— Ой, не магу! Не магу! Паўтары, хлопча. Я, зусім разгубіўшыся:
— Каля вашай палаткі… Каля вашай палаткі ваўкі грэліся.
— Ой, не магу! Не магу! Паўтары. Яшчэ раз паўтары.
Я моцна сціснуў губы. Што, калі зноў выйдзе: ваўкі грэліся? Лепей трымаць рот на замку.
— Паўтары. Ха-ха-ха… Паўтары, — рагатаў Піліп Макаравіч.
— Антон хацеў сказаць, што ноччу мы бачылі, як каля вашай палаткі нейкія агні свяціліся. Падумалі, што ваўкі вачыма зыркалі,— дапамог мне Васіль.
Піліп Макаравіч перастаў смяяцца. Нейкую хвіліну моўчкі глядзеў на нас.
«Усё-ткі прышчамілі хвост, — падумалася. — Пра ваўкоў не жадаеш расказваць. А як схлусіць, не ведаеш».
Я ступіў уперад, рукі заклаў назад і, узняўшы галаву, што артыст-лаўрэат на сцэне:
— Каля вашай палаткі ваўкі грэліся.
Вы, пэўна, падумалі, што на гэты раз я вырашыў пажартаваць. Не. Сам не ведаю, чаму так выходзіла. Як на злосць.
— Ой, хлопча! — усміхнуўся Піліп Макаравіч. — Гэта лісты тытуню свяціліся.
— Лісты тытуню? — усклікнуў Васіль.
— Растлумачу, — сказаў Піліп Макаравіч. — Есць такое паняцце, як генная інжынерыя. І сёння яна мае вялікія дасягненні. Што, напрыклад, трэба зрабіць, каб лісты тытуню свяціліся? Ген светляка ўманціраваць у генетычны апарат звычайнага тытуню. Пасля спецыяльнай апрацоўкі ягоныя лісты стануць свяціцца, нібы вялізныя светлякі.
Я мала зразумеў з таго, што сказаў Піліп Макаравіч. Генная інжынерыя… Генетычны апарат… Ген светляка… Усё гэта было для мяне як кітайская грамата. Але я зразумеў галоўнае. Ніякіх ваўкоў каля палаткі не было. Піліп Макаравіч вучоны. Вялікі вучоны. Не кожны зробіць так, каб лісты тытуню свяціліся.
«А што, калі папрасіць яго, каб гэткія лісты і ў нашай вёсцы на тэлеграфных слупах павесіў. Замест лямпачак, — мільганула ў галаве. — Прачнуліся б людзі, а па ўсёй вёсцы агні свецяцца. Вось радасць была б! Радасць? А калі б хто-небудзь, як мы з Васілём, падумаў, што на тэлеграфныя слупы ваўкі пазалазілі? Што было б? Хтосьці без аглядкі з вёскі ўцякаў бы. І смелы, канешне, знайшоўся б. Яшчэ стрэльбу схапіў бы. Бабахаў бы па лісцях, пакуль патроны не скончыліся б. Лепей, каб вечарам павесіў, каб усе бачылі. Можна было б і аб'яву напісаць. Прыкладна так: «Паважаныя вяскоўцы. Сёння вечарам вядомы вучоны-лесавод на тэлеграфныя слупы павесіць лісты тытуню, якія свецяцца». І ўнізе вялікімі літарамі: «Давераная асоба вучонага-лесавода Антон». Прачыталі б людзі, узрадаваліся б. Як у нас бывае? Электрычную лямпачку павесяць — праз дзень нехта каменем разаб'е. А ліст тытуню каменем не разаб'еш».
Хацеў папрасіць, ды язык не павярнуўся. Я глядзеў на Піліпа Макаравіча як на добрага чараўніка. Такога чараўніка, які выканае не толькі тры казачныя жаданні, а ўсе-ўсе жаданні, якія ў цябе ёсць. Я верыў яму. Кожнаму слову верыў.
А вось Васіль думаў інакш. Ен прыжмурыў вочы і прагаварыў:
— Лісты замест ліхтароў? Штосьці не верыцца.
— Пакажу, калі не верыцца, — сказаў Піліп Макаравіч.
— І пакажаце, як вадкасць піць, якая шыпіць і булькае?
Што ж ён на гэта скажа? Вось каб сказаў, што ён не толькі вучоны, але і фокуснік. Абавязкова папрасіў бы, каб і мяне розным фокусам навучыў. Хадзіў бы па вёсцы і ўсім-усім незвычайныя фокусы паказваў бы. Спярша тату паказаў бы. Не, маме… Прыйшла б мама ў хату, а я непрыметна махнуў бы рукавом — певень на стале. Ходзіць сюды-туды: «Ко-ко-ко…» Мама ў крык: «Чаго пеўня прынёс? Злаві, хутчэй злаві, пакуль шыбы ў вокнах не павысаджваў». Я ёй тады: «Мама, не бойся. Гэта фокус». Махнуў бы рукавом — няма пеўня. Мама абняла б мяне: «Ах ты, мой фокуснік! Як ты напалохаў мяне!» Пасля пабег бы на двор, тату сустрэў бы. Тата мне: «Антон, прынясі вады». Я знарок: «Прынясу-у-у…» Тата ўзлаваўся б: «Цяпер прынясі. Каму кажу?» Я раз рукавом — вядро перад татам стаіць. Махнуў яшчэ раз — вядро — скок-скок — і пабегла. Тата наўздагон за ім: «Куды? Куды?» Спыніў бы тату: «Не даганяй. Гэта фокус». Паважаў бы пасля мяне тата, яшчэ як паважаў бы!
Чаму маўчыць Піліп Макаравіч? «Ну, хутчэй. Кажыце хутчэй», — карцела крыкнуць.
А ён чамусьці пытаецца:
— Ці чыталі вы, што з выкарыстаных піўных дражджэй вырабляюць харчовыя і лекавыя прэпараты?
— Не, — сказаў я.
— Не, — сказаў Васіль.
— Шкада, што не чыталі. Тады многае зразумелі б. Булён, прыгатаваны з выкарыстаных піўных дражджэй, смакам нагадвае мяса з грыбамі.
— У пакетах быў той прэпарат, які вырабілі з выкарыстаных піўных дражджэй? — усклікнуў Васіль.
— Харчовы прэпарат, але іншы, — сказаў Піліп Макаравіч. — Яго я сам вынайшаў.
— Гэты прэпарат можна смела есці? — пацікавіўся я.
— Я з'еў і жывы, — усміхнуўся Піліп Макаравіч. — Гэты харчовы прэпарат вельмі каларыйны. Адной порцыі на тры дні хапае. Тры дні можна і не есці, і не піць. Калі пажадаеце, то сёння пачастую.
Пачастуе — тры дні не буду есці. Цэлых тры дні! А ці спадабаецца гэта маме? Здараецца, яна дзесяць раз на дзень паўтарае: «Ідзі есці. Ідзі есці. Калі набегаешся?» А бывае, стаіць каля пліты і бурчыць: «Надакучыла. Кожны дзень вары, вары, выдумляй нешта новае…» Так, невядома, ці спадабаецца.
Я ўявіў вадкасць, якая шыпіць, булькае. Стала не па сабе.
— Мне не хочацца. Як-небудзь пражыву, — кажу Піліпу Макаравічу.
А Васіль:
— Мяне пачастуйце.
Быццам з галоднага краю. Выскачыў як Піліп з канапель. І не баіцца. Эксперыментатар… Піліп Макаравіч усміхнуўся:
— Добра, хлопча. Прыйдзем на паляну, і пачастую.
Гома сапіенс
Як стала вядома, мы з Васілём беглі зусім не ў той бок, дзе была палатка. Добра, што Піліп Макаравіч убачыў. Інакш залезлі б у такія нетры, што невядома, як адтуль выбраліся б.
Цяпер былі спакойныя. З лесаводам-вучоным у лесе, канешне, не заблудзімся. Я вачэй з яго не спускаў, кожнае слоўца лавіў, каб міма вушэй не прапусціць. Такога, як Піліп Макаравіч, я яшчэ не страчаў.
Ідзём, значыць, а ён на пень паказвае.
— Жывы пень. Адзначце, хлопцы.
— Хіба ёсць жывыя пні? — не паверыў Васіль. — Калі дрэва зрэжуць, то і пень перастае расці. Ен гніе, разбураецца.
— Адзін гніе, а другі расце, — сказаў Піліп Макаравіч. — Карані жывых пнёў перапляліся, зрасліся з каранямі іншых дрэў. Адтуль яны бяруць раствораныя пажыўныя рэчывы. Таму і жывуць, развіваюцца.
Сапраўдны вучоны. Сапраўдны лесавод. Для мяне, напрыклад, усе пні аднолькавыя. Пень ды пень. Ен жа бачыць, які расце, які хутка згіне, разбурыцца. І нам адкрыў вочы.
— Піліп Макаравіч, вы вынайшлі прэпарат, які шыпіць і булькае, — пачаў я.
Піліп Макаравіч перапыніў мяне:
— Я вынайшаў харчовы прэпарат.
— Ну, харчовы прэпарат. А яшчэ што-небудзь новенькае прыдумалі?
— Прыдумаў. Калі так сказаць, вывеў.
— Новую пароду жывёлы вывелі? — пытаецца Васіль.
Піліп Макаравіч засмяяўся:
— Новы сорт насення.
— Насення дрэў? — здагадаўся Васіль.
— Але, новы сорт насення сасны, бярозы, елкі і нават лазы.
Я здзівіўся:
— Вунь колькі соснаў, бяроз і елак расце. Навошта новыя выводзіць?
— Не ўсюды дрэвы растуць, — прагаварыў Піліп Макаравіч. — Хіба мала на зямлі пустыняў?
Я паціснуў плячыма.
— Бяроза, елка і сасна ў пустыні не вырастуць. Піліп Макаравіч на гэта:
— Маё насенне асаблівае. Кінуў адно зерне ў зямлю — праз паўгадзіны сто парасткаў дрэўца вырастае.
Васіль зноў не паверыў:
— А яшчэ праз паўгадзіны з кволых парасткаў добрыя дрэўцы паднімуцца?
— Яшчэ праз паўгадзіны з кволых парасткаў добрыя дрэўцы паднімуцца, — паўтарыў Піліп Макаравіч.
— Вы вывелі новае насенне для таго, каб перамагчы пустыню? — скумекаў я.
— Вучоныя даўно змагаюцца з пустынямі,— прагаварыў Піліп Макаравіч. — Грэчаскі вучоны Георг Калістратас у пласцікавы мех кладзе торф, попел, іншыя ўгнаенні. Яны ператвараюцца ў масу, якая паступова аддае караням вільгаць. Так ён вырошчвае ў пустыні персікі, грушы, вішні, чарэшні. Але я палічыў, што ягоная методыка не зусім практычная. Таму і вывеў новы сорт насення. Пасеяў адно — праз паўгадзіны цэлы лясок шапаціць лісцямі пад ветрыкам.
Цёпла прагучалі гэтыя словы. Відаць, не адзін раз Піліп Макаравіч уяўляў танкастволы лясок у пустыні. І я чамусьці ўявіў.
Пяскі, бязмежныя, амаль што недаступныя. А пасярод пяскоў шапаціць лісцямі лясок пад ветрыкам, проста на вачах цягнецца ўгору. Едзе па пустыні на вярблюдзе качэўнік. Бачыць: лясок. Хутчэй, хутчэй вярблюда падганяе. Пад'язджае бліжэй, злазіць, рукою да дрэўца дакранаецца, гладзіць яго. Лясок…
Прысеў пад дрэўцамі прасмалены сонцам сын пустыні, пасля лёг, заснуў. Добра спіцца ў цяньку, у прахалодзе!..
— Піліп Макаравіч, — перапыніў мае думкі Васіль, — слухаў я вас і на вус матаў. Вы казалі, што хочаце ў пустыні лес пасеяць. Дык чаму не сееце? Ці ўжо пасеялі? Пра гэта я не чуў.
Не верыць. Да кожнага слоўца прыдзіраецца. Яму трэба ўсё самому і пакратаць, і на зуб паспрабаваць. Карцела сказаць, каб асабліва не высоўваўся, але Піліп Макаравіч апярэдзіў мяне:
— Васіль, ты ведаеш, што такое «гома сапіенс»?
— Не, не ведаю.
— Гома сапіенс — лацінскае слова. Чалавек разумны — так перакладаецца на нашу мову.
— Цяпер буду ведаць. Гома сапіенс — гэта чалавек, — буркнуў пад нос Васіль.
— А ці ведаеш, што за апошняе стагоддзе гома сапіенс, бязлітасна эксплуатуючы, знішчыў дваццаць мільёнаў квадратных кіламетраў зямлі, якая абраблялася і давала ўраджай? Гэта складае пятнаццаць працэнтаў усёй паверхні сушы, альбо дваццаць восем працэнтаў усіх абрабляемых зямель. Ведаеш пра гэта?
— Не ведаю. Нам у школе не казалі.
Я таксама, як і Васіль, пра гэта не ведаў. Сапраўды, нам у школе не казалі. Пятнаццаць працэнтаў усёй паверхні сушы, дзе і жыта каласіла, і памідоры спелі, і кукуруза сцяною стаяла — цяпер мёртвая зямля, на якой сям-там чэзлыя кусцікі, купінкі травы? Не верыцца. Няўжо гэтае багацце чалавек знішчыў сваімі рукамі? Мой дзядуля, памятаю, казаў: «Паадбіваць бы тыя рукі, якія рушаць, разбураюць…»
— Чыталі, што адбылося ў Аўстраліі? — працягваў Піліп Макаравіч. — Туды завезлі гавайскую жабу. Аўстралійцы хацелі, каб жаба знішчала жукоў-шкоднікаў цукровага трыснягу. І што выйшла? Жабы з'елі жукоў і сталі размнажацца. А гавайская жаба жыве да сарака гадоў, вага яе прыкладна паўтара кілаграма, у год адкладвае сорак тысяч ікрынак. Пражэрлівыя жабы сталі знішчаць пчол. Ад іх яду гінуць кошкі і сабакі.
— Не мела баба клопату — купіла парася, — заўважыў Васіль.
— Гэтыя жабы цяпер быццам дамоклаў меч. Людзі ў роспачы. У горадзе Дарвіне за адну злоўленую жабу плацяць трыццаць сем долараў. На вуліцах гэтага горада развешаны плакаты з малюнкам жабы і надпісам: «Яе шукаюць — жывую альбо мёртвую».
Шукаюць… Быццам небяспечнага злачынцу. Вось дык жаба! Дай свінні рогі — не саступіць з дарогі… Ад яду гінуць кошкі і сабакі… І ў нас ёсць сабака Шарык. Няўжо і ён загінуў бы? Аж страшна! Не, Шарык не загінуў бы. Ен разумны. Ен нават па лесвіцы ўмее лазіць. Кінулася б гавайская жаба за ім, а Шарык на лесвіцу. Сеў і гаўкае… Дастань, жаба, дастань!.. Не верыцца. Каб сабака ды ад жабы ўцякаў!
— Піліп Макаравіч, — прагаварыў Васіль, — чаму вы нам пра ўсё гэта расказваеце?
— Адказваю на тваё пытанне. Я мог бы хоць сёння пасеяць насенне ў пустыні. Ды баюся, каб вомегам не вылезла. Пустыня таксама часцінка нашай прыроды. Гома сапіенс павінен памятаць, што наша прырода досыць далікатная. Яна не любіць няўмелых, баіцца бяздумных. Чаму вучыць народная мудрасць? Сем раз адмерай, а адзін раз адрэж. Я яшчэ не ўсё праверыў, не да канца вывучыў і зразумеў. Калі вывучу, калі сем раз адмераю, тады пасею сваё насенне. Вас з сабою вазьму. Дапаможаце мне?
— Вядома, дапаможам, — апярэдзіў я Васіля.
Як добра было б, калі б Піліп Макаравіч узяў нас у пустыню! Я ўявіў, як ідзём з Васілём па пяску, гарачым ад сонца, як прыгаршчамі бяром з рэшатаў і сеем насенне. Чаму менавіта з рэшатаў? У фільме, у якім даўняе жыццё паказвалі, бачыў, як вось так барадатыя сяляне жыта сеялі. Запомнілася, спадабалася. Канешне, сеялкай, як цяпер, хутчэй сеяць. Але ж сеялка не рукі. Сеялкай пасеяна… Рукамі пасеяна… Па-рознаму гучыць? Значыць, сеем мы з Васілём, а за намі густой сцяной ушыркі, як вокам глянуць, лес падымаецца. Лес сцяной падымаецца… Лес падымаецца? А як жа назад праз гэтую сцяну прабрацца? Хоць і сваімі рукамі пасеялі, але ж няходжаны, незнаёмы. Прыйдзецца адно з двух выбіраць: альбо ў пустыні з пустымі рэшатамі застацца, альбо ў лесе, пасеяным сваімі рукамі, заблудзіцца. Праўду казаў Піліп Макаравіч: сем раз адмерай, а адзін раз адрэж. Вось так. Трэба думаць, гома сапіенс…
— Я ў адной кніжцы чытаў,— звярнуўся да Піліпа Макаравіча Васіль, — што лес жывы. Як гэта зразумець? Хіба лес адчувае?
— Адчувае, — адказаў Піліп Макаравіч. — Амерыканскія вучоныя Оранс і Родс назіралі за тым, як дрэвы абараняюцца ад шкоднікаў. Вучоныя даказалі, што некаторыя дрэвы папярэджваюць аб небяспецы, аб тым, што ў лесе з'явіліся шкоднікі.
Папярэджваюць… І пра гэта ведае Піліп Макаравіч. Хадзячая энцыклапедыя ён, ці што? Я зірнуў на бярозкі, якія купінай сышліся ў нізінцы. А далей яшчэ адна купінка… Значыць, тыя бярозкі, калі да іх падпаўзуць вусені, нячутна, нібы па тэлеграфных правадах, паведамяць: «Сястрычкі, родненькія, уцякайце, вусені паўзуць!» Хіба сястрычкі-бярозкі ўцякуць? Яны ж не ходзяць. Дык навошта папярэджваць, калі няма як уцячы? Проста для таго, каб страху нагнаць? А-а-а, яны птушак паклічуць. Птушкі пачуюць і прыляцяць, знішчаць вусеняў. Няўжо так? Няўжо дрэвы і з птушкамі перагаворваюцца, нібы па тэлеграфных правадах? Штосьці тут не так. Вось і Васіль лоб моршчыць, стараецца зразумець, як гэта дрэвы аб небяспецы папярэджваюць.
— Піліп Макаравіч, а як дрэвы папярэджваюць аб небяспецы? — пытаюся.
— А мяне яшчэ цікавіць, ці абараняюцца яны ад шкоднікаў? — прамовіў Васіль.
— Растлумачу, — сказаў Піліп Макаравіч. — Амерыканскія вучоныя змяшчалі калоніі вусеняў на галінкі алешыны. Дрэвы адразу ж пачыналі выдзяляць такія рэчывы, ад якіх, калі так сказаць, вусеням млосна рабілася. Ніводнага лісточка яны не кранулі. Пасля Оранс і Родс заўважылі, што гэткія ж рэчывы выдзяляюць і тыя алешыны, якія знаходзяцца непадалёку. Хоць ім пакуль нічога не пагражала.
— Яны праз карані сігналы падавалі,— сказаў Васіль.
— Не. Карані адной купінкі дрэў да каранёў другой купінкі не дацягваліся.
— Пікавы дослед правялі гэтыя вучоныя, — заўважыў я. — Як можа многае зрабіць гома сапіенс!
— Глядзіце! Глядзіце! У лесе хтосьці камбайн пакінуў! — неспадзявана гучна крыкнуў Васіль.
Камбайн, усюдыход ці лятальны апарат?
Васіль памыліўся. Гэта было вялізнае (метраў тры ў дыяметры) жоўтае кола, якое стаяла на… курыных лапах. Не падумайце, што на сапраўдных. На курыных лапах, зробленых, як я здагадаўся, з металу.
— Гэта ж кола, — кажу Васілю. — Чаго ты крычаў, што камбайн?
— Разгубіўся, — прызнаўся Васіль. І, крыху памаўчаўшы, дадаў: — Нейкі ўсюдыход, ці што? Як ён сюды заехаў?
— Не заехаў, а прыкаціўся, — паправіў я. — Кола заўсёды коціцца.
Васіль падышоў да гэтага кола, памацаў яго.
— Антон, ты таксама няправільна сказаў. Не прыкаціўся, а прыкацілася.
— Кола прыкацілася? — пытаюся.
— Не. Назавём яго так: хатка на курыных лапах.
Але, на курыных. Адкуль жа яна прыкацілася? І ці прыкацілася? Калі б кацілася па лесе, то не адно дрэва паламала б, выкарчавала б. А ўсе дрэвы вакол як стаялі, так і стаяць. Ніводнае не паломана, не вывернута. Выходзіць, хатка на курыных лапах спусцілася, хтосьці сядзеў, магчыма, і цяпер сядзіць у ёй. Можа, сама Баба Яга? Глупства. Вядома, глупства. Баба Яга толькі ў казках бывае. Загадачка…
Я зірнуў на Піліпа Макаравіча.
— Піліп Макаравіч, у гэтай хатцы на курыных лапах, падобнай на кола, ёсць хто-небудзь?
Піліп Макаравіч патаптаўся каля хаткі.
— Дзверцаў не знаходжу. Але ж павінны быць. Тонкая работа.
— Дык ёсць хто-небудзь там?
— Баішся, што выскачыць? — пытаецца Васіль.
— Ты не баішся? — агрызнуўся я. — Камбайн, камбайн… Язык прыкусіў бы. Камбайн у лесе жне і малоціць…
— Я… Я… Я толькі падумаў,— пеўнем падскочыў да мяне Васіль. — А ты… Ты… Ты нават падысці баішся.
— Годзе сварыцца, — сказаў Піліп Макаравіч. — Гэта лятальны апарат. Відаць, хтосьці сядзеў у ім.
Я падышоў бліжэй.
— Цяпер нікога няма?
— Калі б быў, то проста так не пазіраў бы. Альбо вылез бы, альбо ўгору ўзняўся б.
— Давайце забяром яго з сабою, — загарэўся Васіль. — Усё роўна гаспадара няма.
Піліп Макаравіч аж прысеў.
— Каго з сабою забяром?
— Не каго, а што. Гэты лятальны апарат. Прыдумаў Васіль! Сказаць лёгка, ды зрабіць цяжка.
Яго ж трэба каціць. Прыдумаў!.. На ўсё ёсць мера.
— Хочаш з сабою забраць? — падышоў да Васіля Піліп Макаравіч.
— Угу. Шкада ў лесе пакідаць. Калі малыя знойдуць, то па вінціках разнясуць.
— У рукзак пакладзеш? — усміхнуўся Піліп Макаравіч.
— Сядзем у кабіну і паляцім.
— Трэба спярша туды залезці.
— Як-небудзь залезем. Дамо рады. Не хвалюйцеся.
— Сядзеш у кабіну, крутнеш якое-небудзь колца і ў трыдзевятым царстве апынешся? — засмяяўся я.
Васіль нечакана:
— Здагадаўся! Ура! Здагадаўся! Гэта ж Чорная Накідка прыляцеў. Ягоная машына.
Я ўздыхнуў. Вядома, Чорная Накідка прыляцеў на гэтым лятальным апараце. І як гэта Васіль здагадаўся? Чаму не я? Зусім забыўся, што Чорная Накідка па лесе блукае. То пра адно гаварылі, то пра другое. Хто ж такі Чорная Накідка? Няўжо іншапланецянін? А можа, шпіён?
— Піліп Макаравіч, — усхвалявана прагаварыў я, — давайце схаваемся і папільнуем. Чорная Накідка прыйдзе, а мы выскачым і зловім яго. Ен нам усё-ўсё раскажа.
— Схопім?
Мне здалося, што Піліп Макаравіч спалохаўся.
— Схопім як міленькага. Не бойцеся. Хіба вы яго не пакоціце? Вы нават рукзак на галаве ўмееце насіць.
Піліп Макаравіч глядзеў на нас і моргаў вачыма.
— Хлопцы, анічога не разумею. Хто такі Чорная Накідка?
Мы з Васілём, перапыняючы адзін аднаго, сталі расказваць, як сустрэлі ў лесе незнаёмага, як ён хаваўся ад нас, як пасля трымаўся за асінку, як сек яе, як пабег разам з ёю. Аніразу не перапыніў Піліп Макаравіч. Слухаў, нібы цікавую казку.
— Трэба дапамагчы яму, — сказаў нарэшце Піліп Макаравіч.
— Дапамагчы? — здзівіўся Васіль.
— Так, хлопцы. Ен жа з асінкаю пабег. Трэба выбавіць яго!
— А калі і вы прыліпнеце? — прамовіў я. — Тая асінка незвычайная.
— Звычайная. Як усе дрэвы, як усе асінкі. Я вінаваты, што той чалавек прыліп.
— Вы вінаватыя? — усклікнулі мы з Васілём у адзін голас.
— Есць у мяне клей. Вы, мабыць, не ведаеце, што самы трывалы клей знаходзіцца ў моры. Яго выдзяляюць мідзіі — двухстворкавыя малюскі. Гэты клей незвычайнай трываласці. І я прыдумаў падобны. Калі дакрануцца хоць да адзінай кропелькі майго клею, то, як ні рвіся, не адарвешся. Спатрэбіўся мне ў лесе клей. Відаць, трапіла кропелька на ствалок асінкі. І собіла ж Чорнай Накідцы дакрануцца да яе!
Яшчэ адну таямніцу разгадалі. Няма казачных асінак. Няма і не будзе. Есць клей, падобны на казачны. Многае можа стварыць чалавек.
— Піліп Макаравіч, як вы адлепіце руку Чорнай Накідкі? — пацікавіўся я.
— Акрамя клею ёсць у мяне спецыяльная вадкасць. Пырснеш на клей — і няма былой трываласці. Без гэтай вадкасці што было б? Людзям нашкодзіў бы.
Што і казаць, нашкодзіў бы, калі б такой вадкасці не было. Хтосьці рукавом прыліп — прыйшлося б рукаў адрэзваць, пінжак псаваць, хтосьці сеў бы на кропельку. І што? Без штаноў дамоў яму бегчы? Лепей не думаць пра такое. Гэткае ў свеце рабілася б, што не апісаць.
— Піліп Макаравіч, вазьміце і нас з сабою, — папрасіў я. — Калі Чорная Накідка стане ўцякаць, то мы дагонім.
— Не след яго палохаць. Тут застаньцеся.
Не хацелася мне заставацца каля лятальнага апарата, падобнага на курыную хатку. А што, калі хто-небудзь сядзіць там? Мы ж не правяралі. Выскачыць, схопіць і папрэ немаведама куды. А мне хочацца па сваім лесе хадзіць, у сваёй вёсцы жыць. У сваёй вёсцы і дарослыя, якіх даўно ведаеш, і аднакласнікі. З аднакласнікамі сёння пасварышся, а заўтра памірышся. Там жа, куды завязуць, мабыць, кожнаму прыйдзецца дагаджаць. Што, калі там яшчэ рабства? Рабства — гэта не мёд. Канешне, кожны з вас чытаў, як у старажытным Рыме арыстакраты прымушалі рабоў-гладыятараў з мячамі ў руках адзін з адным біцца. Цешылі рабы-гладыятары арыстакратаў. А калі і нас з Васілём гладыятарамі зробяць? Крыху павучаць, дадуць мячы і загадаюць: «Антон, змагайся з Васілём, пацеш нас». На Васіля я ніколі меч не падыму…
— Вазьміце, — папрасіў я ў другі раз. Здагадаўся Піліп Макаравіч, што баімся заставацца адны.
— Хлопцы, не бойцеся. Схавайцеся ў кусты. Далёка адыходзіцца я не буду.
Васіль як на злосць:
— Мы застанемся. Мы згодныя.
— Не бойцеся, — сказаў Піліп Макаравіч і няспешна падаўся ў лес.
А мы з Васілём палезлі ў лазняк, які рос непадалёку. Як кажуць, на сваёй старане і куст родны. Што ж, хавай нас, зялёны лазовы куст. Невядома, што чакае наперадзе.
Сакс
Амаль паўгадзіны мы з Васілём, нібы мышы, сядзелі ў кустах. На наша шчасце, з лятальнага апарата ніхто не вылез. Нідзе нават сучок не трэснуў.
А пасля мы ўбачылі Піліпа Макаравіча. І што самае дзіўнае? Побач з ім ішоў Чорная Накідка.
— Чорная Накідка! — таўхануў я локцем Васіля.
— Без асінкі ідзе, — азваўся Васіль. — Адляпіў яго Піліп Макаравіч.
— Гукні, папярэдзь, што ў Чорнай Накідкі нож. Васіль прыўстаў.
— Эй!
А Піліп Макаравіч:
— Хлопцы, вылазьце. Я зірнуў на Васіля.
— Вылазіць ці не?
— Вылезем. З Піліпам Макаравічам не страшна. Мы высунуліся з куста. Пазіраем, як два палахлівыя зайцы.
— Не бойцеся яго, — паказаў на Чорную Накідку Піліп Макаравіч. — Гэта іншапланецянін. Ен добры. Я яму пра вас расказаў.
Іншапланецянін! Вось дык навіна! Даўно я марыў сустрэцца з іншапланецянінам. Але не такой уяўляў сустрэчу. Думаў, што ўбачу дзе-небудзь на вялікай плошчы… Воклічы «ўра!», абдымкі, пацалункі, мора кветак… А выйшла як? Ні воклічаў, ні абдымкаў, нібы так і трэба, нібы іншапланецяне прылятаюць да нас у соты ці тысячны раз.
— Ен добры. Не бойцеся, — паўтарыў Піліп Макаравіч.
— Чаму ён хаваўся ад нас, калі такі добры? — прамовіў Васіль.
— Спалохаўся. У страху, самі ведаеце, вочы вялікія.
— Гэта ягоная машына?
— Не машына, а лятальны апарат «Альбатрос», — сказаў Піліп Макаравіч. — На «Альбатросе» ён да нас і прыляцеў.
— Адкуль прыляцеў? З якой планеты?
— Чулі пра Тунгускі метэарыт?
Канешне, чулі. І ў школе нам не раз расказвалі, што 30 чэрвеня 1908 года над сібірскай тайгой непадалёку ад ракі Падкаменная Тунгуска штосьці ўзарвалася. «Загадкавы выбух», — так пісалі і пішуць у газетах. Паветраная хваля ад выбуху абляцела ўвесь зямны шар, парушылася магнітнае поле планеты, у многіх краінах зафіксавалі «светлыя ночы». І самае цікавае: на месцы выбуху не знойдзена аніякіх слядоў віноўніка катастрофы. Адны вучоныя лічаць, што ўзарвалася лятаючая талерка, другія пішуць, што камета, трэція даказваюць, што метэарыт. Горы паперы спісалі, а ўсё спрачаюцца.
— Пра Тунгускі метэарыт мы не толькі чулі, але і чыталі,— пахваліўся я.
А Васіль:
— Чаму пытаецеся?
— Чалавек, якога вы называеце Чорнай Накідкай, з планеты Сіз, — сказаў Піліп Макаравіч.
З планеты Сіз… А пры чым тут Тунгускі метэарыт? Няўжо Піліп Макаравіч хоча сказаць, што іншапланецянін на Тунгускім метэарыце да нас спусціўся?
— Хм, — хмыкнуў Васіль. — Сіз…
— Дзіўная назва? — басам прагаварыў Чорная Накідка.
Я глядзеў на яго, як вы глядзелі б на рыбу, выцягнутую з вады, якая раптам загаварыла.
Я неўпрыкметкі зірнуў на Васіля. А ён стаіць адкрыўшы рот, губамі бязгучна перабірае.
— Вы нашу мову спецыяльна вывучалі ці змалку ведаеце? — выдыхнуў Васіль.
— На нашай планеце ўсе гавораць, як і вы. А чаму так, я і сам не ведаю. Гэтак і нашы прадзеды гаварылі.
Вы не здагадваліся, што існуе планета Сіз. А мы пра вас усё ведаем. У нас ёсць прыборы, якія ловяць вашы галасы, перадаюць вашу размову. Праўда, так бывае адзін раз у дзесяць год, калі наша планета найбольш набліжаецца да вашай. Роўна тыдзень мы можам чуць, што на Зямлі адбываецца.
— Дык цяпер ваша планета найбольш наблізілася да Зямлі? — скумекаў Васіль.
— Але, — кіўнуў галавою іншапланецянін.
— Кожны жыхар планеты Сіз можа паслухаць, пра што мы гаворым? — падаў я свой голас.
— Толькі валадар і яшчэ некалькі блізкіх яму людзей.
Няўжо я сплю? Здаецца, не. Валадар… Дзіўна. У іх ёсць свой валадар. Што ж там за парадкі? Валадар… А гэты хто? Памагаты валадара? Няйначай, нейкі міністр. Пашчасціла нам з Васілём! З міністрам размаўляем! З міністрам, які прыляцеў з іншай планеты. Пашанцавала… А чаго ж ён прыляцеў да нас? Няўжо са службы выгналі? Напэўна, так. Выгналі… Што ж будзе? Няўжо пачне прасіць, каб дазволілі ў нашай вёсцы пажыць? Ну, дазволім. А што далей? Кватэру калгас выдзеліць, на работу стане хадзіць. Відаць, трактар дадуць. У тэхніцы ён разбіраецца. Вунь на якім вялікім коле здолеў прыляцець. Але ці захоча на трактары працаваць? Усё-ткі міністр.
— Як ты думаеш: міністру ў нашым калгасе работу дадуць? — шэптам пытаюся ў Васіля.
— Якому міністру?
— Гэтаму. Які да нас прыляцеў.
— Я не старшыня калгаса, — як адрэзаў Васіль.
— Перш чым на работу запрашаць, пазнаёміліся б з госцем, — пачуў мой шэпт Піліп Макаравіч.
— Антон, — гучна сказаў я.
— Васіль, — яшчэ гучней прагаварыў мой сябар.
— Сакс, — сказаў іншапланецянін. Мне здалося, што я недачуў.
— Як? — наставіў вуха.
— Сакс.
— Сакс — гэта імя ці прозвішча?
— На нашай планеце ў людзей толькі імёны. Імёны дае валадар. Наша планета невялікая. Так што яму няцяжка.
— Чаму вас валадар назваў Саксам? — вылез наперад Васіль.
— У пустыні расце дрэва, якое называецца саксаул. Першыя чатыры літары назвы гэтага дрэва і ўтвараюць маё імя.
— Цікава, — прамовіў Васіль. — Вас зваць Сакс, а планета называецца Сіз.
— Есць слова «аазіс». Гэта куточак сярод пустыні, дзе ёсць дрэвы, вада, дзе птушкі пяюць, — цярпліва тлумачыў Сакс. — Прачытайце апошнія тры літары слова «аазіс» наадварот. Выйдзе — Сіз.
— А чаму ў вас такая дзіўная накідка? Чорная з белымі плямамі. Там усе такія носяць? — не даваў перадыхнуць Саксу Васіль.
— У нас накідкі носяць легіянеры і начальнік легіянераў — Курт.
— Чаму Курт?
— У пустыні водзіцца ядавіты павук — каракурт.
— Хм, каракурт, — хмыкнуў Васіль. — Бярэм чатыры апошнія літары і будзе — Курт?
— Курт.
Я думаў, што Васіль перастане пытацца. Куды там! Ен усё дапытваўся ў іншапланецяніна:
— Чаму на вашай накідцы белыя плямы? Саксу, відаць, гэта надакучыла, але ён цярпліва расказвае:
— На брушку павука каракурта ёсць трынаццаць плямінак белаватага альбо чырванаватага колеру. У легіянераў накідкі з трынаццаццю белымі плямамі, а ў іх начальніка Курта — з трынаццаццю чырвонымі. Трэба ж яму адрознівацца ад звычайных легіянераў.
— А як вашага валадара зваць?
— Карп. Ад слова «скарпіён». Адкіньце першую літару і тры апошнія. Выходзіць: Карп.
Дзіўна… Карп… Ад слова «скарпіён». Курт — каракурт… Дзіўна… Па шэрсці скаціне і мянушкі даюць.
— Вы, значыць, легіянер. Карп усім легіянерам дазваляў нас, зямлян, слухаць?
— Некаторым дазваляў. Я ахоўваў яго.
Стаіць Васіль, трэ лоб. Яшчэ хоча аб нечым запытацца… Не здагадаецца. Прычапіўся, як лопух да кажуха. Замучыць іншапланецяніна. Трэба і мне запытацца. Можа, тады Васіль адчэпіцца ад яго.
— Скажыце, скажыце… — пачаў я, не ведаючы, як звярнуцца да іншапланецяніна, ахоўніка самога валадара Карпа. Не назавеш жа яго дзядзька Сакс.
— Антон, называй мяне проста Сакс, — сказаў ён.
Я зноў глянуў на яго, як на рыбу, якая загаварыла. Антон… Незвычайна прагучала з ягоных вуснаў. Так мяне мама называе, сябры называюць. Ен жа хоць і не міністр, але, як відаць, таксама немалая шышка. Вы, напрыклад, што падумалі б, калі б раптам які-небудзь заакіянскі мільярдэр звярнуўся да вас, назваўшы Школам ці Кастусём?
— Антон, ты аб чым хацеў запытацца? — дакрануўся да майго пляча Сакс.
Я апусціў галаву.
— Скажыце… Скажыце, Сакс (як цяжка вымавіць гэтае слова!), ваша планета прыгожая? Вы казалі, што яе назва паходзіць ад слова «аазіс».
Хмурынка прабегла па твары Сакса. Няўжо яму так цяжка адказаць на маё пытанне? Васіль вунь колькі пытаўся! І Сакс адказваў яму без запінкі. Чаму ж ён цяпер маўчыць?
— Дык ваша планета прыгожая? — паўтарыў я пытанне.
Сакс падышоў да «Альбатроса», абапёрся спіною. Падумалася: што, калі зараз павернецца, ірване нябачныя дзверцы, ускочыць і паляціць? Скончыцца гэтая дзіўная гісторыя, падобная на сон. Нечакана пачалася і нечакана скончыцца…
Што ж рабіць? Трэба спыніць яго, папрасіць, каб не ўцякаў…
Я ступіў крок наперад. Сакс заўважыў, махнуў рукою, як бы загадваючы: «Стой!»
— Ці прыгожая наша планета? — нарэшце прамовіў ён. — Калісьці была сапраўдным аазісам. Як і ў вас, раслі лясы, у вёсках увесну пахла чаромхаю, бэзам, радаваліся жыццю, спявалі, пераклікаліся птушкі. У горадзе (ён адзін на нашай маленькай планеце) зелянелі скверы, гучаў смех. Сонца свяціла ласкава. Ды знайшоўся інжынер, якому здалося, што сонечнага цяпла на нашай планеце не хапае. На самай высокай гары ён паставіў гіганцкае павелічальнае шкло. Яму захацелася выкарыстаць усю-ўсю энергію Сонца. Але выйшла інакш. Трыццатага чэрвеня тысяча дзевяцьсот восьмага года, калі наша планета, як і сёння, найбольш наблізілася да вашай планеты Зямля, магутны выбух скалануў паветра. Планету Сіз нібыта нябачная магутная рука тарганула. Тая гара, на якой стаяла павелічальнае шкло, адкалолася і, асвятляючы сабе дарогу полымем, з дзікім свістам паляцела ўніз.
Калі ж гэта было? Сакс сказаў, што 30 чэрвеня 1908 года. Якраз у гэты дзень і ў гэты год у раёне ракі Падкаменная Тунгуска ўзарвалася невядомае касмічнае цела.
Вось чаму Піліп Макаравіч успомніў пра Тунгускі метэарыт. Сакс расказаў яму пра катастрофу. Што ж выходзіць? Тунгускі метэарыт — кавалак планеты Сіз… А вучоныя спрачаюцца, даказваюць… Толькі мы ведаем, што Тунгускі метэарыт — кавалак планеты Сіз. Толькі мы. Тры чалавекі на ўсёй Зямлі! Нам вядомы сакрэт Тунгускага метэарыта… Дык чаго мы стаім? Трэба паслаць пісьмы ва ўсе рэдакцыі свету, расказаць, каб усе-ўсе людзі ведалі. А ці павераць? Ці не падымуць на смех? Ну і няхай падымаюць. Усё роўна трэба расказаць. Што, калі і на нашай планеце Зямля знойдзецца вынаходнік, падобны на інжынера з планеты Сіз? Што, калі забудзецца ён пра народную мудрасць: сем раз адмерай, а адзін раз адрэж?
— Піліп Макаравіч, — усклікнуў я. — Хадзем. Хадзем хутчэй!
— Куды?
— Пра сакрэт Тунгускага метэарыта ўсім-усім раскажам.
— Раскажам. Не хвалюйся, — прагаварыў Піліп Макаравіч. — Спярша паслухай, аб чым Сакс расказвае. Папрасіў і забыўся?
— Пасля выбуху на вачах стала мяняцца прырода нашай планеты, — нявесела працягваў Сакс. — Высахлі лясы, змоўклі птушкі. Неўзабаве планета ператварылася ў пустыню. А чаму? Не думаў інжынер, што робіць. След бяздумнасці — страшны след. Лявоніха сама сябе высцебала. Вось так.
— А вёскі на вашай планеце засталіся? — звярнуўся да Сакса Васіль.
— Людзі з вёсак паўцякалі ў горад, — уздыхнуў Сакс. — У пустыні не пражывеш. У горадзе яшчэ можна пратрымацца. Там кісларод прадаюць і штучныя прадукты.
— Як гэта? — не паверыў Васіль.
— З каменнага вугалю, з нафты. На нашай планеце няма ні травінкі, ні былінкі. Горы, пяскі. Пасля таго як высахлі лясы, амаль не стала і кіслароду.
— Той інжынер, які павелічальнае шкло зрабіў, не дапамог вам? — не выцерпеў я.
— Ен стараўся дапамагчы. Тады Сіўка аглядзеўся, як хвост загарэўся. Сам сабе быў не рады. Пабудаваў фабрыку, якая выпускае кісларод. Цяжка дыхаецца на нашай планеце. Купляем кісларод.
— Інжынер прадае?
— Карп. Залез Карп інжынеру ў душу, сябрам прыкінуўся. А пасля захапіў фабрыку. Інжынера прымушае, каб ягоную волю выконваў. Не паслухаецца — у цямніцу садзіць. Выхоўвае. І другім не лепей прыходзіцца. Не так слова скажы — без кіслароду застанешся. Загадаў, каб валадаром звалі, легіянераў завёў. Надакучыла на ўсё гэта глядзець.
— Сакс, вы можаце ў нас пажыць. У нашай хаце. Папрашу тату і маму. Яны дазволяць, — сказаў я.
— Дзякую, — прамовіў Сакс. — Думаю сёння ж назад вярнуцца. Свой «Альбатрос» крадком дзесяць гадоў у пустыні збіраў. Можна сказаць, па вінціках. Усе гэтыя дзесяць гадоў жыў надзеяю, што прылячу да вас. Верыў, што вы, зямляне, дапаможаце нам. Нядаўна даведаўся, што Піліп Макаравіч вывеў новае насенне. Пачуў яго голас. Разумееце? Быў упэўнены, што знайду Піліпа Макаравіча ў лесе, спадзяваўся, што дапаможа нам. Ды не пагаджаецца ён ляцець на планету Сіз. Не пагаджаецца сеяць лес. Лес — гэта кісларод. Лес дасць жыццё нашай планеце.
Так, лес дае жыццё. Аднаго разу наш класны настаўнік сказаў: «Лес — добры доктар». Мы здзівіліся. Некаторыя нават запярэчылі: «Доктар лечыць. А лес хіба ўмее лячыць?»
І тады настаўнік пастараўся даказаць нам, што ўмее. У чалавека, які ўвайшоў у лес, зніжаецца частата пульсу. Чалавек супакойваецца, яму дыхаецца лягчэй. Лес ачышчае паветра ад пылу, дыму, паслабляе сілу ветру. У сонечныя дні адзін гектар лесу паглынае з паветра 220–280 кілаграмаў вуглякіслага газу, выдзяляе 180–220 кілаграмаў кіслароду.
Тады, калі настаўнік расказваў, я не задумваўся. Выдзяляе? Ачышчае? Ну і што? Лесу ў нас хапае. Прыкладна так разважаў. Відаць, гэтак жа і на планеце Сіз разважалі. Не думалі, не задумваліся, як і я, як і Васіль, як і многія іншыя.
Лесу ў нас хапае… Ен быў і будзе. Як чаравікі, якія купляе тата, як кнігі, якія даюць нам у школе, як бліны, якія пячэ мама, як фільмы, якія глядзім па тэлевізары… Быў і будзе. Дык навошта ж думаць…
…Лес — добры доктар. Лес вылечыць, выратуе. Чаму Піліп Макаравіч не хоча ляцець на планету Сіз, чаму не пагаджаецца пасеяць там лес? Няўжо баіцца? Сакс адкрыў сэрца. А ён?.. Мне здалося, што ён такі добры…
— На планеце Сіз людзі гінуць. На цэлай планеце! — вырвалася з маёй душы. — А вы насенне шкадуеце? Дайце Саксу. Ен і без вас пасее.
Піліп Макаравіч дакрануўся далонню да маёй галавы. Відаць, хацеў пагладзіць мой непадатлівы віхор. Я рэзка павярнуўся.
— Антон, непрыгожа так. Чаго ты крычыш? Не праверыўшы, я не маю права сеяць насенне. Што, калі планета Сіз зарасце непралазнымі джунглямі? Сем раз адмерай, а адзін раз адрэж.
На маіх вачах выступілі слёзы.
— Ніхто ніколі не дапаможа людзям планеты Сіз?
— Я думаў пра гэта, калі вы з Саксам размаўлялі. Усё-ткі злятаю я на тую планету. Пагляджу на ўсё сваімі вачыма. Магчыма, нешта прыйдзе ў галаву.
Сакс адразу павесялеў.
— Я верыў, што вы дапаможаце. Верыў. Толькі з валадаром Карпам не раю сустракацца. У ланцугі закуе.
— Там пабачым, — сказаў Піліп Макаравіч. — Сакс, дапамажы прынесці палатку. Цяпер жа паляцім. Адклад не йдзе ў лад.
— А мы? — пытаецца Васіль.
— Вы дамоў. На адной назе. Зразумела? І каб пра планету Сіз нікому ні слова. Вярнуся на Зямлю — сам пра ўсё раскажу. Цяпер не падымайце панікі.
У «Альбатросе»
Піліп Макаравіч і Сакс схаваліся ў лесе. Я павярнуўся да Васіля.
— Дамоў?
Васіль аж падскочыў.
— На паўдарозе спыняцца? І мы паляцім на планету Сіз.
Шчыра прызнаюся, не хацелася мне ляцець за свет, на планету Сіз. Мне нават на адзін дзень не хочацца расставацца з татам, з мамай, з рэчкай, з лугам, з лесам. Відаць, я нарадзіўся такім. Бывае, разам з аднакласнікамі паедзеш на экскурсію. На душы самотна, тужліва… А тут? Усё кінуць-рынуць і ляцець, нікога не папярэдзіўшы? Зарупіла ж Васілю! Быццам птушцы, якая ў вырай ляціць. Вось упарты. Яму цяпер хоць кол на галаве чашы.
— Васіль, не возьме нас Піліп Макаравіч на планету Сіз. Выкінь з галавы.
— А мы залезем і схаваемся. Самі нас завязуць. Во дае! Схаваемся… Залезем… Быццам на воз. Не, даражэнькі. Гэта лятальны апарат. Тут і шчылінкі не знойдзеш, каб пралезці.
— Як ты залезеш? — запярэчыў я. — Дзе дзверцы? Скажаш магічнае слова, і адчыняцца? Так толькі ў казках бывае.
А Васіль пазірае на «Альбатрос», што на цукерку. Бачыць карова, што ў стозе салома. Не адыдзецца. Яго і за вушы не адцягнеш. Што ж зрабіць?
— Васіль, выкінь глупства з галавы. Дзверцаў няма.
— Знойдзем дзверцы. Павінны быць. Падышоў да «Альбатроса» і пачаў пальцамі стукаць, нібы дзяцел дзюбай.
Ага, дзверцы шукае. Лезе, як певень на плот. Ну і шукай, пакуль не надакучыць.
Я лёг на траву, выцягнуўся на ўвесь рост. Сонца свеціць, птушкі ў кустах шчабечуць, цвіркаюць. Добра! Можна і задрамаць. Думаеце, што задрамаў? Дзе там! Чую:
— Антон, сюды ідзі.
Вось упарты! З такім задрэмлеш! Хутка, мабыць, зусім перастану спаць. І што ён там выпараў?
— Чаго? — азваўся я.
— Антон, тут кнопка. Знайшоў.
Я ўскочыў на ногі, падышоў да Васіля.
— Дзе кнопка? У цябе на носе? Васіль анічуць не пакрыўдзіўся.
— Вось тут. Глядзі.
На жоўтай паверхні «Альбатроса» я ўбачыў белаватую плямінку велічынёю з дажджынку-кропельку. «Трэба мець вочы як у арла, каб заўважыць яе», — падумалася.
— Антон, бачыш кнопку?
— Па-твойму, гэтая плямінка і ёсць кнопка?
— Канешне, кнопка. Магу пайсці ў заклад. Хоць на тысячу рублёў. Хоць на дзесяць тысяч.
Дзівак! На дзесяць тысяч рублёў. Дзесяць тысяч ён і ў вочы не бачыў. Што ж, язык без касцей.
— Антон, я зараз націсну на кнопку. Далей адыдзіся. Што, калі дзверцамі па лбе табе стукне? Невядома, як яны адчыняюцца.
Я паспрабаваў спыніць сябра:
— Васіль, а раптам лятальны апарат узляціць, калі ты на кнопку націснеш?
— Не ўзляціць, — упэўнена прагаварыў Васіль. Я адступіўся назад.
— Націскай.
Мой сябрук выцягнуў руку, прыжмурыўся і націснуў на кнопку. Нячутна ўбок адчыніліся дзверцы, плаўна апусцілася невялікая лесвіца.
Васіль ступіў на прыступку.
— Антон, за мною.
Я стаяў, пазіраючы на яго. Неяк не верылася, што дзверцы адчыніліся, што праз хвіліну мы будзем у «Альбатросе».
— Баішся? — крыкнуў Васіль. — Нядаўна Піліпа Макаравіча папракаў. На словах адно, а на справе другое? Баішся? Га?
Баішся… Крануў за балючае месца. Пабачым, хто з нас спалохаецца. А, было не было. Я штурхнуў Васіля.
— Лезь! Чаго стаіш?
Калі б мне цяпер сказалі: «Антон, адзін ляці на край свету». Паляцеў бы не задумаўшыся.
Вось так мы з Васілём апынуліся ў «Альбатросе». Скажу вам, някепска было б тут, калі б крыху пасядзець, паўзірацца, як на экскурсіі. Жоўтыя сцены. З аднаго боку намаляваны квітнеючы сад, з другога — нейкая рагатая пачвара, падобная на чорта. Кнопкі, рычажкі, колцы… Паўз сцены цягнуцца доўгія металічныя лаўкі. На адной лаўцы — чорныя накідкі. Яшчэ я заўважыў дзверы. Відаць, «Альбатрос» падзяляўся на некалькі адсекаў. Аднекуль, ці то са столі, ці то з падлогі (паспрабуй здагадайся, дзе ў лятальным апараце, круглым, як кола, столь і падлога) лілося мяккае святло.
— Трэба дзверцы зачыніць, — кажу Васілю. — Інакш Піліп Макаравіч здагадаецца, што за госцейкі завіталі. Вытурыць як міленькіх.
— А як зачыніць? — павярнуўся да мяне Васіль. — Кнопка там, звонку. Калі націсну на яе, то без рукі застануся. Хочаш, каб я без рукі застаўся?
— І тут павінна быць. Пашукай.
— А-а-а! — пляснуў сабе па лбе Васіль. — Вядома, павінна быць. Вочы разбягаюцца… Вунь колькі тут рычажкоў, кнопак, колцаў. Пра ўсё забыўся.
— Хочацца пакратаць, націснуць, пакруціць? — здагадаўся я.
— Няўжо ж не! — прызнаўся Васіль. Я паказаў яму кулак.
— Эй, ты, знаўца! Толькі паспрабуй. Хочаш заляцець немаведама куды?
— І праўда, заляцім, — пагадзіўся Васіль. — Невядома, на якую планету трапім.
Ен зноў стаў стукаць пальцамі, што дзяцел дзюбай.
— Есць кнопачка. Знайшоў! — неўзабаве гукнуў.
— Націскай, — загадаў я.
— Націскаю.
Дзверцы плаўна зачыніліся.
Не стала лесу, не стала сонца, змоўклі спевы птушак. У мяне на душы быццам кошкі заскрэблі.
— Сядзім, што ў бляшанай скрынцы, — вырвалася ў мяне.
— Не хвалюйся. Што-небудзь выседзім. Куды схавацца, каб Піліп Макаравіч не знайшоў?
Я паказаў на чорныя накідкі, якія ляжалі на лаўцы.
— Залезем пад лаўку і тымі накідкамі накрыемся.
— У цябе галава варыць, — сказаў Васіль. — Схаваемся — і шыта-крыта. Ніхто не знойдзе. Нават з ліхтарыкам.
Мы ўзялі накідкі і палезлі пад лаўку. Накрыліся, ляглі. Канешне, мулка. Ды можна вытрываць. Не ў гасцях. Знай, каток, свой куток.
Ляжым, сапём паціхеньку. А Піліпа Макаравіча і Сакса няма і няма. Мяне агарнула млявасць, вочы быццам самі сабою сталі зліпацца.
— Васіль, ты жывы? — прагаварыў, каб толькі не маўчаць.
— Ляжу. Думаю пра колцы, кнопачкі, рычажкі… Хочацца націснуць, пакратаць, пакруціць.
— Ляжы і не варушыся, — прамовіў я, заплюшчваючы вочы.
— Не варушуся. Нага анямела, — быццам здалёку данёсся голас Васіля.
Я заснуў. Снілася, што дома з татам і мамай. Тата ляжыць на канапе, закрыўшыся газетай, а мама пячэ пірагі. Увіхаецца каля печы, расчырванелая. Я сяджу каля стала, гляджу ў печ, як кот глядзіць на смятану. «Мама, хутка будзеш пірагі даставаць?» — глытаю сліну. Мама качаргой паварочвае бляхі, у якіх пякуцца пірагі. «Хвілінку пачакай. Усяго адну хвілінку. З аднаго боку спякліся, а з другога яшчэ не», — кажа мама. «Дастань, — прашу. — Я і няспечаныя з'ем. Вельмі есці хочацца». — «Сынок, жывот забаліць!» — усплясквае рукамі мама. А я: «Дастань. Няспечаныя з'ем…» Тата адкладвае ўбок газету, бярэ ў мамы качаргу, махае ёю і крычыць на мяне: «Вылазь… Вылазь…»
Устрапянуўся, расплюшчыў вочы. Цемра… Дзе тата? Дзе мама? Куды яны падзеліся?
— Вылазь, — чуецца голас. Быццам Васілёў.
Але, Васілёў. Чаму ён да нас у хату прыйшоў? Ноч на дварэ. «А-а-а, дык мы ў лятальным апараце!» — нарэшце дайшло да мяне.
Я скінуў накідку, вылез з-пад лаўкі і ўбачыў Васіля, Піліпа Макаравіча, Сакса.
— Антон, калі ты храпці перастанеш? — папракнуў мяне Васіль.
Я працёр далонню сонныя вочы.
— Няўжо хроп?
— Такія мелодыі выводзіў, што ў Піліпа Макаравіча валасы на галаве падняліся. Прыйшлося мне вылезці і растлумачыць, што да чаго. Цябе і Піліп Макаравіч будзіў, і Сакс будзіў. Спіш без задніх ног.
Я глянуў на Піліпа Макаравіча.
— Нам дамоў? На адной назе?
— Хлопча, мы хутка на планету Сіз прыляцім. Хутка прыляцім. А я ўсё спаў. Выходзіць, і пад лаўкай някепска спіцца.
Я сеў на лаўку. У плячы балела рука. Адляжаў, сцерпла. Дома мяккі матрац, а тут, можна сказаць, падлога.
— Пасядзі, адпачні,— сказаў Піліп Макаравіч. — Э-эх, хлопцы! Да чаго ж вы ўвішныя! Майстры на ўсе рукі.
Піліп Макаравіч і Сакс накіраваліся туды, дзе былі рычажкі, колцы, кнопкі. І Васіль паплёўся за імі. «Зараз пачне распытваць, зачамукае», — падумаў я.
І не памыліўся. Васіль прысеў каля Сакса і пачаў: Чаму ваш «Альбатрос» на кола падобны? Кола — гэта своеасаблівы махавік. Калі махавік раскручваецца, то назапашвае энергію. Звычайна махавік на вал надзяецца.
— Чаму надзяецца?
— Абапіраецца на яго.
— Але ж у вашым лятальным апараце няма ніякага вала. Я нешта не заўважыў. Проста кола, ды ўсё.
— Калі махавік трэцца аб вал, то траціць частку энергіі. Гэта неэканамічна.
— Чаму ваша кола не падае? На чым яно трымаецца?
— У гэтым коле ёсць труба, дзе размяшчаецца высокамагнітная лента. Яна і ўтрымлівае кола, не дае яму ўпасці. Я ўключаю рухавік, кола раскручваецца, набірае ўсё большыя абароты, і мы ляцім. Нават без дапамогі рухавіка.
— Чаму мы не круцімся разам з колам? Чаму не пераварочваемся?
— Наша кола цяпер у гарызантальным становішчы.
— На паляне ў вертыкальным, а цяпер у гарызантальным? Цікава. Чаму?.. Чаму ваш лятальны апарат на курыных лапах, як хатка Бабы Ягі?
— Такая канструкцыя. Дый курыныя лапы — своеасаблівы амартызатар. Каб пасадка была мяккая.
Відаць, Васіль яшчэ доўга чамукаў бы, але Сакс раптоўна крыкнуў, не даў яму рот адкрыць:
— Увага! Пад намі планета Сіз. Мы спускаемся. Планета Сіз… Спускаемся… Няўжо так хутка прыляцелі?
Перад выхадам
«Альбатрос» плаўна апусціўся на планету Сіз. Я нават штуршка не адчуў. Нават не здагадаўся б, што апусціліся, калі б Піліп Макаравіч не аб'явіў:
— Увага! Мы на планеце Сіз!
Думаеце, што мы выскачылі з лятальнага апарата, сталі радавацца, крычаць? Не. Піліп Макаравіч і Сакс круцілі колцы, націскалі на кнопкі. А мы з Васілём (Піліп Макаравіч загадаў, каб і ён сеў на лаўку) моўчкі пазіралі адзін на аднаго.
Дзе спусціліся? Што вакол нас? Ні я, ні Васіль гэтага не бачылі.
— Прывезлі, як катоў у мяху, — кажу Васілю.
— А што, калі мы нікуды не ляцелі? — выказаў здагадку Васіль. — Што, калі планета Сіз — гэта выдумка?
Я задумаўся. Так-то яно так, дык зноў-такі ж як? Магчыма, выдумка. Магчыма, няма ні валадара Карпа, ні генерала Курта. Магчыма, Сакс зусім не іншапланецянін, а сябар ці добры знаёмы Піліпа Макаравіча. Магчыма, вырашылі павадзіць нас за нос. Калі так, то цудоўны спектакль яны разыгралі. Даведаюцца пра гэта ў вёсцы — засмяюць. І стары, і малы праходу не дадуць, пальцам будуць паказваць: «Вунь тыя пайшлі, якія на іншую планету зляталі. Іншапланецяне…» Сівая барада вырасце — і ўсё роўна іншапланецянінам будуць зваць. У нас так. Далі мянушку — век насі.
— Піліп Макаравіч, калі вы нас выпусціце адгэтуль? — не вытрываў Васіль.
Піліп Макаравіч быццам жартуючы:
— Калі-небудзь, калі пажадаеце, выпусцім.
— Не жартуйце, — падтрымаў я Васіля. — Надакучыла ў гэтай бляшанай скрынцы сядзець.
— Хіба хто-небудзь цягнуў вас сюды? Самі залезлі. Без спросу. Так што цярпіце, — ушчуваючы, прагаварыў Піліп Макаравіч.
Трэба цярпець. І праўда, самі залезлі, ды яшчэ схаваліся. Ніхто сілком не цягнуў.
— Мы не на Зямлі? Мы на планеце Сіз? — пытаюся.
— На планеце Сіз. Куды хацелі, туды і трапілі,— прамовіў Піліп Макаравіч. — Мы селі ў пустыні. Вакол пяскі. Прыборы паказваюць.
— Чаму мы каля горада не селі? Каля горада было б лепей, — гукнуў Васіль.
Да нас падышоў Сакс, сеў насупроць.
— У горадзе валадар Карп. Яму не спадабаецца, калі мы спусцімся там.
Значыць, гэта не спектакль. Значыць, мы на планеце Сіз, дзе валадар Карп, дзе ягоныя легіянеры, дзе бязмежная пустыня. Пустыня… Вы, магчыма, запытаецеся: якой я ўяўляў яе, гэтую пустыню? Ды такой, як у мастацкіх фільмах паказваюць. Хоць і пяскі, але зусім не страшна. Самі, думаю, бачылі: героі многіх фільмаў не толькі конна, але і пеша адольвалі пяскі. А ў нас жа «Альбатрос»! Стане цяжка — узнімемся і паляцім. Вось гэтак прыблізна разважаў я. Таму не адчуваў асаблівага страху.
— Хлопцы, падсілкавацца не жадаеце? — прысеў побач Піліп Макаравіч.
Я нагадаў сон, тыя пірагі, якія пякла мама. Праглынуў сліну. Нездарма пірагі сніліся. З самага ранку макулінкі ў роце не было.
— Яшчэ як жадаем, — сказаў я.
Спадзяваўся, што Піліп Макаравіч пачастуе вяндлінай ці каўбасой. А ён дастаў з рукзака тэрмас, тры пластмасавыя шклянкі, адкруціў чырвоную накрыўку і наліў штосьці белае. У шклянках забулькала, зашыпела.
Дык гэта ж тая вадкасць, якую на палянцы піў Піліп Макаравіч! Вось гэта пачастунак!
— Гэта нам? — вырвалася ў мяне. Піліп Макаравіч падміргнуў, як сябру.
— Вам, вам…
Я адсунуўся далей.
— Не буду. Не хачу.
— Антон, паспрабуй. Тры дні ні піць, ні есці не захочаш. А нам праз пустыню ісці.
Я адсунуўся яшчэ далей.
— Мне есці зусім не хочацца. Дзякую. Самі выпілі б.
— Я на палянцы піў,— сказаў Піліп Макаравіч. — Бачылі? Дык хто смелы?
— Я, — прамовіў Сакс.
Ен узяў шклянку, выпіў вадкасць, якая, як мне здалося, яшчэ мацней зашыпела, аблізнуўся, задаволены.
— Смачна, хлопцы. А Піліп Макаравіч:
— Хто наступны?
— Я, — ускочыў Васіль.
Паднёс шклянку да рота, панюхаў, дакрануўся языком, як кот, і пачаў піць.
Некалькі секунд стаяў вытрашчыўшы вочы. Мне падумалася, што яго разрывае. Не.
— Смачна, — працягла вымавіў.
Сакс выпіў, аблізнуўся. Васіль выпіў, не пабаяўся. А я хіба горшы за іх?
Асцярожна, баючыся, што апячэ, я ўзяў шклянку абедзвюма рукамі. Зусім не гарачая. Шклянка як шклянка. Заплюшчыў вочы і… глытнуў. Дзіўна. Вадкасць, якая шыпіць і булькае, салодкая, што цукерка.
— Жывы-здаровы? — засмяяўся Піліп Макаравіч.
— Даспадобы? — пацікавіўся Сакс.
— Не разарвала? — зарагатаў Васіль. Гледзячы на іх, і я засмяяўся:
— Не разарвала. Яшчэ хачу.
— Не, даволі. Такой порцыі на тры дні хопіць, — сур'ёзна сказаў Піліп Макаравіч.
Вось так мы пілі вадкасць, якая шыпіць і булькае. А пасля Сакс прынёс чатыры вялізныя капелюшы, падобныя на мексіканскае самбрэра.
— Ух ты! — усклікнуў Васіль, — Вы быццам іншапланецянін.
Піліп Макаравіч яму:
— Мы цяпер усе іншапланецяне. Акрамя Сакса. Што і казаць, іншапланецяне. Акрамя Сакса. Цікава выходзіць. Калі Сакс да нас прыляцеў, то ён быў іншапланецянінам. Прыляцелі мы — мы іншапланецянамі сталі. Дзіўна. І я іншапланецянін, і Васіль. Такое, калі б нават моцна захацелася, не прысніў бы.
Мы з Васілём надзелі капелюшы. Стаім, адзін на аднаго пазіраем. У мяне рот да вушэй. І ў Васіля рот да вушэй. Іншапланецяне…
— Ты нібы грыб баравік, — рагоча Васіль.
— А ты кот у ботах, — адпарыраваў я.
Затым Сакс прынёс нейкія балончыкі. З лямкамі, як у партфелі. Ад кожнага балончыка доўгая выгнутая трубка цягнецца. Падумалася: зварачныя апараты, у сваім лятальным апараце збіраецца нешта зварваць.
Ды не. Адзін такі балончык надзеў сабе за плечы, трубку павярнуў — каля самага рота яна апынулася.
— Чаму так? — крыкнуў Васіль.
— У балончыку кісларод, — сказаў Сакс. — Па трубцы ён падыходзіць да рота. Я вам казаў, што на нашай планеце не хапае кіслароду, што вельмі цяжка дыхаць.
Не пазайздросціш жыхарам планеты Сіз. Капялюш увесь год насі, не скідай, і яшчэ балончык з трубкай. Ходзяць, нібы жукі рагатыя.
Васіль узяў балончык, падняў, узважваючы.
— Няцяжкі. І нам надзяваць?
— Трэба, — кіўнуў галавою Сакс.
— Ці на доўга хопіць гэтага кіслароду? — захваляваўся я.
— На трое сутак, — прамовіў Сакс.
— А што рабіць, калі не стане кіслароду ў балончыку?
— Валадар Карп прадае. Забыліся?
Але, казаў Сакс, што Карп прадае. Да чаго дадумаўся! Каб яму пуста было! Кісларод, без чаго жыць няма як, за грошы прадае. Вось каб дзе схавацца ды з рагаткі. Такога не шкада.
— Хутчэй, хлопцы, не марудзьце, — сказаў Сакс— Трэба выходзіць.
Мы з Васілём надзелі балончыкі. Нас цяпер, калі о нейкім цудам у вёску трапілі, як кажуць, і мама родная не пазнала б. На галаве капелюшы, падобныя на мексіканскія самбрэра, за плячыма балончыкі, спераду трубкі-рагулькі. Вылітыя іншапланецяне.
— Прысядзем на дарогу, — сказаў Піліп Макаравіч. Усе прымасціліся на лаўку. Мы з Васілём сядзелі
што на шыле. Вельмі хацелася зірнуць на планету Сіз.
Нарэшце Сакс адчыніў дзверцы, саскочыў па прыступках. Пасля Піліп Макаравіч узяў рукзак, зняў капялюш (у капелюшы, каб і хацеў, у дзверцы не прасунуўся б), прыпыніўся, падміргнуў нам і вылез з лятальнага апарата. Мы з Васілём таксама знялі капелюшы. Я праціснуўся наперад.
— Антон, — прашаптаў Васіль, — цябе дрыжыкамі не праймае?
— Крыху не па сабе.
— І мне не па сабе. Але так хочацца хоць адным вокам зірнуць на планету Сіз! Прапусці наперад. Я першым вылезу.
Я адкрыў рот, каб сказаць: «Лезь. Мне не шкада». А ў галаву як тахне: «Ен, Васіль, першым на планету Сіз ступіць! Пасля ўсім стане хваліцца, што першым ступіў. Хітранькі!»
Я непрыметна адштурхнуў Васіля ўбок.
— Васіль, не спяшайся. Не трэба спяшацца. Яшчэ наглядзішся на пустыню. І не адным вокам, а двума.
— Антон, — заенчыў Васіль, — з табой кашы не зварыш.
«Не лаві варон. Пашукай дурняў у іншым месцы», — падумаў я, становячыся на прыступку.
Сустрэча з пустыняй
Пустыня мяне асляпіла. Куды ні глянь — пяскі. Сонца быццам расплаўленае; здаецца, зліваецца з пяском. Усё ў аднаколерным жоўта-белым тумане. Не верыцца, што тут калісьці раслі дрэвы, бруіліся ручаі, што хтосьці басанож бегаў па зялёнай траве. Такое адчуванне, што гэтая пустыня спрадвеку, што мільёны гадоў жоўта-белае сонца зліваецца з жоўта-белым пяском.
— Сакс, — паціху прамовіў я, — тут жылі людзі? Сакс апусціў галаву, нібы адчуваючы і сваю віну.
— Жылі. А ты не верыш?
— Не верыцца, што так хутка ўсё ператварылася ў пустыню, — прызнаўся я.
— І мне не верыцца, — азваўся Васіль. — Няўжо за дзесятак, за некалькі дзесяткаў гадоў можна знішчыць тое, што было тысячагоддзямі?
— У нас, на нашай планеце Зямля, — сказаў Піліп Макаравіч, — каля берагоў Паўночнай Амерыкі, Паўночнай Азіі і Паўночнай Еўропы гняздзіліся бяскрылыя гагаркі. Яны былі надзвычай даверлівымі. Убачаць, што да берага падплывае рыбацкая шхуна, — бягуць навыперадкі, што дзеці. Людзі забівалі іх кіямі. Чацвёртага чэрвеня тысяча восемсот сорак чацвёртага года тры ісландскія рыбакі на востраве Элдэй забілі апошнюю пару гагарак.
— Такія даты трэба запамінаць, — сказаў Васіль.
— Навошта? — не зразумеў яго я.
— Як людзі, напрыклад, запамінаюць дзень, калі пачалася вайна.
Я не пагадзіўся з Васілём:
— Ну, ты даеш! Калі пачалася вайна і калі загінула апошняя пара гагарак! Гэта рознае.
— Не рознае, а падобнае, — нечакана падтрымаў Васіля Піліп Макаравіч. — Не шкодзіла б ва ўсе календары і школьныя падручнікі запісаць: чацвёртага чэрвеня тысяча восемсот сорак чацвёртага года знішчана апошняя пара гагарак. І побач прозвішчы тых, хто забіў…
— Не, — прамовіў я. — Вайна — гэта страшна.
— А калі прыроду нішчаць, то не страшна?
— Усё роўна не так.
— Глянь на пустыню. Вочы не слепіць? — са злосцю кінуў Васіль.
Я прамаўчаў. На душы было цяжка, тужліва. Такое адчуванне, што вось-вось заплачу. Піліп Макаравіч, відаць, заўважыў гэта. Выцягнутаю рукою ён паказаў Удалечыню.
— Гляньце, хлопцы, нічога там не бачыце?
У жоўта-белай імгле ледзь віднеліся ці то горы, ці то ўзгоркі, падобныя на вялізныя бухманыя сцірты саломы.
— Што гэта? — усклікнуў Васіль.
Горы, — сказаў Сакс. — Там мы гліну здабываем.
— Навошта?
Дарогі вакол горада будуем. У вас дарогі з асфальту і бетону, а ў нас з гліны. Яна цвярдзее пад сонцам і становіцца нібы косць. Роўныя, шырокія дарогі выходзяць. Ды нікому яны непатрэбныя. Карп загадвае, каб будавалі.
Дарогі… Кожная дарога, нават сцяжынка, пратаптаная нагамі, вядзе ці то да другога горада, ці то да другой вёскі, ці то ў лес, ці то да крынічкі… А гэтыя куды вядуць? У пустыню?
— Значыць, там гліняныя горы? — дапытваўся Васіль.
— Гліняныя. Хутка ўбачыце.
Васіль развёў рукі, нібы птушка крылы, калі збіраецца ўзляцець.
— Мы пойдзем туды, дзе горы?
— Пойдзем. Адтуль да горада недалёка.
І мы рушылі туды, дзе ледзь віднеліся дзіўныя гліняныя горы. Уперадзе — Сакс з палаткай на плячы, за ім — Васіль, пасля я, а ззаду Піліп Макаравіч. Калі б хто-небудзь паглядзеў на яго збоку, то адно з двух: альбо ад смеху пакаціўся б, альбо за кіламетр абмінуў бы. Уявіце сабе. За плячыма балончык, спераду трубка-рагулька, на галаве рукзак. Так, так, цяпер Піліп Макаравіч нёс рукзак на галаве. Нездарма трэніраваўся. Спатрэбілася. А збоку паглядзець — не чалавек ідзе, а нібы нейкі танк па пяску рухаецца. Рукзак, нібы вежа, трубка-рагулька, нібы ствол кулямёта, балончык, нібы бак з-пад бензіну. Сапраўдны танк.
— Піліп Макаравіч, вам цяжка? — пытаюся.
— Можна трываць. Афрыканскія жанчыны і не такі цяжар на галаве носяць.
Шчыра пазайздросціў яму. Гаваркі, вясёлы. З'явіцца хмурынка на твары — стараецца прагнаць. А хіба яму лёгка? Я без рукзака іду, і ўсё роўна пот залівае вочы.
— Піліп Макаравіч, давайце я рукзак паднясу.
— Тупай, Антон, тупай, — прагаварыў Піліп Макаравіч. — Для мяне гэта звычайная трэніроўка.
Калі б быў асфальт, то тупаў бы. Нібы вожык, тупаў бы. А па пяску не патупаеш. Цягнешся, нага адна адну даганяе.
Успомнілася, як у школе расказвалі, што ў бязлюднай пустыні міжволі стараешся адзначыць кожную новую рысачку, кожны адбітак на пяску. Падобнае бывае і тады, калі па незнаёмай дарозе едзеш. Ручай цячэ — зірнеш на яго, вёсачка з'явіцца — ва ўсе вочы разглядаеш. Пачынаеш думаць: «А хто ў той вёсачцы жыве?
Ці ёсць там школа? Ці гуляюць у футбол?» Безліч розных пытанняў.
Вядома, у пустыні ні крынічкі, ні вёсачкі. Ды ўсё роўна нешта адметнае адзначаеш. Вось нейкія звілістыя лініі, адбіткі лап.
— Піліп Макаравіч, чые гэта сляды? — пытаюся.
— Лінейчатая яшчарка пакінула. Ох і хуткая яна! Бачыш, як хвастом прачарціла?
— Выходзіць, тут, у пустыні, ёсць жыццё?
— Есць. Падобнае, як і ў нашых пустынях. Мне Сакс казаў.
— Але ж тут кіслароду зусім мала.
— Жывёльны свет прыстасоўваецца да навакольнага асяроддзя, нават калі ўмовы самыя жорсткія. Чаму так? Загадка прыроды. Возьмем асу. Яна жыве і ў нашых пустынях, дзе таксама няма ніводнай кветачкі. Лятае, мітусіцца, ні на секунду не спыняецца. Яе энергія нібы не мае межаў. Некаторыя вучоныя лічаць, што восы ў пустынях выкарыстоўваюць энергію сонечных промняў.
«Сонечнай энергіі тут не толькі для асы, але і для слана хапіла б, — падумаў я. — Каб выкарыстаў усю, то ўсе пяскі абегаў бы».
— А чый той след? Бачыце? Быццам хтосьці тоўстую вяроўку цягнуў.
— Змяя-страла пакінула. Я спыніўся што ўкопаны.
— І змеі тут ёсць?
— Не бойся. Змяя-страла неядавітая. Яе зубы, якія звязаны з яданоснымі залозамі, знаходзяцца глыбока ў ротавай поласці. Іх яна толькі ў яшчарку запускае.
— Чаму яна называецца змяя-страла? — пачуў нашу размову Васіль…
— Казахі-качэўнікі яе вельмі баяліся. Вось і склалі легенду, што яна хуткая, як страла, што, разагнаўшыся, можа наскрозь прабіць вярблюда.
Лепей не казаў бы Піліп Макаравіч пра змяю-стралу, пра тое, што можа прабіць вярблюда. Ніхто не даказаў, легенда гэта ці не легенда. Казахі-качэўнікі, можна сказаць, дзеці пустыні, што агню змяю-стралу баяліся. Нездарма… Загадкамі кажа Піліп Макаравіч. Сама быццам ядавітая, а зубы неядавітыя. Чалавека быццам не кранае, а на яшчарку нападае. Штосьці тут не так, не ўсё сыходзіцца. Пашанцавала… Пад нагамі змеі поўзаюць. На табе! Цяпер, перш чым ступіць, я глядзеў пад ногі. Падыму нагу, гляну, тады ступаю. Другую падыму, гляну, ступаю. Ды яшчэ па баках цікую. А што, калі змяя, стралою разагнаўшыся, ляціць, каб маю нагу пранізаць наскрозь?
Вам смешна? Але ж трэба было неяк ратавацца. І лісіца ад дажджу пад барану хавалася: не ўсякая, казала, кропля пападзе.
Ох і стаміўся! Уяўляеце? Трэба і пад ногі глядзець, і па баках азірацца. Нават Васіль заўважыў гэта. Вочы ў яго на патыліцы, ці што?
— Антон, чаго ты азіраешся, як злодзей?
— Так сабе.
— Проста так не бывае, — сказаў Васіль, нібы філосаф.
— Мышцы шыі трэнірую. Каб мацнейшыя былі. Хутка рукзак на галаве панясу.
— Глядзі, каб галава не перакруцілася, — нязычліва прамовіў сябар.
Вы, відаць, скажаце: баязлівец. А мне ў вас хацелася б запытацца: смелыя былі б, калі б пад самым носам сляды змяі бачылі?
Што яшчэ бачыў у пустыні? Мураша. Не такога, як у нас, чорнага, якія каля кожнай хаты ўлетку бегаюць, а жоўтага, што пясок, чымсьці падобнага на нашага рыжага, ляснога. Нашы, як ведаеце, не вельмі хутка поўзаюць, хоць і спяшаюцца. А гэты? Нібы маланка, мільгануў. Спярша я нават не паверыў, што мураш. «Ці не маленькая гэта змяя-страла?» — падумалася.
— Хіба мурашы ў пустыні жывуць? — пацікавіўся ў Піліпа Макаравіча.
— Жывуць, — пачуў у адказ.
— Такія жоўтыя? Такія, што шпарка бегаюць?
— Усё правільна, Антон. Гэта мурашкі-бегункі. Вось якая яна, пустыня. Жоўтае сонца, жоўты пясок, жоўтыя мурашкі…
— Антон, муха! — раптам крыкнуў Васіль. Сапраўды муха. Яна метэорам насілася над пяском, раз-пораз пралятаючы каля нас. Дома муху толькі тады заўважыш, калі вельмі надакучыць, калі смаліцаю прычэпіцца. А тут мы глядзелі на яе, нібы на які заморскі цуд.
Так, у пустыні ўсё інакш успрымаецца. Зусім інакш.
Пясчаны ўдаўчык ці міраж?
Стаміліся, ідучы па пустыні. Асабліва я і Васіль. Ледзь ногі перастаўлялі. Зусім з сіл выбіліся. Заўважыў Сакс, прапанаваў:
— Давайце палатку паставім. Адпачнём.
— Давайце, — пагадзіўся Піліп Макаравіч. — Яшчэ адзін пераход застанецца, а там…
Не даказаў, махнуў рукою. І без слоў было ўсё зразумела. Там, у горадзе, Карп і ягоная світа. Не з хлебам-соллю сустрэнуць яны нас. А яшчэ ў горадзе людзі, якія, як і мы цяпер, ходзяць з балончыкамі за плячыма.
Мы залезлі ў палатку, якую паставілі Сакс і Піліп Макаравіч, селі, выцягнулі ногі. Нарэшце можна адпачыць, скінуць капелюшы, падобныя на мексіканскія самбрэра. Я заплюшчыў вочы.
У вачах, што жывы, паўстаў лес. Лес — наш зялёны сябар, наш добры доктар. Ялінкі, сосны, бярозкі, асінкі… Быццам у калейдаскопе, праплывалі перад вачыма. І грыбы… Крамяныя баравікі, дружныя сямейкі лісічак, падасінавікі на доўгіх ножках, зграбныя, нібы вытачаныя, чырвонагаловікі…
Грыбы… Грыбныя мясціны… Запаветныя, самыя любімыя. Не раз са старэйшым братам туды на золаку спяшаліся, пакідаючы росны след…
Я расплюшчыў вочы, уздыхнуў:
— Хутка грыбы пойдуць.
— Першыя грыбы смачныя смажаныя, — азваўся Васіль. — Калі на сале падсмажыць, ды з цыбуляю. Мяне тады ад патэльні за вушы не адцягнеш. Ем і есці хочацца.
— Каб з'есці, трэба спярша назбіраць, — сказаў я.
— Я аднаго разу грыбы на кусце знайшоў,— паведаміў Васіль.
— Там на патэльні смажыліся?
— На патэльні… На патэльні…— пакрыўдзіўся Васіль. — Сам ты патэльня. Яны на галінках былі нанізаны.
— Там і запіска ляжала: Васілю ад лясных гномікаў?
— Не верыш? — ускочыў Васіль. — Не верыш?
Я аж за жывот схапіўся, зарагатаўшы. Бывае ж такое. Чым болей табе даказваюць, тым большы смех разбірае. Можна сказаць, без усякай прычыны. Канешне, разумеў, што тыя грыбы няйначай як вавёрка на галінкі нанізала.
— Ха-ха-ха… Грыбы Васілю ад лясных гномікаў… Гномікі любяць Васіля. Павесілі грыбы, як цацкі на ёлку… Ха-ха-ха… Мухаморы павесілі. Васіль мухаморы з цыбуляй смажыў. Х-ха-ха…
— Завёўся, як матор, — прагаварыў Васіль. — На кусце былі баравікі. Праўдзівікі.
Васіль аж пнецца, даказвае, а мяне ўсё большы смех разбірае. Відаць, моцна здзівіўся б Карп, валадар планеты Сіз, калі б раптам да нас завітаў. Сонца ў пустыні смаліць, кіслароду не хапае, а ў палатцы весялосць.
— Хлопцы, цішэй, — папрасіў Піліп Макаравіч.
Ен бокам абапёрся аб рукзак і заплюшчыў вочы. Канешне, стаміўся. Гэткі цяжкі рукзак на галаве нёс. Шыю можна зламаць…
— Васіль, — паціху паклікаў я сябра, — выйдзем на хвілінку з палаткі. Паглядзім, як сонца свеціць.
Вядома, ляпнуў не падумаўшы. Проста не сядзелася. Чаму так? І сам не ведаю.
— Не, не, — замахаў рукамі Васіль. — Гэтае жоўтае сонца і так у вачах стаіць.
— Усё-ткі я выйду на хвілінку. Не сядзіцца мне, — кажу.
— Далёка не адыходзься, — папярэдзіў Васіль.
Я вылез з палаткі. Сонца асляпіла вочы. Вылецела з галавы, што пячэ агнём, што слепіць. Назад вярнуцца? Васіль на смех падыме. Спыніўся, азіраючыся. Як далёка цягнецца пустыня! Планета маленькая (так Сакс казаў), а пустыня — вокам не акінуць. Некалі трава зелянела, людзі хадзілі, смяяліся. Што ж было тут, дзе стаю? Магчыма, стромкая сасна расла. Магчыма, яблынька. Яблыкі на траву падалі. Магчыма, дарога праходзіла. Магчыма. Ніхто ніколі не скажа, што было тут. Пяскі ўмеюць маўчаць…
Я павярнуўся і… убачыў, што непадалёку, проста перада мною, як жывы, варушыцца пясок. Адступіў назад, кінуўся да палаткі.
Гляджу: Васіль вылазіць.
— Антон, і мне не сядзіцца.
— Там, — тыцнуў я пальцам, — пясок, як жывы, варушыўся.
Васіль прыкрыў далонню вочы.
— Дзе?
— Вунь там.
— Відаць, мыш. Трэба праверыць. Я ступіў наперад, не пускаючы яго.
— Не трэба. Хіба ў пустыні ёсць мышы?
— Зараз даведаемся. Праверу.
— Васіль, не трэба.
Васіль адштурхнуў мяне, заклаў рукі за спіну, нібы прафесар-знаўца, і на ўвесь цыркуль туды, дзе пясок варушыўся.
— Васіль, не трэба, — яшчэ раз паспрабаваў спыніць яго.
— Трэба. Я словы на вецер не кідаю.
— Асцярожней.
А Васілю і мора па калена.
— Не вучы вучонага.
Няспешна, нібы ў сябе на агародзе, Васіль стаў разграбаць пясок наском чаравіка. Мне здалося, што там, у пяску, нешта заварушылася.
— Васіль, пясок зноў варушыцца.
— Не пясок варушыцца, а мыш, — паправіў мяне Васіль і, стараючыся, грабянуў, што плугам.
— А-а-а!.. — на ўвесь голас закрычаў я.
— А-а-а!.. — яшчэ мацней закрычаў Васіль.
З пяску вылазіла тоўстая, што кішка, паласатая змяя. Васіля як ветрам здзьмула. Адным духам да мяне. Нейкую секунду пастаяў, а пасля як часане! Як кажуць, куды вочы глядзяць. А вакол жа пустыня…
Добра, што я не разгубіўся. Дагнаў яго, учапіўся за сарочку. Ен вырываецца…
Крычу яму:
— Васіль, Васіль, змяя цябе не ўкусіла?
Лыпае на мяне вачыма, адкрываючы і закрываючы рот. Ні слова не вымавіць, нібы язык праглынуў.
На шчасце, Піліп Макаравіч і Сакс выскачылі з палаткі.
— Што з табою? — схапіў Піліп Макаравіч Васіля за плечы.
А Сакс мяне схапіў і трасе:
— Што з табою?
Я, як і Васіль, таксама нібы язык праглынуў. Не чакаў, што Сакс схопіць. Знянацку выйшла. Піліп Макаравіч зноў:
— Што з табою?
Мы з Васілём вачыма лыпаем. Нарэшце я крыху ачомаўся.
— Там змяя.
Сакс не паверыў.
— Змяя?
— Змяя, змяя, — замахаў я галавою. — Паласатая. Тоўстая, што кішка. Яна Васіля альбо ўкусіла, альбо не паспела ўкусіць.
— Стой, Антон. Не варушыся.
Сакс з аглядкаю падаўся туды, дзе Васіль хвіліну назад старанна разграбаў пясок. Крыху пастаяў, вярнуўся.
— Што там? — пытаецца Піліп Макаравіч.
— Падымі калашыну, — загадаў Сакс Васілю.
Васіль асцярожна, двума пальцамі, падняў калашыну. Сакс нагнуўся, паглядзеў на Васілёву нагу, прагаварыў:
— Не ўкусіў.
Там была змяя. Трэба казаць: не ўкусіла. Ужываць дзеяслоў у жаночым родзе. А ён у мужчынскім: не ўкусіў. Быццам у пяску мядзведзь ляжаў, грэўся.
— Што там? — паўтарыў Піліп Макаравіч.
— Пясчаны ўдаўчык.
Удаўчык, удаўчык… Значыць, не проста змяя, а ўдаў. Удаўчык. Неяк ласкава называе яго Сакс. Удаўчык… Пад нагамі ўдаўчыкі поўзаюць, спяць, адпачываюць…
Я падняў адну нагу, другую, як бы маршыруючы.
— Аж падэшвы ад страху пякуць, — прызнаўся я.
— Схаваўся пясчаны ўдаўчык. Ен сам вас спалохаўся, — прамовіў Сакс.
— Ніякага ўдаўчыка не было, — прагаварыў Піліп Макаравіч.
— Як не было? — вырвалася ў мяне.
— Не было. Вось і ўсё.
— Я яго на свае вочы бачыў,— кажу.
— І я ўдаўчыка бачыў. Ен выгінаўся, — нарэшце сказаў і Васіль.
Піліп Макаравіч як нічога ніякага:
— Здалося вам, хлопцы. Гэта міраж.
Хм, міраж… Канешне, бываюць міражы ў пустыні, у Антарктыдзе, дзе цэлы год холадна. Аднаго разу чытаў, што вучонаму, які працаваў у Антарктыдзе, здалося, быццам угору падняўся цягач. Падняўся і вісіць уверх гусеніцамі. Пасля яшчэ адзін у паветры з'явіўся. Абман зроку, міраж. А ў пустынях як бывае? Ідзе чалавек па пустыні, доўга ідзе. Стаміўся. Хоць глыток вады яму хочацца. І раптам бачыць вялікае-вялікае возера. Спяшаецца, бліжэй падыходзіць, а возера няма. Чаму так? Пад уздзеяннем высокіх тэмператур паветра падзяляецца на некалькі слаёў. Няўжо і нам здалося? Няўжо не было паласатага ўдаўчыка? Няўжо міраж? Але ж…
— Піліп Макаравіч, няпраўда, — не сцярпеў я. — Сакс сказаў, што ўдаўчык схаваўся.
Сакс зірнуў на Піліпа Макаравіча і хуценька прагаварыў:
— Мне таксама здалося. Міраж.
— Калі мне яшчэ раз так здасца, то ўсе зубы павылятаюць. Ніводнага не застанецца, — прагаварыў Васіль.
— Чаму? — пацікавіўся Піліп Макаравіч.
— Яны ў мяне так ляскацелі, так ляскацелі… Піліп Макаравіч, цяпер я тут буду стаяць. Ніхто мяне з месца не скране. Як вашага Мураша, калі яму загадаць: «Стой. Не варушыся».
Я думаў, што Піліп Макаравіч зноў пачне пра міраж. Але ж не. Дастаў з кішэні Мураша, працягнуў Васілю.
— Хочаш пакамандаваць?
— Яшчэ як хачу! — загарэліся вочы ў Васіля.
— Бяры.
Васіль схапіў Мураша і аж засмяяўся.
— На кнопку націсні,— сказаў Піліп Макаравіч. Васіль націснуў на кнопку.
— Паднось да рота і што-небудзь кажы. Мураш павінен запомніць твой голас.
Васіль паднёс Мураша да рота, хуценька прагаварыў:
— Я не баюся. Я нічога не баюся. Глянуў на Піліпа Макаравіча.
— Хопіць, Васіль. Мураш запомніў твой голас. Апускай на пясок і камандуй.
Васіль апусціў Мураша на пясок, зірнуў на Піліпа Макаравіча.
— Мураш не зарыецца, як пясчаны ўдаўчык?
— Удаўчыка не было. Гэта міраж. Запомніў? — павольна, па складах, прагаварыў Піліп Макаравіч.
— Запомніў,— кіўнуў галавою Васіль.
— Камандуй.
— Мураш не зарыецца ў пясок?
— Не зарыецца.
— Уперад, — скамандаваў Васіль.
Мураш імкліва пабег уперад, пакідаючы слядкі.
— Кругом!
Мураш павярнуўся і да Васіля.
— Ура! — запляскаў у далоні Васіль.
А Мураш проста на яго бяжыць. Усё бліжэй, бліжэй. Што, калі зараз накінецца, пачне казытаць? Тады ў Васіля сапраўды зубы павылятаюць. Не.
— Налева, — скамандаваў.
Мураш паслухмяна павярнуўся і пабег налева. А Васіль аж свеціцца ад шчасця. Як на свет нарадзіўся. Упершыню пазайздросціў яму. А вы хіба не пазайздросцілі б? Ен гэткім разумным Мурашом камандуе, а я толькі назіраю! Чаму не сказаў Піліпу Макаравічу, што таксама, калі крануся, са страху зубы павылятаюць? Абавязкова Мураша даў бы. А калі сказаць, што ўжо павыляталі? Праверыць, у рот зазірне? Ну і няхай правярае. Мяне мама на днях да зубнога доктара вадзіла, і той вырваў мне адзін балючы зуб. Скажу Піліпу Макаравічу, што цяпер вылецеў, бо зубы ляскацелі. Але ж сорамна. Што ж рабіць? Што? Камандуе Васіль Мурашом…
Я падышоў да Васіля.
— Дай Мурашом пакамандаваць.
— Адыдзіся. Знюхаў кот каўбасу.
— Усяго хвілінку пакамандую.
— Па-добраму прашу: адыдзіся. Зараз Мураш падбяжыць і заказыча.
— Дай пакамандаваць.
— Яшчэ сам не накамандаваўся.
Я не вытрываў. Падбег да Піліпа Макаравіча, шырока-шырока разявіў рот.
— Га-га-га, га-га-га, га-га-га… — як гусак, прагагатаў.
Хацеў сказаць так: «У мяне зуб вылецеў. Са страху. Вельмі ляскацелі». Ды з шырока разяўленым ротам, вядома, многа не нагаворыш.
Піліп Макаравіч аж назад адступіўся.
— Антон, што з табою?
І я, трымаючыся за шчаку, сказаў:
— Піліп Макаравіч, у мяне зуб вылецеў. Вельмі зубы ляскацелі.
Цяпер Піліп Макаравіч адкрыў рот ад здзіўлення:
— Што-о-о?
— Антон, — паклікаў Васіль, — хадзі сюды. Пакамандуеш.
Забыўшыся пра ўсё, я паляцеў да Васіля. Калі б аж сем удаўчыкаў з пяску вылезлі, то ўсё роўна ляцеў бы, пераскочыў бы праз іх.
— Сеанс закончаны, — прамовіў Васіль.
Мураш, як добра абучаны конь, спыніўся. Я схапіў яго ў руку. Які цёплы, як нагрэты сонцам! Нібы жывы. Не марудзячы націснуў на кнопку, паднёс да рота:
— Мураш, які ты добранькі! Ты ні мяне, ні Васіля ніколі не казычы.
— Хопіць, — сказаў Васіль. — Вось-вось заплачаш. Я апусціў Мураша на пясок.
— Уперад!
Пабег! Мяне паслухаўся і пабег! Якое дзіва!
— Направа!
І направа бяжыць!
— Кругом!
Кругом павярнуўся, нібы сапраўдны салдат!
— Налева!
Бяжыць. Прыгожа бяжыць, спрытна лапкамі перабірае.
— Антон, хопіць, — пачуўся голас Піліпа Макаравіча. — Так мы і за тыдзень да гліняных гор не дабярэмся.
— Сеанс закончаны, — уздыхнуўшы, прамовіў я. А Васіль (ну й Васіль!) схапіў Мураша, прытуліў да грудзей.
— Піліп Макаравіч, няхай Мураш у мяне пабудзе.
Хітранькі! Ой хітранькі! І на гэты раз мяне апярэдзіў. І на гэты раз з носам застануся. Што ж скажа яму Піліп Макаравіч?
— Васіль, не згубіш?
— Піліп Макаравіч, не згублю. У мяне кішэнь вялікая. У маю кішэнь пяць такіх Мурашоў па месціцца.
Хвалько! Ну й хвалько! Пяць Мурашоў у яго кішэнь памесціцца! У мяне не меншая, а пяць не ўлезла б.
— Піліп Макаравіч, калі ласка.
Прычапіўся, як клешч да сабачага хваста. Не адчэпіцца, пакуль свайго не даб'ецца.
— Бяры, — здаўся Піліп Макаравіч.
— Ура! — падскочыў Васіль. — З Мурашом мне нішто не страшна. Я цяпер на голым пяску пераначую, калі прыйдзецца.
— Калі прыйдзецца, пераначуем у палатцы, — сказаў Піліп Макаравіч. — І зробім так. Загадаем Мурашу, каб вакол палаткі бегаў.
— Будзе вартаваць? Як сабака? — здзівіўся я.
— Нікога і блізка не падпусціць.
— А не стоміцца, бегаючы цэлую ноч?
— Гэта ж супер-камп'ютэр, — сказаў Піліп Макаравіч.
— А-а-а… — працягла вымавіў я.
Васіль падміргнуў мне і схаваў Мураша ў кішэнь.
Горы
Гляніныя горы, пра якія расказваў Сакс, мы ўбачылі яшчэ здалёку. Высока ўздымаліся рознакаляровыя вяршыні: чырвоныя, блакітныя, белыя, карычневыя, ружовыя. Рознага колеру гліна — рознага колеру вяршыні.
— Казка, — сказаў Васіль.
— Млосна ад гэтай казкі,— прамовіў Сакс. Я шапнуў Васілю:
— У Сакса, як сказала б наша настаўніца малявання, няма пачуцця прыгожага.
— Пажывём — пабачым, — прагаварыў Васіль. Пяскі засталіся ззаду. Мы ступілі на цвёрдую, што ток, гліну. Паглядзелі б вы на гэты гліняны ток, які цягнуўся да самых гор. Здавалася, хтосьці пырснуў на паверхню гліны, перад гэтым змяшаўшы розныя фарбы: сінія, блакітныя, белыя, чырвоныя, ружовыя, карычневыя.
Што яшчэ здзівіла нас? Гліняны ток быў падзелены на кавалачкі рознай формы. Нібы паркет. Праўда, паркет робяць з роўных плітак, аднолькавай, правільнай формы. Тут жа нібы хто абы-як, для смеху, вялізнымі нажамі рэзаў.
— Хоць танцуй, — тупнуў я.
— З балончыкам за плячыма не вельмі патанцуеш, — заўважыў Васіль.
Няма што казаць: не патанцуеш. Ох і надакучыў мне гэты балончык! Горш, чым муляк на назе. Быццам скула.
— Чаму тут гліна? — звярнуўся я да Піліпа Макаравіча.
— З гор дажджы змылі,— растлумачыў Піліп Макаравіч.
— А чаму яна такімі кавалачкамі? — пацікавіўся Васіль.
— Мокрая гліна высахла і пад сонцам патрэскалася. Сонца лепіць форму як прыходзіцца.
— Якую-небудзь плітку можна прыпадняць? Ці яны моцна трымаюцца?
— Думаю, што кожная прыпаднімецца, — сказаў Піліп Макаравіч.
— Возьмем на памяць? — пажартаваў я. Васіль у адказ:
— У нас такіх няма.
Нездарма пытаецца. Зараз пачне варочаць пліткі, разбіраць гліняны ток. Прыйшло ў галаву. Кроў з носа — а зробіць. Паставіць на сваім. Скажа, што дапытлівасць мацней, чым страх. Нядаўна ўцякаў без аглядкі. Мала яму гэтага.
— Васіль, хадзем, — прагаварыў Піліп Макаравіч. А ён:
— У мяне шнурок развязаўся. Я вас даганю.
Я адразу скумекаў, што Васіль хлусіць. Вунь які наструнены. Аж трымціць. Так хочацца яму гліняны ток разабраць…
— Васіль, не паднімай пліткі,— кажу. — Невядома, што на свет высунецца.
— Цішэй, — прыклаў палец да вуснаў Васіль. — Піліп Макаравіч пачуе.
— Не паднімай.
— Я асцярожна.
— Што, калі змяя вылезе? Васілю і гора мала.
— Уцячэм.
— Зубы пачнуць ляскацець. Ніводнага не застанецца. Чым будзеш перажоўваць ежу?
— Цяпер не спалохаюся. Тады спалохаўся, бо знянацку змяя з'явілася.
— Ну і паднімай, калі такі цвердалобы, — са злосцю прамовіў я.
Васіль нагнуўся, прыпадняў гліняную плітку. З-пад яе маланкай выскачыў… чорны муравей. Кінуўся ў адзін бок, у другі і імгненна схаваўся ў шчыліне.
— Уцёк, халера, — прагаварыў Васіль. — Хутка бегае.
— Тут усе хутканогія, — кажу.
Васіль прыпадняў тую плітку, пад якой схаваўся хутканогі мураш. Зноў паўтарылася, як і першы раз. Мураш выскачыў, кінуўся ў адзін бок, у другі. Схаваўся.
— Чаго ты прычапіўся да беднага мураша? Навошта ён табе? Няхай сядзіць, калі яму там даспадобы. Ты яго зусім замучыш. Ног не пацягне, — выгаварыў я Васілю.
— Хлопцы, — паклікаў Піліп Макаравіч.
— Няхай сядзіць, — махнуў рукою Васіль. — Усё роўна не зловім.
— Чаму плітку на памяць не бярэш?
— Знізу мокрая. Дый мяне больш цікавіла, хто пад пліткай хаваецца.
Мы дагналі Піліпа Макаравіча і Сакса.
— Пад пліткамі толькі мураўі хаваюцца? — звярнуўся я да Сакса.
— Усё-ткі праверылі,— сказаў Сакс. — Бядовыя хлопцы. Пад пліткамі гліны мураўі-бегункі ратуюцца ад спёкі. І павучкі ратуюцца, і жукі, і кляшчы-гіаломы.
Я аж рот адкрыў:
— Кляшчы-гіаломы? Яны страшныя?
— Кляшчы-гіаломы даволі-такі хутка бегаюць на сваіх доўгіх паўсагнутых нагах. Праўда, на чалавека яны рэдка нападаюць.
Значыць, усё-ткі нападаюць, хоць і рэдка. Пашанцавала Васілю. Калі б клешч сядзеў пад тымі пліткамі, якія ён паднімаў, то, магло быць, упіўся б яму ў руку. Прыйшлося б мне гэтага кляшча выдзіраць. Выдраў бы, а ён, чаго добрага, на маю руку пераскочыў бы. Непрыемна… Выходзіць, не толькі Васілю, але і мне пашанцавала. Вось табе і на! Прыгожыя пліткі… Мураўі, павукі, кляшчы-крывасмокі пад пліткамі. У нас усё-ткі лепей. Лёг на траву і слухай, як конікі стракочуць. А па небе хмаркі плывуць, адна адну даганяюць…
— Вось і горы, — перапыніў мае думкі Сакс. — Дабраліся.
Так, горы. Побач яны, незнаёмыя, незвычайныя. Чырвоныя, карычневыя, белыя, ружовыя, блакітныя — вачэй не адарваць. Вакол блішчастыя, рознакаляровыя каменьчыкі. Я схапіў адзін каменьчык. Блішчыць, пераліваецца на сонцы. Няўжо каштоўны?
— Піліп Макаравіч, — кажу, — каштоўны камень знайшоў.
— Антон, гэта проста крышталік гіпсу.
— А там? А там? — я тыцнуў пальцам у адзін бок, у другі.
— І там крышталікі гіпсу. А яшчэ крэмній, кварц.
— Няўжо ніводнага каштоўнага каменя няма?
— Калі добра пашукаеш, то, можа, знойдзеш.
Канешне, знайду. За каштоўны камень, калі дамоў вернемся, магнітафон куплю. Буду ў хаце сядзець, музыку слухаць. Прыйдуць вяскоўцы ў хату, папросяць: «Раскажы нам, Антон, пра планету Сіз». А я: «Не чуеце? Музыку слухаю». І мама скажа: «Чалавек адпачывае, стаміўся». Мама… Як яна цяпер? Што робіць? На днях збіралася з татам на балота ехаць, сена грэбці. Напэўна, грабуць. Пра мяне зусім забыліся.
На вочы ў мяне набеглі слёзы. Ці ад таго, што сам сябе пашкадаваў, ці ад таго, што захацелася перанесціся на Зямлю, у сваю вёску. Успомнілася, як сказаў Сакс: «Млосна ад гэтай казкі». Чаму млосна?
— Антон, — таргануў мяне за руку Васіль.
— Што?
— Аслупянеў? Клічу, клічу, а ён не чуе.
— Задумаўся.
— Угару глянь. Там вежа стаіць.
Я глянуў угару. І праўда, вежа. Круглая, з прыгожымі зубчыкамі. А на самай вежы гняздо. Пустое гняздо, без птушак. Разбуранае. Галінкі ўніз звісаюць.
— Васіль, у гняздзе даўно птушкі не жывуць.
— Я глядзеў на вежу, а не на гняздо, — прызнаўся Васіль. — Гэта ж не людзі пабудавалі. Гліняная вежа. Яе прырода стварыла. Сонца, вецер, дождж.
— Пуста тут, — сказаў я. Васіль абняў мяне за плечы.
— Мы хутка дамоў вернемся. Вернемся, Антон.
Я глядзеў угару. Па небе плылі, спяшаліся хмаркі…
Вожык-вушасцік
Неўзабаве мы ўбачылі цясніну. Яна, быццам шырокая дарога, вяла кудысьці ўперад. Паабапал — высокія горы, мноствам праменьчыкаў блішчаць крышталікі гіпсу, дзе-нідзе над самай цяснінай навісаюць абрывы.
— Па цясніне пойдзем? — пытаюся ў Сакса.
— Цясніна нас да самага горада выведзе, — адказаў ён.
Я паказаў на абрыў, які навіс над цяснінай.
— Не абваліцца, калі будзем ісці?
— Не абваліцца, — супакоіў мяне Сакс. — У гарах абвалы бываюць тады, калі дажджы пачынаюцца.
У цясніне не так бязлітасна смаліла сонца. Але шчымела на душы, калі прыходзілася рухацца пад абрывам. Цэлая гара над табою. Непрыемна.
— Няўжо ў гарах няма ніводнага кусціка? — пацікавіўся я ў Сакса.
— Няма, — коратка адказаў ён.
— Каб бярозку тут пасадзіць! — кажу.
— Некалі раслі бярозы, — прамовіў Сакс.
Раслі… Рознакаляровыя горы і беластволыя бярозкі… Такое ні на адным малюнку не бачыў. Мабыць, людна было тут. Людзі, як у казку, прыходзілі.
— Чаго задумаўся? — крануў мяне за плячо Піліп Макаравіч.
— У гарах бярозкі раслі,— кажу. — Людзі адпачывалі. Без балончыкаў за плячыма. Шчаслівыя яны былі.
— Успомніў пра бярозку?
— Успомніў. Піліп Макаравіч, чаму так выходзіць? Жылі мы з Васілём на Зямлі. Там, самі ведаеце, куды ні глянь — бярозкі. Ды неяк не заўважалі іх. А цяпер… Цяпер хочацца хоць адным вокам, хоць праз шчылінку на бярозку глянуць.
— Мне дык суніц хочацца, — прагаварыў Васіль. — Назбіраць цэлыя прыгаршчы і ў рот.
— Тых суніц, якія пад бярозкамі растуць? — засмяяўся Піліп Макаравіч.
— Можна і тых. Вось каб цэлы збан назбіраць. Апасля сесці пад бярозкаю, прытуліцца да яе і есці не спяшаючыся. Ведаеце, як суніцы пахнуць!
Так, пахнуць. І кветкі пахнуць, нават кволыя былінкі, лісце дрэў. Лісце дрэў? Ці пахне ліст дрэва? Не памятаю. Зусім не памятаю. А вы памятаеце, ці пахне ліст дрэва? Ліст бярозкі, асінкі, напрыклад.
— Піліп Макаравіч, — прамовіў Васіль, — многія ўвесну падсякаюць бярозку. Каб сок спусціць. А я не падсякаю. Я інакш раблю. Расказаць?
— Раскажы. Люблю вынаходнікаў. Васіль, пачуўшы гэткае, напэўна, аж падрос.
— Я так раблю. Зрэзваю невялікую галінку, прывязваю слоік… Цячэ сок паціхеньку. За ноч цэлы слоік нацякае. І сок ёсць, і бярозцы не пашкодзіць.
— Малайчына, — пахваліў Васіля Піліп Макаравіч. Яго пахваліў. А я хіба лыкам шыты? Трэба і мне неяк вызначыцца. Што ж зрабіць, каб і мяне пахваліў? Праз галаву кульнуцца? Але ж тут шыю можна зламаць. Дый балончык за плячыма. Так грукне па патыліцы, што болей ніколі куляцца не захочаш.
Я зірнуў угору. На абрыве, які непадалёку навіс над цяснінай, убачыў два незвычайныя каменьчыкі. Ляжаць на самым відавоку, свецяцца, што дзівосныя зорачкі. «Каштоўныя», — працяло здагадкаю. Трэба ўзяць. Пад самым носам ляжаць. Адзін сабе пакіну, магнітафон за яго куплю, а другі Піліпу Макаравічу аддам. Падатру нос Васілю. Я рэзка павярнуўся і на абрыў. Хутка-хутка палез, нібыта за мной ваўкі гналіся.
— Куды? Куды ўцякаеш? Шалёная муха ўкусіла за вуха? — закрычаў Васіль.
Ну й дзівак! Куды і ад каго мне ўцякаць? Я нічога кепскага не зрабіў ні Піліпу Макаравічу, ні Саксу, ні яму, Васілю.
— Антон, вярніся! Хутчэй вярніся.
Карабкаюся, не зважаючы на крык. Вось выступ, падобны на рагатага казла (пастараліся сонца, вецер і дождж). Міну яго, і там, за выступам, каменьчыкі. Я ўхапіўся рукою, падцягнуўся. Стаў на ўвесь рост, падняў руку і на ўсю моц:
— О-го-го-о-о…
«Го-го-го-го…» — смехам панеслася рэха. Я яшчэ некалькі разоў запар, каб рэха рэха дагнала:
— 0-го-го, о-го-го…
Я быў на сёмым небе ад радасці. Мне здавалася, што стаю не на трохметровым абрыве, а на самай высокай вяршыні свету. Маю душу перапаўняла шчасцем. Шчасце так і рвалася з душы.
— О-о-о-о…
«О-о-о-о…» — паімчалася рэха, разносячы маё шчасце па гарах. Чаму перапаўняла шчасцем? І сам не ведаю. Бываюць жа ў чалавека шчаслівыя хвілі. Шкада, што рэдка прыходзяць…
— Антон, чаго гарлапаніш? Вышэй не палезеш? Дам прачуханца! — памахаў кулаком Васіль.
Я падняў каменьчыкі-зорачкі, сціснуў у руцэ і, моцна ўпіраючыся нагамі, стаў спускацца ўніз. За выступам гліны, падобным на рагатага казла, штосьці сыкнула. Што такое? Можа, здалося? Натапырыў вушы, прыслухоўваючыся. Не, не здалося. Сыкае і фыркае. Відаць, змяя. Так, змяя. Каму здалося, а мне збылося. Падыду, а яна на мяне. Чаму не заўважыў, калі сюды лез? Мабыць, спала, скруціўшыся ў клубок. Разбудзіў, галёкаючы. На беднага Макара ўсе шышкі сыплюцца. Дагалёкаўся…
— Чаму не злазіш? — закрычаў Васіль.
— Не магу.
— Ногі адняліся?
— Хутка аднімуцца.
— Перастань жартаваць.
— Васіль, я не спушчуся.
Канешне, хацеў сказаць: «Я не магу спусціцца». А выйшла так, быццам знарок не жадаю спускацца, быццам вырашыў застацца тут. У Васіля, калі пачуў маё «не спушчуся», пэўна, вочы на лоб палезлі.
— Я да цябе дабяруся. Я цябе спушчу, — з пагрозай прагаварыў ён.
Васіль збіраецца да мяне лезці! А за выступам змяя. Сядзіць, чакае… І навошта за гэтымі каменьчыкамі палез? Хай згарэлі б яны.
— Васіль, не лезь! Там змяя.
Васіль чамусьці спярша азірнуўся, а пасля крыкнуў:
— Дзе?
— За рагатым казлом.
— За якім рагатым казлом?
— Вунь за тым кавалкам гліны.
Відаць, мы з Васілём яшчэ доўга перагукваліся б, калі б не Сакс. Адным махам ён ускочыў на абрыў. Відаць, не навіна яму па гарах лазіць. Гляджу: стаіць каля «рагатага казла», штосьці да грудзей туліць. Няўжо змяю? Няўжо не баіцца?
«А-а-а, дык ён змеялоў», — прынеслася ў галаве.
Я адступіў назад.
— Сакс, вы злавілі змяю?
Сакс нечакана для мяне весела засмяяўся:
— Гэта вожык.
— Сапраўдны вожык?
— Сапраўдны. Спускайся ўніз, не бойся.
У мяне як гара з плеч звалілася. Можна сказаць, на крылах уніз спусціўся.
Сакс сказаў праўду. Гэта была не змяя, а вожык. Ен сядзеў і фыркаў. А Сакс, не зводзячы з яго вачэй, шчасліва-шчасліва ўсміхаўся. Упершыню ўбачыў я на ягоным твары шчаслівую ўсмешку.
— Калючы. Ой, які калючы! — стараўся пагладзіць вожыка Васіль.
— Калючы, бо вожык, — сказаў Піліп Макаравіч.
— Вушы! Вушы ў яго! Вожык з вушамі! — крыкнуў Васіль.
Сапраўды, у вожыка былі вушы. Мне нават не паверылася, што гэта вожык.
— Чаму ў вожыка вушы? — пытаюся ў Піліпа Макаравіча.
— Гэта вожык-вушасцік. Есць такія ў пустыні. Вожык-вушасцік хутка прывыкае да чалавека, давярае яму.
Васіль крануў вожыка за вуха. А ён як фыркне! Васіль адхапіў руку, прагаварыў:
— Вось як давярае.
— Фыркнуў бы і ты, калі б за вуха схапілі,— кажу Васілю.
— Я фыркнуў бы? Я не вожык. Я фыркаць не ўмею. Васіль адышоўся, прысеў, паклікаў вожыка, як сабачку:
— Да мяне. Бяжы да мяне, вушасцік.
Хочаце верце, а хочаце не: вожык пабег да Васіля, затупацеўшы лапкамі.
— Бяжыць! Бяжыць! — усклікнуў Васіль. Нават Піліп Макаравіч не стрымаўся:
— Бач, як стараецца. Разумны!
— Давайце возьмем яго з сабою, — прапанаваў я.
— Няхай у гарах бегае, — сказаў Сакс. — У горадзе Карп яго ў клетку пасадзіць.
— Чаму? — пытаецца Васіль.
— Карп хоча, каб на волі жылі толькі мухі, павукі, мурашкі ды змеі. А ўсё астатняе…
Сакс не даказаў, махнуў рукою.
Усё астатняе… На планеце Сіз толькі гэты вушасцік цудам застаўся жыць. Зразумела, чаму Сакс шчасліва ўсміхаўся.
Абвал
Мы з Васілём яшчэ доўга тапталіся б каля вожыка-вушасціка, але Піліп Макаравіч сказаў:
— Вожык — не забаўка, не цацка, якую ў магазіне купілі. Трэба яго ў горы адпусціць.
— Валадар Карп вожыка не зловіць? — пацікавіўся Васіль. Сакс на гэта:
— Карп выдаў спецыяльны ўказ: «Змеяў, мух, павукоў і мурашак пальцам не кранаць. Усё астатняе альбо у клетку, альбо пад корань». Раней легіянеры па гарах лазілі, палявалі. Цяпер супакоіліся. Карпу данеслі, што ні звера, ні птушкі не засталося. Якіх знішчылі, якія самі загінулі. Дудкі. Вожык-вушасцік застаўся. Калі б Карп даведаўся, то ўсіх легіянераў у горы паслаў бы.
У галаве не ўкладваецца. Легіянераў паслаў бы толькі для таго, каб злавіць маленькага безабароннага вожыка. Хіба ён вінаваты, што нарадзіўся вожыкам? Канешне, і на нашай планеце ёсць паляўнічыя. Але ж яны вожыкаў не ловяць. А каб загад аддалі — лавілі б? Мабыць, знайшліся б старанныя. Хто ў нас на зайца не ласы? Увосень ой як бабахаюць са сваіх дубальтовак! Некаторыя, пэўна, з двух ствалоў адразу. І як не паразрывае іхнія ствалы! Аднаго разу, памятаю, дамоў ішоў. Раптам непадалёку: бах-ба-бах! Зразумела: паляўнічыя стараюцца. Снег яшчэ не выпаў, але зямлю добра скавала. Хвіліны не прайшло — бачу: заяц з хмызнячка ляціць. Прыбег на дарогу, прыўстаў на лапкі, азірнуўся па баках і проста ў вёску. Уяўляеце? Не ў лес, а ў вёску. Ужо не спадзяецца, што лес уратуе яго. Хацеў прыпусціцца за гэтым зайцам, але адумаўся: «Яму, беднаму, і так дастаецца. Хай бяжыць. У чыім-небудзь агародзе схаваецца». Чакаю, што далей будзе. Неўзабаве вылазяць з хмызнячка паляўнічыя. Спярша адзін, а пасля і другі. Дубальтоўкі напагатове трымаюць. Патранташы з патронамі і на поясе, і праз плячо, нібыта стужкі, якія, ну, напрыклад, чапляюць лепшым па прафесіях. Спыняюцца каля мяне, ласкава гэтак: «Добры дзень, хлопчык». Я таксама, як і яны, культурна: «Добры дзень, дзядзькі паляўнічыя. Ці многа зайцоў настралялі?» Адзін з іх пытаецца: «Хлопчык, тут заяц не прабягаў?» Так я табе і скажу. «Шэры ці белы?» — пачынаю здалёку. А паляўнічы: «Шэры. У яго вушы во такія вялікія! Калі скажаш, куды пабег, то стрэльнуць дам». — «Стрэльнеш, стрэльнеш», — і другі ківае галавою. Хацелася стрэльнуць, аж рукі свярбелі. Але ж зайца шкада. «Вунь у той лясок пабег», — паказаў я рукою. «Не хлусіш?» — пытаецца паляўнічы. «Не хлушу, — кажу. — Шэры заяц з доўгімі вушамі ў той лясок пабег. Там ён вас чакае». — «Так і чакае, — прамовіў паляўнічы і паклікаў свайго таварыша: — Пайшлі». Пацягнуліся яны ў лясок, дубальтоўкі напагатове трымаюць. А я пазіраю на іх, радуюся. І таму радасна, што заяц уратаваўся, і таму, што стрэльнуць не далі. Здзіўляецеся? Нядобра было б на душы, калі б прапанавалі стрэльнуць. Выйшла б як? Я іх абмануў, а яны мяне не. А так… Як гаворыцца, квіты, адзін аднаго не лепшы.
Думаю, што і вы не раз назіралі, як вось так паляўнічыя за зайцамі бегаюць. Але ж яны, бывае, робяць і кармушкі, і домікі, і паднавесы. Туды сена кладуць, зерне сыплюць. А тут? За апошнім вожыкам палююць.
— Чаму Карп так ненавідзіць птушак і звяроў? — пытаюся ў Сакса.
— Яны радасць людзям прыносяць. А яму не даспадобы, калі людзі радуюцца.
Відаць, зубамі скрыгіча, калі ўсмешку на твары заўважыць. Чаму так? Няўжо яго які чарвяк грызе, точыць?
— Нашага вожыка Карп не зловіць, — прамовіў Васіль. — Ён хітры. Ён і ад Карпа, і ад усіх ягоных легіянераў схаваецца.
— Схаваецца, не дасца ім у рукі,— пагадзіўся з Васілём Сакс.
Ен узяў вожыка, пусціў яго на схіл.
— Бяжы, вушасцік. Не паказвайся на вочы Карпу. Вожык, так мне здалося, зірнуў на нас, чмыхнуў, быццам сказаў «да пабачэння», і спрытна палез угору.
Мы стаялі і глядзелі, пакуль ён не схаваўся за гліняным выступам, падобным на рагатага казла. У мяне на душы было цёпла і крыху шчымліва.
Пасля крануліся далей. Тая ж цясніна, тыя ж колеры паабапал яе: белыя, жоўтыя, блакітныя, ружовыя, карычневыя, чырвоныя. Цяпер чамусьці не вабілі, як тады, калі ўпершыню ўбачыў. Прыгожа? Канешне, прыгожа. Але нейкая каменная гэтая прыгажосць.
Я ўспомніў, што ў руцэ каменьчыкі, падобныя на маленькія зорачкі. Зусім забыўся пра іх. Так лез, так стараўся, гэтулькі страху набраўся і забыўся.
Расшчаміў пальцы, непрыметна зірнуў. Зіхацяць каменьчыкі, пераліваюцца на сонцы.
— Піліп Макаравіч, — паклікаў я, — пачакайце! Піліп Макаравіч спыніўся. Я працягнуў яму каменьчык-зорачку.
— Гэта вам. Вазьміце.
Піліп Макаравіч узяў каменьчык.
— Дзякую, — усміхнуўся.
А я нечакана для самога сябе працягнуў другі каменьчык Саксу.
— Вазьміце. Гэты вам.
— Мне?
— Вам. Вазьміце.
Сакс узяў каменьчык, пакруціў, трымаючы пальцамі.
— Прыгожы.
Значыць, падабаецца. І яму, Саксу, і Піліпу Макаравічу. Радасна, добра ім. Ну і мне таксама добра. А магнітафон? Куплю магнітафон. Калі дамоў вернемся, стану ў калгас на работу хадзіць. Зараблю.
— Антон, чаму ты нам гэтыя каменьчыкі даў? — пацікавіўся Піліп Макаравіч.
— Яны каштоўныя. Я за імі знарок на той абрыў лазіў, дзе мяне вожык-вушасцік напалохаў. Няхай у вас застаюцца. Мне не шкада.
— Антон, гэта крышталікі гіпсу. Праўда, даволі-такі прыгожыя.
Я паглядзеў на Сакса.
— Так, — кіўнуў ён галавою.
— Вы выкінеце іх? — пытаюся.
Піліп Макаравіч падкінуў каменьчык на далоні, любуючыся ім.
— Навошта выкідаць? Возьмем. На шчасце. Так, Сакс?
— Вядома, возьмем. Няхай гэтыя каменьчыкі прыбавяць нам сілы. І тады… І тады мы пераможам валадара Карпа.
— Мы абавязкова пераможам, — усклікнуў Васіль. — Паставім яму мазгі на месца.
— Пераможам, — паўтарыў я. — Не быць казе на вазе.
Я цвёрда верыў, што пераможам усемагутнага валадара. Мне здавалася, што каменьчыкі-зорачкі нам дапамогуць. Значыць, нездарма лез, нездарма стараўся.
Апярэдзіўшы Піліпа Макаравіча, Сакса і Васіля, я шпарка пакрочыў па цясніне. Хутчэй. У горад хутчэй.
Цясніна паварочвала налева. Хутчэй, хутчэй… Павінна ж некалі скончыцца. Павінны горад убачыць.
Мінуўшы паваротку, я спыніўся як аслупянелы. Не, не горад убачыў, а высокую гліняную сцяну.
— Абвал! — пачуўся за спіною вокліч Сакса.
Мураш выручае
Сцяна, гладкая, быццам адпаліраваная, строма ўздымалася ўгору. А паабапал горы. Здаецца, да самага паднябесся ўзнімаюць свае вяршыні.
— Чаму тут сцяна? — пытаецца Васіль.
— Кавалак ад гары адарваўся і абваліўся, — растлумачыў Сакс.
— Ну й гладкая!
— Дажджы адпаліравалі. Даўно тут не быў. Не ведаў.
— Што ж рабіць? — нявесела прамовіў Васіль.
— Можна вярнуцца, — заўважыў Піліп Макаравіч. Вярнуцца… Куды вярнуцца? У тыя пяскі? Так бег, так спяшаўся… Думаў, што горад убачу, што вырвемся з цясніны. Не так выходзіць, як хочацца…
Горад клікаў мяне, што жывы. Відаць, таму, што хацелася хутчэй дапамагчы людзям планеты Сіз, хутчэй вярнуцца дамоў. Ды не ведаў я, што на долю кожнага з нас выпадзе столькі выпрабаванняў, якіх хапіла б на цэлае жыццё. Калі б ведаў, то, напэўна, не спяшаўся б. Сеў бы, пасядзеў. Як кажуць? Паспееш з козамі на торг. А цяпер мне не сядзелася. Цяпер я рваўся ўперад.
— Сакс, няўжо нас затрымае гэтая сцяна? Сакс паглядзеў на мяне, як на немаўля.
— А што зробіш? Молатам разаб'еш? Яна не шкляная. Дый молата няма.
— Канешне, не шкляная! — усклікнуў я. — І молат нам не патрэбен. Сцяна гліняная. Можна ў ёй тунельчык прарыць. Навылёт.
— Рыдлёўка ў цябе ў кішэні ляжыць? — азваўся Васіль.
— Без рыдлёўкі абыдземся. Будзем рукамі капаць. Гліна ж падатлівая.
— Хочаш зрабіць тунель, як у метро? Паспрабуй, — падахвоціў мяне Васіль.
— І паспрабую. Зробім. Камар носа не падточыць. Крот маленькі, а вунь якія вялікія тунелі робіць.
Я драпануў пазногцем — нават знаку на сцяне не пакінуў. Не чакаў, што сцяна як жалезная.
— Чаго стаіш? Сеў макам? Крот-метрабудаўнік, — зарагатаў Васіль.
Ох і хацелася мне даць яму поўху! Гэтак абазваць! Крот-метрабудаўнік… Такога ніколі не чуў. Але ж не палезеш біцца. Што заставалася рабіць? Павярнуцца і пайсці? Хай смяецца Васіль? Не. Адступаць не хацелася.
— Давайце піраміду зробім, — прапанаваў я.
— Якую? — запытаў Васіль.
— «Якую-якую…» — перадражніў я Васіля. — Станем адзін на аднаго. Вось і піраміда выйдзе.
— Адзін аднаму на галаву станем?
— Не на галаву, а на плечы, як акрабаты становяцца, як артысты ў цырку. Хоча з печы зваліцца і патыліцы не пабіць.
— Унізе ты станеш, а мы ўсе на цябе?
— Спярша стане Сакс, на Сакса Піліп Макаравіч, на Піліпа Макаравіча ты, а я на цябе. Вось і дастанем да самага верху сцяны.
Васіль засмяяўся:
— Ты без лесвіцы на мяне не залезеш. Дамоў па лесвіцу пабяжыш?
— Залезу. Не хвалюйся.
— Значыць, залезеш, да самага верху сцяны дастанеш. А пасля што?
— Пералезу праз сцяну.
— Ты пералезеш, а мы тут застанемся?
І праўда, я пералезу на той бок, а яны на гэтым застануцца. Што ж адзін буду рабіць? Як назад пералезу? Бегчы да валадара Карпа і прасіць: «Паночак, міленькі, перасадзі праз сцяну?» Ен перасадзіць… Так перасадзіць, што млосна стане. Цікава выходзіць: я на тым баку сцяны, а Піліп Макаравіч, Сакс і Васіль на гэтым. Не падумаў.
— Чаго стаіш? — не сунімаўся Васіль. — Камандуй. Будзем піраміду рабіць. На той бок сцяны палезеш.
— Я хацеў, каб лепей было, — кажу Васілю. — Ну, не разлічыў. Дык трэба смяяцца?
— Не буду, — прагаварыў Васіль. — Ты мяне так насмяшыў, што на тры дні хопіць. Як харчовага прэпарату, які Піліп Макаравіч вынайшаў.— І, схапіўшыся за жывот: — Ха-ха-ха… Як харчовага прэпарату… Ой, не магу…
Да мяне падышоў Піліп Макаравіч, паклаў руку на плячо.
— Малайчына Антон.
І Піліп Макаравіч з мяне смяецца. А я яму каменьчык-зорачку даў, не пашкадаваў.
— Піліп Макаравіч, я хацеў… Я галаву ламаў…
— Ведаю, што хацеў дапамагчы ўсім нам, — сказаў Піліп Макаравіч. — Малайчына.
Я з палёгкай уздыхнуў. Значыць, не смяецца. Толькі блага падумаў пра яго. Часта так бывае. Чалавек стараецца дапамагчы табе, хоча парадаваць цябе, а думаеш, што на злосць робіць.
— Э-эх! — уздыхнуў Сакс. — Няма рады. Прыйдзецца назад вяртацца. Есць яшчэ адна цясніна, якая вядзе да горада. Праўда, далекавата яна. Ды нічога не зробіш.
— Зробім, — прагаварыў Піліп Макаравіч. — Есць адна ідэя. Тады ў галаву прыйшла, калі Антона слухаў. Ен мне ідэю падказаў. Разумееце?
Я зірнуў на Васіля так, быццам выйграў у яго шахматны матч на званне чэмпіёна свету.
— Не злуйся, — паціху прамовіў Васіль. А я, знарок адвярнуўшыся:
— Піліп Макаравіч, якая ідэя прыйшла вам у галаву?
Карцела сказаць: «Якую ідэю падказаў вам я?» Ды пасаромеўся.
— Мураш нам дапаможа.
У Васіля вочы на лоб палезлі.
— Дапаможа праз гэтую сцяну пералезці?
— Дапаможа праз гэтую сцяну пералезці.
— Няўжо ён нас перанясе?
— Не перанясе, а перавязе, — паправіў я Васіля.
— І не перанясе, і не перавязе, — сказаў Піліп Макаравіч. — Мы інакш зробім.
Я штурхнуў Васіля ў бок.
— Мураша не згубіў?
— Не.
Васіль выняў з кішэні Мураша, аддаў Піліпу Макаравічу.
— Што вы задумалі зрабіць? Хутчэй расказвайце. Піліп Макаравіч падміргнуў Васілю, шчоўкнуў двума пальцамі.
— Глядзі, Васіль.
Глядзеў не толькі Васіль. Мы з Саксам таксама не спускалі вачэй.
А Піліп Макаравіч дастаў з рукзака тонкую шоўкавую вяроўку, разматаў яе, пасля выняў з кішэні цюбік, падобны на той, у якім зубная паста, узняў угору.
— Тут той клей, які трапіў на асінку. Да яе Сакс прыклеіўся. Памятаеце?
— Гэты клей асаблівай трываласці? — азваўся Васіль.
— Правільна.
Што ж збіраецца рабіць Піліп Макаравіч? Няўжо зноў Сакса прыклеіць? Глупства. Вось калі б Васілю гэтага клею на язык капнуць, то не пашкодзіла б.
— Навошта вяроўку і клей дасталі? — не выцерпеў Васіль.
— Пабачыш — здагадаешся.
Піліп Макаравіч капнуў кропельку клею Мурашу на спіну.
— Антон, патрымай, — падаў мне цюбік.
Я паклаў цюбік у кішэнь. Паклаў і забыўся. Я цяпер вачэй не зводзіў з Піліпа Макаравіча. Вельмі хацелася зразумець, што ён збіраецца зрабіць.
Магчыма, вы здагадаліся? Не? Тады паслухайце. Піліп Макаравіч адзін канец шоўкавай вяроўкі прытуліў, яшчэ рукою прыціснуўшы, да кропелькі клею, якая была на спіне Мураша, даў Васілю другі канец вяроўкі. Сам трымае Мураша, не адпускае.
— Цягні.
Васіль тузануў вяроўку.
— Не адрываецца Мураш.
— Мацней цягні. Васіль тузануў мацней.
— Усё роўна не адрываецца.
— Там, у лесе, ты не верыў, што ў мяне клей асаблівай трываласці.— Піліп Макаравіч паднёс Мураша да рота, націснуў на кнопачку, праспяваўшы, як заўсёды, пра Яся і дзяўчыну, паставіў каля ног і загадаў: — Васіль, адпускай вяроўку, калі Мураш пабяжыць.
— Есць, — па-вайсковаму адказаў Васіль.
— Уперад, — прамовіў Піліп Макаравіч.
Мураш падбег да сцяны, стаў карабкацца наверх. Ускарабкаўся. Зараз пералезе, знікне з вачэй. А Піліп Макаравіч:
— Кругом. Назад.
Мураш павярнуўся і імкліва спусціўся ўніз.
— Стой. Сеанс закончаны. Мураш спыніўся.
Піліп Макаравіч узняў угору тры пальцы.
— Тры секунды, — усміхнуўся.
— А-а-а, — закрычаў Васіль, — вы хочаце, каб Мураш на той бок сцяны вяроўку перацягнуў. А пасля мы палезем па вяроўцы на сцяну. Так?
— Так. Кумекаеш.
— А чаму вы сказалі: тры секунды?
— Я правяраў, за колькі секунд Мураш узлезе на сцяну. Выйшла, што за тры. Значыць, за тры секунды ён і на той бок сцяны спусціцца.
— Ну і што? — прамовіў Васіль. Я, як і ён, таксама не мог узяць у толк, чаму Піліп Макаравіч правярае, за колькі секунд Мураш узлезе на сцяну, а пасля ўніз спусціцца. Стаяў і лыпаў вачыма. За тры секунды ўзлез… За тры секунды на той бок спусціцца… Хіба гэта мае якое-небудзь значэнне? А калі за пяць секунд узлезе і за пяць спусціцца? Галоўнае, што вяроўку перацягне. Ці Піліп Макаравіч хоча, каб яго Мураш рэкорд устанавіў? Усё-ткі тады ён будзе не проста супер-міні-камп'ютэр Мураш, а супер-міні-камп'ютэр Мураш-рэкардсмен.
— Не разумееце? — пытаецца Піліп Макаравіч.
— Зацьменне ў галаве, — прызнаўся Васіль.
— І ў маёй зацьменне, — прамовіў я.
— Зараз прасвятлю. Уважліва слухайце. Мы, як гаворыцца, натапырылі вушы.
— Значыць, так. Я даведаўся, што на той бок сцяны Мураш спусціцца за тры секунды. Праз тры секунды я аддам яму каманду: «Стой. Не варушыся».
— Ведаю! Ведаю! — узрадаваўся Васіль. — Калі не аддаць такую каманду, то Мураш запрэ вяроўку немаведама куды. Не будзе ні Мураша, ні вяроўкі.
— Правільна. На голас Мураш рэагуе толькі ў радыусе ста метраў. Пасля ён бескантрольны. А вось калі пачуе каманду «Стой. Не варушыся», то будзе стаяць, пакуль новую не аддам: «Сеанс закончаны». Ну, хопіць гаварыць. Трэба сцяну штурмаваць.
Неўзабаве паслухмяны Мураш перацягнуў вяроўку, і мы, як сказаў Піліп Макаравіч, сталі штурмаваць сцяну. Вядома, было нялёгка і крыху страшнавата. Як-ніяк, вышыня. Але ўсе без асаблівых прыгод, трымаючыся за вяроўку, пералезлі на той бок. Дзякуй Мурашу.
Апошнія зборы
Як толькі мы пералезлі праз сцяну, я крануў рукою Мураша. Стаіць, ні з месца.
— Аддайце загад: сеанс закончаны, — папрасіў я Піліпа Макаравіча.
— Сеанс закончаны, — прамовіў Піліп Макаравіч. Я пацягнуў за вяроўку — Мураш павіс у паветры.
— Скрануўся, — крыкнуў Васіль і хацеў пагладзіць Мураша.
— Не сунь руку, — кажу яму. — Хочаш прыклеіцца? Хочаш, каб на вяроўцы вадзіў?
Васіль імгненна адхапіў руку. Не заўпарціўся, дайшло на гэты раз.
— Піліп Макаравіч, Мураш доўга будзе вісець як прывязаны? — пытаецца.
— Зараз дапаможам. Зараз.
— Ен нам дапамог, а мы — яму? — не стрымаўся я.
Мне здавалася, што Мураш — не проста хітра зроблены камп'ютэр, а нешта жывое, чаго пакуль няма ў прыродзе. Здавалася, што ён не толькі выконвае каманды, падпарадкоўваючыся чыёйсьці волі, але і адчувае. Думаецца, што і вам так здавалася б, калі б убачылі Мураша.
Піліп Макаравіч дастаў з рукзака белую бляшанку. Бляшанка як бляшанка. Круглая, нібы цыліндр. Зверху тоненькая трубка, побач з ёю кнопка.
Чакаем, што будзе. Піліп Макаравіч накіраваў трубку на спіну Мурашу, якраз туды, дзе вяроўка; націснуўшы на кнопку, пырснуў. Мураш адарваўся ад вяроўкі і ўпаў. А Васіль падскочыў да яго — і ў кішэнь…
— Васіль, Мураш да кішэні прыклеіцца. Не адарвеш, — вырашыў напалохаць я.
— Клей страціў сваю трываласць, — усміхнуўся Васіль і, павярнуўшыся да Піліпа Макаравіча: — Хай Мураш у мяне пабудзе. Можна?
— Можна. Усё роўна ты ад мяне не адчэпішся.
— Не адчапіўся б, пакуль не дазволілі б, — прызнаўся Васіль.
— Весела з вамі,— прагаварыў Піліп Макаравіч. — Не засумуеш.
А Васіль:
— Піліп Макаравіч, што мы без вас рабілі б? Вы ўсё ўмееце.
Макам рассыпаецца. Ох і хітры! Знае Мікіта, каму каптан пашыты. Калі б Мураша не выпрасіў, то не хваліў бы.
— Піліп Макаравіч, мы без вас праз сцяну не пералезлі б, — салоўкай заліваўся Васіль.
— Вельмі не расхвальвай, — спыніў яго Піліп Макаравіч.
Васіль пачырванеў.
— Вы мне Мураша далі. Захацелася прыемнае сказаць.
— Хітры Дзмітрый, — схаваў на вуснах усмешку Піліп Макаравіч. — Хлопцы, даўно хачу ў вас запытацца. Вы не расплакаліся б, не разгубіліся б, калі б раптам адны засталіся. Праўду кажыце.
Нялёгкае пытанне задаў Піліп Макаравіч. Цясніна, горы, пяскі… Канешне, нясоладка прыйшлося б. Там, на нашай планеце, куды ні пайдзі — усюды людзі.
І знаёмыя, і незнаёмыя. Напаткае бяда — хоць хто-небудзь, ды дапаможа. Як кажуць? Свет не без добрых людзей. А тут? Тут не дапамогуць, хоць плач, хоць крычма крычы.
— Да плачу не дайшло б, — прамовіў я. — Але… Але не хацелася б адным заставацца.
— Чаму вы так пытаецеся? — пацікавіўся Васіль.
— Усякае можа здарыцца. А раптам мяне ў цямніцу кінуць?
Я падумаў, што ён жартуе.
— Піліп Макаравіч, хіба можна чалавека ні за што ні пра што ў цямніцу кінуць?
— Э-эх, вы быццам экскурсанты! — уздыхнуў Піліп Макаравіч. — Што, калі мы вас тут пакінем?
— Вы ў горад, а мы — тут? — прамовіў Васіль. — Не, мы не застанемся. Назіркам за вамі…
Піліп Макаравіч павярнуўся да Сакса, развёў рукамі.
— Гэтыя не застануцца. Школі сабе не дарую, што каля «Альбатроса» пакінуў.
Я вырашыў супакоіць Піліпа Макаравіча:
— Не бойцеся. Людзі моры-акіяны адольваюць. А мы хіба нейкага Карпа не адолеем?
— Дома на бацькоў спадзяваліся? — нечакана пытаецца Піліп Макаравіч.
Я маўчаў. І Васіль на гэты раз не азваўся. Канешне, дома не толькі гойсаем. Я, напрыклад, дровы з татам пілую, на балоце сена зграбаю, бульбу прыходзіцца ўвосень капаць… Але ж усё гэта разам з татам ці мамай. Вось каб адзін дома тыдняў на два застаўся, то невядома, што было б. Магчыма, і куры да суседзяў пабеглі б, і сабака перастаў бы брахаць, скавытаў бы, і карова хату мінала б. Так, невядома, што было б.
Я думаў, што Піліп Макаравіч пачне смяяцца з нас. Але ж не.
— Хлопцы, вы сапраўды хочаце дапамагчы жыхарам планеты Сіз?
Вы, вядома, памятаеце: Васіль амаль што не сілком зацягнуў мяне ў лятальны апарат. Калі там, у лесе, я слухаў Сакса, не верылася, што так пакутуюць жыхары планеты Сіз. Ягоны расказ здаваўся мне казкай. А казка для кожнага з нас — нешта нерэальнае, да чаго даўно прывыклі. Хіба не звыкліся з тым, што ёсць і Баба Яга, і Цмок — пудзіла паганае, і сквапны пан, і іншыя казачныя нячысцікі. Чытаем і ўсміхаемся.
Маўляў, гэтак і павінна быць, бо казка без іх цікавасць страціла б. А вось той, хто складаў казкі, відаць, не ўсміхаўся. І ад сквапнага пана ён цярпеў, і вораг Цмок прыходзіў, каб братоў, сясцёр паланіць, каб без бацькоў пакінуць. А маё і Васілёва жыццё — незакаламучаная крыніца. Не ведалі, па чым фунт ліха.
Цяпер жа тут, на планеце Сіз, я ўбачыў і бязмежныя пяскі, і непрытульныя горы, і адзінокага безабароннага вожыка-вушасціка, і пустое гняздо на вяршыні гары, і боль у вачах Сакса…
І я сказаў:
— Пастараемся дапамагчы. Пад дудку Карпа не станем скакаць.
— Адрыгнуцца воўку авечыя слёзкі,— дадаў Васіль. — Піліп Макаравіч, не бойцеся. Мы не заплачам.
«Героі!» — з пагардай скажа хтосьці. Няхай, няхай кажа. Я ж выказаў тое, што было на душы. Я яшчэ не бачыў Карпа, але ўсім сэрцам ненавідзеў яго. Гэта, так мне думалася, не чалавек, а бязлітасная машына, якая няўмольна раскручвае свой махавік. Трапіць рука, трапіць нага пад гэты махавік — раструшчыць.
— Піліп Макаравіч, лепей было б так зрабіць. Пасеем лес, а пасля я вас у «Альбатрос» і на Зямлю, — прапанаваў Сакс.
— Не, — не пагадзіўся з ім Піліп Макаравіч. — Я сваё слова сказаў. Пойдзем у горад, пабачым… Ну, а пасля разважым, што і як. Мы павінны штосьці прыдумаць.
Сакс уздыхнуў:
— Тады пачакайце мяне хвілінку.
Ен узяў рукзак і знік за павароткай цясніны.
Мы з Васілём пераглянуліся. Што гэта з ім? Чаму рукзак узяў? Няўжо адзін сабраўся ў горад ісці?
Прайшла хвіліна. Другая, трэцяя праходзіць. Няма і няма. Нарэшце бачым: ідзе да нас хтось. Рыжыя валасы аж на плечы спадаюць, рыжыя вусы, рыжая барада…
— Няўжо сам валадар з'явіўся? — таўхануў я Васіля.
— Ен, — упэўнена прагаварыў Васіль.
Я зірнуў на Піліпа Макаравіча. Стаіць, прыціснуўшыся да сцяны. Спалохаўся? А нас папярэджваў, каб не баяліся.
— Карп адзін, — крыкнуў я.
Піліп Макаравіч нават не зварухнуўся. Няўжо ад страху ногі адняліся? Сам не ведаю, што са мною сталася. Схапіў вяроўку і на рыжага валадара, апусціўшы галаву, каб у жывот пацэліць.
— Звяжам! Не выпусцім! — ірвануўся за мною Васіль.
А гэты рыжы валадар як засмяецца:
— Хлопцы, гэта я, Сакс.
І праўда, голас падобны на Саксаў. Я спыніўся. А Васіль:
— Не вер яму. Усе рыжыя хітрыя. Умее падрабляць галасы. За мною!
— Стойце, — гукнуў Піліп Макаравіч. — Хіба не здагадваецеся? Загрыміраваўся Сакс.
— Чаму загрыміраваўся? — азірнуўся Васіль. І Сакс (сапраўды, гэта быў Сакс) сказаў:
— Каб у горадзе мяне не пазналі. Піліп Макаравіч не вытрываў, засмяяўся:
— Ой, хлопцы! Ледзь Сакса не звязалі. Бі свой свайго, каб чужы баяўся.
— Мы… Мы хацелі звязаць не Сакса, а Карпа, — стаў апраўдвацца Васіль. — Мы…
— Добра, Васіль. Я цябе цудоўна зразумеў,— не даў апраўдацца Піліп Макаравіч. — Трэба ў дарогу збірацца. Годзе казань казаць.
Горад валадара
Нарэшце мы ўбачылі, які ён, горад валадара Карпа. Дамы ўсе, як адзін, карычневыя, пяціпавярховыя. Уяўляеце сотні карычневых пяціпавярховых дамоў? Гліняныя, цвёрдыя, што асфальт, карычневыя вуліцы. То там, то сям па вуліцах сноўдаліся людзі, нібы сонныя мухі.
— Мне здаецца, што тут усе людзі падобныя, — выказаў Васіль тое, пра што думаў і я. — Чаму так?
— Чаму? — перапытаў Піліп Макаравіч.
— Чаму? — паўтарыў Васіль.
— Стандартызацыя горада робіць і людзей стандартнымі.
Я не зусім зразумеў Піліпа Макаравіча. Стандартызацыя, стандарт, стандартны… Стандартны — гэта значыць аднолькавы. Так, дамы тут аднолькавыя, вуліцы аднолькавыя. Але чаму людзі аднолькавыя, стандартныя? Хіба магчыма такое? Вунь цягнецца хлапчук, а там дзед з барадою. Дзед і хлапчук… Яны ж павінны не толькі ўзростам адрознівацца. У нашай вёсцы, напрыклад, старыя ўвесь дзень каля хаты тупаюць, штосьці робяць. Калі свята прыходзіць, на лаўцы сядзяць. Зноў жа стараюцца, каб непадалёку ад сваёй хаты. А мяне ці Васіля хіба пакінеш каля хаты? Нам хочацца на рэчку, у лес.
— Піліп Макаравіч, — кажу, — я не зусім зразумеў вас. Растлумачце.
— Растлумачыць? Паспрабую. Калі людзі дзень і ноч бачаць падобныя будынкі, падобныя вуліцы, падобныя кватэры, то і іх думкі становяцца падобнымі. Стандартнасць прыгнятае чалавека, як бы загадвае яму: «Не выдзяляйся. Будзь як усе». Заўважылі, як яны ступаюць? Асцярожна, нячутна. А апрануты? Амаль аднолькава. У шэрае. Каб не выдзяляцца. Была б прырода — такога не было б.
— Чаму? — пытаецца Васіль.
— Калі чалавеку надакучае аднастайнае жыццё, ён ідзе ў лес, на бераг рачулкі. Яму хочацца не толькі адпачыць, але і праверыць сябе: свае сілы, свой спрыт, сваю волю, сваё ўменне. Людзі па-рознаму сябе правяраюць. Некаторыя з вудачкай, некаторыя з кашом у руках, калі грыбы збіраюць. Так, так, не здзіўляйцеся. Чалавек як бы пытаецца ў самога сябе: «А я на што здатны?» Не выходзіць нешта — зноў на прыроду спяшаецца. Найбольш адчайныя штурмуюць горы, пераплываюць акіяны, імкнуцца да Паўночнага полюса. Прырода непрыметна будзіць тыя сілы, якія дрэмлюць у кожнага, як бы кліча: скажы сваё «я». Яна прымушае нас самаўдасканальвацца.
Значыць, прырода будзіць, абуджае. Значыць, у кожнага з нас дрэмле невядомая нам сіла. А ў гэтых, што на планеце Сіз, ці ёсць невядомыя ім сілы? Вось каб разбудзіш»! Каб засмяяліся, каб загаманілі… Няўжо ім так цяжка слова вымавіць? Няўжо ў іх вусны на замку? Ды яны хутка перасварацца адзін з адным, перагрызуцца. Хто ў госці будзе хадзіць? Хто будзе песні спяваць? А вершы… Ці складае тут хто-небудзь вершы?
— У вас складаюць вершы? — пытаюся ў Сакса.
— Некалі складалі.
— Ты не здзіўляйся, — звярнуўся да мяне Піліп Макаравіч. — Хіба можна скласці верш, калі не чуеш, як салоўка спявае, як ручай звініць?
— Я здагадаўся, — прагаварыў Васіль. — Карп знарок загадвае, каб будавалі аднолькавыя дамы і вуліцы. Ен хоча, каб людзі былі падобнымі адзін на аднаго. Каб былі як сонныя.
— Такімі яму лягчэй кіраваць, — сказаў Піліп Макаравіч.
— А можна іх разбудзіць? Калі б салоўка заспяваў, то і людзі прачнуліся б?
— Можна, — азваўся Сакс. — Я, напрыклад, не такі, як усе.
Мне раптам захацелася штосьці такое зрабіць, каб парушыць гэтую закасцянелую цішыню. Што ж? Заспяваць «Касіў Ясь канюшыну…» ці «Дубочак зялёненькі»? Яны зразумеюць. Сакс казаў, што ў іх мова, як і ў нас. Але ж голас… Пра такіх, як я, кажуць: мядзведзь на вуха наступіў. А Васіль аднаго разу пасля ўрокаў спеваў заўважыў: «Антон, ты выеш, як галодны воўк на піліпаўку». Дык што ж зрабіць? А калі станцаваць? Усё-ткі ў танцавальным гуртку займаюся. Патанцую на злосць Карпу. Хай паглядзяць людзі, хай падзівяцца. Адвяду душу.
Я гучна стукнуў абцасамі і, крыкнуўшы «пан ці прапаў?», пусціўся ўпрысядкі. Паглядзелі б вы на маіх сяброў-спадарожнікаў. Васіль намерваўся штосьці сказаць, ды так і застыў з разяўленым ротам. Сакс застыў з узнятаю рукою, быццам узяўшы пад казырок. А Піліп Макаравіч? Ен усклікнуў:
— Ну й дае!
А я, не зважаючы, танцаваў. Радуйцеся, людзі! Смейцеся, весяліцеся. Назаўжды зганіце хмурынкі з твараў! У-смі-хай-це-ся!
Першым апамятаўся Піліп Макаравіч, падскочыў да мяне.
— Антон, даволі!
— Не! — усклікнуў я.
Піліп Макаравіч узяў мяне за плячо.
— Супакойся, хлопчык. На нас глядзяць.
Я апусціў галаву. Што і казаць, спароў глупства. Вунь прабеглі дзве жанчыны, спалохана азіраючыся. А там, далей, мужчына пабег. Можа стацца, што знойдзецца сярод іх хтосьці адзін, які пастараецца перад Карпам выслужыцца. Паведаміць, што нейкія танцоры ў горадзе з'явіліся.
— Хлопчык…
Хтосьці крануў мяне за плячо. Я азірнуўся. Нейкі дзядок з доўгаю, белаю што снег барадою. Як з неба зваліўся.
— Хлопчык, ты спрытна танцаваў. Малайчына. Кепікі строіць? Не. У вачах лагода. Не дзядок, а сапраўдны добры казачны чараўнік.
— Я яшчэ не гэтак умею, — вырвалася ў мяне. Піліп Макаравіч кашлянуў. Маўляў, маўчы. А Васіль непрыметна паказаў кулак.
— Калісьці і я танцаваў,— прамовіў дзядок.
— Танцавалі? — не верылася мне.
— Яшчэ як! Аж пыл курэў. Дзядок тупнуў нагою.
— Ой! — усклікнуў ён. — Што гэта я раблю?
— Не бойцеся. Хіба забараняецца танцаваць?
— ідзіце адгэтуль, — прашаптаў дзядок. — Хавайцеся. У нас б'юць і плакаць не даюць.
Павярнуўся і, накульгваючы, патэпаў. На сярэдзіне вуліцы прыпыніўся.
— Дзякуй табе, хлопчык. Я амаль забыўся, як танцуюць.
Ну, а ад сваіх сяброў, асабліва ад Васіля, падзякі не дачакаешся. Як толькі дзядок схаваўся за рогам дома, ён накінуўся на мяне:
— Артыст! Наш Антон артыст! Мы яму бульбяны медаль павесім.
— Сабе вазьмі,— агрызнуўся я.
— Мы Антона на «ўра» падкінем. Ен праславіў нас.
— Падкінь. Падкінь на «ўра». Чаго стаіш? — агрызнуўся я.
— Тры разы падкінем, а два разы зловім. Антон, трымай хвост трубою.
— Прытрымай язык, — папярэдзіў я Васіля.
— А ўсё-такі смелыя вы хлопцы, — прагаварыў Піліп Макаравіч. — На чужой планеце, як у сваёй хаце, сварацца.
— Так, выкінуў Антон штуку, — ніяк не мог супакоіцца Васіль.
— Так — не так, а ператакаваць не будзем, — сказаў Піліп Макаравіч. — Канешне, праслаўляцца нам тут не след. А Антон… Будзем цяпер лаяць яго? Не паварочваецца язык. Антон свой характар паказаў.
Рэдкая ўзнагарода
Я ніяк не мог прывыкнуць да гэтага горада. Дома не раз прасіў тату, каб узяў з сабою ў горад. У нашым горадзе можна і марожаным паласавацца, і ў ціры па розных мішэнях пастраляць, і на арэлях пакатацца. Людзі апранутыя, нібы на свята. Дый сам прыезд у горад быў для мяне сапраўдным святам. А тут…
Я паволі, як і ўсе ў гэтым маўкліва-сонным царстве, цягнуўся ззаду. «Няўжо ў людзей сэрца не баліць? — думалася. — Аб чым яны мараць? Чаго яны чакаюць?»
— Няўжо ў вашых людзей няма ніякай радасці? — пытаюся ў Сакса. — Чаго яны чакаюць? Павінна ж штосьці светлае хоць адзін раз у год быць.
— Чаго яны чакаюць? — перапытаў Сакс. — Свята. Усё-ткі ёсць у іх свята. Відаць, Новы год святкуюць.
Дзеці збіраюцца каля ёлкі. Як і ў нас, водзяць карагоды, спяваюць, віншуюць адзін аднаго… Каля ёлкі? Але ж няма тут елак. Зусім забыўся.
— Сакс, якое свята ў вас адзначаюць?
— Дзень нараджэння валадара.
Значыць, не забываецца Карп свой дзень нараджэння справіць. Відаць, рознымі прысмакамі людзей частуе. Трэба запытаць у Сакса.
— Чаму людзі так чакаюць дзень нараджэння валадара? — апярэдзіў мяне Васіль.
— У гэты дзень па горадзе ходзяць спецыяльныя машыны. Такія… Як вам сказаць? З доўгімі трубамі. Праз трубы кісларод выдаюць. Тры гадзіны можна кіслародам і без балончыкаў дыхаць.
— Можна адчапіць балончык? — усклікнуў Васіль.
— Можна.
— Можна нават дома пакінуць?
— Пакідаем.
— Пасля бягом дамоў?
— Бягом. Не паспяшаешся — кепска прыйдзецца. Вось яно што! Замазвае вочы. Вядома, кожнаму хочацца хоць на гадзінку скінуць балончык. Ён дзень і ноч за плячыма.
— Гамоняць, радуюцца людзі ў дзень нараджэння валадара? — пытаюся.
— Не. Маўкліва, ціха на вуліцы.
Не разумеў я Сакса. Нядаўна казаў, што гэты дзень для іх — свята. А цяпер кажа, што ціха, маўкліва. Калі свята, то радасць павінна быць.
Я паглядзеў на яго.
— Чаму маўкліва?
— На дзень нараджэння яшчэ і кветку паказваюць, — прамовіў Сакс. — Карп хоча, каб запомніўся гэты дзень, каб кожны чакаў з нецярпеннем. Самі ведаеце: няма ў нас кветак.
Пагадзіцеся: незвычайнае свята, незвычайны дзень нараджэння. Кісларод, кветку паказваюць… Адну-адзіную кветку. Адну — усяму гораду. Можа, я не так зразумеў Сакса?
— Скажыце, Сакс: толькі адну кветку паказваюць?
— Толькі адну. Ды для нас і гэта шчасце. Шчасце… Ці можна адчуць сябе шчаслівым, калі
кветку ўбачыш? Раней не задумваўся, не думаў… Бяжыш па лузе, топчаш кветкі — і не задумваешся, не думаеш. Здараецца, якую-небудзь з каранём вырвеш — не думаеш. Цяпер жа хацелася б убачыць нават звычайную зялёную травінку. Зялёную сакавітую травінку… Вось тут, проста на вуліцы…
— Калі ў Карпа дзень нараджэння? — перапыніў мае думкі Васіль.
— Сёння.
— Дык чаго стаім? Бяжым і мы кветку глядзець.
— Свята тады пачнецца, калі на вуліцы машыны з'явяцца, — сказаў Сакс.
— Тыя машыны, што з трубамі?
— Тыя, Васіль.
Сакс спыніўся, паказаў на вялізную дошку, пафарбаваную на карычневае.
— Наша дошка аб'яў. Пачытаем, пра што пішуць?
— Цікава пачытаць, — прамовіў Піліп Макаравіч. Нічога не скажаш: цікава. Аб'явы могуць шмат расказаць.
Што мне адразу кінулася ў вочы? Вялізны аркуш паперы, на якім карычневымі літарамі было напісана: «Людзі планеты Сіз! Сёння імяніны намі любімага валадара пана Карпа. Пажадаем яму: Здароўя! Здароўя! Здароўя! Здароўя! Здароўя!..»
Ведаеце, колькі разоў паўтаралася слова «здароўя»? Аж дваццаць. Пэўна, моцна клапаціўся Карп аб сваім здароўі.
— Сёння і мы пажадаем Карпу здароўя, — прамовіў я.
А Васіль:
— Кукіш з макам.
— Гляньце! — усклікнуў Сакс. — Пра мяне напісана.
Але, напісана. На аркушы, які вісеў знізу, я прачытаў: «З нашага войска дэзерціраваў легіянер Сакс. Той, хто зловіць і прывядзе Сакса, будзе шчодра ўзнагароджаны. Узнагарода: колькі пальцаў на руцэ, столькі і балончыкаў з кіслародам. Валадар пан Карп».
Сакс усміхнуўся:
— Зловяць… Яны мяне зловяць як рак свісне.
— Чаму напісана: колькі пальцаў на руцэ, столькі і балончыкаў з кіслародам? Чаму проста не напісаць: пяць балончыкаў? — пацікавіўся Васіль.
— Так лічыць Карпу даспадобы. Есць і такая ўзнагарода: колькі пальцаў на руках і нагах. Гэта вышэйшая ўзнагарода.
— Чаму слова «здароўя» аж дваццаць разоў напісана? — пытаюся.
— Таму, што найбольш пальцаў на руках і нагах — дваццаць, — здагадаўся Васіль.
— Але, — кіўнуў галавою Сакс.
— Тут лічаць, як першакласнікі-двоечнікі,— кажу. — Адзін і адзін палец — будзе два пальцы. Дзіўны ваш Карп.
— Не дзіўны, а хітры, — не пагадзіўся са мною Сакс. — Ен хоча, каб людзі забыліся пра тое, што было спрадвеку. Нават лічыць па-іншаму прымушае.
— Узнагарода! Вышэйшая ўзнагарода! — неспадзявана ўсклікнуў Піліп Макаравіч.
Я азірнуўся.
— Каму ўзнагарода? Чым узнагароджваюць?
— Чытай на дошцы аб'яў,— таўхануў мяне Васіль.
Я зірнуў на дошку. Яшчэ адзін невялікі аркуш вісіць. Пачаў чытаць: «Наш любімы леў аблысеў. Цяпер яго не хочуць прызнаваць другія львы. Бедны леў пакутуе, сумуе. Хто пазбавіць яго ад гэтай пакуты, таму ўзнагарода: столькі балончыкаў з кіслародам, колькі пальцаў на руках і нагах. Валадар пан Карп».
Працёр вочы, стаў яшчэ раз чытаць: «…леў аблысеў… Бедны леў пакутуе…..пазбавіць ад такой пакуты…
…колькі пальцаў на руках і нагах. Валадар пан Карп». Карычневымі літарамі на белай паперы напісана. Ну і ну!
— Зразумеў, чаму вышэйшая ўзнагарода? — пытаецца Васіль.
Я ледзь стрымліваўся, каб не засмяяцца.
— Не даходзіць? — прагаварыў Васіль. — Дваццаць пальцаў — вышэйшая ўзнагарода.
— Васіль, не смяшы!..
— Вышэйшая ўзнагарода, бо дваццаць пальцаў,— стараўся растлумачыць Васіль.
— Не смяшы. Калі цяпер рассмяюся, то буду тры дні смяяцца. Пакуль кісларод у балончыку не скончыцца.
— Хлопцы, цішэй, — падышоўшы да нас, папярэдзіў Сакс.
— Чаму? — здзівіўся Васіль.
— Цішэй. Прашу вас. А Васіль яшчэ мацней:
— Чаму?
Сакс прыклаў палец да вуснаў.
— Цішэй. За намі сочаць.
Васіль павярнуўся ў адзін бок, у другі.
— Хто сочыць? Дзе?
— На тым баку вуліцы.
Сапраўды, на тым баку вуліцы стаяў чалавек у чорнай накідцы.
Таран-тарантул
Сакс не памыліўся. За намі назіралі. Чалавек у чорнай накідцы спярша шпацыраваў, нібы гуляючы. А калі заўважыў, што мы глядзім на яго, тут жа схаваўся за рогам дома. Думалася, што цяпер будзе назіраць здалёку. Але ж не. Высунуў галаву, палыпаў, палыпаў вачыма і схаваўся. Пасля зноў высунуўся.
— Вось каб цяпер падкрасціся ззаду ды крапівою па пятах, — прагаварыў Васіль.
— Тут і крапівы няма, — сказаў я. — Добра было б дубчыкам сцебануць. Ох і выгнуўся б!
— Надта ж гарачыя вы, — прамовіў Піліп Макаравіч. — Не хлопцы, а сапраўдныя казакі-разбойнікі.
— Трэба ратавацца, — сказаў Сакс— Гэта Таран, галоўны шпік Карпа. Свет такіх не бачыў.
Васіль зацікавіўся:
— Чаму Таран?
— Таран — ад слова «тарантул». Есць у пустыні такі ядавіты павук.
Таран-тарантул… А што, калі паказаць яму язык і крыкнуць, напрыклад, так: таран-барабан згубіў каптан? Пэўна, пазелянее ад злосці.
Я зірнуў на Піліпа Макаравіча.
— Я гэтаму шпіку хвост прышчамлю. Можна? У Піліпа Макаравіча, бачу, бровы прыўзняліся ўгору.
— Што-о-о?
— Крыкну што-небудзь крыўднае.
— Ен табе як крыкне, дык без вушэй застанешся.
— Не бойцеся, — падтрымаў мяне Васіль. — Нас чатырох. Пакоцім і звяжам.
— Прыйшлі ў чужы горад, — і адразу ў бойку? Барукацца на вуліцы станем? Мы і так сябе паказалі. Таран нездарма з'явіўся. Клікне легіянераў і ў цямніцу. Хто тады дапаможа жыхарам планеты Сіз? Трэба крыху пахадзіць, паглядзець, падзівімся на тую кветку, а пасля будзе відаць, што рабіць.
— Схаваўся Таран. Пакуль не высоўваецца, — шэптам прамовіў Сакс— Трэба ўцякаць. Магчыма, не заўважыць.
Моўчкі пераглянуўшыся, мы пашыбавалі па вуліцы.
— Не азірайцеся, — папярэдзіў Сакс. — Сам буду за ім сачыць.
Так і рупіць азірнуцца. Быццам хтосьці нябачны стаіць за плячыма і за рукаў цягне, на вуха нашэптваючы: «Азірніся, азірніся…»
Я, вядома, азірнуўся. Таран, як гаспадар, стаяў пасярод вуліцы і глядзеў на нас. Я не вытрываў, паказаў яму язык. А ён… Ен прыгнуўся, нібы яму на спіну дзесяціпудовы мех узвалілі, і з усіх ног, як таракан. Прыціснуўся да сцяны дома, закрыў твар рукамі. «Хоча, каб не пазналі. Не шпік, а дзіцё малое, — падумалася. — Нібы ў хованкі гуляе».
— Антон, хутчэй, — крыкнуў Сакс.
І бягом. За ім Васіль прыпусціўся. І Піліп Макаравіч, як сапраўдны спрынтар. Ну і я за імі. А што заставалася рабіць? Чакаць, калі Таран падбяжыць, ды за руку з ім прывітацца? Маўляў, добрага здароўечка, рады бачыць вас. Імчымся што ёсць духу, лупім падэшвамі па цвёрдай, што асфальт, гліне. Аж гул разносіцца. Здаецца, не чатыры чалавекі бягуць, а рота салдат.
Ускочылі ў нейкі двор. У двары круглы, што сподак, брызент вісіць, прымацаваны вяроўкамі да чатырох слупоў. Пад брызентам лаўкі, некалькі столікаў. Сапраўдны казачны шацёр. Толькі ядзення-піцення не хапае.
— Што гэта за шацёр? — пытаецца Васіль у Сакса.
— Людзі зрабілі. Спякотаю ад сонца хаваюцца.
— Давайце і мы схаваемся, крыху на лаўцы пасядзім, — прапанаваў Васіль.
— Не, мы ў пад'езд схаваемся. Скора Таран прытупае.
Схаваліся ў пад'езд. Я каля дзвярэй прымасціўся, у шчылінку пазіраю. Карціць сказаць што-небудзь — язык так і свярбіць. Не стрымаўся:
— Васіль, ты ад Тарана ўцякаў, як ад пясчанага ўдаўчыка.
— Табе што? — пакрыўдзіўся Васіль. — Ты тады збоку стаяў. Пабачым, што будзе, калі Таран прытупае.
Васіль як у ваду глядзеў. Таран тут як тут. Уляцеў, адразу пад шацёр, укленчыў, зазірнуў пад адну лаўку, пад другую… Ускочыў, носам зачмыхаў.
— Чмыхае, нібы вожык-вушасцік, — прагаварыў Васіль.
Мне стала смешна.
— Хі-хі,— не вытрываў я.
— Цішэй, — накінуўся Васіль. — Гэты вожык-вушасцік зараз сюды прытупае.
А я, як на грэх, гучна, на ўвесь голас:
— Ха-ха-ха…
Скажу вам, напалохаў Тарана. Падскочыў, бедны, нібыта пяты падсмаліла.
— Ой, вожык-вушасцік спалохаўся! — усклікнуў Васіль.
Я яшчэ мацней, два разы запар:
— Ха-ха-ха… ха-ха-ха…
На гэты раз Таран не падскочыў. Усміхнуўся, нібы самую салодкую цукерку з'еў. Пасля паціхеньку, нага за нагу, павалокся пад брызент. Сеў на лаўку, павярнуўшыся да нас спінаю. Сядзіць, раз-пораз соладка-соладка пазяхае.
— Дасмяяліся. Вам трэба ў пяску забаўляцца, — выгаварыў Сакс.
— Я не смяяўся, — пачаў апраўдвацца Васіль. — Гэта Антон. Я насмяяўся, калі праз сцяну пералазілі.
— Неяк няёмка па чужых пад'ездах туляцца, — прагаварыў Піліп Макаравіч.
— Пачакайце. Пачакайце мяне тут, — прамовіў Сакс і выйшаў з пад'езда.
Таран устрапянуўся. Няўжо кінецца на Сакса? Не. Сядзіць, сам сабе пад нос насвіствае. І Сакс стаў насвістваць. Таран сабе свішча, а Сакс сабе. Усё бліжэй да Тарана падыходзіць.
— Зараз Сакс звяжа гэтага вожыка-вушасціка, — прашаптаў Васіль.
— Чым? — пытаюся. — У Сакса вяроўкі няма.
— Чым-небудзь звяжа, — упэўнена прагаварыў Васіль.
Што, вы думалі б, неўзабаве ўбачылі? Сакс нечакана тузануў вяроўку, якая трымала брызент. Спярша з аднаго боку, праз імгненне з другога. Брызент упаў, накрыўшы Тарана.
— Рушыцца, — закрычаў Таран.
— Думае, што неба рушыцца, — сказаў Васіль. Сакс, не марудзячы, падскочыў да трэцяга слупа, тузануў вяроўку. Да чацвёртага…
Мы выскачылі з пад'езда. Шпік вішчэў пад брызентам, што парася:
— імем пана Карпа! Імем усемагутнага валадара! Загадваю… Блін зраблю… Выпусціце, нягоднікі!
— Сам ты нягоднік, — сказаў Сакс і гукнуў нам: — Хадзем! Хай павые. Мо што-небудзь дойдзе, мо ачалавечыцца.
— Спрытна вы, — пахваліў Васіль Сакса. — Раз, раз — і быццам у мех пасадзілі.
— Такога не шкодзіла б у мех пасадзіць, — падтрымаў Сакс. — Там яму месца.
Гэтак размаўляючы, мы крочылі па вуліцы. І раптам… Раптам завылі сірэны. Гук некалькіх сірэн, зліты ў адзін доўгі, прарэзлівы, быццам стагнаў над горадам. Хоць вушы затыкай. Я міжволі сцяўся. Няўжо Таран вылез з-пад брызенту, нейкім чынам даў знаць Карпу? Няўжо гэта сам Карп узняў трывогу? Няўжо нас шукаюць? Няўжо сюды прыбягуць легіянеры? Але чаму людзі ўрассыпную ляцяць як на злом галавы? Вунь, здаецца, нават той дзядок, з якім я нядаўна размаўляў, спяшаецца, кульгае. Куды ж ён? Ад легіянераў ратуецца?
Я схапіў за руку Сакса:
— І нам уцякаць?
— Не бойся. Карп паведамляе, што пачынаецца святкаванне дня яго нараджэння.
Нішто сабе навіна! Сірэны выюць, што галодныя каты. Ад такога паведамлення можна здранцвець.
— А чаму людзі ўцякаюць?
— Людзі не ўцякаюць, а спяшаюцца.
— Куды спяшаюцца?
— Кожны ў сваю кватэру. Вось-вось з'явяцца машыны, якія кісларод вырабляюць. Тады людзі скінуць балончыкі і зноў на двор.
— Я пра льва ўспомніў,— як мне здалося, ні з таго ні з сяго прагаварыў Васіль. — Ну, пра таго самага, які аблысеў. У Карпа ёсць і другія звяры?
— Ёсць. Ен іх у спецыяльным памяшканні трымае. Там растуць і кветкі, і дрэвы. Ды Карп не пускае туды нікога, акрамя самых давераных. Такіх, напрыклад, як Таран.
Нічога сабе! Тое, што прыродай завецца, што спрадвеку, як і ў нас, на Зямлі, расло, квітнела, жыло, развівалася, адабраў, сабе прысвоіў. Да чаго ж можа дайсці чалавек!
— Антон, — пацягнуў мяне за рукаў Васіль, — хадзем.
Я вытрашчыў вочы:
— Куды?
— Давай пашукаем памяшканне, дзе звяры сядзяць. На волю іх павыпускаем. Будзе Карпу дзень нараджэння!
Канешне, трэба павыпускаць. Пэўна ж, абрыдла ім сядзець у тым памяшканні. Ох і пагойсае за імі валадар! Відаць, найперш кінецца лавіць любімага лысага льва. Ен за ім, а той — ад яго. Схаваецца ў пад'езд і, як мы, будзе назіраць праз шчыліну. Карп да яго, а ён з пад'езда і пад брызент. Сядзе на лаўку: «Я тут. Я тут. Дагані мяне».
Вам, напэўна, смешна. Але гэтага лысага льва, шчыра скажу, я ўяўляў нібы чалавека. Хоць з хвастом, але на дзвюх нагах. Фантазія…
— Піліп Макаравіч, выпусцім звяроў на волю! Піліп Макаравіч схапіў мяне за плячо.
— Хлопцы, ці вы здурнелі?
— Чаму? — пазіраю на яго з недаўменнем.
— Звяры на волі загінуць! Нельга іх выпускаць. Вакол жа пяскі, кіслароду не хапае. Звяры, як і людзі, таксама кіслародам дыхаюць. Хіба вы забыліся?
І праўда, забыліся. Але ж… Але ж у пустыні ёсць змеі, павукі, мурашкі. Вожык-вушасцік у гарах бегае. Яны, як мы, балончыкаў не носяць.
— Піліп Макаравіч, а чаму змеі, павукі, мурашкі жывуць? Чаму вожык-вушасцік жыве?
— Нейкім чынам прыстасаваліся. У прыродзе шмат загадак. Я казаў пра гэта. Кароткая памяць у цябе, Антон. А льву, скажу вам, можна дапамагчы. Трэба зрабіць яму парык — вось і стануць прызнаваць яго другія львы.
Хацелася крыху паспрачацца з Піліпам Макаравічам, ды Васіль як крыкне:
— Глядзіце! Глядзіце! Хатка на курыных лапах!
— Не хатка, а машына, якая кісларод вырабляе, — паправіў Васіля Сакс.
Гэтая машына, ці, як сказаў Васіль, хатка на курыных лапах, па сваёй форме падобная на даўнюю карэту, якую цяпер можна хіба ў кінафільмах убачыць, вылезла з-за рога дома. З чатырох бакоў у яе тырчаць трубы, нібы гарматы. Замест колаў — курыныя лапы, як у лятальным апараце Сакса. «Туп-туп», — павольна ступалі курыныя лапы. «Уф, уф», — цяжка дыхала машына.
— Бач, як уфкае! — здзівіўся Васіль. — Гэта яна кісларод выдае.
— Здагадлівы ты, — сказаў Сакс.
Я, вядома, падбег бы да гэтай машыны, але ў зашклёнай кабіне сядзелі легіянеры ў чорных накідках. Надзьмутыя, нібы індыкі. Такія блізка не падпусцяць: злосна закрычаць, насварацца.
За першай машынай выпаўзла другая, трэцяя…
«Вось каб адну такую ў нашу вёску, — мільганула недарэчная думка. — Накаталіся б з Васілём, а пасля плугі прычапілі б і на поле. З усёй ваколіцы людзі пазбіраліся б. Як жа! Хатка на курыных лапах поле арэ».
Тым часам на вуліцу, што мурашкі з патрывожанага мурашніка, высыпалі людзі. Яны кудысьці беглі, спяшаліся.
— Куды гэта яны? — пытаюся ў Сакса.
— На плошчу. Кветку глядзець.
— Трэба і нам туды, — сказаў Піліп Макаравіч.
— Не, — запярэчыў Васіль, — я хачу паглядзець, як курыныя лапы ступаюць. Цікава.
Я пацягнуў Васіля за руку.
— Яшчэ наглядзішся.
— Пусці,— пачаў упірацца ён. Нарэшце Сакс яго напалохаў:
— Хутка тут ніводнага чалавека не застанецца. Што, калі Таран прыпрэцца? Ен цябе па галоўцы не пагладзіць. А на плошчы ўвесь горад. Народ туды валам валіць. Таран нас у натоўпе не заўважыць.
Васіль мусіў пагадзіцца.
— Але, той вожык-вушасцік, пэўна, даўно вылез з-пад брызенту.
Траўка — мураўка
На плошчы людзей — няма куды яблыку ўпасці. Усе моўчкі, без адзінага слова прасоўваюцца наперад. Пярэднія тоўпяцца, не пускаюць, а заднія напіраюць, лезуць, змахваючы з твараў пот. Такое адчуванне, што вялізны магніт цягне іх да сябе, не адпускае.
Я крануў за плячо Сакса.
— Скажыце, а дзе кветка?
Сакс паказаў на круглую, што шклянка, вежу (метраў на дзесяць у вышыню ўзнімаецца).
— Там.
Я стаў узірацца. Да болю ў вачах. Дарэмна. Нават лісціка не заўважыў.
— Там нічога няма, — паціснуў я плячыма.
— Кветка на вежы. У гаршку стаіць.
Вось яно што! Гэтая кветка — нейкая кветка-невідзімка. Вочы праглядзіш — не ўбачыш. А людзі ўсё роўна не адыходзяцца, мітусяцца, пнуцца бліжэй да вежы. Моўчкі, без сварак, без крыўды, нібы загіпнатызаваныя.
— Няма там ніякай кветкі. Хлусня. Карп людзям вочы замазвае, — сказаў я.
— Есць, — прамовіў Сакс. — Трымайцеся за рукі і за мною. Абавязкова пакажу вам кветку.
Узяўшыся за рукі (у гэткім натоўпе нядоўга згубіцца), мы пачалі праціскацца наперад. Мяне адпіхалі, а я ціснуўся бліжэй да Васіля, ззаду падштурхоўваў Піліп Макаравіч. Хтосьці балюча наступіў мне на нагу. Ды хіба будзеш глядзець хто!
Нарэшце я ўбачыў памост, падобны на сцэну. На гэтым памосце стаяў ці то тэлескоп, ці то вялізны бінокль. Побач тоўпіліся салдаты. Каля іх ляжаў мех. Людзі па прыступках паднімаліся на памост, кідалі ў мех, як я здагадаўся, грошы, нагіналіся, секунду-другую глядзелі ў дзіўны апарат і спускаліся ўніз. Вось каля мяне прайшоў малады хлапец. На вуснах — усмешка, твар свеціцца шчасцем. Ідзе, высока ўзняўшы галаву, распраміўшыся. За ім — дзяўчына. І яна Ўсміхаецца, штосьці нячутнае шэпча, а на шчаках — дзве слязінкі…
Прайшоў стары. «Э-э-эх!» — уздыхнуў. Доўга, працягла. Пра што ён успомніў?
— На сцэне бінокль. Праз яго можна кветку ўбачыць, — як здалёку, данёсся голас Сакса.
— Там грошы трэба плаціць, — сказаў Васіль. — У нас пуста ў кішэнях.
— Папытаю ў каго-небудзь. Пачакайце.
Плаціць грошы… Прырода гіне, а грошы застаюцца. Няўжо яны такія неўміручыя? Няўжо больш жывучыя, чым прырода? Відаць, не. Недзе ў памяшканні звяры, кветкі, дрэвы. Хоць і пад замком, але жыве прырода. Разумее Карп, што людзі і апошнюю капейку аддадуць, каб дзве-тры секунды падзівіцца на кветку. Усё нашаму козыру ў масць.
Я стаю, як у бязважкасці. Дзесьці па вуліцы ступаюць жалезныя курыныя лапы. «Уф, уф», — цяжка дыхаюць машыны. Цяжка, так не хочацца ім аддаваць кісларод. Сёння валадар будзе лічыць грошы…
Хтосьці ззаду штурхнуў мяне.
— ідзі. Чаго стаіш?
Нягнуткімі нагамі ступаю на памост. Што гэта? Памост ці сцэна? Памост… Сцэна… Вы мне скажаце: што гэта?
«Дзівак, — думаю сам сабе. — І я тут стаў дзіваком, як і ўсе. Не. Я не дзівак. Я чалавек. Ча-ла-век! Мне хочацца паглядзець на кветку. Яна ж часцінка, малая-маленькая часцінка прыроды. Я чалавек».
Я чалавек. Ступаю. Мне здаецца, што вось-вось лясне каля вуха, што пугай, вокліч: «Стой!» І я сам сябе прыспешваю: «Хутчэй!» Я чалавек. Я хачу паглядзець на кветку. Не праганяйце мяне! Дазвольце. Калі ласка.
Вось яны, акуляры бінокля. Падаю на калені, гляджу… Мяне не адарваць, не знойдзецца такой сілы, якая адарвала б ад акуляраў бінокля.
Кветка… Думаў, што дзіўная, заморская. А гэта звычайная траўка-мураўка. Траўка-мураўка… Яшчэ называецца спарыш… Яшчэ птушыная грэчка… Не. Траўка-мураўка… Казачны асілак-волат ляжаў, адпачываў, тулячыся шчакою да тваіх мяккіх лісцікаў. А другі, прагны, хлуслівы, з мячом у руках краўся, каб… Не. Пра гэта не думаць, не думаць. Думаць пра тое, што я бегаў басанож і ты лашчыла сваім дотыкам. Калі гэта было? Здаецца, учора бегаў. Так, учора. Як даўно!.. Зеленавата-белыя кветачкі… Звычайная траўка-мураўка…
Хтосьці балюча сціснуў маё плячо. І крык:
— Ён не заплаціў!..
Усё. Мігнулі зеленавата-белыя кветачкі і зніклі… А думалася, што не знойдзецца такой сілы, якая адарве мяне ад акуляраў бінокля. Знайшлася…
Я стаяў на памосце. Два легіянеры ў чорных накідках трымалі мяне.
— Ен не заплаціў! — гудзела над галавою.
— Штаны здымі,— хтосьці тоненька хіхікнуў. Я рвануўся.
— Пусціце.
— А ты плаці. Заплаціш — адпусцім. Інакш… Краёчкам вока я заўважыў, як на памост кінуліся Піліп Макаравіч, Сакс і Васіль.
Сакс штурхнуў легіянера ў грудзі. Піліп Макаравіч крыкнуў:
— Адпусціце.
Легіянеры, пэўна, разгубіўшыся, адступілі назад. Жалезныя пальцы адпусцілі мяне. Піліп Макаравіч узяў мяне за руку, што малога.
— Хлопчыкі, уцякайце. Сакс, ідзі з імі. Выручай…
— Не. Вы ратуйцеся. Я як-небудзь.
Нехта абняў мяне, павёў у натоўп. Я ступаў як не сваімі нагамі. Яшчэ памятаю, як мы з Васілём стаялі непадалёку ад памоста. А Піліп Макаравіч казаў:
— Людзі, не бойцеся валадара Карпа. Прырода дадзена вам не на дзве, не на тры секунды, а навечна. Людзі! Карп не ўсемагутны. Вашы рукі пасадзяць сад, вашы рукі зробяць з пустыні аазіс.
На Піліпа Макаравіча наваліліся легіянеры. Ен крычаў:
— Не бойцеся валадара… Не бойцеся Карпа. Натоўп скалануўся, загудзеў. У самай ціхай вады свая быстрыня.
— Людзі…
Натоўп падаўся наперад. Наперад… Не. На памост ускочыў Таран. Шпік Таран. Падбег да Сакса, сарваў вусы, бараду, узняў высока ўгору.
— Гэта Сакс! Дэзерцір Сакс! Наш усемагутны валадар шукае яго. У цямніцу! Хто яшчэ жадае ў цямніцу? Загінеце без кіслароду, што мухі. Усемагутны пан Карп…
Натоўп уздыхнуў у адзін голас і стаў адступацца, расцякаючыся ручайкамі. Нас з Васілём панесла ў гэтым жывым віры. Шчасце, што трымаліся за рукі.
Ноччу праз сцяну
Пайшлі глядзець кветку, а выйшла што? Легіянеры схапілі і Сакса, і Піліпа Макаравіча. Не думалася пра такое. А ўсё Таран… Зблытаў карты. Канешне, Піліп Макаравіч мог уцячы. Спярша легіянеры быццам аслупянелі. Сігануў бы ў натоўп — і як растварыўся б. Няўжо ён не разумеў, што легіянеры не дадуць гаварыць, што скруцяць? Навошта ён так зрабіў? Відаць, нейкая струна ў яго душы парвалася, не вытрывала. Занадта туга нацягнута яна была.
Мы з Васілём спярша проста так хадзілі па горадзе. Але вось загудзелі сірэны, і людзі, як і тады, калі мы першы раз пачулі гэты працяглы стогн, кінуліся ўрассыпную, хто куды.
— Па свае балончыкі пабеглі,— здагадаўся Васіль.
— Пабеглі,— прамовіў я. — А нам куды?
— Трэба ратаваць Піліпа Макаравіча і Сакса, — сказаў Васіль.
Ратаваць… Але як? Як вырваць іх з кіпцюроў Карпа? Па-першае, мы не ведалі, дзе знаходзіцца палац валадара. Па-другое, разумелі: палац жа ахоўваецца легіянерамі. Не прапусцяць нас, калі і вельмі папросім. Дый невядома, што з Піліпам Макаравічам і Саксам. А калі Карп загадаў, каб кінулі іх у тую клетку, дзе лысы леў?
— Васіль, ты што-небудзь прыдумаў?
— Не.
— Ты падумай. Добра падумай, — папрасіў я.
— Добра… Кепска, — са злосцю прагаварыў Васіль. — Ніколі так, як цяпер, я не думаў. Нават на ўроку матэматыкі.
Я штурхнуў яго.
— Цішэй.
Да нас набліжаліся нейкія мужчыны. Абодва барадатыя. У аднаго рыжая барада, а ў другога чорная. За плячыма і ў аднаго, і ў другога балончыкі з кіслародам. Значыць, паспелі надзець. Мужчыны спыніліся непадалёку.
— Бач, што сёння нарабілася, — прагаварыў чорнабароды. — Кажуць, што Карп аж ашалеў ад злосці.
— Хай шалее, — сказаў рыжабароды. — Сакса шкада. Ен быў не такі, як другія легіянеры.
— І незнаёмага шкада, — уздыхнуў чорнабароды. — Так добра казаў чалавек. Таран хваліўся, што ў цямніцу іх завёў. У тую, што каля палаца. Заўтра пацягне на допыт да Карпа.
— Чаму не сёння?
— Сёння ж у яго дзень нараджэння… І тут Васіль не стрымаўся, запытаў:
— Дзе палац знаходзіцца? Скажыце… Рыжабароды і чорнабароды пераглянуліся, змоўклі.
Некалькі секунд моўчкі пазіралі на Васіля. Нарэшце чорнабароды паказаў рукою направа.
— Там.
Павярнуліся і хутчэй, хутчэй ад нас.
— Баяцца, — уздыхнуў Васіль. — У сваім горадзе, і баяцца.
Так, баяцца Карпа. Ен хоча ўсіх-усіх у барані рог сагнуць. Хай стогнуть, хай плачуць — абы яму было добра. Спецыяльнае памяшканне пабудаваў. Там кветкі, там дрэвы, там трава. Дыхае кіслародам не з балончыкаў, а тым, што дрэвы выдзяляюць. Сеў людзям на карак, страх наганяе. Але ж у душы гэтых людзей ёсць і іншыя пачуцці — нянавісць, боль. Страх, нянавісць, боль… Дзе знайсці тую чарадзейную палачку, якая назаўжды пазбавіла б ад нянавісці, болю, страху?
— Куды цяпер? — пытаюся ў Васіля.
— Трэба палац валадара Карпа знайсці. Цяпер мы ведаем, што Піліп Макаравіч і Сакс там, ведаем, што жывыя-здаровыя. А пасля… Пасля пабачым, што рабіць.
Палац валадара мы заўважылі здалёку. Угору ўздымаліся, дзівячы прыгажосцю, ружовыя гмахі. Побач стаялі яшчэ нейкія будыніны самай незвычайнай формы: адны падобныя на парасон, другія на мухамор на доўгай ножцы, трэція тонкія, што іголка. Высокая мураваная сцяна адгароджвала палац з яго прыбудовамі ад вуліцы. На сцяне — заіржавелы дрот. Насупраць палаца — вароты. Легіянеры з доўгімі пікамі стаялі каля варот.
Каб вызваліць Піліпа Макаравіча і Сакса, трэба спярша ў палац пранікнуць. Але ж праз сцяну не пералезеш, — прагаварыў Васіль.
Вось каб праз вароты! Ды… — пачаў я і… як язык праглынуў, бо з варот выйшаў Таран.
Ен спыніўся, прыкрыўшы далонню вочы (сляпіла сонца), стаў глядзець у наш бок. Канешне, ён нас добра запомніў…
Васіль, уцякайма, пакуль не позна.
— Ыгы, — выдыхнуў Васіль.
Мы штосілы прыпусціліся па вуліцы. Я не азіраўся, але спінаю адчуваў, што Таран даганяе нас. Магчыма, проста са страху здавалася.
— Туды, — махнуў рукою Васіль, паказваючы налева.
Я не зразумеў, дзе ён хоча схавацца. Ды некалі было разважаць. У маёй галаве была адна думка: «Не адстаць. Толькі не адстаць ад сябра».
Куды ж, думаеце, завёў мяне Васіль? У сутарэнне. У сутарэнне, якое знаходзілася пад домам. Шчасце, што яно было без дзвярэй. Відаць, паленаваліся навесіць. Дый такое і на нашай планеце здараецца.
Мы забеглі ў самы канец. Каля сцяны, якая справа, ляжала лесвіца, а з другога боку — матрацы.
Васіль таўхануў іх нагою.
— Аж чатыры. Навюткія. Няўжо выкінулі?
— Не выкінулі, а проста паклалі,— кажу Васілю. — Як ты думаеш: Таран нас тут не знойдзе?
— Не знойдзе. Пра такіх, як ён, кажуць: галава — два вухі.
— Драўляная галава, — паправіў я.
Калі б Таран чуў, то, мабыць, лопнуў бы ад злосці. У самую змрочную цямніцу нас пасадзіў бы і тыдзень, не меней, ні піць, ні есці не даваў.
— Чаму тут лесвіца ляжыць? — здзівіўся Васіль.
— Калі б не пакінулі, то не ляжала б, — сказаў я.
— Але ж нехта прынёс яе. Навошта яна яму?
— Трэніруецца лазіць. Хоча акрабатам стаць, — пажартаваў я.
— Лазіць? Хм… Лазіць. Цікава, — прамовіў Васіль.
— Васіль, лазіць? — ускочыў я. — Ты сказаў: лазіць?
— Не я сказаў, а ты, — пачаў даказваць Васіль. Ды я не слухаў яго.
— Васіль, мы гэтую лесвіцу паставім і праз сцяну пералезем. Калі сцямнее.
— Нарэшце дадумаліся! — усклікнуў Васіль. Дадумаліся… Быццам не я адзін дадумаўся, як праз сцяну пералезці, а ўдвух дадумаліся. Хітрун. Што ж, няхай лічыць, што і ён дадумаўся. Галоўнае — праз сцяну пералезці. Пасля знойдзем тую цямніцу, дзе сядзяць Піліп Макаравіч і Сакс, як-небудзь адчынім. Павінны адчыніць.
— Васіль, пералезем?
— Пералезем. Мы і не праз такія сцены пералазілі.
Ну й дае! Быццам знарок для нас мураваныя сцены будавалі. Каб пералазілі праз іх. Любіць Васіль пахваліцца.
Я ўявіў тую сцяну, уявіў, як ставім лесвіцу, як карабкаемся ўгору. Легіянеры спяць як пшаніцу прадаўшы, а мы з Васілём карабкаемся… Нарэшце ўскарабкаліся. Што ж далей? На самым версе сцяны калючы дрот…
— Васіль, калючы дрот на сцяне. Забыўся?
— Ну і што? Штаны баішся парваць?
— Пакалечым рукі, ногі.
— А матрацы навошта? На дрот пакладзем. Сапраўды, у нас ёсць матрацы. Аж чатыры. Не падумаў.
— Пашанцавала нам, — кажу. — Калі б цяпер Тарана сустрэў, то руку паціснуў бы.
— За што?
— Не напалохаў бы нас — у гэты падвал не заляцелі б.
— І праўда, не заляцелі б, — здзіўлена прамовіў Васіль. — Дзякуй яму трэба сказаць.
— Васіль, мы ногі не паломім?
— Каму? Тарану — вушастаму вожыку?
— Сабе.
— Навошта мы сабе ногі будзем ламаць? Каб Карп падумаў, што інваліды? Каб пашкадаваў нас? — засмяяўся Васіль.
— Калі са сцяны скокнем, — удакладніў я. — Унізе, мабыць, цвёрда.
— Два матрацы на дрот пакладзём, а два ўніз кінем. Пасля — скок-скок — што на пярыну.
— Так можна, — пагадзіўся я.
— Давай крыху адпачнём, — прапанаваў Васіль.
Мы селі на матрацы, прыхінуліся да сцяны і непрыкметна паснулі. Мне прыснілася, што з татам пасвім кароў. Каровы ходзяць па выгане, а мы расклалі цяпельца і пячэм бульбу. Я чакаю, не магу дачакацца, калі спячэцца: «Тата, хутка?» — «Хутка, сынок», — усміхаецца тата. Нарэшце кіем выграбае з цяпельца некалькі бульбін. Я выбіраю самую вялікую, падкідваю на далонях (ох і пячэцца!). Пасля пачынаю лупіць. Толькі аблупіў — ні стуль ні ссюль валадар Карп. Сам вялізны, а галава лысая, што бубен. «Дай бульбу», — просіць.
А я: «Не дам. Адчапіся». Карп зноў: «Дай хоць кавалачак». — «Не дам», — кажу. Ен хапіў мяне за плечы. Стараецца пакаціць. Я штосілы ўпіраюся. Дзе ж тата? Чаму не бароніць?
— Уставай. Антон, прачніся. Ноч. Я расплюшчыў вочы. Цемень.
— Антон, ты не спіш?
— Не сплю.
«І чаму мне ўсё ежа сніцца? — думаю. — Сюды ляцелі — пірагі сніліся. Мама пякла. Цяпер бульбу з татам пяклі. І тады не мог дачакацца, калі спякуцца, і цяпер не цярпелася. Чаму так? Есці не хочацца. На тры дні Піліп Макаравіч сваім харчовым прэпаратам накарміў. А яшчэ гэты Карп… Няўжо ён такі ж лысы, як і ягоны любімы леў? Лезе абы-што ў галаву».
— Антон, ты малайчына.
— Кепікі строіш? — пазяхаю я.
— Праўду кажу, — прамовіў Васіль. — Калі б не ты, то мы не прачнуліся б.
— Чаму?
— Ты як засвістаў носам, дык я адразу падхапіўся. Думаў, што міліцыянер свішча. Мяне ў горадзе аднаго разу, калі вуліцу няправільна пераходзіў, міліцыянер хацеў аштрафаваць. Ледзь я адгаварыўся.
— Табе міліцыянер прысніўся? — пытаюся ў Васіля.
— Не памятаю, — прызнаўся Васіль.
— А мне прыснілася, што на выгане з татам бульбу пяклі. Расказаць?
— Пасля раскажаш. Некалі тары-бары разводзіць. Лесвіцу падымай.
— Цёмна. Галаву можна скруціць.
— Пратры вочы, — параіў Васіль. — Прывыкнуць да цемры.
Я працёр кулаком вочы. Сапраўды, у сутарэнні нібы пасвятлела.
Мы з Васілём паклалі на лесвіцу цюфякі, узяліся за лескі (Васіль спераду, я ззаду) і, спатыкаючыся, панеслі.
На вуліцах — ні ліхтарыка. Цемра ахутвае горад. Ціха-ціха. Толькі мы з Васілём ідзём, нясём лесвіцу, на ёй — матрацы. Крыху смешна, калі паглядзець збоку.
Але мне, прызнаюся, было не да смеху. Я раз-пораз азіраўся. Вось-вось, здавалася, выскачыць Таран-тарантул, галёкне на ўсю вуліцу: «Куды лесвіцу цягнеце?»
Вось і гмахі палаца. Я стараўся ступаць нячутна, што кот, нават дыханне стрымліваў. Мінулі вароты. Уф, пранесла. Цяпер і ўздыхнуць можна.
— Пранесла, — шапчу Васілю. — Спяць як забітыя.
— Кладзі лесвіцу, — скамандаваў Васіль.
— Гэта можна, — кажу. — Рукі анямелі. Васіль зноў камандуе:
— Здымай матрацы.
Хуценька знялі матрацы, прыставілі лесвіцу да сцяны. Першым палез Васіль. Я падаў яму адзін матрац, другі, трэці, чацвёрты.
— Паклаў на сцяну? — цікаўлюся.
— Паклаў.
— І ўніз кінуў?
— Кінуў. Давай за мною.
Васіль стаў на сцяну і скокнуў уніз. Знік, быццам і не было яго. Непрыемна, скажу вам, заставацца ў цемры, калі вакол ні душы.
Я хуценька палез па лесвіцы, ускарабкаўся на матрацы. Мякка, хоць кладзіся ды спі. Хітра прыдумалі.
— Васіль, дзе ты? — пазваў я ціха.
— Тут, — азваўся знізу Васіль.
— Не пакалечыўся?
— Не пакалечыўся, не пакалечыўся. Хоча з лаўкі зваліцца, ды не ўдарыцца.
— Куды мне скакаць?
— Прама, як стаіш. Хутчэй.
Я ўдыхнуў паветра і скокнуў уніз. На шчасце, трапіў якраз на матрацы.
— ідзі сюды, — паклікаў Васіль.
— А матрацы хай застаюцца?
— Хай застаюцца. На плячах будзем цягаць? Хопіць і балончыкаў.
Так-то яно так, але не думае пра тое, што легіянеры раніцай заўважаць. Тады яны ўсё наваколле ператрасуць. Нідзе схованкі не знойдзем.
— Васіль, легіянеры раніцай заўважаць.
— Мы гэтай жа ноччу пастараемся назад выбрацца.
— А лесвіца? Мы яе на тым баку пакінулі.
— А-а-а, — у роспачы прамовіў Васіль. — На гэты бок трэба было перацягнуць. Зусім забыліся.
— Дык што рабіць?
— Піліпа Макаравіча вызвалім. Ён нешта прыдумае.
— Прыдумае, — як рэха, азваўся я.
Рушылі наперад. Ні травы, ні ямінак пад нагамі. Роўна-роўна. Значыць, і тут, як і ў горадзе, гліна.
— Антон, — прагаварыў Васіль, — мы…
Я так і не даведаўся, што ён хацеў сказаць. Нечакана ўгары, над намі, загарэліся ліхтары. Стала светла-светла, што днём.
— Легіянеры! — усклікнуў Васіль.
Так, з усіх бакоў беглі легіянеры. У кожнага — піка, як і ў тых, якія стаялі каля варот. Легіянеры імгненна акружылі нас, наставіўшы пікі. Ні ўлева, ні ўправа.
Мы стаялі з Васілём, прытуліўшыся плечукамі. Няўжо канцы? Як легіянеры здагадаліся, што мы пералезлі праз сцяну? Няўжо заўважылі лесвіцу? Але ж толькі-толькі адышліся ад сцяны. Не паспелі б яны прыбегчы.
— Прыйшлі, даражэнькія? — пачуўся пісклявы галасок.
Легіянеры, якія стаялі насупраць нас, адступілі ўбок. Каго ж, думаеце, мы ўбачылі? Старога знаёмага шпіка Тарана. Ен ішоў да нас і ўсміхаўся, нібы сустрэў найлепшых сяброў, якіх не бачыў дзесяць гадоў ці мо нават дваццаць.
— Яслі да каня не ідуць. А вы прыйшлі. Што, галубкі, прыляцелі? — з задавальненнем пацёр рукі.
— Не прыляцелі, а пералезлі,— з выклікам прамовіў Васіль.
— Праз сцяну пералезлі? Ой, малайцы! Якія ж вы малайцы!
— Без пахвалы абыдземся, — не сцярпеў я.
— Хто ж вас пахваліць, як не я?
Таран прыгнуўся. Зірнуў на мяне, на Васіля. Зноў на мяне, пасля на Васіля.
— Падабаемся? — буркнуў Васіль.
— Яшчэ як падабаецеся! Такія прыгожанькія! Абодва як на падбор. Не хлопчыкі, а райскія птушаняткі. І адкуль жа вы прыляцелі?
У мяне кулакі самі сабою сцяліся.
— Цярпі,— сціснуў маю руку Васіль. — Знарок нервы тузае.
— Трэба цярпець. Трэба, — пачуў Таран. — Я вунь колькі нацярпеўся, калі за вамі гойсаў.
— Мы вас не прасілі,— сказаў Васіль.
— Яны не прасілі! Скажыце, калі ласка! Папросіце. Супроць шэрсці вас яшчэ не гладзілі. Мяне папросіце,—
Таран тыцнуў пальцам сабе ў грудзі.— Вы ведаеце, як мяне зваць?
— Таран, — прагаварыў Васіль.
— Не Таран, а пан Таран. Скажыце: пан Таран. Разам скажыце. Мне гэта даспадобы. Ну…
Таран узмахнуў рукою, што дырыжор.
— Таран, — крыкнулі мы з Васілём у адзін голас. Шпік скрывіўся.
— Трэба казаць: пан Таран. Пан Таран. Зразумела? Пан Таран.
— Даволі! — не вытрываў Васіль. — Лепей завядзіце нас у цямніцу.
— Хочаш у цямніцу? Разумненькі хлопчык, — Таран тыцнуў пальцам мне ў грудзі.— Можа, ты не хочаш у цямніцу?
— Хачу, — хуценька адказаў я.
Хіба я мог разлучыцца з Васілём? Нізавошта. Разам, так думалася, і ў цямніцы весялей.
Таран махнуў рукою, даючы знак легіянерам.
— Так і быць, у цямніцу іх. Калі ласачка.
У цямніцы
Цямніца, куды прывялі нас легіянеры, была сапраўднай цямніцай. Цемра, хоць вочы выкалі. Мы з Васілём селі каля сцяны.
— Васіль, чаму табе так у цямніцу захацелася? — пытаюся.
— Захацелася?
— Канешне, захацелася. Ты ж сам прасіўся: завядзіце нас у цямніцу.
— Вось ты пра што. Думаў, што Піліпа Макаравіча тут сустрэну. Дый усё роўна нас не адпусцілі б.
Канешне, не адпусцілі б. А Піліп Макаравіч і Сакс, як відаць, сядзяць у другой цямніцы. Пастараўся Карп, набудаваў цямніц.
— Васіль, што будзем рабіць?
— Пакуль паспім, а заўтра пабачым, як складзецца.
Але паспаць не ўдалося. Таран да нас завітаў. Паставіў пасярод цямніцы ліхтар, піскнуў, што мышка з-пад зямлі:
— Ну як, даражэнькія? Падабаецца?
— Матрацы прынеслі б. Мы іх каля сцяны пакінулі,— пазяхнуў Васіль.
— А як мяне зваць?
— Таран, — апярэдзіў я Васіля.
— Прыйдзецца вам на глінянай падлозе спаць. А наша гліна-гліначка цвёрдая-цвёрдзенькая. Намуляеце бакі, даражэнькія.
— Годзе смяяцца, — прамовіў Васіль. — Як вы ў такой цемры заўважылі нас? Расказалі б. Пахваліліся б.
— Скажаш: пан Таран?
— Скажу, — уздыхнуў Васіль.
Вядома, ён датуль не супакоіўся б, пакуль не даведаўся б. У кожную шчылінку хочацца яму зазірнуць. Мне дык было ўсё роўна. Хіба зменіцца што-небудзь, калі даведаюся?
— Паўтарай за мною, — урачыста прагаварыў шпік, — пан Таран.
— Пан Таран, — мармытнуў Васіль, як мядзведзь у бярлозе. — Хутчэй расказвайце.
Таран, радуючыся, пацёр рукі.
— Ты не спяшайся. Пацярпі. Не цярпіцца?
— Не цярпіцца, — прызнаўся Васіль.
Таран узяў ліхтар, памахаў ім, што кадзілам, перад самым носам Васіля.
— Я знікаю. Да сустрэчы, хлопчыкі. Васіль імгненна ўскочыў.
— А я… А я ўсю ноч буду крычаць: Таран, Таран…
— Што ты! Што ты! Таран нельга. Пан Таран можна. У нас усіх начальнікаў завуць пан. І я хачу быць начальнікам.
— Вам гэта што маслам па сэрцы? — пытаецца Васіль.
— А як жа.
— Дык расказвайце, калі хочаце.
— Супакойся, хлопчык. Раскажу.
Вось што расказаў нам Таран. Сутарэнне, у якое заляцелі мы з Васілём, было прыстанішчам для Тарана і яго памагатых. Часам яны адпачывалі там, спалі на матрацах, каб, усхапіўшыся праз гадзіну, зноў шныпарыць, шпіёніць. Людзі гэтае сутарэнне за вярсту абыходзілі. А мы… Мы ў самае логава заляцелі. Заўважыў Таран, скумекаў, што вырашым праз сцяну перабрацца. Вось і чакаў. Самі прыйшлі да яго ў рукі.
— Спрытна я вас? — хіхікнуў Таран, закончыўшы расказваць.
— Калі б у сутарэнне не забеглі, то не злавілі б, — прамовіў я.
— Адпачывайце, даражэнькія, — хіхікнуў Таран.—
Заўтра вас пану Карпу пакажу. Ен запытаецца, хто вы і адкуль.
— Таран, — не выцерпеў Васіль. Шпік вылупіў вочы.
— Ты абяцаў…
— Ну, пан Таран.
Таран-тарантул выскачыў з цямніцы, як апараны кіпнем. Відаць, спалохаўся, што зноў пачуе: Таран.
— Шкада мне яго, — прагаварыў Васіль. — На карачках поўзае, пад кожную лаўку зазірае. Каб толькі начальнікам быць.
— Не шкадуй, — сказаў я. — Заўтра ён нас так пашкадуе, што млосна стане.
— Давай спаць, — прапанаваў Васіль. Мне не спалася. Толькі заплюшчу вочы — лысы леў, што здань, вырастае. «Антон, аддай лесвіцу», — дражніцца. Непрыемна, скажу вам.
— Не спіцца? — пытаецца Васіль.
— Не спіцца. Усякая трасца ў галаву лезе.
— Зноў сніцца, як з бацькам бульбу пяклі?
— Не. Лысы леў у вачах стаіць.
— Які лысы леў? — здзівіўся Васіль.
— Ды той, пра якога Карп у аб'яве напісаў. Няўжо не памятаеш? Той леў аблысеў, яго не хочуць прызнаваць другія львы. Карп яшчэ ўзнагароду паабяцаў таму, хто дапаможа льву.
Васіль падсунуўся бліжэй да мяне, зашаптаў на самае вуха:
— Я ведаю, як выратавацца. Заўтра скажам Тарану, што вылечым ільва. Дапаможам яму.
Ці не праз сон кажа Васіль? Як яму дапаможаш? Ен жа зусім аблысеў.
— Васіль, ты не спіш? — пытаюся.
— Ні ў адным воку сну няма. Антон, мы дапаможам…
— Калі галава аблысее, то валасы на ёй і за сто гадоў не вырастуць, — кажу.
— Не валасы, а грыва, — паправіў мяне Васіль. — Валасы ў чалавека растуць, а ў ільва грыва.
— Ну, грыва, — пагадзіўся я. — Што ты хочаш зрабіць? Пальеш вады льву на галаву і скажаш: «Расці, грыва, і вялікая, і маленькая?»
— Навошта паліваць? Няхай зробяць парык. Парык для льва. Памятаеш, як Піліп Макаравіч казаў? Калі зрабіць парык для льва, то яго стануць прызнаваць і другія львы.
І праўда, казаў. Зусім з галавы вылецела. Піліпу Макаравічу можна верыць. Есць тоненькая нітачка, за якую нарэшце схопімся. Каб толькі не парвалася.
— Адразу свой сакрэт не раскрывай, — кажу Васілю. — Скажаш так: мы льву дапаможам, а Карп няхай усіх нас з цямніцы выпусціць. І цябе, і мяне, і Піліпа Макаравіча, і Сакса. Як думаеш: пагодзіцца?
— Думаю, што пагодзіцца. Вось пасля… Я яму ні на грош не веру.
Я ўздыхнуў:
— Нічога не зробіш. У нас няма іншага выйсця.
— Няма, — азваўся Васіль. — Давай на бакавую. На гэты раз я адразу заснуў. Ні пірагі, ні бульба, ні
Карп, ні леў у гэтую палову ночы мне не сніліся.
Парык для льва
Чуць свет у нашу цямніцу прыбег Таран. Стаў на парозе, што пень на дарозе.
— Уставайце, мае даражэнькія.
— Карп кліча? — пазяхнуў Васіль.
— Не Карп, а пан Карп, — паправіў яго Таран.
— Вельмі хоча нас бачыць? Таран увесь аж засвяціўся.
— Так хоча, што выказаць немагчыма. Такія прыгожанькія хлопчыкі яшчэ не траплялі ў нашу цямніцу.
— Не пойдзем, — прамовіў Васіль.
— Як гэта не пойдзеце? — вытрашчыў вочы Таран.
— А як ходзяць? — з выклікам прамовіў Васіль. — Нагамі. Вось мы і не пойдзем нагамі.
— Няўжо на руках пойдзеце? О-о-о, гэта пану Карпу будзе даспадобы. Пабягу паведамлю.
— Стойце! — крыкнуў Васіль. — Мы не пойдзем ні рукамі, ні нагамі.
— Бач, якія прынцы знайшліся! — працягла вымавіў Таран. — Я зараз легіянераў паклічу. Яны вас плётачкамі, плётачкамі. Пакажуць дзе ракі зімуюць.
Дадумаўся: плётачкамі. Такі пакліча. Хіба яму шкада нас? Яшчэ крычаць пачне, калі легіянеры стануць біць: «Пацярпіце, даражэнькія, пацярпіце…»
— Пачакайце. Мы можам ільва вылечыць, — кажу Тарану. — Любімага льва валадара.
Ен зірнуў спярша на мяне, пасля на Васіля.
— Навошта лячыць? Хіба любімы леў захварэў?
— Аблысеў,— сказаў Васіль. — Мы чыталі. Таран заморгаў вачыма. Здавалася, вось-вось пасыплюцца слёзы што боб.
— Але, аблысеў любімы леў. Пан Карп сам не свой. Так бядуе, так гаруе. Ох і шкада яго!
— Хопіць скнарыцца, — сказаў Васіль. — Мы можам дапамагчы льву. Не зразумела?
Таран імгненна павярнуўся.
— Пабягу паведамлю.
— Стойце! — гукнуў Васіль. — Мы дапаможам ільву толькі тады, калі ваш валадар адпусціць нас, Сакса і таго чалавека, якога вы ўчора схапілі.
— Пабягу паведамлю.
Дзверы зачыніліся. Я сядзеў і разважаў: «Карп хоча льву дапамагчы. Няўжо сапраўды шкадуе? Але чаму знішчыў на планеце Сіз амаль усё жывое? Чаму? Аднаго льва шкадуе, а тысячы звяроў знішчыў».
На гэта я не мог знайсці адказу. Хацеў запытацца ў Васіля, ды рыпнулі, адчыніўшыся, дзверы. Мы ўбачылі Тарана.
— Пан Карп згодны. Ен даў слова. Прашу.
Мы з Васілём выйшлі з цямніцы. Наперадзе клыпаў Таран, ззаду, за намі, тупалі легіянеры, узброеныя пікамі. Таран доўга вёў нас цёмнымі змрочнымі калідорамі. Нарэшце спыніўся перад высокімі дзвярыма.
— Тут пан Карп, — прыклаў палец да вуснаў.
— Дзе? Дзе? Нідзе не бачу, — знарок азірнуўся Васіль.
— Там, — тыцнуў пальцам Таран. — За дзвярыма.
— Так і сказалі б: там, а не тут.
— Нядобры хлопчык. — Таран памахаў пальцам, ушчуваючы. — Ой, нядобры. Я цябе наскрозь бачу. Такому сунь палец у рот…
— Адкусіць, — закончыў я.
Таран адхапіў палец. Відаць, падумаў, што Васіль сапраўды адкусіць. Пасля, два разы кашлянуўшы, асцярожна стукнуў у дзверы. Яны, як па камандзе, адчыніліся.
— За мною, — ціха прамовіў Таран.
Мы ўвайшлі ў вялізную залу. Падлога, сцены, столь — усё зіхацела. «Напэўна, і сцены, і столь, і падлога зроблены з умела дастасаваных крышталікаў гіпсу», — падумалася.
У канцы залы стаялі два троны. Адзін вышэйшы, а другі крыху ніжэйшы. На вышэйшым троне сядзеў, відаць, сам валадар Карп. Такога страхалюда я яшчэ не бачыў. Увесь чорны, што галавешка. Чорныя, кучаравыя, як у барана, валасы і на галаве, і на твары. Не зразумець, дзе барада, дзе вусы. Нават рота не відаць. Толькі вочы блішчаць, што ў галоднага. Не галава, а сапраўдны круглы чорны шар. Побач сядзела жанчына. Яе твар свяціўся, што святлафор, калі адразу запаліць усе ягоныя агеньчыкі. Уявіце самі. Губы нафарбаваныя чырвонай-чырвонай фарбай. Такой у нас звычайна пажарныя шчыты фарбуюць. Для вачэй не пашкадавала зялёнай фарбы. А шчокі жоўтыя, нібы жаўткамі ад яйца націралася. Непадалёку, выцягнуўшыся, стаяў гігант у чорнай з чырвонымі плямамі накідцы. Рост пад два метры. А таўшчыня… Удвух з Васілём мы яго не абхапілі б.
Было на што паглядзець. Адзін чорны, што галавешка, другая, што святлафор, трэці — сапраўдны волат-дуб.
— Пан Карп. Наш валадар, — кіўнуў галавою Таран, паказваючы на чорнага.
— Хай самі здагадаюцца, як мяне зваць, — падскочыла на троне жанчына-святлафор.
— Жонка пана Карпа, — шапнуў Таран.
Васіль адкрыў рот, каб нешта сказаць, ды мужчына-гігант як гаркне:
— Маў-чаць!
У нас з Васілём і насы апусціліся.
— Не бойцеся, — усклікнула жанчына-святлафор. — Наш генерал Курт забыўся ўсе словы, акрамя аднаго: маўчаць.
«Курт — ад слова «каракурт», — думаю сабе я. — Каракурт — ядавіты павук. На яго брушку трынаццаць плямінак белаватага альбо чырванаватага колеру. Так, здаецца, тлумачыў Сакс».
— Хто з вас здагадаецца, як мяне зваць? — падскочыла на троне жанчына-святлафор.
— Скажыце: Саўка, — шапнуў Таран. — Ей будзе даспадобы, што вы здагадаліся.
Смешна і пацешна. Жанчына, а імя мужчынскае — Саўка.
— Дык як мяне зваць?
— Скажыце: Саўка, — прашаптаў Таран.
Я зірнуў на Васіля. Аж калоціцца ад бязгучнага смеху — лапаткі так і ходзяць ходырам.
Я штурхнуў яго.
— Кажы: Саўка.
— Саўка… Ха-ха-ха… Саўка… — паехаў з рогату Васіль.
Мне думалася, што Саўка ўзлуецца, затупаціць нагамі. Але ж не. Захіхікала, трымаючыся за жывот:
— Хі-хі-хі… хі-хі-хі…
— Чаму яе зваць Саўка? — павярнуўся я да Тарана.
— Ад назвы кветкі — красаўка.
І праўда, ёсць такая ядавітая кветка красаўка… Адкінуць першыя тры літары — выходзіць Саўка. Цікава…
Саўка нарэшце перастала хіхікаць, звярнулася да Карпа:
— Гэтыя хлопчыкі мне даспадобы. Яны будуць маімі поні.
Поні, поні… Гэта ж конікі невялікага росту. Іх, здараецца, у цырку паказваюць. А яшчэ поні ў вазкі запрагаюць, і яны дзяцей возяць. Бачылі з Васілём, калі ў сталіцу на экскурсію ездзілі. Што ж выходзіць? Саўка загадае, каб зрабілі маленькія возікі, а мы з Васілём будзем яе вазіць. Да чаго дадумалася! Такое і ў сне не прысніцца.
— Не, — адкрыў я рот, каб запратэставаць. А Курт на ўсё горла:
— Маў-чаць!
— Дазволь, Карп. Я вельмі цябе прашу.
— Яны хочуць майму любімаму льву дапамагчы, — прагаварыў Карп, раздзельна вымаўляючы кожнае слова.
Яго голас гучаў роўна, аднатонна. Здавалася, што гэта гаворыць не чалавек, а добра адрэгуляваная машына.
Саўка, надзьмуўшыся, адвярнулася. «Не даспадобы. Так табе і трэба», — падумаў я.
Наперад выступіў Васіль.
— Каб…
— Маў-чаць! — гукнуў Курт.
— Няхай кажа, — прамовіў Карп.
— Каб другія львы не праганялі вашага любімага льва, трэба зрабіць яму парык. Парык закрые лысіну, — выпаліў Васіль, як выдатна вывучанае правіла.
— Таран, — шчоўкнуў пальцамі Карп, — маё слова: зрабіць майму любімаму льву парык і пусціць яго да другіх ільвоў. Паведаміш, ці дапамагло. Чакаем.
— Спяшаюся, пан Карп.
Таран умомант вока знік. Нібы таракан, які схаваўся ў шчыліну.
— Дазвольце запытацца, — звярнуўся я да Карпа.
— Маў-чаць! — гукнуў Курт.
— Дазваляю, — махнуў рукою Карп.
— На вашай планеце няма звяроў,— пачаў я. — Многія загінулі, а астатніх вы загадалі знішчыць. Вам не шкада іх?
— Ніколечкі.
— Чаму? Лысага льва шкадуеце…
— Леў — мой. А тыя, якія па волі бегалі,— усіх. Я не хачу, каб усе цешыліся. Адзін хачу. Леў — мой. І таму гляджу як вока.
— Ваша ўцеха можа хутка скончыцца, — сказаў Васіль. — У няволі звярам жывецца нясоладка. Вось і леў аблысеў.
Карп зыркнуў на нас вачыма. — На мой век хопіць.
Бач ты яго! Сабе — усё, іншым — гула асмаленая. Няма ў яго жалю. Закруціць у галаве — знішчыць і тых звяроў, якія ў няволі. Трэба ратаваць іх. Трэба. Што ж зрабіць? Піліп Макаравіч… Адзін ён здольны дапамагчы. Дзе ж ён цяпер? Чаму не пагадзіўся лес пасадзіць? Не хацеў… Баяўся, каб горай не было. Горай, відаць, не будзе…
— Вы чалавекам нарадзіліся, — прамовіў Васіль.
— Не вучы. Яшчэ малако на губах не абсохла. Я валадар. Усёй планеты валадар.
Невядома, да чаго мы дагаварыліся б. Ды побач з намі, як з-пад зямлі, вырас Таран.
— Што? — прыўзняўся Карп.
— Есць парык. Зрабілі. Леў скача, як малое кацянё.
— Прынялі яго другія львы?
— Прынялі. Як найроднага. Радасць, якая радасць у нас! Пан Карп, трэба аб'яву напісаць. Вялікімі-вялікімі літарамі. Няхай усе ведаюць пра вашу мудрасць.
— Хачу, каб гэтыя хлопчыкі сталі маімі поні. Я сама сабе гаспадыня, сама сабе пані. Хачу! Хачу! — прарэзліва закрычала Саўка.
Генерал Курт з перапуду:
— Маў-чаць!
— Маўчаць? Каму маўчаць? Усе здзекуюцца з мяне. Здзекуюц-ца-а…
У Курта задрыжэла ніжняя сківіца. Ен сагнуўся ў тры пагібелі.
— Здзекуюцца! Не хачу маўчаць! — расхадзілася Саўка, што халодны самавар.
Карп узяў Саўку за руку, прагаварыў ледзяным голасам:
— Супакойся, дарагая. Ты можаш забраць іх сабе.
— А слова? Ваша слова! — крыкнуў Васіль. — Вы паабяцалі, што адпусціце нас.
— Маў-чаць! — гукнуў Курт.
Ен зноў выцягнуўся, лыпаючы на нас вачыма.
— Мы ніколі не станем вашымі поні,— сказаў я, звяртаючыся да Саўкі.
— Дурань! — таўхануў мяне Таран. — Цябе будуць карміць і паіць. Чый хлеб ясі, таму і песню спявай. Не разумееце. Молада-зелена…
— Не будзем поні,— як адрэзаў Васіль. Саўка скрывілася.
— Карп, яны не хочуць.
— А мы іх нашаму любімаму льву. Хай пагуляе з імі ў кошкі-мышкі.
— Ой, як добра! — успляснула рукамі Саўка. — Кошкі-мышкі! Мне даспадобы.
Карп шчоўкнуў пальцамі.
— Таран, клетку з нашым любімым ільвом.
— Спяшаюся, пан Карп. Вельмі спяшаюся.
Мы з Васілём моўчкі пазіралі на Карпа і Саўку. Кінуцца на іх? Генерал стаіць што волат-дуб. Папрасіць, каб дараваў? Але ж мы ні ў чым не вінаватыя. Калі не вінаваты, то не апраўдвайся. Так людзі кажуць. Дый пасля Саўку вазі. Лепей хай леў разарве.
Я крануў Васіля за руку.
— Не бойся. Не заўсёды звяры на людзей кідаюцца.
— Антон, — прашаптаў Васіль, — я…
Апошнія словы я не дачуў. Легіянеры ўкацілі ў залу клетку. У клетцы важна сядзеў леў. Грыва як грыва. Не пазнаць, што парык.
— Пан Карп, адчыняць? Няхай заходзяць даражэнькія? — запытаў Таран.
— Няхай заходзяць. Я слоў на вецер не кідаю. Таран адчыніў у клетцы дзверцы, падскочыў да нас.
— Заходзьце, хлопчыкі. Міласці просім. Прывітайцеся з панам ільвом.
— Хі-хі-хі,— захіхікала Саўка. — Як радасна!
А вось у мяне не было радасці. Я ішоў як назаўтра трэба. Што ж, у клетку да льва — не да сябра на імяніны.
Зірнуў на Васіля. Усміхаецца. Можна падумаць, што не першы раз вось так на спатканне з ільвамі ходзіць.
Дзверцы за намі з грукатам зачыніліся. Леў сядзеў, касавурачы вочы.
— Калі ён разарве іх? — затупацела нагамі Саўка. Да клеткі падскочыў Таран і давай цкаваць ільва, як сабаку.
— Кусі! Кусі! Узяць іх!
Саўка: «Калі разарве?» А гэты: «Кусі! Кусі!» Як кажуць, такога і ворагу не пажадаў бы. Пашанцавала нам…
Леў устаў, за барабаніў хвастом, аблізнуўся. «З'есць, не пашкадуе. А мы стараліся для яго», — прабегла ў галаве.
— Падыдзі бліжэй. Затулі мяне, — прашаптаў Васіль.
Баіцца. Хоча, каб на мяне першага леў накінуўся. Хоча, каб мяне першага з'еў. А так смела ішоў у клетку. Што ж, няхай есць мяне. Першага…
Я ступіў наперад, затуляючы Васіля ад ільва. Васіль тузануў мяне за сарочку.
— Збоку стань. Каб тыя мяне не бачылі.
Каб тыя не бачылі… Значыць, прыдумаў штосьці. Няўжо выратуемся?
Я адступіў назад. Нават рукі расставіў, каб затуліць Васіля. А Васіль выняў з кішэні Мураша (зусім вылецела з галавы, што Мураш у Васіля ў кішэні), паднёс да рота, прагаварыў: «Ратуй нас, добры Мураш». Апусціў, скамандаваў:
— Наперад.
Бачылі б вы, як наш супер-міні-камп'ютэр накінуўся на льва! Нібы кот на мыш. І давай казытаць усімі лапкамі. Леў упаў што падкошаны. А Мураш стараецца, казыча, не дае перадыхнуць. Леў вырашыў схітрыць: то на адзін бок перакоціцца, то на другі. Ды хіба ўратавацца яму ад Мураша? Нават парык з галавы зляцеў. Галава непрыгожая, нейкая не львіная. Дрыгаў, дрыгаў лапамі, а пасля як зараве, нібы трактар, які заводзяць.
Пашкадаваў я беднага лысага льва.
— Васіль, хопіць. Правучылі.
— Кругом. Назад. Сеанс закончаны, — скамандаваў Васіль і, схапіўшы Мураша, прытуліў яго да грудзей. А леў ляжыць, што сноп, не варушыцца.
— Узяць. Схапіць. У цямніцу, — пачуўся голас Карпа.
Набеглі легіянеры, схапілі нас, павялі, штурхаючы.
— Не перажыву-у-у! — пачулі мы напаследак, як загаласіла Саўка.
Разам з шымпанзэ
У другі раз дапамог разумны Мураш. Памятаеце, калі дапамог нам першы раз? Калі ў цясніне праз гліняную сцяну не маглі пералезці. Тады перацягнуў вяроўку на другі бок сцяны, трымаў яе, пакуль не пералезлі. Цяпер жыццё выратаваў. Канешне, разарваў бы нас леў. Хіба льва адолееш? Цар звяроў. А маленькі Мураш перамог. Самога цара звяроў перамог!
Нас з Васілём зноў упіхнулі ў цямніцу. Ноччу было і сумна, і страшна. Цяпер жа мы не адчувалі ні суму, ні страху. Успамінаючы нядаўняе, жартавалі.
— Леў перакаціўся і лапамі дрыгае, — сказаў Васіль. — Мураш па жываце, што па дарозе, бегаў.
— Пасля леў ускочыў, на клетку кінуўся. Мураш яго дагнаў і за хвост, — дадаў я.
— Няпраўда, — не пагадзіўся Васіль.
— Дагнаў і да сябе цягнуў. Леў яшчэ ўпіраўся. На свае вочы бачыў,— прамовіў я, хоць, шчыра прызнаюся, не бачыў гэтага.
— Не ўпіраўся. Няпраўда.
Вядома, не ўпіраўся. Ды мне чамусьці хацелася распісваць, выдумляць, фантазіраваць.
— Упіраўся. Мураш яго на метр, не меней, падцягнуў.
Васіль, відаць, здагадаўся, што знарок выдумляю.
— Антон, усё-ткі шкада льва. Ен жа звер. Ен не разумее, добры чалавек перад ім ці кепскі.
— Шкада, — пагадзіўся я. — Яму і так хапіла. Аблысеў. Цяпер Мураш накінуўся. Ну, ды нічога страшнага. Гэта яму як прафілактыка. Будзе ведаць, як на чалавека кідацца.
— І пальцам… — пачаў Васіль.
— І лапай, — паправіў я яго.
— І лапай не кране, — сказаў Васіль. — Дзесятаму закажа.
— Давай напусцім Мураша на Карпа і Саўку, — прапанаваў я Васілю. — Хай паказыча. Выпусцяць і нас, і Сакса, і Піліпа Макаравіча. Нечага на іх хлуслівае слова спадзявацца.
— А гэта ідэя! — усклікнуў Васіль.
Ен хуценька засунуў руку ў кішэнь і… аж застагнаў:
— Няма Мураша.
— Жартуеш? — не паверылася мне.
— Антон, мне не да жартаў.
— Ты Мураша ў рукі ўзяў. Сам бачыў.
— Згубіў. Думаў, што ў кішэнь паклаў… Калі легіянеры вялі, то штурхалі… Упаў Мураш, а я не заўважыў.
— Эх ты-ы! — толькі і прамовіў я.
Што было рабіць? Аблаяць Васіля? Абазваць разявакам і другімі крыўднымі словамі? Але хіба гэта дапаможа? Дый Васілю і без таго кепска. Глядзіць на сцяну, а ў вачах слёзы…
Мураш… Ен выратаваў бы нас. Не толькі Карпа, Тарана і Саўку, але і ўсіх легіянераў разам з генералам Куртам паразганяў бы. Яшчэ не нарадзіўся такі чалавек, які козытаў не баіцца.
— Васіль, ты не бядуй, — я стараўся гаварыць спакойна, каб не выдаць сваёй трывогі.— Мы знойдзем Мураша. Недзе ляжыць. Ен не растане, як снег, які ў хату прынясеш.
Васіль глянуў на мяне з надзеяй.
— Знойдзем? Лічыш, што знойдзем?
— Канешне, знойдзем.
Я і сам пачаў верыць, што знойдзем. Гэтая вера быццам дала мне новыя сілы.
— Васіль, нікому ні гу-гу пра Мураша. Ні Карпу, ні Тарану. Калі даведаюцца, што ён такі здольны, то ні за якія грошы не аддадуць.
— Само сабой зразумела, — сказаў Васіль. — Як жа знайсці нам Мураша? Антон, давай памяркуем.
Але памеркаваць, як сказаў Васіль, не паспелі. Рыпнулі, расчыніўшыся, дзверы нашай цямніцы. Мы ўбачылі Тарана. Каля яго скакаў вялізны калматы шымпанзэ. У шымпанзэ, як і ў мяне, як і ў Васіля, вісеў балончык з кіслародам.
Таран увайшоў у цямніцу, і шымпанзэ за ім.
— Сябра вам прывёў,— паказаў на шымпанзэ. І дзе ён знайшоў такога калматага сябра? Штосьці
задумаў. Без дай прычыны не прывёў бы.
— Вы хочаце яго з намі пакінуць? — пытаецца Васіль.
— А як жа. Стараюся для вас. Каб весялей вам было. Мо добрым словам мяне ўспомніце. Так што прымайце. Цудоўны сябар. Можа на руках пагушкаць, можа ў шчаку плюснуць.
Мы з Васілём, не адрываючыся, глядзелі на шымпанзэ. Не шымпанзэ, а сапраўдны генерал Курт. Магутныя рукі, ногі, доўгія пальцы, рост, напэўна, не меней чым сто пяцьдзесят сантыметраў. Такі пагушкае. Так пагушкае, што болей не захочаш.
— Даспадобы вам гэты сябар? — усміхнуўся Таран.
— Гэтаму сябру трэба па лесе бегаць, па дрэвах лазіць, а не ў цямніцы сядзець, — прагаварыў Васіль.
— Хлопчыкі, прызнайцеся. Адкуль вы? І яшчэ мне скажыце: як ільва напалохалі? — нечакана сказаў Таран.
Ага, цікавіцца. Значыць, Карп не ведае, што ў нас быў Мураш. Відаць, са страху ні ён, ні Таран, ні Курт, ні Саўка не заўважылі, як Мураш ільва казытаў. Есць надзея, што знойдзем.
— Акрыяў леў? — пацікавіўся я.
— Аддыхаўся. Ох і пажартавалі вы з ім! Свавольнікі, жэўжыкі…
Паглядзець збоку на Тарана — нішто сабе чалавек. Не злуецца, усміхаецца. Страчаюцца такія: цёсечка-цёсечка, а потым: стой, воўк цябе рэж! Я адчуваў, што выпусціць кіпцюры. І выпусціў:
— Не жадаеце казаць? Пашкадуеце, чэрці паласатыя.
— Не палохайце, — не вытрываў Васіль.
Таран, усміхнуўшыся, дастаў з кішэні доўгую, што верацяно, цыгарэту, прыкурыў. А шымпанзэ, чаго ніяк не чакалі, схапіў яе і сабе ў рот.
— Да пабачэння, хлопчыкі,— крыкнуў Таран, зачыняючы дзверы.
Нам з Васілём было не да яго. Мы вачэй не зводзілі з шымпанзэ. А той сеў у куток і давай смаліць. Зацягнецца, надзьме шчокі і выпусціць цэлы клуб дыму. Шэрымі воблакамі дым распаўзаўся па цямніцы. Васіль стаў кашляць, я — таксама. Аж слёзы з вачэй пацяклі. Шымпанзэ смаліць, не зважае.
— Эй, табакур! Кінь гэтую гадасць. Кінь, — замахаў рукамі Васіль.
— У-у-у… — закрычаў шымпанзэ і выпусціў цэлае воблака дыму.
— Курыць шкодна. Няўжо не разумееш? — стаў ушчуваць я.
— У-у-у… — адказаў шымпанзэ і зноў цыгарэту ў рот.
Я затуліў нос і рот далонню. Слёзы ручаём цяклі па шчаках.
— Да чаго давялі жывёлу! Курыць прывучылі,— прамовіў Васіль. — Знайшлі пацеху!
— У-у-у… — замахаў галавою шымпанзэ. Раптам адчыніліся дзверы. Мы з Васілём кулём выкаціліся з цямніцы. Далей, далей ад такога сябра.
Батанічны сад, дзе гуляюць маленькія слонікі
На калідоры стаяў Таран. Ен лагодна, па-сяброўску ўсміхнуўся:
— Хлопчыкі, не крыўдуйце на мяне.
— Навошта малпу табакурам зрабілі? — прамовіў Васіль.
— Так пану Карпу захацелася. Яго слова — закон. Шымпанзэ спярша ўцякаў, калі цыгарэту паказвалі. І кашляў, бедны, і чыхаў. А пасля сышло. Цяпер галавою аб клетку б'ецца, калі не дасі курыць. Крычыць, плача, што дзіцё малое. Глядзець немагчыма. Душа баліць.
Нам, памятаю, расказвалі ў школе, што шымпанзэ надзвычай кемлівыя жывёлы. У іх лёгка выпрацоўваюцца ўмоўныя рэфлексы. Шмат чаму можна іх навучыць. Але такому? Напэўна, дзень і ноч думаў бы, але не дадумаўся б. Няшчасны шымпанзэ. Калі б яго цяпер у лес выпусціў, то ўцякаў бы адтуль, што мыш ад ката. У лесе, як вядома, цыгарэты не растуць. Лес — даўні сябар шымпанзэ — болей не патрэбен яму. Вось як можна перавярнуць усё з ног на галаву.
— Варыць у вашага Карпа галава. Яго толькі ў бочку пасадзіць, засмаліць і ў рэчку кінуць, — не стрымаўся я.
— Цішэй, цішэй, — замахаў рукамі Таран. — Ціпун табе на язык. Пан Карп шчоўкне пальцам — і галава з плеч. Альбо легіянеры рэбры пералічаць.
— Няхай шчоўкае. Абрыдла тут, — агрызнуўся я.
— Антон, не трэба. Супакойся, — папрасіў Васіль.
— Вы з сябрам шымпанзэ сядзелі, а я за вамі праз акенца назіраў. Праз такое круглае-круглае, — нечакана паведаміў Таран.
— Назіралі? — не паверыў я.
— Назіраў. Не хлушу. Пан Карп загадаў, каб я даведаўся, што вы з сябрам шымпанзэ зробіце, калі пачне курыць. Нешта такое ёсць у вас. Вы льва перамаглі.
Вось яно што! Нездарма прывёў да нас няшчаснага шымпанзэ. Спадзяваўся, што не вытрываем, свой сакрэт адкрыем. Карп, відаць, гэтак прыдумаў. Хітры, хоць і галава нібы шар. Не здагадваліся, што ёсць акенца, праз якое можна назіраць. Трэба трымаць вуха востра. Як гаворыцца, і сцены вушы маюць.
— Патаемна назіралі за намі і раптам прызналіся? Чаму так? — пытаецца Васіль.
Вочы ў Тарана забегалі, што ў злодзея, на якім шапка гарыць.
— Нам… Хлопчыкі, нам мірна трэба жыць. І сам пан Карп гэтага жадае. Пабудзьце ў нас. Пагасцюйце. Адкуль вы з'явіліся? Не скажаце? Ну і не трэба. Хутка вам дзіўнае дзіва пакажу. Я аніякіх сакрэтаў ад вас не хаваю. Верце мне.
Васіль непрыкметна міргнуў. Маўляў, не вер. На мякіне хоча абвесці. Падводзіць міну. Але я і без яго скумекаў, што новую тактыку выбраў шпік. Каб усё-ўсё пра нас даведацца. Не скокам, дык бокам… Выбірай, выбірай! Прытворымся, што не разумеем.
— Якія дзіўныя дзівы хочаце нам паказаць? — звярнуўся я да Тарана.
Таран узняў угору выцягнуты палец.
— О-о-о, паважаныя хлопчыкі! У вас вочы разбягуцца. Паверце мне.
— Сёння пакажаце свае дзіўныя дзівы? — пытаецца Васіль.
— Цяпер жа пакажу, паважаныя, даражэнькія. Таран прывёў нас у вялізны батанічны сад, у тое спецыяльнае памяшканне, пра якое казаў Сакс. Чаго тут толькі не было! Сапраўдныя дзіўныя дзівы.
Спярша мы ўбачылі дуброву. Сотня, не меней, маладых зялёных дубкоў. У густой парыжэлай траве — баравікі. Усе адзін у адзін, што краменьчыкі. Убачыў бы такія ў нашым лесе — кінуўся б збіраць, забыўшыся пра ўсё на свеце. Радавалася б душа. А тут… Не падымалася рука, каб сарваць. Чаму так, і сам не ведаю.
Мінулі дуброву. Увайшлі ў змешаны лес. Бярозы, асінкі, альшыны, клёны, ліпкі… У густым лазняку дзінькалі, цёхкалі, цвіркалі, перасвістваліся птушкі, з-пад ног выскаквалі яшчаркі.
Затым убачылі пальмы, архідэі, кактусы, дрэвы, абсыпаныя апельсінамі, лімонамі, мандарынамі. На клумбах раслі самыя розныя кветкі. Мноства кветак. Здавалася, хтосьці распаліў вялізнае рознакаляровае вогнішча.
— Да чаго ж дадумаўся пан Карп! — прагаварыў Васіль. — Сам у зялёным царстве жыве, а людзям адзін раз у год траўку-мураўку паказвае.
— Прыйдзе час, — сказаў я, — і гэты куточак раю пустыня знішчыць. Пяскі бязлітасныя, як і Карп.
— Пан Карп лічыць, што на яго век хопіць, — заўважыў Таран.
— Чулі,— са злосцю прамовіў Васіль.
Па вузенькай сцяжынцы мы спусціліся ўніз. Возера… Круглае, што сподак. Ганарліва выгнуўшы шыі, плаваюць лебедзі. Пад пальмамі, на беразе возера, стаяць лаўкі. І самае дзіўнае. Па дарожках, пасыпаных белым пяском, шпарка бегаюць маленькія, не большыя за сабаку, слонікі.
— Пан Карп загадаў, каб такіх вывелі,— пахваліўся Таран.
— Пойдзем адгэтуль. Не па сабе мне тут, — сказаў Васіль.
— Пойдзем, — пагадзіўся я.
Трывожна, балюча было на душы. Уся дзівосная зеляніна здавалася падробкай, створанай для абману, як гэтыя маленькія цацачныя слонікі.
— Вам не даспадобы? — пацікавіўся Таран.
— Усё быццам пад шклом, быццам у музеі. Дакрануцца страшна, — сказаў Васіль.
— Такой раней была ўся наша планета, — прагаварыў Таран.
Я зірнуў на яго. Усміхаецца, падміргвае, нібы клоун. Як агідна!
— О-о-о, пан Карп вялікі валадар! Балабоніць, не спыняецца. Хоць ты яму на язык наступі.
— Пабеглі,— кажу Васілю.
— Пабеглі.
Мы прыпусцілі па дарожцы, пасыпанай жоўтым пяском.
— Куды вы? Куды? — крыкнуў Таран. — Не ўздумайце хавацца. Ад мяне не схаваецеся. Знайду, даражэнькія.
Таран дагнаў нас каля самага выхада з батанічнага сада. Мы не думалі ад яго хавацца. Нам хацелася хутчэй вырвацца з гэтага музейнага зялёнага раю. І, канешне, хацелася хутчэй знайсці Мураша. Знайсці і напусціць яго на Карпа, на Тарана, на Курта, на Саўку, на ўсіх-усіх іхніх памагатых.
— Ай-яй-яй, як непрыгожа! Ледзь лоб не разбіў, даганяючы вас, — заенчыў Таран.
Паглядзелі б на яго. Мокры што пацук. Хоць выкручвай.
— Вам трэба ранішняй гімнастыкай займацца, — параіў Васіль.
— Хапае мне гімнастыкі. Пану Карпу дагадзі, ягонай жонцы дагадзі, пану генералу дагадзі… Цяпер і вы на маю галаву зваліліся, — паскардзіўся Таран.
— Чаму лавілі нас? Не злавілі б — не зваліліся б, — выгаварыў Васіль.
А Таран:
— Хлопчыкі, што вам дапамагае львоў перамагаць? Прызнайцеся.
Зразумела, чаму павёў у батанічны сад. Добранькім прыкідваецца, у камізэльку плача. Думае, што паверым яму. Пляце сетку, нібы павук павуціну. Бач, як натапырыў вушы. Чакае, калі прызнаемся. Няма дурняў. Дарэмна спадзяешся.
— Мы да вашага льва і блізка не падыходзілі,— сказаў я. — Патрэбен ён нам.
— Леў сам стаў скакаць і качацца. Так яму захацелася, — дадаў Васіль.
Думаеце, што адчапіўся Таран? Прамаўчаў? Такі не адчэпіцца.
— Хлопчыкі, верце мне. Я добры чалавек. Я ніколі нікому нічога ніякага, а калі што якое, дык што там такое? Я ваш сябар. Я з вамі заадно. Шапніце мне на вуха. Лягчэй на душы стане. Ой як цяжка сакрэты насіць! Шапніце, не бойцеся. Нікому не скажу. Каб я з гэтага месца не сышоў.
«Добранькі,— падумаў я. — І лісіца пякла жука на леташнім вогнішчы ды прыгаварвала: «Спячэцца не спячэцца, а яшчэ далей звалачэцца — вазьму ды з'ем».
— Хлопчыкі, чаму маўчыце? Ці вам цяляты языкі ад'елі?
— Мы хочам па палацы пагуляць, — прамовіў Васіль. — Дазволіце?
— Я дазволіў бы, але пан Карп не дазволіць, — уздыхнуў Таран. — Пан Карп чакае вас. Хадзем да яго. Такі мой лёс, даражэнькія. Так што не крыўдуйце.
Мы зразумелі, што спрачацца цяпер — толькі язык аб зубы біць. Моўчкі папляліся ў палац, на сустрэчу з Карпам.
Карп, як і тады, сядзеў на троне. Побач, як і тады, стаяў волат-дуб генерал Курт. А вось Саўкі не было.
— Не прызналіся? — прагаварыў Карп, як толькі ўбачыў нас.
Таран, сагнуўшыся, падбег да трона.
— Пан Карп! Мой дарагі пан Карп! Яны хітрыя, што чэрці. Яны ніколі не раскажуць.
Мы з Васілём амаль не слухалі. Глядзелі то ў адзін бок, то ў другі. Што, калі дзе-небудзь у куце Мураш ляжыць?
— Круцяцца, як на патэльні,— пачуўся ледзяны голас Карпа.
Тут як тут Таран. Вырачыў вочы:
— Не круціцца! Дам дыхту.
— Вылузваецеся са скуры. Брыдка глядзець, — не сцярпеў я.
Таран, сагнуўшыся, — да трона.
— Пан Карп, яны мяне зневажаюць. Карп зірнуў на нас, як тры грошы даў.
— Закаваць у ланцугі і навечна пасадзіць у цямніцу.
«Нас нельга садзіць. Нас дома чакаюць», — хацеў крыкнуць я. Ды стрымаўся. Хіба яны зразумеюць?
— Дакруціліся? — усклікнуў Таран. — У пана Карпа слова цвёрдае. У цямніцу вас. У цямніцу! Ха-ха-ха…
— Смяецца той, хто смяецца апошнім, — прамовіў я.
— А-а-а, мае поні! — пачулася ззаду.
Мы азірнуліся. Саўка. Усміхаецца як нічога ніякага. А ў руках… У руках наш Мураш.
— Поні! Мае поні! — паўтарыла Саўка з нейкім асаблівым замілаваннем.
Мы з Васілём некалькі секунд стаялі як у здранцвенні. Не адрываючыся глядзелі на Мураша.
Саўка ўсё бліжэй, бліжэй. Усміхаецца нафарбаванымі вуснамі:
— Мае поні будуць мяне катаць. Цэлы дзень катаць. Я папрашу пана Карпа, каб ён загадаў зрабіць маленькі возік. І два маленькія хамуцікі. А яшчэ… Яшчэ пугу хачу. Калі поні не паслухаюцца, я буду іх пугай шлёг-шлёг.
— Пані Саўка, — кашлянуў у кулак Таран, — пан Карп загадаў, каб вашых поні навечна пасадзілі ў цямніцу. Ім там, пані Саўка, спакайней.
Саўка спынілася каля нас.
— Чаму спакайней?
— Яны самі просяцца ў цямніцу. Ім даспадобы там.
— Мне можна ўзяць гэтага жучка? — прамовіў Васіль, звяртаючыся да Саўкі.
— Якога жучка просіць мой поні?
— Вось гэтага, — паказаў Васіль на Мураша. Няўжо не дасць? Няўжо прыйдзецца з рук вырываць? Неяк нядобра.
Я неўпрыкметкі зірнуў на Тарана. Напяўся ўвесь. Відаць, здагадваецца, што нездарма Васіль просіць Саўку, каб Мураша аддала. Што ж будзе? Што?
Саўка, усміхаючыся, працягнула Мураша.
— Ен мне не патрэбен. На калідоры знайшла. Вазьмі. Крыху пацешышся, а пасля ў вазок запрагу.
Васіль схапіў Мураша абедзвюма рукамі.
— Дзякую.
— Забраць, — крыкнуў Таран. А генерал Курт:
— Маў-чаць!
Васіль кінуўся да дзвярэй. Таран — за ім. Дагоніць, адбярэ. Учэпіцца, што кіпцюрамі, і пішы прапала.
Доўга не думаючы я ўпаў на жывот і схапіў Тарана за нагу. Таран грукнуўся на падлогу. Ускочыў.
— Адпусці. Затапчу.
«Ага, затопчаш, — думаю. — Не ўдасца». І за другую нагу. Трымаю з усёй сілы.
— Хлопчык, адпусці. Біць буду. Заплачаш. Няхай б'е. Усё роўна не адпушчу… Васіль… Чаму ён марудзіць? Чаму не дае каманду Мурашу?
— А-а-а… — пачуўся крык Карпа.
«Мураш. Гэта Мураш дзейнічае», — здагадаўся я. З палёгкай уздыхнуўшы, расшчаміў пальцы. Таран, забыўшыся пра мяне, кінуўся да Карпа. Карп, саскочыўшы з трона, бегаў па зале і махаў рукамі, што вятрак крыламі.
— Пана Карпа ратуйце! — залямантавала Саўка. А сама ў дзверы. Мы з Васілём, як дамовіўшыся, за ёю. Насустрач — легіянеры. Наставілі пікі.
— Пана Карпа ратуйце! — галёкнула Саўка. І тады мы з Васілём у адзін голас:
— Пана Карпа ратуйце!
Легіянеры, падняўшы пікі, у залу. Саўка на двор. І мы на двор. Саўка сабе:
— Пана Карпа ратуйце! Мы з Васілём сабе:
— Пана Карпа ратуйце!
Што тут нарабілася! З усіх бакоў легіянеры. Чэшуць у залу, наставіўшы пікі. Нават тыя, якія каля варот стаялі. Усіх паднялі на ногі.
— Васіль, — крыкнуў я, — невядома, ці знойдзем Піліпа Макаравіча і Сакса. Пакуль не апамяталіся, давай за вароты.
— А пасля што?
— Лес пасеем… Насенне Піліпа Макаравіча ў цясніне… У рукзаку… І рукзак, і палатку там пакінулі. Забыўся?
— Пабеглі,— кіўнуў галавою Васіль. Мы рвануліся ў вароты.
— Пана Карпа ратуйце! — недзе ззаду лямантавала Саўка.
Сеем лес
Мы з Васілём ніколі так не беглі, як сёння. Канешне, і раней прыходзілася бегаць. Асабліва ў школе, на ўроку фізкультуры. Ды ў школе можна прабегчы, як гаворыцца, і на чацвёрку. За гэта ніхто не пакарае. Сёння чацвёрка, а заўтра пяцёрка. А цяпер разумелі, што заўтра не будзе. Адчувалі, што Таран пашле салдат наўздагон. Таму і перлі без духу.
Метраў трыста заставалася да цясніны, калі Васіль, не вытрываўшы, упаў на пясок.
— Антон, усё. Болей не магу.
— Васіль, уставай, — папрасіў я.
— Хадзем, — выдыхнуў Васіль.
Мы, прыпыняючыся, павалакліся. У мяне калола ў баку, ногі быццам адзервянелі. На хвілінку заплюшчыў вочы (падумалася, што так будзе лягчэй).
Лес, зялёны, высокі, цяністы, што на малюнку, паўстаў у вачах. Той лес, які, як здалося, мы ўжо пасеялі з Васілём.
Расплюшчыў вочы. Пустыня… Жоўтыя пяскі…
— Антон, мне лягчэй, — азваўся Васіль.
— І мне лягчэй, — кажу. — Крыху аддыхаўся. Мы пакрочылі хутчэй. Вось і цясніна. Маўклівыя рознакаляровыя горы стаяць паабапал. «Аб чым яны думаюць?» — мільганула ў галаве. І адразу ж пастараўся адагнаць гэтую думку: «Горы не думаюць. Гарам не дадзена думаць». І зноў мільганула: «А ці думае чалавек, калі ссякае проста так, для пацехі, дрэва, калі паліць траву, напрыклад, восенню?»
— Ен не задумваецца, — міжволі вырвалася ў мяне ўголас.
— Ты пра што? — пытаецца Васіль.
— А-а, так, — не захацеў я прызнавацца. Васіль не стаў дапытвацца.
— Рукзак! — усклікнуў ён, відаць, забыўшыся пра ўсё на свеце.
Так, рукзак Піліпа Макаравіча ляжаў за карычневым кавалкам гліны, падобным на камень-валун. Васіль кінуўся да рукзака, спяшаючыся, пачаў расшпільваць. Я заўважыў, што ў яго дробна-дробна дрыжаць пальцы.
— Давай дапамагу, — сказаў я.
— Я сам, — прамовіў Васіль.
Нарэшце ён расшпіліў рукзак. Зверху ляжалі невялікія пакеты. Васіль стаў іх вымаць, складваючы каля рукзака. Адзін, другі, трэці, чацвёрты… Аж дванаццаць. І ў кожным — насенне!
— Табе шэсць і мне шэсць, — прамовіў Васіль. — Бяры.
Я ўзяў шэсць пакетаў, паклаў за пазуху.
— Цяпер хутчэй адгэтуль, — кажу.
— Няўжо ў пустыні мы пасеем лес? Няўжо ён вырасце з гэтага насення? — прагаварыў Васіль.
— Абавязкова вырасце, — цвёрда сказаў я.
Не буду падрабязна расказваць аб тым, як хадзілі па пустыні, як даставалі насенне то з аднаго, то з другога пакета, як кідалі яго, прысыпаючы пяском. Добра не памятаю, ці доўга так хадзілі. Але памятаю, як са страхам і нейкім невыказным болем закрычаў Васіль, тулячы да сябе пакеты (нямала насення там заставалася):
— Антон, едуць!
Па пустыні, кіруючыся да нас, я сказаў бы, не ехала, а бегла легкавушка на курыных лапах. Так, так, сапраўдная легкавушка, падобная на тыя, якія імчацца па нашых дарогах. Толькі ў яе былі не колы, а металічныя курыныя лапы. Ззаду ў легкавушцы сядзелі легіянеры. А спераду, за рулём, — Таран. Таран-тарантул, вушасты вожык. Напаў на след.
Я здагадаўся, чаму спалохаўся Васіль, чаму з такім болем крыкнуў. Яшчэ заставалася ў пакетах насенне. Баяўся Васіль, што адбярэ Таран, знішчыць, спаліць, каб і знаку не было.
— Васіль, — кажу, — пакінем тут насенне, а самі пабяжым. Усё-ткі не дастанецца Тарану.
— Пакінуць? — усклікнуў Васіль. — Загіне, згубіцца.
— Калі зноў пашанцуе вырвацца, то знойдзем.
— Як знойдзеш?
І праўда, як ты знойдзеш? У пустыні няма ніякага арыенціру.
— Трэба ў гарах схаваць, — здагадаўся я.
— У кішэні хавай. А пасля — у горы, — прамовіў Васіль.
Мы парассоўвалі пакеты па кішэнях і без аглядкі туды, дзе ўзвышаліся горы. Да іх было не так далёка, з кіламетр. Але як цяжка бегчы па пяску! А вось легкавушка на курыных лапах неслася, нібы страус.
— Заварочвайце аглоблі. Здавайцеся, — пачулі голас Тарана.
Азірнуліся — побач легкавушка. Таран зубы скаліць:
— Ад мяне яшчэ ніхто не ўцёк. Каб я так жыў. Заварочвайце аглоблі.
Мы спыніліся. Спынілася і легкавушка на курыных лапах. Надзьмутыя, што індыкі, сядзяць легіянеры, а Таран усміхаецца. Здаецца, вось-вось вылезе і расцалуе.
— Знайшоў! Ах, жэўжыкі! Ах, даражэнькія! Знайшоў!
— Мураш вас не заказытаў? — прамовіў Васіль.
— Мы вашаму Мурашу лапкі адарвалі. Хі-хі-хі,— захіхікаў Таран.
Няма Мураша. Знішчылі. Болей не пабяжыць ні направа, ні налева, не павернецца кругом… На мае вочы навярнуліся слёзы.
— Радуецеся?
— Чаму не! Цяпер вам ніхто не дапаможа.
— Невядома, дапаможа ці не дапаможа, — праз зубы працадзіў я.
— Ай-я-яй! Якія нядобрыя хлопчыкі! — з дакорам прамовіў Таран. — У цямніцу садзіць не хацелася б, а прыйдзецца.
— Расце! На пяску нешта расце! — галёкнуў легіянер, які сядзеў з краю.
— Расце! — крыкнуў Васіль. — Лес расце! Сапраўды, з пяску падымаліся маленькія кволыя парасткі. Як мы раней іх не заўважылі! Значыць, прайшло паўгадзіны, як насенне кінулі.
— Прайшло-о-о! — не вытрываў я.
А Таран, стараючыся перакрычаць мяне:
— Павырываць! Патаптаць!
— Лес расце! — крыкнуў Васіль. І я на ўсю сілу:
— Ле-е-с!
З легкавушкі выскачылі легіянеры, сталі таптаць парасткі нагамі. А яны, нашы парасткі, раслі, падымаліся проста на вачах. Іх станавілася болей і болей.
— Ура-а-а! — крыкнуў Васіль і давай скакаць. І я скакаў, стараючыся не зачапіць дрэўцы.
— Ура-а-а!..
Да нас падскочыў Таран.
— Схапіць! Звязаць! — загадаў легіянерам. Легіянеры падбеглі, звязалі нам рукі, упіхнулі ў
легкавушку. Таран сеў на сядзенне, націснуў на нейкую кнопку. Легкавушка падскочыла і пабегла на сваіх курыных лапах.
— Дасмяяўся? — гукнуў я ў самае вуха Тарану.
— Чыя ўзяла? — прагаварыў Васіль. Твар у Тарана перасмыкнуўся.
— Вы яшчэ паплачаце ў мяне, даражэнькія. Усё-ўсё пану Карпу раскажу. Па галоўцы не пагладзіць.
Легкавушка на курыных лапах імчалася ў горад. А тут, сярод пяскоў, рос, падымаўся лес. Лес, які павінен быў даць жыццё планеце Сіз. Жыццё, якое нясе радасць, шчасце.
Карп гневаецца
На гэты раз дзверы, якія вялі ў залу, былі адчынены. Таран спыніўся.
— Каб ціха стаялі. Пан Карп і пані Саўка не ў гуморы.
Так, не ў гуморы. Яны бегалі па зале і спрачаліся. А генерал Курт, што слуп, стаяў каля трона і, вылупіўшы вочы, глядзеў на іх. Ен, відаць, анічога не разумеў. Затое мы з Васілём добра разумелі.
— Хачу, каб яны былі маімі поні,— лапатала Саўка, наступаючы на Карпа.
Карп стараўся ўцячы ад яе, кідаючыся то ў адзін бок, то ў другі. Пэўна, так даняла, што ў пяты закалола.
— У цямніцу іх трэба, у цямніцу, — казаў, як агрызаючыся, Карп.
— Не, поні.
— У цямніцы ім будзе лепей.
— Будзе лепей, калі ў вазок запрагу.
Дзіўныя ў іх разважанні. Можна падумаць, што яны мне і Васільку стараюцца прафесію выбраць, якая дапаможа па жыцці крочыць. А разабрацца? Адзін з агнём, а другі з полымем.
— Дзе Таран? Дзе той валацуга бадзяецца? — тупнуў нагою Карп.
— Я тут, мой любімы пан Карп, — убег у залу Таран.
— Хлопчыкаў злавіў?
— А як жа. Я і мурашку злавіў бы, калі б вы загадалі. Я за вас і ў агонь і ў ваду, — лістам слаўся Таран.
Курт раптам:
— Маў-чаць!
— Не гарлапань, — паморшчылася Саўка. — Надакучыў ты мне.
— Хлопчыкаў,— загадаў Карп.
— Хлопчыкаў,— гукнуў Таран. Мы ўвайшлі ў залу.
— Поні! Мае поні з'явіліся! — аж запляскала ў далоні Саўка.
— Дзе ты іх злавіў? Дзе яны хаваліся? — ледзяным голасам прагаварыў Карп, звяртаючыся да Тарана.
— Па пустыні, нібы мурашкі, бегалі. Са страху, відаць…
Карп паскроб бараду. Пасля сказаў:
— Страху яны яшчэ не бачылі. Дык убачаць.
— Абавязкова ўбачаць, — хіхікнуў Таран.
Не даруе нам Карп. Памятае, злыдзень, як Мураш яго казытаў. На ўвесь палац роў. Нібы леў. Не даруе…
— Пан Карп, дазвольце паведаміць, — пачаў Таран. А Курт на ўвесь голас:
— Маў-чаць!
— Дазваляю, — прагаварыў Карп. Таран кашлянуў у кулак.
— Пан Карп, у пустыні пачалі дрэвы расці. Карп кінуўся да трона, з разгону ўскочыў на яго, што на каня, ушчарэпіўся абедзвюма рукамі.
— Якія дрэвы? Ты што вярзеш?
— Такія невялікія. Зялёненькія.
— Знішчыць.
Ага… Так ты і знішчыш. Сярод пяскоў, напэўна, добры лясок падняўся. Шкада, што Піліп Макаравіч яго не бачыць. Дзе ён цяпер? Дзе? Як нам вырвацца з рук бязлітаснага Карпа?
— Я, я… — хацеў штосьці сказаць Таран.
— Знішчыць, — тупнуў нагою Карп.
Таран, падтуліўшы хвост, у дзверы. От ірвануў, аж пяткі заблішчэлі.
— Карп, — прамовіла Саўка, — я думала, думала і прыдумала.
— Саўка, што ты прыдумала?
— Я прыдумала так: хлопчыкі будуць маімі поні, а замест іх у цямніцу пасадзім Курта.
Карп пачухаў бараду.
— Курта? Чаму Курта?
— Мне кепска пасля таго, як на цябе тая металічная цацка накінулася. Крыку не пераношу. Генерал Курт галёкне — у мяне ўсе жылачкі трасуцца. Пасадзі Курта ў цямніцу.
— М-маўчаць! — заікаючыся, галёкнуў Курт.
— Ой, — войкнула Саўка. — Ен ужо і заікаецца. Пасадзі ў цямніцу. Хай там мышэй палохае.
— Твая праўда, Саўка. І мышэй трэба некаму палохаць.
А Курт:
— М-маў-чаць!
— Галасок у яго генеральскі,— прамовіў Карп.
— Не даспадобы мне ягоны галасок. Пасадзі яго ў цямніцу. Пасадзі!
— Пасадзіць — не пасадзіць, — стаў разважаць Карп. — Пасадзіць — будзе мышэй палохаць. Можна прызначыць галоўным палохальшчыкам мышэй.
— Прызначыць! Галоўным палохальшчыкам мышэй прызначыць! — аж заскакала Саўка.
— Не пасадзіць — застанецца генералам, — разважаў Карп. — А які ж я валадар без генерала? Не…
— Пасадзіць! Пасадзіць! — залямантавала Саўка. — У нас не будзе палохальшчыка мышэй.
Генерал Курт стаяў, выцягнуўшыся, і толькі адкрываў і закрываў рот. У яго са страху, мабыць, мову адняло.
— Саўка, супакойся, — прагаварыў Карп.
— Я не супакоюся. Ніколі-ніколі не супакоюся. Пасадзі-і-іць, — заплакала Саўка, размазваючы па шчаках слёзы.
Яны сыпаліся з яе вачэй што боб. Калі б вы глянулі на яе, то, напэўна, спалохаліся б. Фарба размазалася па шчаках, па носе, нават па лбе. Цяпер гэта была не жанчына-святлафор, а нейкая стракатая птушка. Калі б знарок хацеў так выпацкацца, то не выпацкаўся б.
— Пасадзі-і-іць…
— Саўка, я яшчэ не падумаў.
Невядома, чым закончылася б іхняя сварка, калі б у залу не ўляцеў Таран. Такім мы яго яшчэ не бачылі. Чорны плашч парваны, вісіць шматкамі. Пад адным і другім вокам два бардовыя сінякі.
— Пан Карп, бяда, — грукнуўся Таран на калені.
— Бяда? — голас у Карпа задрыжэў.
— Дрэвы да самага горада падступаюць. Вялікі лес расце. Гора!.. Гора нам!
— Зні-ішчыць.
— Дрэвы на вачах растуць. І людзі. Легіянераў прагналі, збілі, мяне во як узнагародзілі,— паказаў на сінякі Таран.
Значыць, прачнуліся людзі. Усё-ткі аджылі. Лес — сябар, лес — добры доктар. Ен разбудзіў. Цяпер людзі не дадуць свайго сябра ў крыўду.
— Пан Карп, гора!.. Вялікае гора!
— Гора, — працадзіў праз зубы Карп. — Лес вырасце — не стануць кісларод купляць. А мне трэба грошы. Самым-самым багатым хачу заўсёды быць.
І чаму ён такі сквапны? Мне, маё… На мой век хопіць… Абы яму добра было. А другім? Чаму пра другіх ён не думае? Калі ж ён стаў такім? Няўжо тое, добрае, з якім нарадзіўся ў душы, нейкім чынам выгарала?
— Трэба радавацца, — усклікнуў Васіль. — Лес расце, а вам страшна? Радуйцеся!
— Гэта ўсё яны, — прамовіў Карп. — Яны няшчасце прынеслі. Пікамі іх закалоць. Пікамі. І тых, якія ў Цямніцы сядзяць…
Няўжо канец? Няўжо і я, і Васіль, і Піліп Макаравіч загінем? Як жа нам выратавацца? Павінна быць нейкае выйсце. Павінна… Клей… У мяне ў кішэні клей Піліпа Макаравіча! Клей незвычайнай трываласці. Забыўся. Вось галава! Усё вылятае.
— Хочаце быць заўсёды самымі-самымі багатымі? — пытаюся ў Карпа.
Карп падняў руку. Відаць, хацеў шчоўкнуць пальцамі, загадаць, каб нас схапілі. Апусціў.
— Ты зробіш мяне самым-самым багатым?
— Мы льва перамаглі,— кажу. — Мураша на вас напусцілі. Лес мы таксама пасеялі. І самым-самым багатым можам зрабіць.
— Гэта вы лес пасеялі?
— Яны, яны, — усклікнуў Таран, стараючыся падліць смалы ў агонь. — Нездарма па пустыні лазілі. Яны быццам чэрці лазатыя.
«Сам ты чорт лазаты», — ледзь не крыкнуў я. Але стрымаўся. Няхай кажа. Можна пацярпець. Хоць парасём заві, толькі ў мех не садзі.
Карп шчоўкнуў пальцамі.
— Развязаць.
Да мяне падбег Таран. Сагнуўся. Развязвае вяроўку.
— Хутчэй не можаш? — скоса зірнуў я на яго. Што ж, хоць душу адвяду.
— Хутчэй, — тупнуў нагою Карп.
— Я стараюся, пан Карп. Я вельмі стараюся, — Таран пусціў слязу. А пасля, развязаўшы, выдыхнуў: — Пан Карп, пастараўся.
— Яму развяжы, — паказаў я на Васіля.
— Яму, — прамовіў за мною Карп.
Таран скрывіўся што серада на пятніцу. Рукі калоцяцца. Ці то ад таго, што Карп нагнаў страху, ці то ад таго, што ўяўляе незлічонае багацце, якое неўзабаве будзе ў ягонага валадара.
— Развязаў,— павярнуўся да Карпа.
— Хлопчык, бліжэй, — падазваў мяне Карп.
«Баіцца, каб ягоныя памагатыя не схапілі багацце», — падумалася. Я падышоў да трона, дастаў цюбік з клеем незвычайнай трываласці, капнуў кропельку на падлогу.
— Хто дакранецца да гэтай кропелькі, праз дзве-тры хвіліны стане самым-самым багатым — багацей за ўсіх на свеце!
Што тут нарабілася! Не ў казцы сказаць, не пяром апісаць. Сапраўдная катавасія. Карп упаў жыватом на падлогу, закрыў далонню кропельку, а на яго Таран, на Тарана — генерал Курт. Валтузяцца, стараюцца Карпа ўбок адцягнуць. А Саўка… Саўка бегае вакол і лупіць кулакамі ўсіх па парадку.
— Антон, — звярнуўся да мяне Васіль, — гэтыя прайдзісветы Карпу руку адарвуць. Капні кожнаму па кропельцы.
Я на ўсю сілу:
— Яшчэ ёсць кропелькі.
Пачулі. І да мяне, што галодныя мышы. Абступілі, рукамі цягнуцца.
«Зараз пакоцяць ці вочы выкалюць», — думаю.
— Без штурханіны. У чаргу станавіцеся, — крыкнуў я.
Не дайшло. Лезуць што апантаныя. Тады я, рэзка рвануўшыся, — убок. Капнуў. Генерал Курт адпіхнуў Саўку, адпіхнуў Тарана, упаў жыватом і:
— Маў-чаць!
— Не даюць. Мне не даюць, — заплакала Саўка.
— Вось вам па кропельцы, — я капнуў з цюбіка адзін раз і другі.
Нарэшце Таран і Саўка прыляпіліся.
— Натаміўся, што на таку, — кажу Васілю.
— Бедны Карп, — уздыхнуў Васіль. — Яму, напэўна, усе костачкі паламалі. Генерал Курт калі сядзеў на ім, дык яшчэ і падскокваў.
А Карп, Саўка, Курт і Таран ляжаць, не азываюцца. Чакаюць, калі стануць самымі-самымі багатымі.
Як Карпа пабрылі
Што было далей? Вядома, ні Карп, ні Саўка, ні Таран, ні Курт так і не дачакаліся, калі стануць самымі-самымі багатымі.
— Доўга яшчэ прыйдзецца ляжаць? — першым заварушыўся Таран. — Калі я стану самым-самым багатым?
— Як рак свісне, — засмяяўся Васіль.
Таран чмыхнуў, нібы вожык, ад якога адабралі сподачак з малаком.
— Абманулі, даражэнькія?
— Абманулі. Умеў прымаць добрае, умей прыняць і благое.
Цяпер мы іх зусім не баяліся. Смешна і пацешна. Ляжаць, быццам загараюць. Што ж, воўк браў — і ваўка ўзяло.
— Вось зараз. Зараз устану і вушы паадрываю, — закрактаў Таран.
— За вушка ды на сонейка, — заверашчэла Саўка. Васіль усміхнуўся:
— За вушка ды на сонейка? Не выйдзе. Нам Таран вушкі паадрывае.
— У цямніцу іх. Мышэй палохаць, — падаў голас Карп.
— Ану, даганіце, — вырашыў пацвяліцца Васіль.
— Зараз. Вушы паадрываю і скажу, што так было, — азваўся Таран.
Ен, а за ім Курт, Саўка, Карп прыўсталі. Стогнуць, вохкаюць, стараюцца рукі адарваць. Куды там! Клей, што зубамі, трымае. Знемагліся, селі на падлогу, выцягнуўшы ногі.
— Што вы зрабілі? Што? — лыпнуў на нас Таран.
— Прапа-да-ем! Ні за грош прападаем! — на чым свет стаіць закрычала Саўка.
А генерал Курт ні з таго ні з сяго:
— Засада!
— Сядзіце спакойна, — кажу. — Усё роўна вам не адарвацца. Гэты клей асаблівай трываласці.
— Дапамажыце адляпіцца. Міленькія, родненькія, — заплакаў Таран.
Ен плакаў па-сапраўднаму, наўзрыд, размазваючы па шчоках слёзы.
— Вожык-вушасцік, супакойся, — лагодна сказаў Васіль.
А ён яшчэ мацней:
— Родненькія, век вам буду служыць. Адклейце.
— Чаго пішчыш, як парася ў плоце? — абурыўся Васіль. — Пасядзі. Табе карысна. Бегаючы, усе падэшвы стаптаў.
— Яны нас адпусцяць. Яны нас адклеяць, — прамовіў Карп. — Легіянеры…
Васіль як тупне нагою.
— Цішэй. Калі яшчэ хоць слова пачую, то ўсяго прыклею. Будзеш, што ў гіпсе, ляжаць.
Карп толькі зубамі клацнуў, нібы воўк.
— І ты не румзай, — кажу я Тарану. — Бо рот склеім, калі будзеш румзаць.
— Даруйце, — прамовіў Таран.
— Антон, дай цюбік з клеем, — прагаварыў Васіль.
— Навошта? — здзівіўся я.
— Ты папільнуеш гэтых арыштантаў, а я пайду легіянераў прыклейваць. Думаю, што і ім захочацца самымі-самымі багатымі стаць.
— Клею на ўсіх легіянераў не хопіць.
— Хопіць. Я так зраблю, што яны будуць па трох ці па пяцёх да адной кропелькі прыклейвацца.
Канешне, ён так і зрабіў бы, але… Але ў залу ўбег Сакс. Спыніўся каля дзвярэй. У яго, мабыць, вочы на лоб палезлі. Што ж, было ад чаго здзівіцца. Мы з Васілём ходзім па зале, што гаспадары, а Карп, Саўка, Таран, Курт сядзяць, выцягнуўшы ногі, што малыя дзеці.
Мы падбеглі да Сакса, прытуліліся да яго. Некалькі секунд стаялі моўчкі.
— Чаму яны сядзяць, як вароны? Што з імі? — парушыў маўчанне Сакс.
— Прыклеілі,— пахваліўся Васіль.
— Клеем Піліпа Макаравіча?
— Тым самым. А Піліп Макаравіч дзе цяпер? Як вам удалося з цямніцы вырвацца?
— Лес вы пасеялі? — пытаецца Сакс.
— Мы, — кіўнуў галавою Васіль.
— Піліп Макаравіч адразу падумаў, што вы, — прамовіў Сакс. — З цямніцы нас людзі вызвалілі. Яны ўсіх-усіх легіянераў паразганялі. Легіянеры хацелі лес знішчыць.
Вось якая бура прайшла па планеце Сіз, калі мы Карпа, Саўку, Тарана і Курта прыклейвалі. Вядома, крыху было шкада, што не пабачылі, як людзі праганялі легіянераў. Пэўна, тыя так давалі драпака, што і пікі павыкідалі. Зашыліся, сядзяць, што мышы, не варушацца. Але ж і тут, пагадзіцеся, сапраўдны спектакль сыгралі.
— Чаму Піліп Макаравіч не прыйшоў? — пытаюся.
— За горад пабег. Баіцца, каб шкоды яго насенне не нарабіла.
Мы з Васілём пераглянуліся. Вядома, і Васілю Ўспомнілася прымаўка, якую так часта паўтараў Піліп Макаравіч: сем раз адмерай, а адзін раз адрэж.
Няўжо мы з Васілём бяды нарабілі? Няўжо з аднаго насення вырасце не сто парасткаў, а тысяча ці незлічонае мноства?
Сакс заўважыў, што мы спахмурнелі.
— Хлопцы, не вешайце носа. Піліп Макаравіч цудоўны вучоны. Веру, што ягонае насенне дасць нам жыццё.
— Трэба і нам за горад, — сказаў Васіль. — Сваімі вачыма на лес паглядзім.
— Крыху пачакайце, — усміхнуўся Сакс. — Хачу пана Карпа пабрыць. Зарос, што мядзведзь. Хай людзям свой сапраўдны твар пакажа.
Сказаў гэтак і з залы выйшаў. Неўзабаве бачым: нясе тазік з вадою, мыла, памазок, брытву.
— Цырульня прыехала, — пажартаваў Васіль.
— Брыць будзеш? — лыпнуў на Сакса Карп.
— Буду. Засвецішся, што медны самавар.
— Не трэба, — закрычала Саўка. — Я яго не пазнаю. Я тады:
— Рот склеім, калі хоць слова пачуем.
Саўка ўсхліпнула, апусціла галаву. А Сакс намыліў Карпу твар і пачаў брыць. Хутка, спрытна. Не ведаю, дзе ён так навучыўся. Магчыма, трэніраваўся. Магчыма, сніўся яму вось гэткі дзень.
Дзесяць хвілін не прайшло — засвяціўся твар у Карпа, як і абяцаў Сакс. Паглядзелі б вы на гэтага валадара! Шчокі маршчыністыя, старэчыя, носік маленькі, што кнопачка, губы выцягнутыя ў дудачку. Цяпер я здагадаўся, чаму ён так зарос. Хацеў, каб аднаго ягонага выгляду баяліся. І баяліся. Думалі, што сіла незвычайная. А выйшла што? Дзядок з ротам-дудачкай.
Карп сядзеў спусціўшы нос і скрыгітаў зубамі. А Саўка… Паціху плакала Саўка.
Мне не хацелася на іх глядзець.
— Пойдзем за горад, — паклікаў я Васіля.
— Пойдзем, — пагадзіўся ён.
Ці сустрэліся мы з Піліпам Макаравічам? Сустрэліся! Ен сам спяшаўся да нас. Усміхнуўся:
— Хлопцы, роўна па сто парасткаў з аднаго насення вырастае.
— А вы баяліся, — сказаў Васіль. — Сем раз адмерай, а адзін раз адрэж… Вашу прымаўку можна ў архіў здаваць.
— Прымаўкі ў архіў не здаюцца, — адказаў Піліп Макаравіч. А пасля дадаў: — Не забывайцеся пра гэта, хлопцы.
— Мы хутка паляцім дамоў? — пацікавіўся я.
— Хутка. «Альбатрос» Сакса чакае нас.
Мы ішлі па планеце Сіз. Як вясною, зелянела маладое лісце дрэў. Мне здалося, што дзесьці там, у гушчыні, нясмела цвіркнула птушка.